Сустрэча з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Аляксандрам Цыбульскім
- 14
- 13:51
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня сустрэўся з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Аляксандрам Цыбульскім.
"Што датычыцца супрацоўніцтва, трэба сумленна прызнаць, што мы з вамі ў гандлі панізілі планку значна. Але ўсё ў нашых сілах. Мы мелі прыкладна ў тры разы вышэйшы тавараабарот, чым цяпер. Трэба яго аднаўляць, шукаць адпаведныя шляхі. І нам у тым ліку. Не чакаць за дзвярыма ці за плотам, што нехта прыедзе і прапануе варыянты", - сказаў беларускі лідар.
Гаворачы аб перспектывах эканамічнага супрацоўніцтва, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на падабенства Архангельскай вобласці і Беларусі: значную частку тэрыторыі займаюць лясы. Гэта патрабуе правядзення пэўных відаў работ па лесанарыхтоўцы, лесааднаўленні. У сувязі з гэтым у Беларусі яшчэ з савецкіх часоў захаваўся і атрымаў развіццё ў прамысловым сектары цэлы напрамак па вырабе спецыялізаванай тэхнікі. Гэтым займаецца холдынг "АМКАДОР". Айчынныя новыя ўзоры часта накіроўваюцца ў Расію для праходжання выпрабаванняў. "У гэтым напрамку мы можам з вамі паспяхова супрацоўнічаць", - канстатаваў беларускі лідар.
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак для супрацоўніцтва - горназдабыўная прамысловасць. Напрыклад, беларускія кар'ерныя самазвалы БелАЗ выкарыстоўваюцца кампаніяй "Алроса", якая займаецца разведкай радовішчаў, здабычай, апрацоўкай і продажам алмазнай сыравіны. "Сёння ШІ і робаты прыйшлі вельмі шырока ў любой краіне па тых ці іншых напрамках. Таму мы паставілі вам рабатызаваныя комплексы БЕЛАЗа, якія праходзяць выпрабаванні таксама ў вас. Упэўнены, яны добра сябе зарэкамендуюць, таму што мы іх бачылі ў рабоце ў Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, традыцыйна карыстаецца попытам у расійскіх рэгіёнах пасажырскі транспарт беларускай вытворчасці, ліфтавае абсталяванне. Тут таксама ёсць патэнцыял для ўзаемадзеяння з Архангельскай вобласцю.
"Архангельск - поўнач, няпроста ў вас там працаваць з сельскай гаспадаркай, вырабляць неабходныя прадукты харчавання. Калі ў якой-небудзь ступені мы вам будзем карысныя - калі ласка. Самыя лепшыя, смачныя і якасныя прадукты харчавання (гэта агульнапрызнана) - у Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У ліку магчымых сфер для развіцця ўзаемадзеяння з расійскім рэгіёнам Кіраўнік дзяржавы абазначыў таксама энергетыку, работу сістэм забеспячэння жыццядзейнасці населеных пунктаў. "Усё гэта ў нас захавана з савецкіх часоў, усё гэта ў нас ёсць", - адзначыў ён.
Паводле яго слоў, ёсць шырокія магчымасці для супрацоўніцтва ў адукацыйнай, навуковай сферах. "Калі Архангельскай вобласці гэта будзе цікава, мы гатовы падставіць сваё плячо. Адукацыя ў нас, я лічу, на постсавецкай прасторы самая лепшая. Таму што мы не адкінулі стары вопыт, а вырасталі з таго, што нам дасталася. А ў Савецкім Саюзе ўзровень адукацыі быў вельмі высокі. Я лічу, што наўрад ці ў свеце хто-небудзь такога ўзроўню дасягнуў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзякуючы ўзаемадзеянню з расійскім бокам Беларусь асвойвае такія новыя напрамкі, як, напрыклад, самалётабудаванне. Разам абедзве краіны працуюць у касмічнай прасторы. На арбіту выведзены сумесныя спадарожнікі. "Сёння гэта вельмі запатрабавана. І ваенная аперацыя паказала, што Расіі без гэтага не абысціся. Мы ў гэтым напрамку сур'ёзна працуем", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"На шчасце або няшчасце, нашы магчымасці апошнім часам узраслі ў напрамку Расіі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нам сёння даводзіцца разам з вамі быць на фронце. Нікуды ад гэтага не дзецца. Значэнне Беларусі ў сувязі з тымі падзеямі, якія адбываюцца вакол нас, узрастае".
"Мы ведаем сваю ролю, якую трэба адыграць у гэтым свеце. Паспяховасць гэтай ролі шмат у чым будзе залежаць ад таго, якія будуць адносіны ў нас з Расійскай Федэрацыяй, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Пакуль усё ідзе нармальна. Нам удаецца тут і папярэджваць, і стрымліваць патэнцыяльных нашых праціўнікаў, скажам так, не ворагаў пакуль, а праціўнікаў. Яны разумеюць, што мы не спім тут. А калі і спім, то бачым тое, што мы павінны бачыць".
У працяг тэмы ваенна-прамысловага супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значныя дасягненні айчыннага ВПК, якія сталі магчымыя ў тым ліку за кошт садзейнічання расійскага боку. Для Архангельскай вобласці ўзаемадзеянне па лініі ВПК, магчыма, не такое актуальнае, але, калі яно спатрэбіцца, Беларусь гатова аказаць садзейнічанне.
"Арктычная зона сёння - зона сутыкнення інтарэсаў, і вам давядзецца гэтым займацца. Калі мы будзем чым-небудзь для вас карысныя, мы заўсёды будзем з вамі супрацоўнічаць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы многае навучыліся рабіць самі з дапамогай Расіі. Пачыналі з расіянамі. Сёння вырабляем дастаткова для патрэб ВПК".
"Я не ўтойваў ніколі такое супрацоўніцтва, у тым ліку і цяпер, нашага ваенна-прамысловага комплексу з вашымі прадпрыемствамі, Міністэрствам абароны. Сёння (яно. - Заўвага) існуе, учора існавала і будзе існаваць. Таму паглядзіце, можа, вам якія-небудзь тэхналогіі будуць прыдатныя", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ўсе дасягнутыя дамоўленасці будуць абавязкова выконвацца беларускім бокам.


