Сустрэча са старшынёй Веча народаў Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны Срэбранкай Голіч
- 17
- 5:38
Беларусь наколькі гэта магчыма гатова падтрымліваць і дапамагаць Рэспубліцы Сербскай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 сакавіка на сустрэчы са старшынёй Веча народаў Рэспублікі Сербскай Босніі і Герцагавіны Срэбранкай Голіч.
"Мне прыемна бачыць і сустракаць вас у Беларусі. Я хачу, каб вы ведалі, што вы прыехалі не проста ў краіну, блізкую вашаму народу, але вы прыехалі да сваіх сяброў, да сваіх родных, вы прыехалі ў сваю Беларусь, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Як я гавару сваім сябрам, закрытых тэм для вас у Беларусі няма, мы можам і гатовы зрабіць для вас усё тое, на што мы здольныя і што вам цікава".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра інфармаваны аб сітуацыі ў Рэспубліцы Сербскай і быў вельмі паглыблены ў падзеі, якія развіваліся ў 1990-х гадах у тым рэгіёне, калі заключаліся Дэйтанскія пагадненні.
"Я бачыў сур'ёзныя недахопы гэтага пагаднення. І я папярэджваў тады свайго калегу і сябра Слабадана Мілошавіча (Прэзідэнт Сербіі ў 1989-1997 гадах, а затым Прэзідэнт Саюзнай Рэспублікі Югаславія ў 1997-2000 гадах. - Заўвага) аб тым, што нам трэба быць вельмі асцярожнымі, заключаючы па ўказцы Захаду, амерыканцаў гэты дагавор. Што ён можа прынесці нямала бед народу. Вы ведаеце, што нешта ў гэтым плане і здарылася. Тыя супярэчнасці, якія існуюць у вашай, здавалася б, агульнай дзяржаве, нікуды не дзеліся. Яны заўсёды былі вострымі, і некалі гэта павінна было выліцца наверх", - заявіў Прэзідэнт.
"Але я гэта гавару да таго, і вы павінны гэта ведаць: наколькі гэта магчыма сёння, мы побач з вамі, мы будзем вас падтрымліваць, мы будзем вам дапамагаць. Зноў жа гавару: наколькі гэта магчыма, таму што мы не побач, мы не мяжуем з Босніяй і Герцагавінай, мы не мяжуем з вашым народам, але мы - ад аднаго кораня. Мы гэта памятаем. Таму пастарайцеся на нас разлічваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што і расійскае кіраўніцтва гэтак жа разумее і ацэньвае сітуацыю. "Ведаем і мінулае, і сучаснае, таму мы на вашым баку", - дадаў ён.
Асаблівую блізкасць народаў Беларусі і Рэспублікі Сербскай таксама адлюстроўвае той факт, што ў пратакольнай частцы сустрэчы кіраўнік дзяржавы ў размове практычна не звяртаўся да паслуг перакладчыка, вельмі добра разумеючы большасць з таго, што гаварыла госця на сербскай мове.


