Уручэнне дзяржаўных узнагарод
- 22
- 8:53
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Удзельнікамі ўрачыстай цырымоніі, якая адбылася 30 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці, сталі больш за 30 чалавек.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўзнагароджанне арганізавана напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята беларускага народа - Дня Незалежнасці: "У далёкім 1944 годзе вызваленне Чырвонай арміяй нашай сталіцы - Мінска - было не проста гістарычнай падзеяй, як гэта бачыцца цяпер, але і яскравым сведчаннем таго, што Савецкі Саюз і беларуская рэспубліка цаной вялікіх намаганняў і чалавечых страт змагла застацца няскоранай. Тым, хто нарадзіўся і вырас у мірны час, напэўна, складана ўсвядоміць значэнне такіх простых слоў, як "мы перамаглі, мы будзем жыць", а яны ж разумелі…"
"Кожны год 3 ліпеня мы падкрэсліваем: незалежнасць - найвялікшы здабытак любога народа, у тым ліку і беларускага. І мы будзем яе берагчы, будзем за яе змагацца так, як гэта рабілі нашы гераічныя продкі. Іншага нам проста не дадзена", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на людзях, падобных да тых, што сабраліся ў Палацы Незалежнасці, таленавітых, працавітых, якія валодаюць вялікай працаздольнасцю, і трымаецца Беларусь - моцная, прыгожая, незалежная. "Уклад кожнага ў яе працвітанне важны і важкі", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Хоць цёплых віншаванняў дастойны кожны з узнагароджаных, Прэзідэнт усё ж вылучыў з прысутных унікальнага чалавека - Мікалая Чаргінца, удастоенага звання народнага пісьменніка Беларусі. Было адзначана, што ён прадстаўнік яшчэ ваеннага пакалення, які да таго ж прайшоў Афганістан. Многія яго захапляючыя творы перакладзены на паўтара дзясятка моў і сталі асновай для мастацкіх фільмаў і спектакляў. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў пісьменніку за актыўную грамадзянскую пазіцыю, дзяржаўную і навуковую дзейнасць, за дапамогу маладым талентам у перыяд кіраўніцтва Саюзам пісьменнікаў. "Мікалай Іванавіч, вам ад усіх нас - самага вялікага даўгалецця, здароўя", - пажадаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што чытачы чакаюць новых твораў аўтара, а прататыпамі галоўных герояў для іх могуць стаць тыя, хто сёння прысутнічае на цырымоніі. Мы хацелі б убачыць і пачуць у бліжэйшы час вашых герояў. А яны ўсе - вакол вас. Выбірайце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Сярод іх былі і тыя, хто ахоўвае Дзяржаўную граніцу. "Вы цяпер у прамым сэнсе слова на перадавой, на варце міру і спакою, - звярнуўся да іх Аляксандр Лукашэнка. - Не менш важную функцыю выконваюць прадстаўнікі іншых родаў войскаў: тыя, хто беражэ наша неба, забяспечвае сувязь, адказвае за тэхніку і многія іншыя. Ва Узброеных Сілах важны кожны салдат, сяржант, прапаршчык, афіцэр і генерал".
"На поўдні Беларусі, на жаль, неспакойна. На захадзе і поўначы нашай Беларусі нарошчваецца групоўка войскаў НАТА, - заявіў беларускі лідар. - Нам што б там ні было неабходна абараніць сваю краіну і свой народ".
Словы ўдзячнасці Прэзідэнт адрасаваў таксама супрацоўнікам органаў унутраных спраў, пракурорскім работнікам і суддзям: "Ад вас залежыць выкананне законнасці і правапарадку. Без гэтага жалезабетоннага фундаменту ніякага суверэнітэту быць не можа".
Асабліва адзначыў Кіраўнік дзяржавы і кіраўнікоў двух сельгаспрадпрыемстваў Гродзенскага раёна - Сяргея Крамко і Васіля Густыра. Паводле яго слоў, яны з году ў год даказваюць, што яны ў ліку лепшых у краіне. "Я ўжо нагадваў, у цяперашніх рэаліях збожжа - гэта новае золата або нафта. Попыт на прадукты харчавання ў свеце сёння каласальны. Я перакананы, нашы аграрыі не падвядуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Атлетам і трэнерам, якія прысутнічалі на цырымоніі, Прэзідэнт падзякаваў не толькі за іх спартыўныя дасягненні, але і за грамадзянскую пазіцыю. А маладых атлетаў Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што пара паказваць ужо вынікі і браць прыклад са старэйшых калег.
"Выдатна, што прафесіяналы з цвёрдымі маральнымі прынцыпамі таксама працуюць у будаўніцтве, медыцыне, адукацыі, мастацтве. Дзякуй музыкантам, якіх натхняе Беларусь і яе цудоўныя людзі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Усе мы розныя. Але толькі разам, толькі плячо ў плячо нам па сілах напісаць новыя яркія старонкі сучаснай гісторыі нашай беззапаветна любімай краіны", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн "За службу Радзіме" ІІ ступені намесніку Генеральнага пракурора Максіму Вароніну, ордэн "За службу Радзіме" ІІІ ступені - начальніку арганізацыйна-кантрольнага ўпраўлення Генпракуратуры Андрэю Клінчуку, начальніку 18-га пагранічнага атрада Аляксандру Давідзюку, начальніку інжынерных войскаў Узброеных Сіл - начальніку ўпраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Андрэю Куракову, начальніку аўтамабільнага ўпраўлення Міністэрства абароны Сяргею Томчыку, старшыні Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Анатолю Ханеўскаму.
Ордэна Айчыны ІІІ ступені ўдастоены старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Свіслач" Васіль Густыр і старшыня вытворчага кааператыва імя У.І.Крамко Сяргей Крамко.
Намеснік Генеральнага пракурора Аляксей Стук, першы намеснік пракурора Брэсцкай вобласці Сяргей Туравец і суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі ўзнагароджаны ордэнам Пашаны.
Прэзідэнт таксама ўручыў нагрудныя знакі вялікай групе прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, удастоеных ганаровых званняў. У іх ліку - Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо, які ўдастоены звання "Заслужаны пагранічнік Рэспублікі Беларусь".