Сустрэча з кіраўніком і каардынатарамі ініцыятыўнай групы
- 11
- 8:18
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада сустрэўся з кіраўніком і каардынатарамі ініцыятыўнай групы.
"Я ўдзячны Федэрацыі прафсаюзаў і Вам, Юрый (Старшыня ФПБ і кіраўнік ініцыятыўнай групы Юрый Сянько. - Заўвага), за тое, што Вы вылучылі ініцыятыву заняцца гэтай вельмі цяжкай работай. Для мяне гэта таксама была праблема. Шчыра кажучы, я і з Адміністрацыяй раіўся, як будзем рабіць, што будзем рабіць. І яны раптам уносяць прапанову, што прафсаюзы гатовы выканаць гэту работу. Ну, я перахрысціўся. Думаю, дзякуй богу, не трэба самому там ствараць і нешта думаць. Гэта вельмі важна. І я ўжо сказаў, што я вельмі ўдзячны ўсім вам - каардынатарам і тым групам, якія створаны ў рамках ініцыятыўнай групы", - сказаў Прэзідэнт.
Менавіта са слоў удзячнасці Аляксандр Лукашэнка і пачаў сустрэчу: "Хачу вам шчыра падзякаваць за тую работу, якую вы правялі і праводзіце. Не ведаю, як гэта назваць. Дапамога, напэўна, дзеючаму Прэзідэнту. Я гэта вельмі цаню".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аб рабоце ініцыятыўнай групы яго інфармуюць штодзённа. Але так складваліся абставіны і рабочы графік, што раней ён не мог з імі сустрэцца. "Ды і цяпер такая напружаная сітуацыя! Але я папрасіў, каб усе мерапрыемствы адтэрмінавалі. І ўсё ж такі я павінен быў з вамі сустрэцца. І ўпэўнены, што наша сённяшняя размова максімальна дойдзе да кожнага члена ініцыятыўнай групы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Дарэчы, калі б ён захацеў сустрэцца адразу з усімі членамі ініцыятыўнай групы, то гэта было б складана зрабіць, паколькі іх больш за 17 тыс. па ўсёй краіне. "Але вас вельмі прашу, наколькі гэта магчыма, па той структуры, якая вамі створана, каб вы мае словы ўдзячнасці перадалі тым людзям, якія працуюць на нашу карысць", - папрасіў беларускі лідар.
Ён расказаў, што на сваім асабістым вопыце ведае, наколькі гэта цяжкая праца: "Я сам некалі гэтым займаўся ў першыя свае выбары. Таму што трэба было і самому хадзіць да людзей. Я не проста там кантраляваў нешта. Я браў падпісныя лісты, хадзіў да людзей, у пікетах стаяў, каб людзі ўбачылі на свае вочы маладога чалавека, які рызыкнуў кінуць выклік магутнай машыне і вылучыць сваю кандыдатуру кандыдатам у прэзідэнты".
"Ну і наогул, скажу так, што без вашай работы не можа быць у далейшым ніякіх кандыдатаў. Калі няма подпісаў у падтрымку кандыдата ў Прэзідэнты, значыць, няма і гэтага кандыдата. Таму гэта важнейшая работа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адзін з самых важных аспектаў у час збору подпісаў - гэта ўзаемадзеянне членаў ініцыятыўнай групы з людзьмі. "Я б вас вельмі прасіў, каб у вас былі сканцэнтраваны ўсе тыя даныя (якія агучваюць грамадзяне ў час збору подпісаў. - Заўвага), і вы мяне праінфармавалі, каб я ведаў, аб чым людзі гавораць, на што трэба звяртаць увагу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта добры сацыялагічны зрэз. Лепшага не бывае. Толькі сумленна мне напішыце, што добрага людзі сказалі, - двума радкамі - і ўсё астатняе, што патрабуюць людзі і што дрэннага, з іх пункту гледжання. Гэта вельмі важна".
"Праблемы, якія трывожаць людзей, для мяне вельмі важныя. І мы будзем, зразумела, у гэтым напрамку працаваць і выпраўляць тыя недахопы, якія людзі заўважаюць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
За вылучэнне дзеючага Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на маючых адбыцца ў студзені 2025 года прэзідэнцкіх выбарах ужо сабрана больш за 1,5 млн подпісаў.
"Вы, не лічачыся з часам, ведаю, што вельмі акуратна і асцярожна ўсё гэта робіце. Нікога не прымушаеце, не націскаеце. Гэта правільна. Правільна таму, што нам гэта не трэба. Гэта абсалютна не трэба. І каб не ствараць потым лішніх пытанняў, даводзіцца вельмі акуратна ў гэтым напрамку дзейнічаць", - сказаў Прэзідэнт.
"Але па той колькасці подпісаў, якую вы сабралі, - гэта катастрафічная работа. Я нават не чакаў, што так будзе", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Да 6 снежня ў нас збор подпісаў. Таму яшчэ раз хачу з вамі параіцца, як мы будзем дзейнічаць далей. Я ўжо гаварыў аб тым, што, напэўна, трэба спыніць збор, але гэта будзе няправільна, таму што людзі папракнуць. 6 снежня, значыць, да 6 снежня мы недзе павінны прысутнічаць, каб жадаючыя маглі прыйсці і распісацца", - даручыў беларускі лідар.
Ён папрасіў членаў ініцыятыўнай групы самім вызначыцца, як дзейнічаць далей, але не напружваць залішне. "Не трэба напружваць членаў ініцыятыўнай групы, каб яны бегалі, перанапружваліся. Бегалі па дамах за людзьмі і чагосьці прасілі або арганізоўвалі лішнія пункты збору подпісаў. І так сабрана дастатковая колькасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Не трэба, каб, зноў жа, нас крытыкавалі: "А, вось Прэзідэнт, зразумела, мы тут ледзь ці не на кагосьці націснулі і кагосьці прымушаем..." - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Усё роўна скажуць. Але няхай гэта будуць фэйкі, але не праўда. Мы законы выконваем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных там журналістаў, сказаў: "Я прасіў бы журналістаў - перадайце сваім кіраўнікам: калі нехта з кандыдатаў у прэзідэнты, якія збіраюць подпісы, захоча нешта расказаць вось у такім плане, як гэта цяпер адбываецца, гэта трэба зрабіць. Прапануйце (іншым прэтэндэнтам, якія збіраюць подпісы для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты. - Заўвага). Калі яны хочуць. Не хочуць - гэта іх права".
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць захоўваць раўнавагу ў названым пытанні. "Інакш зноў жа будуць папракаць: "А, Прэзідэнт тут сабраўся..." - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Справа нават не столькі ў тым, колькі подпісаў сабралі (ініцыятыўныя групы. - Заўвага). Для мяне важна, як ідзе гэты збор, што людзі гавораць. Для мяне гэта важна як Прэзідэнта. Што, можа, не важна для іншых кандыдатаў, але для мяне - важна. Але тым не менш няхай кожны скажа, як у яго ідзе збор подпісаў і гэтак далей. Хаця б па некалькі хвілін. Гэтак жа, як у мяне тут, (каб. - Заўвага) яны маглі выказацца".