Сустрэча з губернатарам Самарскай вобласці Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Азаравым

  • 16
  • 12:44

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня сустрэўся з губернатарам Самарскай вобласці Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Азаравым.

"Вы не проста блізкія нам людзі. Вы нашы людзі. Вы прыехалі ў сваю Беларусь. Так будзе заўсёды. Падзеі апошніх гадоў і дзён нас чарговы раз пераконваюць, што нам трэба быць разам, нам няма чаго дзяліць. Як толькі пачнём дзяліць, нас падзеляць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Вы ведаеце нашы магчымасці, здольнасці. Вы добра знаёмы з Беларуссю, у вас вельмі шырокая праграма. Але я прапаную адразу вызначыць прыярытэтныя напрамкі сумеснай работы на бліжэйшую перспектыву. Час таксама дыктуе нам вызначацца, і вельмі хутка", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт папярэдзіў адказных чыноўнікаў у Беларусі, што ўсе дамоўленасці і заключаныя кантракты з расійскімі партнёрамі павінны дакладна выконвацца. "Усё мы павінны выконваць, абавязкова. Гэта вельмі важна для нашай эканомікі", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што напярэдадні афіцыйных перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у яго адбылася сустрэча з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым: "Я прыехаў у Піцер і да сустрэчы з Пуціным напярэдадні запрасіў губернатара Піцера. Мы з ім селі, я гавару: раскажы мне, што мы не выконваем; аўтобусы каля 1 тыс. штук заказаў, колькі пастаўлена, што не пастаўлена, якія праблемы? Ён мне ўсё гэта па палічках расклаў".

"Таму глядзіце, каб мы не сарвалі ніводны праект. Гэта не дабрачыннасць", - акцэнтаваў увагу беларускіх адказных асоб Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэта вельмі вялікі заказ - тысяча аўтобусаў - для прадпрыемства МАЗ: "У гэтым годзе толькі выканаць бы нам гэты заказ. А ёсць яшчэ і іншыя".

Паводле слоў Прэзідэнта, на сустрэчы з Аляксандрам Бягловым быў закрануты і нядаўні інцыдэнт з аўтобусам у Санкт-Пецярбургу, звязаны з узгараннем: "Гаворыць: Аляксандр Рыгоравіч, гэта не варта нават увагі".

"Ну, у нас журналісты ўмеюць прыгожа падаць. Але я расперажываўся. Думаю, можа, там сапраўды нешта ўзарвалася. Тым больш што мы пачалі вырабляць для Піцера аўтобусы на газаматорным паліве. Яны вельмі сябе добра паказалі. Электробусы. Піцерцы вельмі задаволены нашай тэхнікай. І нават нашы людзі, якія там былі, адзначылі, што дзе б ні былі, усюды аўтобусы беларускай вытворчасці. Другі горад у Расіі і самы прыгожы горад у свеце карыстаецца нашай тэхнікай. І камунальнай. Там больш за тысячу гэтых трактароў камунальнай тэхнікі заказалі".

"Мы рады таму, што мы ў поўным аб'ёме запатрабаваны на расійскім рынку. Сёння пытанне ўжо не стаіць, як прадаць, як гэта было раней. Сёння стаіць пытанне, як задаволіць попыт перш за ўсё нашай Расіі, велізарнай краіны, па тых таварах, якія мы вырабляем. Задача нашага Урада - ні ў якім разе не адмовіць ні па адным з напрамкаў, не пакінуць кантракты незадаволенымі. Мы аб гэтым шмат у апошнія дні вялі размову і з Прэзідэнтам Расіі, гаворачы аб імпартазамяшчэнні. Гэта пытанне нумар адзін. І мы дамовіліся, што вельмі жорстка будзем кантраляваць гэты працэс імпартазамяшчэння", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што як у Беларусі, так і ў Расіі часам схільныя да цяганіны і бюракратызму: "Усё вызначым, усё намецім, што трэба вырашыць, а потым як пачнём рэалізоўваць - атрымліваюцца цуды. Мы гэтыя цуды бачым і, я яшчэ раз падкрэсліваю, з Прэзідэнтам Расіі гэта вельмі жорстка прааналізавалі. Аж да таго, што былі дадзены адпаведным асобам распараджэнні".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, у чым сутнасць пытання. Так, у Беларусі ў рамках сумеснай праграмы імпартазамяшчэння былі намечаны да рэалізацыі 15 праектаў. "Ну і пачалося. Вось, 10 праектаў - гэта тое, што Расіі патрэбна. А пяць праектаў - гэта могуць тавары пайсці кудысьці на знешнія рынкі з Беларусі. Гэта нібыта нецікава (Расіі. - Заўвага). Але малайчына Пуцін, ён кажа: "Нам усё цікава, таму што для таго, каб прадаць у трэціх краінах, на знешніх рынках, тавар трэба ў Беларусі вырабіць, а там больш за палову камплектуючых з Расійскай Федэрацыі". Дык у чым нявыгада?! - заўважыў Прэзідэнт. - І было рашэнне, гэта вы павінны ўлічыць, што без усялякіх агаворак тыя паўтара мільярда, пра якія я гаварыў, па імпартазамяшчэнні (на Беларусь выдзеленых з рэсурсаў Расіі), яны павінны быць неадкладна рэалізаваны".

"У адваротным выпадку мы прывядзём да таго, што спародзім унутраную нездаволенасць людзей і паўторым тое, што было пры распадзе Савецкага Саюза. Памятаеце, з-за пральных парашкоў і кавалка хлеба мы спарадзілі нездаволенасць людзей. А потым нікчэмныя палітыкі дадалі, і краіна, велізарная імперыя, развалілася. І вось мы цяпер пажынаем гэты плён. Таму гэтых памылак дапускаць ні ў якім разе нельга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Не ўдаючыся ў статыстыку, хачу сказаць: ёсць усе магчымасці выйсці ў гандлі на паказчык $1 млрд тавараабароту. Трэба ўсяго толькі выканаць да кропкі і коскі тое, аб чым мы раней дамаўляліся на розных узроўнях. Сёння само жыццё нас да гэтага падштурхоўвае і паказвае той правільны, магчыма, адзіны шлях. Трэба абапірацца на сваё", - сказаў беларускі лідар. 

Паводле ацэнак беларускага боку, у 2021 годзе тавараабарот з Самарскай вобласцю склаў практычна $700 млн і павялічыўся амаль на 4%. Паказчыкі гэтага года знізіліся на 59% з-за скарачэння імпарту спецыфічных тавараў з Расіі. Пры гэтым беларускі экспарт паказвае добры прырост да мінулага года (больш за 20%). Цяпер айчынныя прадпрыемствы не толькі выконваюць свае абавязацельствы, але і значна перавышаюць аб'ёмы паставак запасных частак і камплектуючых, ліфтавага абсталявання, мэблі, прадуктаў харчавання, лякарстваў і іншых тавараў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі істотна нарасціць аб'ёмы паставак самай сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай і дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Асобна Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на лесанарыхтоўчай тэхніцы, вытворчасць якой апошнія гады асвойваецца ў Беларусі, але серыйная вытворчасць пакуль не наладжана. А гэта прадукцыя запатрабавана і ў Расіі. "Я Прэзідэнту (Расіі. - Заўвага) гэта ўсё расклаў. Без гэтага ж мы не абыдземся, асабліва Расія. Гэта, як я сказаў, наша другая нафта (лясныя рэсурсы. - Заўвага). І пад гэта сёння, каб усё гэта разгарнуць як імпартазамяшчэнне, патрэбна мінімум ад 200 да 250 мільёнаў долараў. Ён гаворыць: гэта цікавы праект, мы павінны яго вывучыць і абавязкова пашыраць. Ва ўрадах трэба цяпер каб праект гэты пайшоў. Можа, і Самарская вобласць знойдзе ў гэтым сваё месца", - расказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Упэўнены, што па ўмовах забеспячэння, сэрвіснага абслугоўвання, фінансавага суправаджэння мы можам дамовіцца. І апошнія месяцы аб гэтым сведчаць", - сказаў Прэзідэнт.

"Хоць у бягучым годзе цэны выраслі па незалежных ад нас прычынах, Беларусь практычна не знізіла тэмпы імпарту з вашай вобласці. Мы сталі закупляць больш сланечнікавага алею, меднага дроту, падшыпнікаў. Але гэта далёка не поўны пералік прадукцыі, якую мы маглі б у вас набываць. Разлічваем, што ваш візіт у Беларусь дасць магчымасць збалансаваць гандаль. Ад гэтага выйграюць усе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Вельмі важным з'яўляецца і пошук новых магчымасцей для пашырэння прамысловай кааперацыі. "Цікавасць павінна быць поўная. І рабочыя месцы павінны стварацца як у Беларусі, так і ў Самарскай вобласці", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва - трансфер тэхналогій і экспарт паслуг. Напрыклад, беларускім спецыялістам цікавы даследаванні самарскіх вучоных і экспертаў абаронна-прамысловага комплексу. У сваю чаргу Беларусь заўсёды гатова падзяліцца назапашаным вопытам у развіцці аграрнага сектара, можа пашырыць асартымент паставак прадуктаў харчавання, удзельнічаць у праектаванні і ўзвядзенні сацыяльных і прамысловых аб'ектаў. Ёсць гатоўнасць абменьвацца навуковымі дасягненнямі і тэхналогіямі, у тым ліку напрацоўкамі ў дарожным будаўніцтве. 

"Калі вы ўбачыце нашу неабходнасць удзельнічаць у Самарскай вобласці ў якіх-небудзь работах, мы будзем удзячныя вам за гэта і будзем вельмі адказна выконваць гэтыя работы. Вядома, за ўсёй эканомікай, гандлем нельга забываць і гуманітарны напрамак. У гэтым плане мы павінны ўзаемадзейнічаць. І ў галіне адукацыйных устаноў, дзеячаў культуры, работы ў інфармацыйнай сферы. Трэба, каб у Самары ведалі, чым жывуць нашы людзі, чым яны дыхаюць. І мы павінны ведаць, як развіваецца Самарская вобласць. Таму тут без СМІ не абысціся", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у ходзе візіту губернатара разгледзець усе напрамкі супрацоўніцтва: "Вы павінны нам сказаць, што мы можам і павінны зрабіць для Самарскай вобласці. Мы да вашых паслуг. Калі трэба і мы можам падставіць недзе плячо, мы гэта гатовы зрабіць".