Сустрэча са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным

  • 10
  • 5:40

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 жніўня сустрэўся са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што сустрэча з Прэм'ер-міністрам Расіі намячалася даўно і праводзіцца напярэдадні запланаваных на наступны дзень перагавораў з Прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. "Мы з ім перагаворым па многіх пытаннях", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Міхаілу Мішусціну і Ураду Расіі за бездакорнае выкананне сваіх абавязацельстваў перад Беларуссю.

"Думаю, і вам прад'явіць прэтэнзіі да Беларусі няма ў чым. Павінен яшчэ раз публічна вас запэўніць, што ўсё, што мы намячалі, выконваецца і будзе выканана. Ад дробязей з палівам - дызелем, бензінамі рознымі і гэтак далей. Прадукты харчавання. Мы выконваем свае абавязацельствы і нават перавыконваем. Можаце ніколькі не сумнявацца. Да сур'ёзных сістэмных пытанняў у рамках нашага саюза, у рамках ЕАЭС", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Міхаіла Мішусціна ў пачатку кастрычніка чакаюць у Беларусі. У гэты перыяд плануюцца пасяджэнні Савета Міністраў СД, Еўразійскага міжурадавага савета. У гэтыя ж дні Мінск будзе прымаць ІІ Міжнародную прамысловую выстаўку "ІНАПРАМ. Беларусь".

"У нас ёсць шэраг мерапрыемстваў чыста спецыфічных для Міхаіла Мішусціна. Вы абавязкова прыязджайце", - запрасіў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэтымі днямі ў яго ў Мінску таксама адбылася сустрэча з першым віцэ-прэм'ерам расійскага Урада Дзянісам Мантуравым: "Мы правялі з ім змястоўную сустрэчу. Яна датычылася не толькі прамысловасці, але мы шмат гаварылі пра эканоміку нашых дзяржаў. Пацвердзілі нашы сумесныя праекты і ў авіябудаванні, і ў ваенна-прамысловым комплексе. Па ўсіх пытаннях знайшлі поўнае ўзаемаразуменне".

Кіраўнік дзяржавы рады, што паміж Міхаілам Мішусціным і яго калегам - Прэм'ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным - устанавіліся добрыя кантакты і ўзаемаадносіны. "Нікуды не дзеўся былы пасол Дзмітрый Крутой (цяпер займае пасаду Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага). Ён да парадку дня прывязаны вельмі цесна. Ведаю, што вы ў добрых асабістых адносінах", - адзначыў беларускі лідар.

"Хачу запэўніць вас, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца на вышэйшым узроўні, мы з маім калегам Аляксандрам Генрыхавічам Турчыным выконваем. Правялі зверку ўсяго двухбаковага парадку дня - пытанняў Саюзнай дзяржавы, а таксама пытанняў, якія звязаны з Еўразійскім эканамічным саюзам", - адзначыў Міхаіл Мішусцін у час сустрэчы.

"Наш узаемны тавараабарот сістэмна расце. За 5 месяцаў ён вырас на 12,5%. Спадзяюся, што яшчэ далей (будзе павялічвацца. - Заўвага) па тэмпах росту. Мы павінны яго структуру палепшыць. Мы шмат робім разам праектаў у прамысловай кааперацыі. У нас вельмі шмат планаў, якія так ці інакш звязаны з прамысловасцю, вытворчасцю. Ёсць пытанні, звязаныя з лічбавым парадкам дня, электронікай, узаемным прызнаннем электроннага лічбавага подпісу. Пытанні турызму мы абмеркавалі, электрычкі запусцілі па вашым і Уладзіміра Уладзіміравіча (Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. - Заўвага) даручэнні. Шмат яшчэ праектаў разглядаем", - сказаў кіраўнік расійскага Урада.