Сустрэча з членамі Канстытуцыйнай камісіі

  • 11
  • 7:44

Прынятая 27 гадоў таму Канстытуцыя Беларусі стала сімвалам новай эпохі - свабоднага, мірнага і стабільнага жыцця беларускага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 сакавіка на сустрэчы з членамі Канстытуцыйнай камісіі.

Сярод удзельнікаў мерапрыемства - вышэйшыя службовыя асобы краіны, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, рэальнага і фінансавага сектараў эканомікі, грамадскіх аб'яднанняў, сфер навукі і адукацыі, культуры і спорту.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рашэнне аб фарміраванні Канстытуцыйнай камісіі было прынята на VI Усебеларускім народным сходзе. Паводле яго слоў, знамянальна, што яна пачынае сваю работу ў Дзень Канстытуцыі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт яшчэ раз павіншаваў усіх беларусаў і, у прыватнасці, удзельнікаў мерапрыемства са святам.

"З Асноўным Законам нашай краіны мы прайшлі шлях станаўлення першай суверэннай дзяржавы на нашай зямлі. І значэнне гэтай Канстытуцыі, напэўна, будзе вызначацца перш за ўсё гэтым фактам. Прынятая 27 гадоў таму Канстытуцыя стала сімвалам новай эпохі - свабоднага, мірнага, стабільнага жыцця беларускага народа", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе гэтыя гады беларуская дзяржава развівалася, прытрымліваючыся тых прынцыпаў, якія былі закладзены ў аснову Канстытуцыі. "Мы шмат чаго дасягнулі, і жыццё не раз даказвала правільнасць выбранага шляху. Індыкатарам сталі мір і парадак у нашай краіне, згода ў грамадстве, захаваныя, нягледзячы на шматлікія спробы знешніх сіл унесці разлад у наш агульны дом. Падзеі мінулага года прадэманстравалі ўстойлівасць сістэмы. І гэта не што іншае, як цвёрдасць пазіцыі і прынцыпаў людзей з дзяржаўным мысленнем. Людзей, якія захавалі краіну", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Канстытуцыя - безумоўна, вельмі важны дакумент для краіны. Але гэта не толькі нормы, прапісаныя на паперы, таксама важна пазіцыя людзей, якія фарміруюць грамадскую думку.

"Сёння беларусы ўсвядомілі, што маглі б страціць - сваё мірнае жыццё, суверэнітэт. Гэта галоўныя каштоўнасці, якія стаяць вышэй і за палітычныя, і асобасныя рознагалоссі ў нашым грамадстве, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І час зноў паказаў, што гарантам гэтых каштоўнасцей з'яўляюцца моцная ўлада і наш народ, які ахоўвае свой уклад жыцця, свае спрадвечныя традыцыі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што, пачынаючы карэкціроўку Канстытуцыі, такі адказны і лёсавызначальны крок, неабходна ўлічыць усе ўрокі мінулага, у тым ліку і нядаўняга. "Не сумняваюся, што кожны з вас усвядоміць сваю ролю ў гэтым працэсе. Вы ўвойдзеце ў гісторыю як суаўтары абноўленай Канстытуцыі. Але галоўнае, вы бераце на сябе адказнасць за будучыню нашай краіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, пры фарміраванні Канстытуцыйнай камісіі стараліся ахапіць усе сферы жыцця і дзейнасці грамадства, каб максімальна ўлічыць інтарэсы і голас кожнага беларуса. Таму ў камісіі - прадстаўнікі дзяржаўных органаў, юрыдычнай навукі, грамадскіх аб'яднанняў, розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

"Важна, што ўсе вы паважаныя і аўтарытэтныя людзі, маеце актыўную грамадзянскую пазіцыю і ведаеце запатрабаванні той часткі грамадства, якую прадстаўляеце. Вашы заслугі, без перабольшання, прызнаны народам. Я разлічваю, што разам вы станеце эфектыўнай камандай і выканаеце даручаную вам работу на самым высокім узроўні", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі павінна мець галосны і адкрыты характар. Даступнасць вашай работы для ініцыятыў людзей - гэта пытанне даверу грамадства да яе выніку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што многія прапановы па змяненні Канстытуцыі паступілі ўжо ў час грамадскага абмеркавання на дыялогавых пляцоўках, а таксама па парламенцкай лініі і пры падрыхтоўцы VI Усебеларускага народнага сходу. "Таму галоўная задача Канстытуцыйнай камісіі - арганізаваць шырокае абмеркаванне прапанаваных карэкціровак Асноўнага закона, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Публічнасць і празрыстасць працэсу забяспечаць сродкі масавай інфармацыі, а таксама электроннай камунікацыі. Актыўна выкарыстоўвайце гэтыя рэсурсы".

У той жа час кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што і дзеючая Канстытуцыя сябе не вычарпала. "З ёю мы сфарміраваліся як суверэнная, прававая, незалежная, сацыяльная дзяржава, і праз больш як 25 гадоў гэты дакумент абсалютна актуальны, - выказаў упэўненасць Прэзідэнт. - Дарэчы, нядаўняе сацыялагічнае даследаванне нашага грамадства якраз гэта і паказала". Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, паводле даных маштабнага сацапытання, больш за 65% яго ўдзельнікаў не лічаць патрэбным змяняць Канстытуцыю.

"Кожная норма Асноўнага Закона павінна служыць галоўнай мэце - захаваць краіну, каб было што перадаць нашым дзецям і ўнукам", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, пры карэкціроўцы Асноўнага Закона, вядома, варта ўлічваць перадавы міжнародны вопыт. "Але ў аснове - нашы нацыянальныя інтарэсы, палітычныя і прававыя традыцыі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы не першы раз займаемся гэтай работай. У нас ёсць не толькі міжнародны, але і свой багаты вопыт работы над Асноўным Законам".