Удзел у галасаванні на выбарчым участку № 1 Цэнтральнага раёна г.Мінска
- 3
- 1:41
Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у галасаванні на выбарчым участку № 1 Цэнтральнага раёна горада Мінска. Гэту падзею асвятлялі каля 80 прадстаўнікоў айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку з Расіі, Японіі, Германіі, Францыі.
На выбарчым участку № 1 Цэнтральнага раёна сталіцы прысутнічалі каля 20 наглядальнікаў, уключаючы міжнародных.
Прагаласаваўшы, Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй работы на ўчастку, паразмаўляў з выбаршчыкамі.
Выбарчы ўчастак № 1 размешчаны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры. Кіраўніцтва ВНУ запрасіла Аляксандра Лукашэнку наведаць музей гісторыі і мастацкую галерэю навучальнай установы. Прэзідэнт азнаёміўся з экспазіцыяй, у якой прадстаўлена гісторыя беларускага алімпійскага руху, фатаграфіі прадстаўнікоў спартыўнай эліты, якія праславілі нашу краіну перамогамі на міжнародных спаборніцтвах. Адзін са стэндаў прысвечаны ўдзелу спартсменаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў мастацкую галерэю універсітэта "Імкненне да прыгажосці", паслухаў на выбарчым участку выступленне юных артыстаў музычнай СШ № 10.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што толькі беларускі народ будзе вызначаць, хто стане Прэзідэнтам Беларусі.
"Выбары ў Беларусі мы праводзім для сябе. Народу Беларусі вызначаць, хто будзе Прэзідэнтам. Упэўнены, што па выніках мы ўбачым: у нашай дзяржаве гаспадар - беларускі народ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Галоўнае, паводле яго слоў, каб выбары прайшлі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.
Каменціруючы асобныя заявы аб тым, што ў Беларусі не былі створаны роўныя ўмовы для ўдзельнікаў выбарчай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Хацелася б ад іх пачуць факты. Калі на стол пакладуць канкрэтныя факты, на іх падставе і будзем весці размову. А абвінавачанні я чую больш як 10 гадоў. Мы ўжо да гэтага прывыклі".
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ніякага расколу ў беларускім грамадстве не будзе. "Нас гэтым расколам палохаюць больш як 10 гадоў. Аднак у нас адзінае грамадства", - заявіў Кіраўнік дзяржавы ў гутарцы з прадстаўнікамі айчынных і замежных СМІ на выбарчым участку № 1 Цэнтральнага раёна Мінска.
Адказваючы на пытанне, ці не плануе Аляксандр Лукашэнка ў выпадку сваёй перамогі на выбарах увесці ва Урад прадстаўнікоў ад апазіцыі, беларускі лідар падкрэсліў: "Яны амаль усе ўжо былі ва Урадзе Лукашэнкі. Амаль усе лідары ад апазіцыі, якія сёння выступаюць, пайшлі з майго Урада толькі таму, што атрымалі невялікія "партфелі" - ім хацелася б больш".
Дыктатары ў цэнтры Еўропы - гэта немагчыма, толькі неразумныя людзі могуць рабіць такія вывады. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў адносна абвінавачанняў у адрас беларускіх улад у быццам бы дыктатарскім рэжыме.
"Я нічога не хачу адказваць на такія абвінавачанні. Калі некаму зручна мяне лічыць дыктатарам - калі ласка", - сказаў беларускі лідэр.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што на прэзідэнцкія выбары ў Беларусі практычна ўсім жадаючым былі адчынены дзверы. Выключэннем сталі некалькі грамадзян іншых краін, у тым ліку Грузіі, мэта прыезду якіх заключалася ў дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэспубліцы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, толькі за апошнія два дні ў Беларусь прыехалі каля 170 міжнародных наглядальнікаў.
"Мяне пераконвалі, што журналісты і наглядальнікі прыедуць з зададзенымі мэтамі і ў іх ужо ўсё напісана. Усялякае бывае, але для мяне важна не столькі тое, што яны скажуць, а тое, што яны паглядзяць на краіну, яе Прэзідэнта і зробяць вывады - дыктатар я або не", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанне аб тым, што ў Беларусь не былі запрошаны наглядальнікі ад Еўрапарламента, Прэзідэнт адзначыў: "Беларусь не прадстаўлена ў Еўрапарламенце, таму няма і наглядальнікаў ад гэтай арганізацыі. Яны не хочуць нас бачыць там, лагічна, што і мы не хочам іх бачыць тут". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што толькі цяпер з пытанняў журналістаў даведаўся, што сярод міжнародных наглядальнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі няма прадстаўнікоў Еўрапарламента. "Калі б мне своечасова далажылі, я, напэўна, згадзіўся б, каб яны сюды прыехалі. Гэта не праблема - няхай пасля выбараў прыязджаюць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
