Сустрэча з Генеральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым

  • 10
  • 4:21

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 лютага правёў сустрэчу з Генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Імангалі Тасмагамбетавым.

Вітаючы Імангалі Тасмагамбетава, які нядаўна ўступіў на пасаду Генеральнага сакратара АДКБ, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны даўно ведаюць адзін аднаго, хоць непасрэдна блізка не сутыкаліся. Але, працуючы на іншых пасадах, цяперашні Генеральны сакратар узаемадзейнічаў з прадстаўнікамі Урада і іншымі службовымі асобамі.

"Мне прыемна з Вамі сустрэцца як з вопытным чалавекам. Нешта роднае ёсць. У юнацтве мы з Вамі і ў камсамоле працавалі. Вы прайшлі вельмі сур'ёзны шлях, які заслугоўвае павагі. Цяпер людзей, якія маюць такі вопыт з савецкіх часоў (па-рознаму можам ацэньваць гэты перыяд), няшмат, і яны вельмі каштоўныя. Таму я думаю, што гэты Ваш вопыт, і на дыпламатычнай у тым ліку рабоце, нам спатрэбіцца. Асабліва ў гэтым годзе ў час старшынства Беларусі. Ды і на будучыя гады Вашай працы ў АДКБ. Не толькі спатрэбіцца - ён будзе запатрабаваны вельмі сур'ёзна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што такі вопыт вельмі каштоўны, бо маладому, менш вопытнаму пакаленню неабходна яго перадаваць: "Я часта ў Беларусі гавару. Казахстан ужо непасрэдна гэта перажывае - змену пакаленняў у палітыцы. Часта гэта нялёгка праходзіць. Хацелася б, каб гэта прайшло лёгка. І ў нас, і ў вас. Можа, нешта скажаце пра Казахстан у другой частцы (сустрэчы. - Заўвага)".

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заклікаў да большага з'яднання ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.

"Выклікаў дастаткова. Мы рызыкнулі ў сваё старшынства ў праграму запісаць - паспрабаваць вырашыць вось гэтыя праблемы, якія ў нас існуюць. Асабліва на граніцах дзяржаў - членаў АДКБ. Я не дарэмна гавару пра Ваш вопыт. Памяць у Вас цудоўная. Вы добра ведаеце і Каўказ, і Цэнтральную Азію. Там у нас праблемы. Давайце паспрабуем іх вырашыць і, наколькі магчыма, з'яднаць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў гэты няпросты час. Вы бачыце, што адбываецца па перыметры", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсім членам АДКБ неабходна з'яднацца і дзейнічаць разам, таму што так заўсёды прасцей і лягчэй. "Калі нехта думае, што канфлікт Украіны і Расіі - гэта не наш канфлікт, што ціхенька недзе адседзімся, - нічога падобнага, так не будзе. Настане час (ён недалёкі, літаральна заўтра) - ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю. Я не гавару, што на шкоду нацыянальным інтарэсам і гэтак далей. Але з усімі нашымі саюзнымі недахопамі нам давядзецца дакладна вызначаць сваю палітыку, сваю лінію для таго, каб дзейнічаць разам. Разам заўсёды прасцей і лягчэй", - упэўнены Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ніхто не штурхае дзяржавы дзейнічаць насуперак сваім нацыянальным інтарэсам. "Але кампрамісы нам давядзецца знаходзіць. Хоць у АДКБ мы ж ужо даўно іх знайшлі і дзейнічаем як адзіная Арганізацыя. Думаю, вось гэты складаны перыяд нам давядзецца прайсці, і ён яшчэ больш з'яднае нашу Арганізацыю на тых прынцыпах, якія патрэбны і магчымы для кожнай дзяржавы, якая ўваходзіць у гэту арганізацыю. Давайце падумаем разам над гэтым", - сказаў беларускі лідар.

Імангалі Тасмагамбетаў у сваю чаргу шчыра падзякаваў беларускаму лідару за падтрымку яго кандыдатуры пры вызначэнні Генеральнага сакратара АДКБ на сесіі арганізацыі ў лістападзе 2022 года. Ён праінфармаваў, што з 10 студзеня бягучага года пачаў выкананне абавязкаў. "З гэтага моманту сур'ёзна ўваходжу ў курс справы. Самае галоўнае - падрыхтоўка плана мерапрыемстваў і асноўных прыярытэтных пытанняў старшынства Беларусі на 2023 год", - сказаў Імангалі Тасмагамбетаў. Паводле яго слоў, на гэтым этапе ўдалося ўлічыць усе рашэнні лістападаўскай сесіі і прыярытэтныя напрамкі беларускага старшынства ў АДКБ.