Сустрэча са старшынёй Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расіі Генадзем Зюганавым
- 14
- 6:54
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня сустрэўся са старшынёй Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Расіі, кіраўніком фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе Генадзем Зюганавым.
"Я вельмі чакаў гэтай сустрэчы. Нам ёсць аб чым пагаварыць, падзяліцца некаторымі думкамі, настроямі і сумненнямі - на жаль, і такое яшчэ ў нас прысутнічае. Я рады, што Вы прыехалі", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Генадзя Зюганава.
Кіраўнік беларускай дзяржавы і лідар КПРФ закранулі шэраг тэм - ад сельскай гаспадаркі да нядаўняй камандзіроўкі Прэзідэнта Беларусі ў Расію і Кітай. "Я вельмі ўважліва глядзеў, як вы гасцілі ў Пуціна на Валдаі, а потым паляцелі ў Кітай да нашага агульнага сябра Сі Цзіньпіна, - прызнаўся Генадзь Зюганаў. - Вы вельмі добра папрацавалі ў галіне машынабудавання, што выключна важна. Вам ёсць што паказаць (у гэтай сферы. - Заўвага)".
Генадзь Зюганаў звярнуў увагу, што нядаўна пабываў у Арлоўскай вобласці, дзе ў тым ліку наведаў палі, засеяныя сортам пшаніцы "Зюганаўка". Гэты сорт вызначаецца вельмі высокай ураджайнасцю.
"Насеннем падзелішся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Генадзя Зюганава, у Брэсцкай вобласці гэтым сортам пшаніцы ўжо засеяна 500 га. Ён прасіў кіраўніка рэгіёна не гаварыць аб гэтым Кіраўніку дзяржавы - хацеў расказаць асабіста пры сустрэчы.
Лідар КПРФ перадаў Прэзідэнту Беларусі прывітанне ад дэпутата Дзярждумы Мікалая Харытонава, які многія гады знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам. "У мяне ёсць ваша першая прэзідэнцкая праграма, я яе нікому не паказваю. А ў Харытонава - тая самая сурвэтка, на якой у Гранавітай палаце (Крамля. - Заўвага) распісаліся вы і Ельцын", - сказаў Генадзь Зюганаў.
"Было такое", - усміхнуўся Аляксандр Лукашэнка.
Размова ідзе аб адным з эпізодаў, звязаных з Дагаворам аб Саюзе Беларусі і Расіі, які быў падпісаны 2 красавіка 1997 года. Тады Мікалай Харытонаў падышоў да кіраўнікоў дзяржаў з сурвэткай і прапанаваў: "Калі вы за саюз, то распішыцеся".
"Я гавару: Мікалай, нікому не аддавай - любы музей дасць табе багата за гэту сурвэтку", - дадаў лідар КПРФ.
Падчас сустрэчы Аляксандру Лукашэнку ўручана Ленінская прэмія ЦК КПРФ. Спецыяльны дыплом і ганаровы нагрудны знак кіраўніку дзяржавы ўручыў сёння старшыня ЦК КПРФ, кіраўнік фракцыі КПРФ у Дзяржаўнай думе Расіі Генадзь Зюганаў у час сустрэчы ў Палацы Незалежнасці.
Лідар партыі адзначыў, што рашэнне аб прысуджэнні прэміі Аляксандру Лукашэнку было аднагалосна падтрымана членамі Прэзідыума ЦК КПРФ.
Генадзь Зюганаў падкрэсліў, што Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі стала прыкладам на постсавецкай прасторы. "Вы (у Беларусі. - Заўвага) падвоілі свой савецкі патэнцыял. Ваша дасягненне ў тым, што на базе лепшага савецкай эпохі дабаўлялі, прыбаўлялі, нічога не выкідваючы і рухаючыся наперад. Вось гэта робіць Вам гонар", - падкрэсліў ён, звяртаючыся да кіраўніка беларускай дзяржавы.
Уручаючы Прэзідэнту Беларусі ганаровы нагрудны знак лаўрэата Ленінскай прэміі ЦК КПРФ - з выявай профілю У.І.Леніна на залацістым фоне, Генадзь Зюганаў з гумарам нагадаў пра "золата партыі" - нібыта схаваныя залатыя, грашовыя запасы кампартыі, якія зніклі ў перыяд распаду СССР. Ён жартам заўважыў: "Гэта "золата" партыі, тут усё як належыць".
"Золата" партыі... Нарэшце знайшлі. Дзякуй", - з усмешкай адказаў Прэзідэнт Беларусі.
Акрамя таго, Кіраўніку дзяржавы быў уручаны памятны медаль "100 гадоў Фідэлю Кастра" (кубінскі лідар нарадзіўся 13 жніўня 1926 года). Гэты памятны медаль ён таксама ўручаў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. "Сказаў: "Наступным будзе Лукашэнка", - адзначыў лідар партыі, перадаючы ўзнагароду Кіраўніку беларускай дзяржавы. - Ад душы Вас віншую".


