Сустрэча з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым
- 7
- 10:50
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада сустрэўся з губернатарам Растоўскай вобласці Расіі Васілём Голубевым.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што папярэдні візіт губернатара ў Беларусь быў у 2017 годзе і тады была намечана дарожная карта супрацоўніцтва для выхаду на больш высокі ўзровень гандлю. Прэзідэнт адзначыў, што хацеў бы пачуць ацэнку Васіля Голубева наконт таго, як выконваюцца дасягнутыя дамоўленасці.
Паводле слоў Прэзідэнта, за мінулыя 5 гадоў сітуацыя вельмі змянілася, таму ёсць сэнс з улікам існуючых рэалій па-новаму глянуць на перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння. "Змяненні, якія адбыліся за 5 гадоў, закранулі толькі знешнія фактары, але ніяк не адносіны паміж нашымі брацкімі народамі. Хачу вас яшчэ раз запэўніць: у Беларусі вам заўсёды рады і гатовы дапамагчы ўсім тым, на што мы здольныя. Галоўныя інструменты падтрымкі адзін аднаго - імпартазамяшчэнне і вытворчая кааперацыя. Цяпер гэта важна як ніколі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што гэтыя тэмы заўсёды знаходзяцца ў полі зроку лідараў Беларусі і Расіі і абмяркоўваюцца на сустрэчах з Уладзімірам Пуціным.
"Хачу падкрэсліць: вам там няпроста ў сувязі з канфліктам ва Украіне. Вы знаходзіцеся на перадавой, мы гэта адчуваем, мы гэта дакладна добра ведаем. Таму я жадаю вам мужнасці і стойкасці ў пераадоленні тых праблем, якія дадаткова на вашу галаву, на вашы плечы ўпалі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, Прэзідэнт звярнуў увагу, што за 8 месяцаў бягучага года тавараабарот Беларусі і Растоўскай вобласці дасягнуў $420 млн, што на 30% вышэй за паказчыкі аналагічнага перыяду 2021-га. "У мінулым годзе перасягнулі планку ў памеры паўмільярда долараў, якую намецілі ў 2017 годзе, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, гэта нядрэнны паказчык, але ёсць над чым працаваць і ёсць да чаго імкнуцца".
Сёння, як ні дзіўна, вялікай падмогай у нашай працы стала не ўзаемадапаўняльнасць, пра якую ўвесь час гаварылася і якая па-ранейшаму актуальна, а якраз падабенства падыходаў да развіцця народнай гаспадаркі ў Беларусі і на Доне.
"Калі пасля лютага гэтага года "Растсельмаш" адчуў на сабе ўвесь цяжар заходніх санкцый, нашы гомельскія вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі падставілі плячо, падтрымаўшы вашу вытворчасць неабходнымі вузламі і камплектуючымі, - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. - Калі мне аб гэтым далажылі (мы ўсё ж такі былі канкурэнтамі), я адназначна выказаўся за тое, каб "Гомсельмаш" ва ўсім, на што ён здольны, аказаў падтрымку "Растсельмашу". Што нам дзяліць? У нас велізарны рынак. Дай бог, каб два прадпрыемствы выканалі заказы спажыўцоў. Попыт вялікі на сельскагаспадарчую тэхніку, камбайны ў тым ліку. Таму хопіць працы ўсім".
Прэзідэнт упэўнены, што бакі маюць і больш сур'ёзныя перспектывы па развіцці кааперацыі: "Рынак павялічваецца, работы хопіць усім і трэба працаваць разам".
На яго думку, раней была зроблена правільная стаўка на інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі, не выключаючы пры гэтым важныя галіны прамысловасці. "У выніку нам удалося захаваць і развіць шэраг унікальных кампетэнцый, якія сёння дапамогуць гарантаваць працоўныя месцы і харчовую бяспеку дзвюх дзяржаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прадстаўляючы магчымасці Беларусі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў рэзервы для паглыблення ўзаемадзеяння ў сферы АПК: "Беларускі бок гатовы падзяліцца любым назапашаным вопытам. А ён у нас ёсць. Калі б мы мелі такія магчымасці ў сельскай гаспадарцы, як у Растоўскай вобласці, мы наогул былі б у шакаладзе. Але гасподзь нам не даў такіх магчымасцей. Тым не менш, прыстасоўваючыся да той сітуацыі, якая ў нас складваецца, клімат змяняецца, я не выключаю, што хутка мы прыйдзем да такой схемы апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, як у вас у Растоўскай вобласці. І нам ваш вопыт сёння вельмі патрэбны і карысны. Словам, мы гатовы дзяліцца з вамі ў сферы АПК усім тым, што мы ўмеем рабіць - ад падрыхтоўкі кадраў да сельскагаспадарчай тэхнікі". Размова можа ісці таксама аб трансферы тэхналогій у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
Прэзідэнт таксама заявіў аб гатоўнасці забяспечваць Растоўскую вобласць электрычным пасажырскім транспартам і самай сучаснай аўтамабільнай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікай МАЗ, МТЗ, "Амкадор" і іншых прадпрыемстваў.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што набываючы беларускую тэхніку, расійскія партнёры могуць быць упэўнены ў яе своечасовым сэрвісным абслугоўванні і пастаўках запчастак. "Мы ніколі не кінем, як гэта зрабілі заходнія нашы партнёры. Як старэйшы брат гаворыць: "Нашы заходнія партнёры кінулі і сышлі", - удакладніў беларускі лідар.
Ён заявіў таксама аб гатоўнасці рэалізоўваць сумесныя інвестыцыйныя і інавацыйныя праекты, у тым ліку з удзелам рэгіянальнага бізнесу. Гэта ў першую чаргу датычыцца пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы жыллёвага і сацыяльнага будаўніцтва.
"Новыя магчымасці для росту могуць даць сумесныя дарожна-будаўнічыя праекты, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Ёсць зацікаўленасць у рэалізацыі вашых рэгіянальных праграм, такіх як "Чыстая вада". Вядома, нельга забываць і гуманітарную галіну - сумесныя праекты адукацыйных устаноў, культурныя абмены, работу у інфармацыйнай сферы".
"Я многія напрамкі пералічыў. І калі нарасціць узаемадзеянне толькі ў пералічаных напрамках, а іх на самай справе ў разы больш, мы ўжо выйдзем на зусім новы ўзровень супрацоўніцтва. Я думаю, Васіль Юр'евіч, усё ў нашых руках. Як дамовімся, так і будзе. Мы гатовы да адкрытага і прадметнага дыялогу", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Губернатар Растоўскай вобласці ў сваю чаргу адзначыў развіццё супрацоўніцтва паміж рэгіёнам, які ён узначальвае, і Беларуссю і падкрэсліў важнасць дэталёвай прапрацоўкі далейшага ўзаемадзеяння, каб планы мелі не агульнадэкларатыўны, а прыкладны характар у выглядзе канкрэтных праектаў.
У прыватнасці, адным з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з'яўляецца выкарыстанне Беларуссю партовай інфраструктуры ў Растоўскай вобласці. "Думаю, што нашых беларускіх партнёраў, нашых братоў і сяброў цікавіць магчымасць развіцця экспартных паставак. Як вядома, Азова-Чарнаморскі басейн - нашы парты ў Азове, у Таганрогу, Растове - гэта тэма, якая патрабуе пастаяннага суправаджэння. Пры гэтым мы разумеем, што вырашэнне некаторых пытанняў залежыць у тым ліку ад федэральных органаў улады ў Расіі. Напрыклад, Расійскія чыгункі. Мы пастаянна гэтым займаемся", - заявіў Васіль Голубеў.
Паводле яго слоў, нагрузку, якая павялічылася на Растоўскую вобласць, неабходна суправаджаць мадэрнізацыяй і развіццём інфраструктуры. "Спадзяюся, што заўтра ў ходзе маёй сустрэчы з Урадам Расійскай Федэрацыі мы будзем гаварыць аб гэтым з віцэ-прэм'ерамі, якія маюць да гэтага дачыненне. Таму што для нас гэта важна", - дадаў губернатар.