Удзел у пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
- 13
- 6:37
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Мерапрыемства прайшло 28 кастрычніка ў відэафармаце.
Бакі абмеркавалі перспектыўную рэакцыю на сітуацыю ў раёне армяна-азербайджанскай граніцы. Вельмі сур'ёзна і адкрыта абмеркавана сітуацыя па выніках маніторынгавай місіі, якую ўзначальваў Генеральны сакратар АДКБ і якая працавала ў раёне армяна-азербайджанскай граніцы.
Інфармацыю аб рабоце маніторынгавай місіі ў пачатку пазачарговай сесіі прадставіў Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась. Затым першым з Кіраўнікоў дзяржаў выступіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які паглыблены ў сітуацыю, улічваючы намаганні, што прыкладаюцца расійскім бокам для дасягнення комплекснай і ўсёабдымнай нармалізацыі адносін паміж Баку і Ерэванам.
Пасля выступіў Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. Ён паставіў перад калегамі некалькі пытанняў: аб ацэнцы падзей і пазіцыі АДКБ, а таксама аб дарожнай карце АДКБ па "аднаўленні тэрытарыяльнай цэласнасці Арменіі", як гэта было сфармулявана армянскім лідарам.
Выступленне Прэзідэнта Беларусі, якое прадоўжыла пасяджэнне, цалкам было на злобу дня. Ні слова не сказаўшы з падрыхтаваных тэзісаў, Аляксандр Лукашэнка адказаў на ўсе пытанні, якія стаялі на парадку дня і нават павіслі ў паветры. Галоўны тэзіс, якога прытрымліваецца Прэзідэнт, - вайна скончылася пры пасрэдніцтве Расіі, а таму навошта сёння патрэбны нейкія іншыя і новыя фарматы? Тройка ў складзе Арменіі, Азербайджана і Расіі, у планах у якой правесці сустрэчу літаральна праз некалькі дзён, павінна дамовіцца. Беларусь жа ў сваю чаргу падтрымае любыя іх рашэнні.
Аляксандр Лукашэнка таксама выступае супраць прысутнасці дадатковых заходніх місій - ЕС і АБСЕ.
Прэзідэнт Беларусі з ходу шчыра адказаў на абодва пастаўленыя Прэм'ер-міністрам Арменіі пытанні, дзеля разгляду якіх ён склікаў пазачарговы саміт.
"Вы паставілі перад намі два пытанні. Першае, чытаю: "Ацэнка падзей і пазіцыя АДКБ". Вы запатрабавалі ад нас вызначыцца з нашай пазіцыяй. Вы што, не ведаеце нашу пазіцыю? Мы хочам, каб паміж суседнімі дзяржавамі быў урэгуляваны канфлікт мірным шляхам", - адзначыў беларускі лідар.
"Другое пытанне: "Дайце дарожную карту па аднаўленні тэрытарыяльнай цэласнасці Арменіі". Якую дарожную карту? Я Вам на гэта адразу адказваю: сядзьце з Ільхамам Аліевым, калі трэба, папрасіце Прэзідэнта Расіі і прыміце рашэнне. Не прымеце сёння, будзе горш, Вы ж самі гэта разумееце. Нам не патрэбны гэты канфлікт", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Вось Вы два пытанні паставілі. Яны больш чым дзіўныя, Мікол Ваваевіч", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў лагічны і паслядоўны механізм падыходу да ўзнятых пытанняў. Спачатку глыбокія і прадметныя перагаворы тройкі, а затым бакі ў АДКБ вернуцца да абмеркавання вочна на чарговым саміце арганізацыі, які павінен прайсці літаральна праз месяц у Ерэване. І потым ужо прымаць рашэнне.
"У лістападзе гэтага года, гэта значыць літаральна праз месяц, мы сустрэнемся не па тэлевізары, як цяпер, а ў Ерэване ў рамках АДКБ. Чаму мы не можам заслухаць даклады і паведамленні, як будуць развівацца падзеі, перш за ўсё з улікам сустрэчы Арменія - Азербайджан - Расія? Адбудзецца пасяджэнне тройкі - асноўнага цэнтра сілы па нармалізацыі адносін. Куды мы гонім коней, куды мы спяшаемся? Арменія, Азербайджан, Расія павінны ў гэты перыяд яшчэ раз, калі неабходна (а я падкрэсліваю, згадзіліся яны сесці за стол перагавораў), прааналізаваць сітуацыю. І далажыць нам на пасяджэнні АДКБ вочна. І тады мы прымем рашэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на той аспект, што Арменія і Азербайджан не толькі самі былі часткай адной дзяржавы, але і з'яўляюцца дружалюбнымі для ўсіх іншых на прасторы СНД. Больш таго, ён падкрэсліў, што канфліктнае пытанне паміж Арменіяй і Азербайджанам трэба вырашаць цяпер - з Ільхамам Аліевым, лідарам, з якім можна дамаўляцца.
"Пытанне вельмі адчувальнае і далікатнае. Гэта не тое, што, вось, з аднаго боку - АДКБ і мы, члены АДКБ, а з іншага боку - Азербайджан. Гэта нашы дружалюбныя дзве краіны. Так, сапраўды, яны былі ў адной дзяржаве. Але больш таго, мы члены СНД разам з Азербайджанам і Арменіяй. У нас вельмі цесныя сувязі з блізкай нам праваслаўнай Арменіяй. І вельмі блізкай нам мусульманскай дзяржавай Азербайджан. Асабліва гэта адчувальна для іншых членаў АДКБ, у тым ліку і Расійскай Федэрацыі, дзе 30 млн мусульман . Гэта значыць, усе нюансы, усе фактары трэба ўлічваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "І потым, ну хіба Азербайджан вось прысутным тут кіраўнікам дзяржаў і краінам нейкі вораг або праціўнік? Не. Я пацвярджаю тое, што сказана Прэзідэнтам Пуціным, што і Арменія, і Азербайджан - гэта родныя нам дзяржавы. І ў гэтым асаблівасць сітуацыі. Гэта мы не можам не ўлічваць".
Прэзідэнт лічыць, што нельга ставіць пытанне ў такім плане, што з аднаго боку - АДКБ і "вы з намі ці не?", а з іншага боку - Азербайджан. "Гэта няправільна. Азербайджан узначальвае сёння абсалютна наш чалавек - Ільхам Аліеў. Што будзе заўтра (ён жа не вечны), ніхто не ведае. Таму гэтыя пытанні, вострыя, пра якія кажа Мікол Ваваевіч, сапраўды трэба вырашаць цяпер. Пры цяперашнім кіраўніцтве Азербайджана, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Хто б ні стаяў за спінай Азербайджана. Гавораць, Турцыя там і гэтак далей. Ну і што? Гэта палітыка. Туркі падтрымліваюць Азербайджан таму, што яны блізкія і родныя".
Прэзідэнт у гэтым плане правёў аналогію з беларуска-расійскімі адносінамі: "Так можна папракнуць і Расію, што яна падтрымлівае Беларусь, а Беларусь падтрымлівае Расію. Ну таму што мы блізкія, мы родныя, мы падтрымліваем адзін аднаго".
"Таму пытанне (паміж Арменіяй і Азербайджанам. - Заўвага) трэба вырашаць цяпер", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Чацвёрты тэзіс Прэзідэнта Беларусі - адзін з самых важных. Усё, што адбываецца, ён заклікае разглядаць у глабальным плане. Краіны спрабуюць расхістваць і падпальваць, перш за ўсё з мэтай аслабіць Расію. Таму лагічна, што Кіраўнік дзяржавы супраць прыцягнення і ўсемагчымых заходніх місій.
"Я і ў пачатку сказаў аб глабальным трэку. Усе нашы рашэнні сёння павінны прымацца з улікам рэгіянальнай і глабальнай сітуацыі ў свеце. Мы павінны ўлічваць, што адбываецца вакол нас. Цытата: трэба падпаліць Расію па перыметры. Яна ўвязла ва Украіне, а цяпер яе трэба падпаліць па перыметры. На Каўказе, у Цэнтральнай Азіі.(У гэтым кантэксце трэба разглядаць канфлікт Таджыкістана і Кыргызстана перш за ўсё і хто якую ролю там адыгрывае, я думаю, Эмамалі Шарыпавіч (Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. - Заўвага) і Прэзідэнт Кыргызстана могуць пра гэта расказаць.) І эканамічна трэба націснуць на Казахстан, цытую, і Узбекістан", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Гэта значыць, па ўсім перыметры Расіі нас пачынаюць калашмаціць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Прыбалтыку раней адлучылі, вы гэта ведаеце. У 2020 годзе Беларусь спрабавалі на калені паставіць. Затым надышла чарга Украіны. Ідзём па перыметры - Каўказ і далей Цэнтральная Азія. Каму гэта сёння незразумела? Усім нам зразумела. Таму любы канфлікт і любыя цяпер рухі нашы мы павінны разглядаць у гэтым глабальным кантэксце".
Падводзячы вынік, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і ён як Прэзідэнт падтрымае ўзгодненае рашэнне Азербайджана, Арменіі і Расіі. "Дасягнеце адзінага меркавання, я не гледзячы падтрымаю гэта адзінае меркаванне", - запэўніў беларускі лідар.
Ён таксама выказаў асабістую пазіцыю наконт канфлікту: "Выбачайце, калі, можа, я не так бачу за шмат кіламетраў ад гэтага тэатра ваенных дзеянняў, але гэта маё ўражанне аб тым, што складваецца там на гэтых граніцах. Я ўжо так па-таварыску гаварыў: хлопцы, вы за што ваюеце? Вы за што ваюеце ў гэтых гарах на дзвюх тысячах метраў вышынёй? Загубілі тры сотні чалавек. Тры сотні чалавек загінула там, дзе людзі не жывуць! Дзе нават гэтыя козы не ходзяць! Чаго вы ваюеце, сядзьце вы ўдваіх і дамоўцеся! І няхай Расія асвеціць гэты дагавор".
"Але вы ж не хочаце. Нейкая, разумееце, ідзе тут гульня. Гэтай гульні быць не можа. Таму што вырашаецца пытанне вайны і міру!" - рэзюмаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.