Уручэнне дзяржаўных узнагарод супрацоўнікам КДБ

  • 5
  • 3:03

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 мая ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам КДБ, якія ўдзельнічалі ў спецыяльнай аперацыі ва Украіне па вызваленні беларускіх грамадзян.

Прадстаўнікі беларускай спецслужбы за ўзорнае выкананне воінскага абавязку і высокі прафесіяналізм былі ўзнагароджаны медалём "За адзнаку ў воінскай службе".

"У нас сёння незвычайны фармат, хоць вы заслугоўваеце, напэўна, самых добрых слоў і самых яркіх пазіцый у сродках масавай інфармацыі. Але ж не я выбіраў жыццё для вас. Вы выбралі такое жыццё, такую службу. Я вам вельмі ўдзячны за гэта. Гэта сапраўдная мужчынская служба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівыя словы ўдзячнасці супрацоўнікам КДБ Кіраўнік дзяржавы выказаў за паспяховае правядзенне аперацыі па вызваленні некалькіх дзясяткаў беларускіх грамадзян, якія знаходзіліся фактычна ў палоне на тэрыторыі Украіны.

"Зразумела, не па сваёй волі аказаліся заложнікамі, і не толькі сітуацыі, але і асобных жаданняў самых дрэнных людзей ва Украіне. Калі пачалася спецаперацыя Расійскай Федэрацыі, нашы людзі, некалькі дзясяткаў, засталіся там, адкрыта скажам, заложнікамі сітуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем'і", - раскрыў некаторыя падрабязнасці Прэзідэнт.

Ён са шкадаваннем адзначыў, што двум беларусам так і не пашчасціла вярнуцца дадому. Яшчэ да пачатку аперацыі беларускіх спецслужбаў яны былі забіты ўкраінцамі. "Настане час, мы разбяромся і з імі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я, помню, тады сказаў аб тым, што калі нам не вернуць хлопцаў, то мы правядзём у тым ліку і вострую спецаперацыю для вызвалення нашых беларусаў. Камітэту дзяржбяспекі было даручана падрыхтаваць гэта мерапрыемства і вызваліць нашых людзей. Пры вашым непасрэдным удзеле, пад вашым кіраўніцтвам была праведзена гэта аперацыя без адзінага стрэлу. Па-мойму, ва Украіне так ніхто і не разабраўся, як гэта здарылася. Вы вярнулі людзей у свае сем'і. Вельмі высакародная справа для ваеннага чалавека - без шуму, без стрэлаў вярнуць дзясяткі людзей дадому. Таму я вам вельмі ўдзячны за ваш учынак", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўручае ўзнагароды за "вялікую справу, здзейсненую ў інтарэсах дзяржавы", і ўручае іх як ніколі з задавальненнем. "Дзяржава абавязана не толькі гэтымі ўзнагародамі, - адзначыў ён. - Не падвялі Прэзідэнта, паднялі сваё ведамства на яшчэ адну прыступку, паказаўшы, што ў нас ёсць дастойныя прафесіяналы".