Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 18
  • 22:11

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Урачыстая цырымонія адбылася 14 верасня ў Палацы Незалежнасці. Яна праходзіла ў знакавы дзень - напярэдадні першага ў гісторыі краіны святкавання Дня народнага адзінства.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сімвалізм новага свята. "Падзеі 17 верасня далёкага 1939 года сталі важнай вяхой у гісторыі фарміравання беларускай нацыі. У нас шмат свят, мы іх цэнім. Ёсць свята Дня Перамогі, духоўныя нашы святы - Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова і гэтак далей. Але толькі ўдумайцеся: калі б не было 17 верасня (1939 года. - Заўвага), не было б нашай краіны. На карце тады быў толькі кавалачак ад цэнтра цяперашняй Беларусі да Мазыра. Шматок - вось што ўяўляла тады наша рэспубліка. І тады, у верасні 1939 года, усё змянілася, і мы здабылі нашу рэспубліку ў тых межах, якія свята захоўваем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што напярэдадні гэтай лёсавызначальнай гістарычнай даты, дня ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, закладваецца новая традыцыя - ушаноўваць заслужаных беларусаў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ў Палацы Незалежнасці сабраліся таленавітыя і працавітыя людзі, сапраўдныя патрыёты, смелыя і надзейныя, адданыя сваёй справе і дзяржаве, аб'яднаныя адной мэтай - захаваць краіну для будучых пакаленняў.

Паводле яго слоў, усіх прысутных аб'ядноўвае патрыятызм і любоў да радзімы. "Мы не здрадзілі, мы не пахіснуліся. Гэта дарагога варта для кожнага з вас. Калі нехта за гэты год, мінулы, пасля ўчарашніх падзей, гэтага не зразумеў, то ў бліжэйшы час зразумее. Не паддавайцеся ніякім атакам. Асабліва ў гэтых саплівых мэсэнджарах, Telegram-каналах і іншае. Гэта як пена схлыне. Застанецца тое, чым вы павінны ганарыцца заўсёды і чаго павінны прытрымлівацца вашы дзеці", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Беларусы, якія пабудавалі суверэнную дзяржаву ўпершыню ў гісторыі сваёй зямлі, прайшлі праз эпахальнае выпрабаванне на трываласць нацыянальнага адзінства. Прайшлі дастойна. Усе вы - надзейныя, шчырыя людзі. Усе вы - тыя, хто выстаяў у той складаны час. Вы - тыя, хто праявіў свае дасягненні і сваю салідарнасць у працы. Не спалохала нас пандэмія. Не спынілі нас гібрыдныя атакі на нашу дзяржаўнасць, якія прадаўжаюцца да гэтага часу. Але, я думаю, у гэтыя дні вы ўбачылі, што ў нас ёсць чым адказаць. І ёсць на каго абаперціся", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"На нас з вамі ляжыць найвялікшая адказнасць. Так, мы перамаглі бліцкрыг, мы процістаім гібрыдным атакам. І паспяхова. Але цяпер трэба аб'яднаць не толькі здаровую частку (іх пераважная большасць), але і тых, хто захістаўся пад грузам учарашніх атак", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на асобе Уладзіміра Іванавіча Слабодчыкава, які ўдастоены звання народнага мастака Беларусі. Гэты вялікі майстар выхаваў плеяду вучняў, якія сталі вядомымі мастакамі і лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў скульптуры. "Надзвычайны чалавек, праз творчасць якога чырвонай ніткай праходзіць любоў да сваёй Радзімы, гонар за дасягненні мінулага і сучаснага, памяць аб трагічных і гераічных старонках нашай гісторыі, захапленне подзвігамі і гераізмам суайчыннікаў. Рэаліст. Гэта і ёсць патрыятызм. Гэта і ёсць прыклад той самай барацьбы за захаванне нашых нацыянальных каштоўнасцей, якімі ўсе мы, беларусы, сёння асабліва даражым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Ведаеце, шмат таленавітых і вялікіх. Але я цаню веліч у тых людзях, якія параджаюць падобных да сябе - такіх жа таленавітых. Вырас, стаў вялікім - зрабі яшчэ дзясятак такіх і ты будзеш праслаўлены ў вяках", - адзначыў Прэзідэнт.

Загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Слабодчыкаў падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за высокую ацэнку яго дзейнасці і адзначыў, што калі творчыя людзі ўкладваюць душу ў свае работы, то іх абавязкова заўважаць і ацэняць па заслугах. "Калі выконваеш работу шчыра, ад душы, усе яе разумеюць. Скульптура - гэта мастацтва без слоў. Калі там ёсць душа, яна туды ўкладзена - яна ўсім зразумела, усім народам і любым слаям насельніцтва", - сказаў Уладзімір Слабодчыкаў. Ён ужо больш за 40 гадоў працуе ў БДАМ і падрыхтаваў больш за 100 выпускнікоў. За гэтыя гады сцвердзіўся ў думцы, што мастак чэрпае натхненне ў роднай зямлі, у культуры свайго народа: "Мы не можам без народнай творчасці. Гэта глеба нас жывіць".

Прэзідэнт павіншаваў увесь беларускі народ з надыходзячым вялікім святам - Днём народнага адзінства, пажадаўшы моцнага здароўя, творчага натхнення і новых дасягненняў на карысць роднай Беларусі. "Як гаварылі нашы мудрыя продкі, зямля народам моцная. І Беларусь не раз пацвярджала гэту мудрасць у сваёй гісторыі. Каб пакінуць будучым пакаленням памяць аб сваім гістарычным вопыце, мы ўвасабляем яе ў дзяржаўных святах. У такіх, якія нагадваюць аб вялікай каштоўнасці міру на роднай зямлі, незалежнасці краіны і з'яднанасці нашай нацыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Айчыны І ступені Віктару Шэйману, Кіраўніку спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (з 2013 па чэрвень 2021 года), ордэн "За службу Радзіме" III ступені - начальніку 19-й пагранічнай групы пагранслужбы Уладзіславу Бруеву і начальніку 20-га пагранічнага атрада пагранслужбы Андрэю Волкаву.

Ордэна Пашаны ўдастоены Намеснік Міністра фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч, дырэктар трэцяга рудаўпраўлення ААТ "Беларуськалій" Аляксандр Гарбачоў, трактарысты-машыністы СВК "Нягневічы", ААТ "Прынёманскі" і ААТ "Шчорсы" Навагрудскага раёна Леанід Дарашкевіч, Ігар Каранеўскі і Барыс Лобач. Гэта ж узнагарода ўручана начальніку інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Савецкім раёне горада Гомеля Наталлі Ткачовай, генеральнаму дырэктару РУП "Кіруючая кампанія холдынга "Аграпрамысловы холдынг Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" Віктару Шайбаку. Ордэнам Францыска Скарыны адзначаны старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд міру" Цімафей Глушакоў.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дыпломы аб прысваенні ганаровых званняў вялікай групе прадстаўнікоў розных сфер. Звання заслужанага артыста ўдастоены эстрадны спявак Руслан Аляхно, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Вольга Няфёдава і артыст-вакаліст (саліст) - вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Таццяна Трэццяк. І кожны з іх выказаў жаданне выступіць са словам у адказ, хоць першапачаткова гэта не было прадугледжана ў сцэнарыі мерапрыемства.

Як прызнаўся Руслан Аляхно, для яго атрыманне ганаровага звання - гэта вельмі вялікая ўзнагарода і важная падзея. "Гэта заслуга маёй сям'і, прызнанне беларускага народа, маіх паклоннікаў і асабіста Ваша, Аляксандр Рыгоравіч. Я глыбока ўсведамляю, веру і зраблю ўсё, каб беларускі глядач палюбіў і паверыў у сваіх артыстаў, а галоўнае - ішоў на іх канцэрты, - сказаў артыст. - Званне - вялікая адказнасць, новы этап, які дае магчымасць кожнаму артысту стаць лепшым і мацнейшым. Яшчэ раз выказваю ўдзячнасць краіне, народу і асабіста Вам, Аляксандр Рыгоравіч".

"Для артыстаў, журналістаў, іншых творчых прафесій, мастакоў, скульптараў год быў няпросты, - заявіў Прэзідэнт у адказ на словы артыста. - Яны былі на вачах, а тыя, хто не быў на вачах, сталі бачнымі дзякуючы таму, што цэлы шквал атак абрушыўся на іх. Вытрымалі. Такіх, як Руслан, на жаль, няшмат. Я мог бы вам цяпер назваць некалькі прозвішчаў, не толькі нашых, але перш за ўсё расійскіх вялікіх, якія тапталіся тут, у Беларусі, прасілі дапамагчы з заламі, канцэртамі, гледачамі, узнагароды атрымлівалі і, баязліва падціснуўшы хвост (у лепшым выпадку), збеглі, скрыліся. Гэта не артысты. Гэта не творчыя работнікі. Гэта нават не баязліўцы. Гэта здраднікі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу ён прывёў такіх людзей, як Руслан Аляхно: "А вось яго вы бачылі і да падзей, і ў час, і пасля. Мала таго, што ён таленавіты чалавек, ён застаўся чалавекам-патрыётам. Гэта трэба цаніць. Я гэта вельмі цаню. Ацэняць гэта і людзі. Проста трэба час".

Вольга Няфёдава пачала выступленне са слоў удзячнасці Прэзідэнту, народу, ваенным, медыкам - усім тым, хто адстаяў краіну. Яна адзначыла, што сённяшні дзень з'яўляецца значнай датай у гісторыі тэатра Янкі Купалы. 14 верасня 1920 года ў яго будынку быў урачыста адкрыты Беларускі дзяржаўны тэатр. Звяртаючыся да Прэзідэнта, артыстка падкрэсліла: "Я ўдзячна вам асабіста за тое, што вы яго зрабілі ў 2013 годзе, за тое, што вы падарылі і нам, акцёрам, і ўсяму народу дастойны, цудоўны будынак, у якім мы будзем, нягледзячы ні на што, праслаўляць нашу краіну. Дзякуй".

Таццяна Трэццяк расказала, што для яе вялікі гонар і адказнасць служыць у Вялікім тэатры. "Дзе б я ні выступала - на вялікіх, маленькіх пляцоўках, у нашай краіне, у малых гарадах, вялікіх, за мяжой, у вялікіх канцэртных залах, з замежнымі дырыжорамі, спевакамі, выканаўцамі - я заўсёды разумела, што прадстаўляю сваю родную краіну, сваю Беларусь, што менавіта ў гэты момант, як бы высакамоўна гэта ні гучала, я твар Беларусі, за мной - краіна, мой родны тэатр. Я разумела гэту адказнасць", - сказала яна.

Артыстка таксама ўзгадала прамову Аляксандра Лукашэнкі ў час урачыстага канцэрта 3 ліпеня. "Вы абсалютна дакладна сказалі, што справа артыста - займацца творчасцю. Бог нам дараваў талент, мы прысвяцілі яго агранцы шмат гадоў. І мы павінны несці гэты дар, гэта святло людзям, тым, хто прыходзіць у нашы залы. Мы павінны даваць магчымасць атрымаць асалоду ад нашай творчасці. Большасць маіх калег і тых, хто знаходзіцца ў гэтай зале, мы ўсе падтрымліваем вашы словы і падпісваемся пад імі", - падкрэсліла яна.

Прэзідэнт на гэта заўважыў, што для артыстаў важна не столькі якасць выканання, колькі тое, што яны ўкладваюць душу ў сваю творчасць, падтрымліваюць духоўную сувязь са сваім народам. "Артысты - гэта не толькі голас. Гэта яшчэ і душа. Ёсць многія, хто мае галасы, але ў іх няма душы, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы жывіцеся тым, што ёсць у народзе, ад зямлі. Калі гэтага няма, калі творчы чалавек, спартсмен некуды збег - ніколі ён не будзе ні артыстам, ні спартсменам. Можна толькі шкадаваць".

"Вам многае дадзена. Людзі плачуць, калі вы спяваеце, выконваеце ролю, проста гаворыце. Людзі могуць стаць на калені, схіліцца перад вамі. Яны з захапленнем глядзяць на многіх з вас. І вы гэта павінны цаніць", - упэўнены беларускі лідар.

У гэтым сэнсе можна правесці аналогіі паміж служэннем народу творчых людзей і дзяржаўных дзеячаў, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Мы залежныя цалкам ад гэтых людзей, і мы павінны адчуваць адказнасць перад гэтымі людзьмі, калі мы сапраўдныя. Калі прэзідэнты, чыноўнікі не прыйшлі, каб кішэнь напакаваць і кудысьці з'ехаць, яны будуць рабіць гэтак жа. Калі артысты сапраўдныя, яны застануцца сапраўднымі, будуць помніць, што гэта зямля - гэта народ, без гэтага - ні іх, ні нас няма, калі мы сапраўдныя", - заявіў Прэзідэнт.

Заслужанымі дзеячамі навукі сталі дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лакотка, прафесар кафедры фізікі і агульнаінжынерных дысцыплін Ваеннай акадэміі Валерый Лойка, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксандр Цыганоў.

Як адзначыў Валерый Лойка, у Палацы Незалежнасці сабраліся аднадумцы. І гэта не тыя, хто думае аднолькава, а тыя, хто думае аб адным і тым жа: як зрабіць Беларусь працвітаючай. "Тыя, хто адзначаны ўзнагародамі, павінны рабіць новыя крокі наперад, быць больш моцнымі і быць прыкладам для ўсіх, з кім працуе, каб свае веды распаўсюджваць на ўсіх, - сказаў ён. - Трэба працаваць. Думаю, мы ўсе будзем працаваць больш плённа, каб наша краіна працвітала".

Ганаровымі званнямі адзначаны работнікі сферы адукацыі. Дыплом "Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь" Прэзідэнт уручыў настаўніку рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 горада Круглае Алегу Галаўкову, "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь" - рэктару Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандру Жуку, дырэктару Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі Міхаілу Куішу, прарэктару па вучэбнай рабоце Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Наталлі Канявалавай.

Члену Беларускага саюза мастакоў Васілю Касцючэнку і мастацкаму кіраўніку заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля песні і танца "Медуніца" Валянціне Кандрацьевай прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў.

Звання заслужанага ўрача ўдастоены прадстаўнікі сферы аховы здароўя: намеснік галоўнага ўрача (па паліятыўнай дапамозе) Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера і намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай дапамозе Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Антон Лысоў і Ігар Савосценка, урач-хірург - загадчык аперацыйнага блока хірургічнага аддзялення дзяржаўнай установы "1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь" Сяргей Дзедуноў, урач-отарыналарынголаг (загадчык) отарыналарынгалагічнага аддзялення Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Алена Каржаневіч.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў дыпломы аб прысваенні звання заслужанага работніка сельскай гаспадаркі кіраўніку фермерскай гаспадаркі ў Дрыбінскім раёне Уладзіміру Рынгу, заслужанага трэнера - трэнеру-выкладчыку па мастацкай гімнастыцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы Марыі Лобач.

Сярод узнагароджаных дзяржаўнымі ўзнагародамі - і прадстаўнікі сілавых структур. Некаторыя з іх удастоены медаля "За адвагу", аднак з-за спецыфікі іх дзейнасці прозвішчы і твары гэтых людзей пакуль нельга раскрываць для шырокай грамадскасці. "Гэта героі нашага часу. Пра іх, вядома, не скажуць. Яны, на жаль, як людзі пакуль закрытыя ад грамадства, але яны праводзяць вельмі сур'ёзныя ваенныя і вострыя аперацыі, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Гэта медаль - гэта рэдкасць. І гэта сапраўды хлопцы, якія цяпер з рызыкай для жыцця, абараняючы нас, праводзяць цяжкія, вострыя аперацыі. Дзякуй вам вялікі! Вы - сапраўдныя".