Перагаворы з Прэзідэнтам Рэспублікі Саюз М'янма Мін Аун Хлайнам

  • 38
  • 36:59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня ў Палацы Незалежнасці правёў сустрэчу з Прэзідэнтам М'янмы Мін Аун Хлайнам, які наведаў Беларусь з афіцыйным візітам.

Перагаворам у вузкім і шырокім складах папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы з удзелам ваеннаслужачых роты ганаровай варты, выкананнем гімнаў дзвюх краін.

Напярэдадні кіраўнікі дзяржаў правялі нефармальную сустрэчу. На перагаворах у вузкім складзе Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз ад імя беларускага народа вітаў свайго калегу ўжо ў афіцыйнай абстаноўцы.

"Фармат перагавораў, які пачаўся ўчора ў нефармальнай абстаноўцы, добры тым, што нам удалося спакойна ўдваіх абмеркаваць усе напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і М'янмы і, самае галоўнае, пагаварыць аб тым, якія канкрэтна рэальныя крокі ўжо зроблены ў напрамку нашага супрацоўніцтва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Фармат нефармальнай абстаноўкі яшчэ важны тым, што закранаюцца  пытанні, якія не агучыш і публічна не абгаворыш. Таму мы прадаўжаем нашу размову, якую пачалі ўчора".

"За апошнія два гады мы добра вывучылі вашу дзяржаву, добра валодаем інфармацыяй аб патрэбнасцях вашай дзяржавы. І павінен вам яшчэ раз паўтарыць, што ў Беларусі ёсць усе тэхналогіі, каб сёння і заўтра дапамагчы, навучыць, забяспечыць усім неабходным м'янманскі народ", - заявіў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалі сказаў аб М'янме, што гэта дзяржава з вялікай будучыняй - багатая нетрамі, прыроднымі рэсурсамі. 

"Я не выпадкова перапытаў у вас, якое насельніцтва на сённяшні дзень у М'янме. Насельніцтва ў вас у пяць разоў большае, чым у Беларусі. Гэта велізарная лічба, за якой крыюцца лёсы людзей. Гэтых людзей трэба перш за ўсё накарміць і адзець. У гэтым плане вы можаце разлічваць на Беларусь", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт упэўнены, што ў М'янме ўжо зразумелі, што Беларусь і яе грамадзяне абавязковыя і здольныя вырашыць многія задачы, якія стаяць перад м'янманскім народам. 

У час перагавораў Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што за апошні час М'янма прайшла важнейшы этап у сваім развіцці, забяспечыўшы палітычную стабільнасць у дзяржаве: "Народ аказаў і вам, і тым сілам, якія за вамі стаяць, вельмі моцную падтрымку. Перад вамі стаіць наступная няпростая праблема - народу, які ў вас паверыў і падтрымаў на апошніх выбарах, дапамагчы ў жыцці. Можаце разлічваць у гэтых адносінах і на нас. Усё, аб чым мы дамовімся, мы свята будзем выконваць".

Мін Аун Хлайн падзякаваў беларускаму лідару за гэтыя словы і запэўніў, што прадоўжыць праводзіць у краіне дэмакратычныя пераўтварэнні зыходзячы з інтарэсаў м'янманскага народа. Ён звярнуў увагу, што ў 2027 годзе ў краіне пройдуць дадатковыя выбары ў нацыянальны парламент і іншыя органы ў тых акругах, дзе ў перыяд папярэдняй электаральнай кампаніі выбары не праводзіліся або былі адменены. "Хачу запрасіць наглядальнікаў з вашай краіны (на выбары ў 2027 годзе. - Заўвага)", - сказаў Прэзідэнт М'янмы.

Затым Аляксандр Лукашэнка і Мін Аун Хлайн правялі перагаворы ў шырокім складзе з удзелам членаў дэлегацый.

"М'янма - для нас важны і перспектыўны партнёр у Паўднёва-Усходняй Азіі. І мы рады пазітыўнай дынаміцы развіцця сітуацыі як у вашай краіне, так і вакол яе, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Як мы з вамі дамаўляліся, прыярытэтнай задачай з'яўляецца канвертацыя створаных на вышэйшым узроўні ўмоў максімальнага садзейнічання ў канкрэтныя ўзаемавыгадныя праекты".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што праекты, разлічаныя на доўгатэрміновае эканамічнае супрацоўніцтва, павінны стаць лакаматывам развіцця сувязей паміж Беларуссю і М'янмай.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што Прэзідэнт М'янмы прыбыў у Беларусь з вялікай дэлегацыяй, якая ўключае прадстаўнікоў бізнес-колаў. Напярэдадні яны прынялі ўдзел у Беларуска-м'янманскім дзелавым форуме. "Як дакладвалі міністры, гэты форум, нацэлены ў будучыню, даў вельмі добрыя рэзультаты", - падкрэсліў беларускі лідар.

Звяртаючыся да Мін Аун Хлайна, Прэзідэнт сказаў: "Кожны Ваш візіт і нашы сустрэчы - гэта паглыбленне нашых адносін. І гэты візіт не стане выключэннем. Азіраючыся на шлях, пройдзены намі за даволі кароткі час, мы можам канстатаваць, што беларуска-м'янманскае супрацоўніцтва дае рэзультат, нягледзячы на праблемы, адлегласць і іншае".

Паводле слоў Прэзідэнта, практычная рэалізацыя сумесных праектаў Беларусі і М'янмы павінна пачацца ўжо ў будучым годзе. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што арыенціры для работы вызначаны і замацаваны ў дарожнай карце па развіцці супрацоўніцтва на 2026-2028 гады. Яе рэалізацыі будзе садзейнічаць адкрыццё ў гэтым годзе пасольстваў дзвюх краін у Мінску і Нейп'ідо.

"Задача беларускай дыпмісіі сфармулявана максімальна канкрэтна - разам з дзяржаўнымі органамі М'янмы забяспечыць запуск сумесных праектаў у сферах прамысловай кааперацыі, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі і іншых. І ў 2027 годзе ўсе гэтыя праекты павінны з папяровай фазы перайсці на этап рэалізацыі на зямлі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь і М'янма для гэтага ўжо зрабілі нямала, дзякуючы аднаўленню міжпарламенцкага і міжпартыйнага супрацоўніцтва пашыраны гарызонт узаемадзеяння.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што раней бакі падпісалі вялікі пакет дакументаў, многія з якіх ужо ўступілі ў сілу. Напрыклад, пачало працаваць пагадненне аб адмене віз - менш стала бюракратычных бар'ераў. І ў ходзе цяперашняга візіту Прэзідэнта М'янмы ў Беларусь двухбаковая дагаворна-прававая база папаўняецца новымі дакументамі з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

Прэзідэнт адзначыў актыўную работу сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі і харчавання. Менш чым за год прайшлі ўжо два яе пасяджэнні. "Значыць, ёсць што абмяркоўваць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Сфарміравана таксама міжурадавая камісія па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Чакаецца, што яе першае пасяджэнне ў Мінску пройдзе ўжо ў бягучым годзе.

"Мы зацікаўлены ў актывізацыі кантактаў у сферах турызму, культуры, спорту. Мы пачулі вашу просьбу аб большай квоце для прыёму м'янманскіх грамадзян на навучанне ў нашай краіне", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што вельмі станоўча ўспрыняты прыезд м'янманскіх дзяцей на адпачынак у беларускія лагеры. Такія паездкі, упэўнены Кіраўнік дзяржавы, закладваюць аснову дружбы на перспектыву.

У час размовы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў у Мінску Кіраўнік беларускай дзяржавы сказаў: "Мы правялі з Прэзідэнтам Рэспублікі Саюз М'янма спадаром Мін Аун Хлайнам грунтоўныя і насычаныя перагаворы па шырокім коле тэм. Чарговы раз пераканаліся, што Беларусь і М'янму збліжаюць не толькі агульныя эканамічныя інтарэсы, але і падобнае бачанне глабальных працэсаў, імкненне выбудоваць доўгатэрміновыя канструктыўныя адносіны на аснове ўзаемнага даверу". 

Ён адзначыў, што краіны шчыра зацікаўлены ў стабільнасці і бяспецы ў Еўразіі і прымаюць канкрэтныя захады для іх умацавання.

"Мы будзем аказваць вам падтрымку на міжнароднай арэне - у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, а таксама па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза, іншых арганізацый. Мы таксама цэнім вашу падтрымку нашай ініцыятывы аб распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Інтэнсіўны дыялог на вышэйшым узроўні садзейнічаў таму, што за апошні час Мінск і Нейп'ідо дасягнулі істотнага прагрэсу па ўсіх ключавых напрамках. Найважнейшы крок - адкрыццё ў гэтым годзе пасольстваў дзвюх краін. Ён прызначаны дапамагчы трымаць узяты намі тэмп сумеснай работы, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Галоўным прыярытэтам, вядома, з'яўляецца эканоміка. На вырашэнне гэтай задачы працуе шэраг сумесных структур, асноўнай з якіх з'яўляецца міжурадавы камітэт па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве". 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўныя пункты прыкладання сумесных намаганняў вызначаны ў дарожнай карце супрацоўніцтва на 2026-2028 гады. "Сваю ўвагу мы перш за ўсё сканцэнтруем у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, навукі і адукацыі. Мы дамовіліся аб шэрагу крокаў, каб ужо ў наступным годзе сумесныя ключавыя праекты выйшлі на стадыю практычнай рэалізацыі. Гэта трэба зрабіць абавязкова", - заявіў Прэзідэнт. 

Па выніках праведзеных перагавораў Беларусь і М'янма ўмацавалі дагаворна-прававую базу партнёрства і дамовіліся актывізаваць работу на гуманітарным трэку. "Мы павялічым колькасць м'янманскіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі па запатрабаваных спецыяльнасцях. Гэтаму дапамогуць прамыя сувязі паміж ВНУ нашых краін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён даў станоўчую ацэнку актывізацыі беларуска-м'янманскіх кантактаў па лініі парламентаў і партый, дзелавых і навуковых колаў, грамадскіх арганізацый: "Такія кантакты, безумоўна, будуць садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва па ўсіх напрамках і пошуку новых перспектыўных тэм". 

Дадатковы імпульс развіццю двухбаковых кантактаў, дзелавых і турыстычных сувязей надасць пагадненне аб адмене віз, якое ўступіла ў сілу. 

"Наперадзе вялікая работа па рэалізацыі дасягнутых узаемавыгадных дамоўленасцей", - падкрэсліў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Мін Аун Хлайну за прадметную размову і нязменную асабістую ўключанасць у пытанні развіцця адносін з Беларуссю. "Усе дамоўленасці, якія дасягнуты ў выніку вашага візіту, будуць выконвацца ў тэрмін без бюракратызму і цяганіны", - запэўніў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт М'янмы Мін Аун Хлайн на перагаворах і па іх выніках заявіў аб намеры пашыраць супрацоўніцтва з Беларуссю па многіх напрамках, уключаючы гандлёва-эканамічны блок.

"Мы абмеркавалі нарошчванне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў такіх галінах, як абарона, гандаль, інвестыцыі, сельская гаспадарка, навука, тэхналогіі, ахова здароўя, адукацыя, прамысловасць і космас, - сказаў Прэзідэнт М'янмы. - Абмеркавалі актуальныя  рэгіянальныя і міжнародныя пытанні, пацвердзілі намер прадоўжыць аказваць узаемную падтрымку на міжнароднай арэне".

"Мы будзем сумесна з Прэзідэнтам Беларусі, Урадам і народам прыкладаць намаганні для захавання і далейшага развіцця дружалюбных адносін і ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю", - запэўніў Мін Аун Хлайн.

Ён адзначыў, што рады магчымасці сустрэчы з беларускім лідарам для прадаўжэння плённага дыялогу: "Гэта для мяне чацвёрты візіт у Беларусь, але першы на пасадзе Прэзідэнта".

"Адносіны паміж нашымі краінамі развіваюцца дынамічна і прыкметна ўмацоўваюцца дзякуючы візітам і сумеснай рабоце. Я ўпэўнены, што, калі ёсць дружба і сумесная работа, адлегласць не перашкода (для развіцця супрацоўніцтва. - Заўвага)", - падкрэсліў Мін Аун Хлайн.

Ён звярнуў увагу, што для актывізацыі ўзаемадзеяння бакі рэалізуюць намер павысіць узровень дыпламатычнай прысутнасці. Пасол М'янмы ў Беларусі ўжо ўручыў даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы, у Мінску з'явіцца пасольства гэтай краіны. У сваю чаргу М'янма падтрымлівае адкрыццё беларускай дыпмісіі.