Сустрэча са Старшынёй ЦВК Ігарам Карпенкам
- 7
- 4:39
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй ЦВК Ігарам Карпенкам 19 чэрвеня абмеркаваў падрыхтоўку да электаральнай кампаніі 2024 года.
"Мы ўжо напярэдадні выбараў. Навізны вельмі шмат. Асабліва ў плане Усебеларускага народнага сходу. Размова ідзе пра выбары ў парламент і пра адпаведны Указ Прэзідэнта. Я азнаёміўся з матэрыяламі, якія Вы прадставілі. Няма адхілення ні па адным з пытанняў. Тым больш аб выданні Указа. Я даручу сёння Адміністрацыі Прэзідэнта, каб вы разам селі, прапрацавалі, выпрацавалі разам (і Урад падключылі) аптымальныя тэрміны прыняцця гэтага Указа", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Думаю, ваша прапанова ў гэтым плане разумная. Не вы ж адны яго прыдумалі. А выпакутавалі, напэўна, перш чым уносіць прапанову. Таму пытанне выдання Указа аб выбарах - гэта пытанне, лічыце, вырашанае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Работа (па падрыхтоўцы да правядзення выбараў. - Заўвага) планамерна вядзецца, - сказаў у сваю чаргу Ігар Карпенка. - Фактычна яшчэ да выдання Указа мы пачынаем шэраг дэмакратычных працэдур, якія прадугледжаны нашым законам, Выбарчым кодэксам. Да 1 верасня мы павінны будзем устанавіць колькасць выбаршчыкаў і колькасць саветаў дэпутатаў, якія будуць выбірацца. Да 1 кастрычніка мы павінны будзем вызначыць межы акруг па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Усяго іх будзе 110, як і раней".
Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася на рабочай сустрэчы ў Кіраўніка дзяржавы, датычыцца ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі пры падрыхтоўцы і правядзенні электаральнай кампаніі.
"Вы вельмі правільна прапануеце. Нічога не трэба адкідваць. У нас ёсць вялікі вопыт і практыка правядзення выбараў у плане задзейнічання органаў улады, іншых дзяржаўных органаў. Усё ў вашым распараджэнні. Вы адказваеце за арганізацыю. А ўсе дзяржаўныя органы і структуры, і я ў тым ліку, мы будзем Вам дапамагаць ажыццявіць той план, які мы ўзгаднілі ўсе разам", - сказаў беларускі лідар.
"Адзіны дзень галасавання - таксама навізна. Мы выбіраем усе саветы па вертыкалі. Таму работы будзе дастаткова. Не спяшаючыся, спакойна мы правядзём гэту работу", - упэўнены Прэзідэнт.
"Што датычыцца інфармацыйнага забеспячэння, таксама вопыт вельмі вялікі. Але і новага вельмі шмат. Трэба выкарыстоўваць і інтэрнэт, і стварэнне новага кантэнту, як Вы прапануеце. Гэта таксама трэба рабіць, каб людзям было зручна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэтай работай трэба займацца, пачынаючы ад запрашэння выбаршчыкаў, у тым ліку рассылкі SMS-паведамленняў.
Кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне запрашэння наглядальнікаў на маючыя адбыцца ў 2024 годзе выбары. "Суб'екты, якія запрашаюць наглядальнікаў, вызначаны законамі. Нам хаваць няма чаго. У патрэбны час, калі падыдзе тэрмін, калі мы палічым патрэбным, мы запросім наглядальнікаў. Каб яны бачылі, як будуць праходзіць выбары. Каб нас не папракалі, што мы праводзім выбары, як у Амерыцы там. І страляюць у людзей пасля выбараў, і па пошце выбары праводзяць і гэтак далей. І фальсіфікацый шмат. Гэта ўжо сёння відаць. Мы павінны сумленна правесці гэтыя выбары", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хавацца няма чаго. "Амаль 80% адназначна сёння падтрымліваюць той курс, які мы вызначылі. Нам чаго баяцца? Ну, за 20%, якія вагаюцца і якія супраць, мы яшчэ пазмагаемся. Гэта я гавару як Прэзідэнт", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Асобна ён звярнуў увагу на такую навелу, як фарміраванне Усебеларускага народнага сходу.
"Закладваем пэўны фундамент у гэтай справе. Напрацоўваем вопыт. Трэба вельмі ўважліва да гэтага паставіцца. Вельмі шмат у Канстытуцыі і ў законах вызначана: колькасць, як выбіраць, ад каго выбіраць і гэтак далей. Спрэчак тут няма. Таксама трэба адкрыта і сумленна правесці выбары у склад Усебеларускага народнага сходу, - сказаў Прэзідэнт. - Там будуць розныя людзі. Там, я ўпэўнены, будуць розныя пункты гледжання. Адзінае, што ворагаў там не будзе. Але нам не патрэбны ворагі. І нашаму грамадству ў тым ліку. А пункты гледжання павінны быць рознымі, каб мы правільна прымалі рашэнне".
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Азнаёміўшыся з Вашым пісьмовым дакладам і прапановамі я, напрыклад, не бачу якіх-небудзь іншых падыходаў. Трэба цяпер пачынаць гэту работу".