Сустрэча з кіруючым дырэктарам кампаніі Emaar Properties Махамедам Алі Алабарам
- 10
- 3:45
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня сустрэўся з кіруючым дырэктарам эмірацкай кампаніі Emaar Properties Махамедам Алі Алабарам. Галоўнымі тэмамі сустрэчы сталі рэалізацыя праекта "Паўночны бераг" і супрацоўніцтва ў сферы ІТ-тэхналогій.
"Я рады з Вамі сустрэцца чарговы раз. Вы даўно сталі сябрам Беларусі. Знаходзіцеся тут часта. Мы вітаем такую схему і сістэму Вашай работы. І заўсёды гатовы Вас сустракаць у Беларусі, тым больш Вы заўсёды прыязджаеце з канкрэтнымі прапановамі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы, вядома, асноўны час сёння ўдзелім нашаму галоўнаму праекту - "Паўночны бераг", які вы маеце намер пабудаваць. Гэта буйнейшы праект. Думаю, больш буйнога праекта ў нас у Беларусі яшчэ не было".
Яшчэ адной тэмай сустрэчы стала супрацоўніцтва ў сферы ІТ-тэхналогій. "Вы гэтаму сектару ўдзяляеце вялікую ўвагу. Ведаю, што Эміраты значна рушылі наперад у гэтым плане. Я Вам удзячны за арганізацыю той размовы ў Эміратах, калі мы разам з Вамі змаглі паслухаць вядучых спецыялістаў у галіне распрацоўкі штучнага інтэлекту. Тады я зразумеў, што ў гэтым напрамку ў Беларусі яшчэ шмат трэба зрабіць, каб выйсці на той узровень, які вы тады дасягнулі разам са спецыялістамі з розных краін свету", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Акрамя гэтых буйных праектаў я помню нашы сустрэчы і дамоўленасці, разважанні наконт іншых праектаў, якія маглі б ажыццявіць тут, у Беларусі, прадстаўнікі буйнога бізнесу Эміратаў. Мы гатовы вярнуцца, калі ёсць цікавасць, да гэтых праектаў - і ў галіне сельскай гаспадаркі, прадуктах харчавання (вельмі актуальнае цяпер пытанне) і многіх іншых, якія мы калісьці абмяркоўвалі", - дадаў Прэзідэнт.
Замежны госць у першую чаргу падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і цёплы прыём: "Вялікі дзякуй за асаблівую гасціннасць, якую Вы аказваеце. Яна нават не як да звычайнага госця, а як да сябра і брата. Гэта заўсёды кранае маё сэрца".
"Але гэта гасціннасць адносная. Вы ўжо даўно тут, фактычна грамадзянінам Беларусі сталі і жывяце тут", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Махамед Алі Алабар таксама высока ацаніў дзяржаўную падтрымку ІТ-сектара ў Беларусі: "Тое, што вы зрабілі, гэта важна для свету. У свой час вы ўдзялілі вялікую ўвагу Парку высокіх тэхналогій, і ў той час гэта быў толькі пачатак. А сёння мы бачым, што ўвесь свет рухаюць тэхналогіі. Калі ўзяць усё насельніцтва Беларусі і суаднесці з развіццём ІТ-паслуг, якія экспартуюцца, то паказчык выходзіць вышэйшы, чым у многіх заходніх краінах", - сказаў арабскі інвестар.
Ён падкрэсліў, што ключавым фактарам для паспяховага развіцця ІТ-індустрыі з'яўляюцца людзі і якасная адукацыя. "І тое і другое ёсць у Беларусі, што вельмі важна для развіцця тэхналогій", - сказаў кіраўнік кампаніі. Ён растлумачыў, што ў ліку іншых кампаній валодае таксама адной з буйнейшых для арабскага свету пляцовак па электронным гандлі і таму імпартуе вельмі шмат тэхналогій. Махамед Алі Алабар упэўнены, што беларускія кампаніі могуць прыўнесці шмат новага і карыснага ў работу пляцоўкі электроннага гандлю, што дасць магчымасць павысіць яе дабаўленую вартасць.