Сустрэча з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым
- 7
- 8:50
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 чэрвеня сустрэўся з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым.
"Заўтра мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага), як звычайна, правядзём сур'ёзныя перагаворы па сур'ёзнай праблематыцы. Але гэта будзе заўтра. І наша сённяшняя з Вамі сустрэча абсалютна не рытуальная. У нас ёсць што абмеркаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Я помню Ваш прыезд у Беларусь (у пачатку лютага 2022 года. - Заўвага). Вельмі шмат аб чым дамовіліся. Хацелася б сумленна і шчыра пачуць ад Вас, у чым мы, беларусы, недапрацоўваем".
Ён падкрэсліў, што для Беларусі Санкт-Пецярбург з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў работы ў Расійскай Федэрацыі. "Мы будзем рабіць усё для таго, каб гэту велізарную расійскую пляцоўку не страціць. У нас добра развіваецца тавараабарот, мы можам прыбавіць. Асабліва ўлічваючы тыя паводзіны заходніх партнёраў, як прынята гаварыць. Думаю, што на працягу гэтага і будучага года мы выйдзем на той узровень супрацоўніцтва і развіцця Беларусі і Расіі, на якім мы павінны быць. Мы пераадолеем усе нягоды і перашкоды, асабліва ў эканоміцы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, аб гэтым сведчыць і тавараабарот Беларусі з Санкт-Пецярбургам, які штогод сур'ёзна прырастае, у тым ліку ў бягучым годзе. "Мы вырабляем шмат таго, у чым мае патрэбу Піцер. У той жа час мы вельмі шмат купляем вашага тавару. Так будзе заўсёды", - адзначыў ён.
"Вы для нас вельмі блізкія людзі. Мы заўсёды, сустракаючыся з Прэзідэнтам Расіі, вельмі шмат гаворым пра Санкт-Пецярбург. Мы помнім той вялікі ўклад, які ўнеслі ленінградцы (у аднаўленне Беларусі. - Заўвага) пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Можа, я крыху перабіраю, але я лічу, што Беларусь і Ленінград - гэта дзве кропкі ў Савецкім Саюзе, дзе людзі пацярпелі больш за ўсё. Цяжка гэта ўсё ацаніць. З таго часу мы і выбудоўваем нашы добрыя адносіны. Некалі ў адзінай краіне. Але што зробіш - няма той краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі поўныя рашучасці супрацоўнічаць з Санкт-Пецярбургам па ўсіх напрамках: "Ад ліфтаў да камунальнай тэхнікі, якая сёння патрэбна. Але галоўнае - гэта структуры, сістэмы і іншае. Вы бачылі ў Беларусі. Калі вам нешта падыходзіць, вы скажыце - мы як добрыя блізкія людзі, суседзі будзем прыязджаць і разам у Санкт-Пецярбургу ствараць тое, што вам падабаецца. І ў той жа час будзем вас прасіць, каб вы свой вопыт і практыкі пераносілі на беларускую зямлю".
У цэлым, заўважыў беларускі лідар, ёсць аб чым пагаварыць, асабліва ў плане націску Захаду на Беларусь. "Мы поўнасцю хочам мільёнаў 20 тон пераарыентаваць, свае патокі, на вашы парты. І буду прасіць у Вас падтрымкі і дапамогі. З Прэзідэнтам Расіі мы аб гэтым дамовіліся. Вы ведаеце, ён вам тэлефанаваў наконт гэтага. Думаю, што калі мы з вамі тут разгорнемся, то і для Піцера гэта будзе добры кавалак работы. І для нашых піцерскіх сяброў добрыя рабочыя месцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Сардэчна запрашаем у Санкт-Пецярбург. Я рады нашай сустрэчы. Дзякуй, што Вы знайшлі час для гэтай сустрэчы, для мяне гэта важна, - цёпла вітаў губернатар Кіраўніка беларускай дзяржавы. - Я прыгадваю нашу сустрэчу ў Мінску, Ваш сардэчны прыём. Дзякуй за тыя даручэнні, якія Вы давалі Ураду рэспублікі, гэта мае свае вельмі істотныя вынікі".
"Я яшчэ раз пераканаўся, якую правільную палітыку Вы правялі адносна прамысловасці і медыцыны, - прадоўжыў Аляксандр Бяглоў. - На сённяшні дзень не толькі захавалі прамысловасць, якая была заўсёды ў Беларусі самай перадавой, а яшчэ дадалі кампетэнцыі. Сёння такія кампетэнцыі ў прамысловасці, што яна канкурэнтаздольная на сусветных рынках. І мы ў адпаведнасці з гэтым вельмі шмат купляем і працуем з прамысловасцю (Беларусі. - Заўвага)".
Ён адзначыў, што ў Санкт-Пецярбургу паспяхова і эфектыўна працуе беларускі гандлёвы дом і прадукцыя, прадстаўленая там, карыстаецца попытам.
Паводле слоў губернатара, пасля яго візіту ў Беларусь і па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі адбылося пасяджэнне міжурадавага савета дзелавога супрацоўніцтва. "Распрацаваны дарожныя карты практычна па ўсіх напрамках да 2026 года. Гэта датычыцца прамысловасці, эканомікі, аховы здароўя, адукацыі і іншых. Я хачу сказаць, што гэта не проста папера, а дзелавыя дакументы, якія пачынаюць увасабляцца ў жыццё", - падкрэсліў губернатар.
Для пацвярджэння сваіх слоў ён прывёў даныя аб заключаных з беларускім бокам кантрактах і пастаўках тэхнікі, іншай прадукцыі. Так, сёлета падпісаны кантракты на набыццё Санкт-Пецярбургам 900 аўтобусаў МАЗ, 500 ужо атрыманы. "Пецярбуржцы з задавальненнем карыстаюцца гэтай добрай тэхнікай. Якія там заходнія аналагі! Цудоўная тэхніка (з Беларусі. - Заўвага) на экалагічным газаматорным паліве", - звярнуў увагу Аляксандр Бяглоў.
Паводле яго слоў, таксама падпісаны кантракты на пастаўку каля 100 тралейбусаў, ёсць дамоўленасці аб набыцці электробусаў і камунальнай тэхнікі (каля 1,2 тыс. адзінак), якая, дарэчы, выдатна падыходзіць для работы ў невялікіх пецярбуржскіх дварах.
Як расказаў губернатар, пасля наведвання прэзідэнтамі Беларусі і Расіі касмадрома "Усходні" былі дадзены адпаведныя даручэнні і пачалася сумесная дзейнасць па распрацоўцы сучаснай элементнай базы. "У вас добрыя прадпрыемствы ў гэтых адносінах, вы захавалі добры ўзровень. Мы дамовіліся і цяпер будзем працаваць у гэтым напрамку", - адзначыў ён.
Абагульняючы сказанае, губернатар падкрэсліў: "Тое, што я ўбачыў, як развіваецца Беларусь, правільна, прыгожа, вельмі нам прыемна. Тое, што мы сёння сябруем, гэта вялікі знак павагі і даверу адзін да аднаго. Так, у нас розныя краіны, але народ адзін".
Расійскі губернатар прыгадаў аб тым, што нядаўна, 22 чэрвеня, у абедзвюх краінах адзначалі сумную дату пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Хацеў сказаць Вам словы вялікай удзячнасці ад жыхароў нашага горада, ды і ад усіх расіян, за тую гістарычную памяць і абарону нашай сумеснай гісторыі, за нашых дзядоў, прадзедаў, бацькаў, маці, якія ваявалі, перамаглі разам, - звярнуўся Аляксандр Бяглоў да беларускага лідара. - Дзякуй вялікі вам за тое, што вы адстойваеце гістарычную памяць".
Губернатар прыгадаў таксама пра яшчэ адну важную гістарычную дату - 9 чэрвеня адзначалася 350 гадоў з дня нараджэння заснавальніка Санкт-Пецярбурга Пятра Першага. З гэтай нагоды Урад горада выпусціў памятны медаль, які Аляксандр Бяглоў перадаў у падарунак Кіраўніку беларускай дзяржавы. У дадатак да гэтага Прэзідэнту перадалі таксама памятныя медалі 10 гарадоў, якія заснаваў Пётр Першы пры жыцці.