Зацверджана абноўленая Канцэпцыя дзяржаўнай кадравай палітыкі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў абноўленую Канцэпцыю дзяржаўнай кадравай палітыкі. Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведны Указ № 1.
У абноўленай Канцэпцыі забяспечана пераемнасць адносна раней прынятых дакументаў, улічаны практыка работы з кадрамі, агульнасусветныя тэндэнцыі развіцця працоўных адносін, сучасныя рызыкі і пагрозы кадравай бяспецы краіны.
Канцэпцыя ўстанаўлівае адзіныя падыходы да фарміравання і рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі, якая разумеецца як "дзейнасць дзяржавы па стварэнні цэласнай сістэмы фарміравання і эфектыўнага выкарыстання працоўных рэсурсаў, развіцця кадравага патэнцыялу галін эканомікі і сфер дзейнасці, арыентаванага на вырашэнне актуальных і перспектыўных эканамічных, сацыяльных і палітычных задач, а таксама па забеспячэнні кадравай бяспекі".
Вызначаны мэты дзяржаўнай кадравай палітыкі, яе задачы і прынцыпы, а таксама асноўныя паняцці, у тым ліку новае - "кадравая бяспека - стан абароненасці дзяржавы, галін эканомікі і сфер дзейнасці, рэгіёнаў і арганізацый ад унутраных і знешніх рызык, выклікаў і пагроз, звязаных з кадрамі і іх патэнцыялам".
Дзяржаўная кадравая палітыка грунтуецца на прынцыпах законнасці, забеспячэнні рэалізацыі правоў і свабод чалавека, захаванні балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай адказнасці, патрыятызму, грамадзянскасці і іншых.
У дакуменце раскрыты функцыі і роля ў вырашэнні задач дзяржаўнай кадравай палітыкі ўсіх яе суб'ектаў ад Прэзідэнта і Усебеларускага народнага сходу да арганізацый усіх форм уласнасці.
У канцэпцыі таксама вызначаны прыярытэтныя напрамкі кадравай палітыкі. Сярод агульных напрамкаў: процідзеянне пагрозам кадравай бяспекі, удасканаленне механізмаў прагназавання кадравай патрэбнасці, стымуляванне кадраў да павышэння прадукцыйнасці працы і ўзроўню кваліфікацыі, а таксама ўпарадкаванне працэсаў працоўнай міграцыі.
Прыярытэтамі на макраэканамічным узроўні з'яўляюцца забеспячэнне падрыхтоўкі запатрабаваных спецыялістаў, эфектыўнае выкарыстанне кадраў і стварэнне ўмоў для поўнай занятасці, на рэгіянальным - фарміраванне спрыяльнага асяроддзя і ўмоў для замацавання кадраў на месцах.
На дзяржаўнай службе неабходна забяспечыць стабільнасць дзяржаўнага апарату, кіруемасць кадравым складам, дзейснасць сістэмы падбору і расстаноўкі кадраў.
Для дасягнення прыярытэтных напрамкаў кадравай палітыкі прадугледжаны канкрэтныя механізмы, у тым ліку:
- выбудоўванне кіраўнікамі ўсіх узроўняў сістэмнай работы з кадрамі і значнае павышэнне іх персанальнай адказнасці за належнае кадравае забеспячэнне;
- забеспячэнне ўзгодненасці дзеянняў усіх суб'ектаў па развіцці кадравага патэнцыялу на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўнях (ад вызначэння агульнай патрэбнасці эканомікі ў кадрах да распрацоўкі і рэалізацыі рэгіянальных і галіновых кадравых праграм з выхадам на мікраўзровень стратэгічнага бачання кадравай палітыкі арганізацый і прадпрыемстваў);
- удасканаленне маладзёжнай кадравай палітыкі (падрыхтоўка да свядомага выбару будучай прафесіі, духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, стварэнне дадатковых умоў і стымулаў для замацавання на працоўных месцах маладых кадраў);
- развіццё сістэмы падрыхтоўкі кадраў, рэгулявання працэсаў працоўнай міграцыі, а таксама лічбавізацыя кадравай работы.
Эфектыўнасць рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі ацэньваецца з улікам дасягнення паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пры гэтым улічваюцца сітуацыя на рынку працы, ступень дысбалансу ў попыце і прапанове кадраў, сістэмнасць работы кіраўнікоў з кадрамі, грамадзянская пазіцыя работнікаў і іншыя паказчыкі.
Канцэпцыя дасць магчымасць надаць дзейнасці па фармаванні кадравага патэнцыялу Беларусі больш сістэмны і скаардынаваны характар. Дакумент прызначаны стаць метадычным арыенцірам для кадравых службаў і кожнага кіраўніка, на якога ўскладваецца персанальная адказнасць за кадравую работу.