Сустрэча са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам

  • 19
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін 4 чэрвеня ў Пекіне правялі сустрэчу.

Перагаворы лідараў краін праходзілі ў рэзідэнцыі Чжуннаньхай. "Літаральна побач мой кабінет. Упершыню тут я Вас прымаю", - адзначыў пры сустрэчы Сі Цзіньпін.

Спачатку адбылася рабочая сустрэча ў фармаце чаяпіцця, а затым кіраўнікі дзяржаў правялі размову сам-насам.

Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў заявіў, што позіркі многіх дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, звернуты на Пекін.

"Вы вельмі правільна адзначылі асноўную асаблівасць цяперашняга часу - беспрэцэдэнтны націск з боку Захаду на нас, перш за ўсё на Кітайскую Народную Рэспубліку. І сёння позіркі многіх дзяржаў, як і Беларусі, звернуты на вас - на Пекін", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, яшчэ 5 гадоў таму гаварылі: "Калі Кітай вытрымае, значыць, планета будзе ўраўнаважана і будзе існаваць".

"Сёння ўжо кажуць: "Кітай вытрымаў, вытрымае і Кітай не дазволіць зламаць сусветны парадак. У гэтым перакананы многія-многія народы. Кіраўнікі дзяржаў, з якімі я сустракаўся, мне аб гэтым гаварылі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што вельмі цэніць дружалюбнасць свайго кітайскага калегі: "Яна падкрэслена тым, што Вы запрасілі мяне ў свой дом (сустрэча адбылася ў рэзідэнцыі Сі Цзіньпіна. - Заўвага). Я Вам вельмі ўдзячны і, зразумела, буду чакаць Вас у сваім доме".

"Мяне таксама здзіўляе і ўражвае дагэтуль, хоць я 15-ы раз у Кітаі і ў мяне 30-гадовы тэрмін супрацоўніцтва з КНР, ваша стаўленне да гасцей. Паверце, гэта агульнае меркаванне. Мы з прэзідэнтамі, асабліва постсавецкіх рэспублік, часта абменьваемся гэтымі думкамі. У нас аднолькавае меркаванне. І мы гэта разумеем і вельмі цэнім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Старшыня КНР у час сустрэчы з цеплынёй вітаў Прэзідэнта Беларусі, падкрэсліўшы даўнюю асабістую дружбу.

"Хачу яшчэ раз Вас павіншаваць з перавыбраннем Прэзідэнтам Беларусі. Гэта ў поўнай меры сведчыць аб падтрымцы і даверы народа Беларусі ў ваш адрас. Упэўнены, што пад Вашым кіраўніцтвам Ваша краіна абавязкова дасягне яшчэ больш яркіх новых поспехаў у дзяржаўным будаўніцтве", - сказаў Сі Цзіньпін.

"Паміж нашымі краінамі ўсё мацнее традыцыйная дружба. А таксама ўмацоўваецца непарушны палітычны ўзаемадавер, пашыраецца супрацоўніцтва практычна ва ўсіх сферах, - сказаў кітайскі лідар. - Мы захоўваем цесныя кантакты і каардынацыю ў міжнародных справах - гэта і ў рамках ШАС, і ў рамках ААН. Як і вы, як і наша краіна, ніколі не падпарадкоўваемся якому-небудзь міжнароднаму гегеманізму, палітыцы цкавання. Разам мы абараняем міжнародную справядлівасць і роўнасць".

Сі Цзіньпін запрасіў Кіраўніка беларускай дзяржавы на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і парад у Пекіне.

"У канцы жніўня ў нас адбудзецца ў Цяньцзіні саміт ШАС, а крыху пазней, 3 верасня, мы ўрачыста будзем адзначаць перамогу ў сусветнай антыфашысцкай вайне - праводзім парад. Я сардэчна запрашаю і буду рады Вас бачыць", - сказаў кітайскі лідар.

Пасля перагавораў кіраўнікоў дзяржаў адбыўся сяброўскі абед.

Перад адлётам з Пекіна Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з журналістамі.

Візіт у Кітай быў паспяховым, заявіў Прэзідэнт Беларусі прадстаўнікамі СМІ. "Усё прайшло як мага лепш. Мы з сябрам сустрэліся, паразмаўлялі. Дамовіліся аб тым, што мы павінны інтэнсіфікаваць нашы адносіны. Вельмі ўдачна", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце праводзіў намеснік Міністра замежных спраў Кітая Лю Бінь. "Кітайскі таварыш на рускай добра размаўляе, нашу мову ведае. Ён сказаў, што візіт быў удачны", - адзначыў беларускі лідар.

"Вельмі добры, удачны візіт", - пацвердзіў Лю Бінь.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі асабліва не афішуюць праведзеныя сустрэчы "з патрэбнымі для нас людзьмі, якія гатовы з намі працаваць".

"Як Сі Цзіньпін гаворыць, трэба рабіць усё хутка, часам спакойна, але ціха. Так мы і працуем", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Размова лідараў прадаўжалася дзве з паловай гадзіны. "Гэта была сямейная сустрэча ў вузкім асяроддзі. Не афіцыйная, не рабочая - сямейная. Тым не менш, кітайцы ёсць кітайцы - яны арганізавалі гэта на высокім узроўні. Малайцы. Таму мы і з рэальным сектарам эканомікі, з фінансамі (прадстаўнікамі гэтых сфер. - Заўвага) сустрэліся, перагаварылі. А сёння са Старшынёй (Сі Цзіньпінам. - Заўвага), Міністрам замежных спраў Ван І - стары наш сябар", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я лічу, што візіт быў паспяховым. А галоўнае, для іх (адказных з абодвух бакоў. - Заўвага) калідор пашыраны - дзейнічайце. Таму я і гавару паслу: "Галавой адказваеце за адносіны з Кітаем. Гэта для нас новыя магчымасці", - рэзюмаваў беларускі лідар.