Удзел у Рэспубліканскім педагагічным савеце
- 30
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 жніўня прыняў удзел у Рэспубліканскім педагагічным савеце, які прайшоў у Мінску.
Форум сабраў у Мінску амаль тысячу педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і галіновага прафсаюза. У цэнтры ўвагі - стратэгічныя пытанні развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі да 2030 года.
Перад пленарным пасяджэннем Рэспубліканскага педсавета Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі распрацаваны ў Беларусі Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, які зроблены для школьнікаў як дапаўненне да адукацыйнага працэсу. Ён распрацаваны ў адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі па вучэбных прадметах па кожнай тэме. Вучні ў тым ліку могуць праслухаць відэафрагменты з растлумачэннем вучэбнага матэрыялу і пасля гэтага праверыць сябе, прайшоўшы спецыяльныя тэставыя заданні. У кожнай тэме размешчаны дадатковыя матэрыялы, якія не з'яўляюцца абавязковымі, але садзейнічаюць паглыбленню ведаў. Гэты рэсурс распрацаваны лепшымі настаўнікамі Беларусі, а таму фактычна можа выступаць і ў якасці метадычнага рэсурсу для маладых педагогаў.
Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку распрацоўцы. "Справа добрая, вядома", - сказаў Прэзідэнт.
Як далажыў Міністр адукацыі Ігар Карпенка, яшчэ трэба будзе зрабіць беларускамоўную версію рэсурсу. Гэту работу пачалі ўжо. Некаторыя матэрыялы будуць яшчэ дапаўняцца і абнаўляцца, у тым ліку ў залежнасці ад магчымых змяненняў у адукацыйных методыках і праграмах.
Аляксандру Лукашэнку таксама расказалі аб рэалізацыі праекта "Гонар за Беларусь", у якім адлюстраваны дасягненні краіны за гады суверэнітэту.
Акрамя таго, у бягучым годзе завяршаецца абнаўленне зместу агульнай і сярэдняй адукацыі. З 1 верасня па новых вучэбных праграмах і вучэбных дапаможніках будуць вучыцца школьнікі ўжо 11-га класа. У якасці прыкладу Прэзідэнту прадэманстравалі новы падручнік па геаграфіі. У вучэбным дапаможніку выкарыстаны розныя наглядныя матэрыялы, якія даюць магчымасць лёгка і даступна засвоіць матэрыял. Ёсць магчымасць азнаёміцца і з дадатковай інфармацыяй. Распрацоўшчыкі ўдзялілі значную ўвагу рубрыцы "Свет і Беларусь". Яе пытанні і заданні дазваляюць 11-класнікам прааналізаваць працэсы і з'явы, якія адбываюцца ў краіне ў працэсе глабалізацыі. Напрыклад, у частцы ўплыву глабальнага пацяплення.
На пленарным пасяджэнні педагагічнага форуму з дакладамі выступілі Міністр адукацыі, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, устаноў сярэдняй, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні расставіў акцэнты ў найбольш важных пытаннях развіцця адукацыйнай сферы Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што час ставіць перад сістэмай адукацыі беспрэцэдэнтны па сваёй сур'ёзнасці выклік. Ён адзначыў, што з апошняга такога мерапрыемства мінула чатыры гады, прычым апошнія два з іх былі няпростымі і для краіны, і для сістэмы адукацыі. "Вельмі важна, што вы прыехалі з усіх куткоў Беларусі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Шмат было выпрабаванняў. Гэта і пандэмія, якая стварыла стрэсавыя ўмовы і прымусіла на хаду перабудоўваць навучальны працэс. Гэта і палітычныя падзеі, якія закранулі работнікаў сістэмы адукацыі не менш, чым сілавікоў і дзяржаўных служачых. І сёння я дзякую тым, хто не пахіснуўся, і ў вашай асобе нашай педагагічнай супольнасці за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і грамадзянскую пазіцыю, ад якой залежала шмат", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, педагогі чарговы раз пацвердзілі, што адукацыя - гэта не сфера паслуг, не бізнес, а аплот нашай дзяржаўнасці, сацыяльна значная галіна эканомікі.
"Вы зрабілі ўсё, каб нашы дзеткі вучыліся, калі мы нічога не ведалі пра вірус і было страшна выходзіць на работу. Ведаю, якія пагрозы сыпаліся ў ваш адрас, калі пачаліся бунты і бліцкрыг, асабліва ў Мінску. Ва ўмовах цкавання вы мужна праводзілі сваю работу: вучылі, выхоўвалі, цярпліва размаўлялі з агрэсіўна настроенымі бацькамі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што шмат у чым дзякуючы работнікам сістэмы адукацыі ўдалося ўтрымаць падлеткаў ад проціпраўных дзеянняў, няхай і не ўсіх. "Вы ледзь не за руку іх лавілі. Гэтыя дзеці, іх бацькі сёння павінны зрабіць вывады і па-новаму паглядзець на місію настаўніка, яго ролю ў лёсе народа і нашай краіны", - перакананы Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падзеі, якія здарыліся, прадвызначылі глабальнасць тых пытанняў, якія мы вынеслі на гэты педсавет. "Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі. Сёння гэта пытанне дзяржаўнай важнасці", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб старажытнай мудрасці: пасля хлеба самае важнае для народа - гэта школа. "Не прымяншаючы ролю сям'і, мы ўсё з вамі добра разумеем, што менавіта выхавальнік і настаўнік стаяць ля вытокаў фарміравання народа як адзінай нацыі. Навука гэта называе нацыянальнай ідэнтычнасцю. Па-простаму гэта патрыятызм", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў гэтым паняцці шмат сэнсаў: любоў да Радзімы, павага да дасягненняў мінулага, прыхільнасць да традыцый, шанаванне старэйшых пакаленняў і гонар за поспехі сучаснікаў, імкненне ўнесці свой уклад у гісторыю краіны.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што апошнія падзеі ў Беларусі прымусілі звярнуць увагу на адну з галоўных функцый адукацыйнага працэсу - выхаваўчую. У той жа час Кіраўнік дзяржавы адзначыў: сур'ёзных, катастрафічных праблем у гэтай сферы няма. "Усе гэтыя размовы, што мы ўпусцілі моладзь, - Міністр настойвае, што гэта абсалютная дэмагогія. Я так не скажу, але блізка да гэтага. Моладзь ва ўсе часы аднолькавая - бунтарская, часам радыкальная, але ў большасці - канструктыўная. Усё гэта моладзь", - сказаў беларускі лідар.
Разам з тым, паводле слоў Прэзідэнта, аб'ектыўна мінулы год паказаў, што ёсць перадумовы, якія могуць прывесці да непапраўных наступстваў. "Чым менш застаецца тых, хто быў выхаваны на каштоўнасцях савецкага часу, тым вастрэй мы гэта адчуваем, - перакананы ён. - У нечым мы расплачваемся за рэформы 90-х. У многіх працэсах не апошнюю ролю адыгралі знешнія сілы. Успомніце праграмы Сораса. Мы своечасова згарнулі іх тут, але след застаўся. Свой уклад уносіць і лічбавізацыя - дзеці пайшлі з галавой у інтэрнэт, а там, самі ведаеце, хто і як іх выхоўвае".
"Але цяпер не аб гэтым. Няма мэты шукаць вінаватых. У нас з вамі глабальная задача: знайсці і запоўніць прабелы ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе. Шчыра кажучы, дзе мы недапрацавалі. Закасаць рукавы і зрабіць усё, каб нам не страшна было перадаваць краіну тым, хто заўтра выйдзе за парог школы, тэхнікума або ВНУ", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што школа не можа быць па-за палітыкай, але палітыка там можа быць толькі дзяржаўная. "Пытанне, якое сёння, як кажуць, вісіць у паветры: ці павінна школа ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Наогул палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна - дзяржаўная. Сцяг і гімн - дзяржаўныя. І давайце спынім размовы на гэту тэму", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што такую ж дзяржаўную палітыку праводзяць ва ўсіх краінах, якія паважаюць сябе, - ад ЗША да Кітая, уключаючы Расію. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што прафесіяналы гэта разумеюць.
"Як разумеюць і тое, што грамадзянская і жыццёвая пазіцыя педагога, яго ўдзел у грамадскім або палітычным жыцці краіны - гэта прыклад, на якім выхоўваюцца не толькі вучні, але і настаўнікі. Школа выхоўвае не толькі вучняў, але, што значна складаней, перавыхоўвае вельмі многіх бацькоў. Бо мы з вамі цудоўна ведаем, што любыя фундаментальныя веды павінны пацвярджацца прыкладамі з жыцця. У размове з дзецьмі не пазбегнуць аналізу падзей мінулага і сучаснага, іх ацэнкі з пазіцыі інтарэсаў дзяржавы, у якой жывём. Што гэта, калі не палітыка? - запытаў беларускі лідар. - Гэта нават аснова, фундамент любой палітыкі. Але ён закладваецца намі ў школе".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. На яго думку, у гэтым пытанні не мае значэння, які прадмет выкладае настаўнік. "Можна і задачу па хіміі сфармуляваць так, што дзіця будзе ганарыцца сваёй краінай. І наадварот, - перакананы ён. - Чаму так стаўлю пытанне? Таму што частка нашай моладзі, атрымаўшы адукацыю тут, імкнецца паехаць за мяжу. Не ўсе, але тэндэнцыя насцярожвае. Бо тыя, хто выязджае, адрываюцца - гэта самае страшнае - ад сваіх каранёў. Добра, калі едуць за новым вопытам, ведамі, каб прымяніць іх на Радзіме. І тое трэба ўважлівей паглядзець, хто і чаму іх там вучыць".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што часта ў суседніх краінах беларускім студэнтам укладаюць у галаву не столькі новыя веды, а іншую ідэалогію, робяць з іх ідэйных праціўнікаў беларускай дзяржавы. Гэта пацвердзілі падзеі пачатку пандэміі. З Польшчы пасля ўвядзення каранціну была выдварана беларуская навучэнская моладзь. У роднай жа краіне, якая без праблем прыняла іх дадому, яны вырашылі выступіць за разбурэнне дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, з аднаго боку, беларускія педагогі выпускаюць са школ перспектыўных студэнтаў і рыхтуюць высакакласных спецыялістаў, якія цэняцца за мяжой. Гэту работу ён ацаніў на "дзясятку". З іншага - ёсць прабелы ў выхаваўчай функцыі ўстаноў адукацыі. "Якую ацэнку мы з вамі павінны паставіць сабе за патрыятычнае выхаванне дзяцей? Напэўна, да 10 мы з вамі не дацягваем. Аб гэтым гавораць факты. Усе нашы "касякі", негатыўныя падзеі мінулага года - гэта нашы школьныя "касякі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У час выступлення Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб спрэчках на тэму размеркавання адказнасці ў выхаванні дзяцей. Ён адзначыў, што, калі чалавек выбірае прафесію настаўніка, ён, як гаварыў вядомы савецкі педагог Васіль Сухамлінскі, павінен аддаць дзецям сваё сэрца.
"Калі вы ўжо набылі гэта імя - настаўнік, аддавайце сваё сэрца. Сапраўдны настаўнік ніколі не будзе раздзяляць адказнасць за дзіця паміж школай і сям'ёй. Ён і бацькоў уключыць у працэс, зробіць іх саюзнікамі на перыяд усяго навучання, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - А тое, што адбываецца сёння, нікуды не варта. Некаторыя бацькі раптам вырашылі, што могуць глядзець на навучальны працэс і на выхаванне дзіцяці збоку. Не крыўдуйце, але сярод настаўнікаў ёсць такія, хто зводзіць урок да механічнай адпрацоўкі тэмы, перакладваючы ўсё астатняе на бацькоў".
"Я скажу так: ад Прэзідэнта краіны да нянечкі ў дзіцячым садзе - мы ўсе: грамадства, школа, бацькі - адказваем за маральнае і духоўнае развіццё дзяцей. Іншых варыянтаў няма і быць не можа", - заявіў беларускі лідар.
У Беларусі пачынаюць развіваць праект "Бацькоўскія ўніверсітэты". Гэта вядомая форма работы з бацькамі. "Ну а хто ім дапаможа ў пытаннях выхавання дзіцяці, калі не настаўнікі з прафесійнымі ведамі педагогікі, псіхалогіі, дыдактыкі? Такую практыку трэба распаўсюдзіць на ўсю сістэму. І бацькі, якія прывыклі стаяць ля парога настаўніцкай і высвятляць адносіны з настаўнікамі, няхай ідуць на тэматычныя сходы і пачынаюць працаваць са школай у тандэме. Вучоба дзіцяці, яго адаптацыя, сацыялізацыя ў школе - гэта ж і адказнасць бацькоў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Вельмі шмат залежыць ад сям'і, бо стаўленне да вучобы і настаўніка фарміруецца там, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што дзіцяці заўсёды будзе камфортна і ў дзіцячым садзе, і ў сценах школы, калі бацькі першапачаткова настроены да выхавальнікаў і педагогаў пазітыўна.
"Але, перш чым патрабаваць нешта ад настаўніка, бацькі няхай спачатку адкажуць на пытанне, што яны зрабілі для школы, у якой дзіця часам праводзіць больш часу, чым дома. Чытай: што яны зрабілі для свайго дзіцяці", - заўважыў беларускі лідар.
"Што датычыцца зоны нашай адказнасці, міністр далажыў аб прынятых мерах па навядзенні дысцыпліны і парадку ў школах. Гэта правільна і звязана непасрэдна з пытаннямі бяспекі дзяцей. Заклікаю ў першую чаргу бацькоў паставіцца да патрабаванняў школы з належным разуменнем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хачу сказаць вам і Міністру перш за ўсё - усім тым, хто сёння адказвае за школу. Гэта маё непахіснае патрабаванне як чалавека (не толькі Прэзідэнта), які свае першыя крокі рабіў у школе - сельскім настаўнікам. Школа - гэта храм. І туды трэба прыходзіць як у храм. Парадак і дысцыпліна ў гэтым храме залежаць не толькі ад прыхаджан, але і ад тых, хто адказвае за стан гэтага храма, гэта значыць настаўнікаў".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў школе неабходна навесці парадак, "чаго б гэта нам ні каштавала". "І пагледзіце: праз год-два школа будзе зусім іншая і статус настаўніка, аб якім мы гаворым, будзе зусім іншы. Я нават сказаў бы больш: выкарыстоўвайце любыя метады, але навядзіце парадак у школе", - запатрабаваў ён. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ёсць нямала прыкладаў, калі настаўнікі выглядаюць не лепшым чынам на фоне вучняў.
Быць аднадумцамі ў тэме бяспечных паводзін дзяцей у інтэрнэце - у агульных інтарэсах бацькоў і дзяржавы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Усё, што там адбываецца, - гэта, вядома, віртуальнае, не сапраўднае жыццё. Але наступствы такіх з'яў, як булінг, тролінг, грумінг, і іншых пагроз цалкам рэальныя. Паўтараю: адказныя мы ўсе. Калі, не дай бог, дзіця зведвае цкаванне ў сетках, ды і ў жывых стасунках, то пытанні ёсць і да бацькоў, чые дзеці паводзяць сябе неадэкватна, і да класнага кіраўніка, які адказвае за псіхалагічны клімат у калектыве", - адзначыў Прэзідэнт.
Для гэтага, паводле яго слоў, трэба больш часу ўдзяляць стасункам з дзецьмі па-за школьнымі заняткамі. "Так, гэта няпроста, улічваючы занятасць і шалёны рытм жыцця сучаснага дарослага чалавека. Але цана нашых намаганняў - бяспека дзяцей. У рэшце рэшт - іх будучыня і лёс краіны, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Аднясіцеся сур'ёзна да шостага школьнага дня. Калі ён напоўнены спартыўнымі, культурнымі мерапрыемствамі, у іх уключаны ў тым ліку бацькі, калі ўсё арганізавана цікава і з душой - школа і сям'я аб'ядноўваюцца. Вы ведаеце, гэта дарагога каштуе".
Прэзідэнт таксама нагадаў аб раней пастаўленай задачы вызваліць педагогаў ад выканання неўласцівых ім функцый і скараціць дакументаабарот. "Пра функцыі, неўласцівыя педагогам, залішні дакументаабарот нават і гаварыць сёння не хачу. Калі пытанні не вырашаны, паляцяць галовы. Перш за ўсё з Міністра адукацыі і профільнага віцэ-прэм'ера. Я вам больш аб гэтым гаварыць не буду. Запомніце!" - папярэдзіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе задачы і планы па развіцці той ці іншай сферы, і ў прыватнасці адукацыі, трэба рэалізоўваць у тэрмін.
"Ведаеце, што самае галоўнае: мы ж разумныя людзі, цудоўна бачым, што адбываецца, аналізуем, робім высновы, і ў адпаведнасці з гэтым ставім перад сабой задачы. Але страшная бяда - валакіта, бюракратызм і фармалізм. Задачы паставілі, сказалі, што будзем вырашаць у пэўныя тэрміны, і забылі, што іх трэба вырашаць. Таму мы бачым, што трэба зрабіць. Давайце проста гэта зробім. Таму што, калі мы гэта не зробім, бяда. А калі робім не своечасова - вельмі дорага", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт правёў аналогію з будаўніцтвам: калі замест 1-2 гадоў будаваць аб'ект 3-4 гады, то ў два разы больш давядзецца плаціць. "А тут (у адукацыі. - Заўвага) яшчэ даражэй абыдзецца. Гэта проста не відаць так. Вы гэтага не бачыце. Але ж я гэта бачу, зацвярджаючы бюджэт краіны", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму давайце зробім тое, аб чым дамаўляліся. І тое, аб чым гаварылі аратары. Гэта ж ужо зроблена ў некаторых калектывах (размова аб тых або іншых перадавых практыках і пазітыўных прыкладах у адукацыі. - Заўвага). Давайце гэта паўторым. І калі мы з гэтым падыходам будзем вырашаць нашы праблемы, мы іх вырашым. Без праблем і без войнаў", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы назваў вельмі актуальным пытанне аб статусе педагога. "Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб аўтарытэт настаўніка быў бясспрэчны. І ў вачах вучняў, і сярод бацькоў, у грамадстве. Без гэтага нават сэнсу няма гаварыць аб вырашэнні глабальных задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"З 1 студзеня 2022 года мы павінны знайсці магчымасць значна прастымуляваць у матэрыяльным плане работу класных кіраўнікоў і куратараў груп устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Даручаю Ураду ў бліжэйшы час унесці адпаведныя прапановы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама даручыў падумаць і далажыць, як можна падтрымаць спецыялістаў дашкольных устаноў. "Праца выхавальнікаў і іх памочнікаў такая ж складаная і вельмі важная", - падкрэсліў ён.
"Усё, што мы зможам сабе дазволіць, улічваючы магчымасці эканомікі краіны, мы зробім", - запэўніў беларускі лідар.
Нараўне з гэтым ён акцэнтаваў увагу, што статус настаўніка - гэта і яго аўтарытэт, які не прадаецца і не купляецца ні за якую зарплату і грошы. "Шмат, калі не ўсё, залежыць ад асобы, характару, кампетэнтнасці і прафесіяналізму самога педагога. Упэўнены, вы гэта разумееце. І на сваім, дзяржаўным узроўні мы павінны бачыць такіх людзей. І рабіць для іх усё магчымае - ад дзяржаўных узнагарод да заработных плат, жылля і гэтак далей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На педагагічным форуме Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб змесце школьнай праграмы. "Міністэрства дало справаздачу, што праграмы і падручнікі абноўлены. І ў гісторыі нашай незалежнасці мы робім гэта з зайздроснай рэгулярнасцю", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што асобныя савецкія падручнікі вытрымалі больш за 20 перавыданняў, адзначаліся дзяржпрэміямі, былі напісаны яркай, жывой мовай з улікам узроставых асаблівасцей школьнікаў. Яны таксама былі паслядоўнымі, лагічнымі і захапляючымі, а іх змест меў выразны развіваючы і выхаваўчы складнік.
"А што сёння? Прэтэнзій да сучасных падручнікаў па-ранейшаму процьма. У тым ліку і з боку вас, педагогаў-практыкаў. Так быць не павінна. Эксперыменты з падручнікамі павінны быць спынены. І вас, настаўнікаў у тым ліку, заклікаю: давядзіце да розуму тое, што напісана, і тады ўжо будзеце даваць справаздачы. Спадзяюся, што на маім узроўні размова пра падручнікі апошняя", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што ніякія гаджэты і "лічба" не заменяць у адукацыі і тым больш у школе падручнікі і настаўнікаў. "Падручнік і настаўнік - гэта галоўнае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў крытычныя заўвагі да якасці падрыхтоўкі навучальных матэрыялаў у плане як знешняга афармлення, так і зместу. "Мы на гэта грошай не пашкадуем. Але вы ж выдавайце падручнік!" - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што падручнік быў і будзе асноўным рабочым інструментам не толькі вучня, але і настаўніка, нават нягледзячы на імклівае развіццё электронных адукацыйных рэсурсаў.
Выступаючы на педагагічным форуме, Прэзідэнт асобна выказаўся аб падручніках па гуманітарных дысцыплінах - гісторыі, грамадазнаўстве. "Пара паставіць кропку ў пытаннях ацэнкі гістарычных эпох і персаналій. Мы павінны дакладна вызначыць, хто герой, хто гістарычная асоба, а хто здраднік свайго народа", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваёй размове са студэнтамі-гісторыкамі 9 мая на Кургане Славы. Яны тады выступілі з ініцыятывай падрыхтаваць падручнік аб вайне, які быў бы цікавы моладзі, выказалі гатоўнасць прыняць самы актыўны ўдзел у яго распрацоўцы. "Разлічваю, што ў новым падручніку з улікам фактаў, якія адкрыліся, будуць расстаўлены ўсе акцэнты і па генацыдзе беларускага народа, і па калабарацыі, і па іншых вострых тэмах, аб якіх мы раней мала гаварылі. Відавочна, што трэба больш актыўна прыцягваць да такой работы моладзь: студэнтаў, аспірантаў, пачынаючых вучоных. Улічваць іх меркаванне, іх бачанне праблем. Няхай спрачаюцца, няхай адстойваюць свой пункт гледжання. Гэта нармальна. Ад гэтага будзе толькі карысць для ўсіх", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Размова таксама ішла аб развіцці сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прэзідэнт адзначыў, што ў грамадстве ўсё яшчэ недаацэньваюць прэстыжнасць рабочых прафесій і ўзровень падрыхтоўкі такіх спецыялістаў.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што падрыхтоўка кадраў для эканомікі - гэта сфера адказнасці нашых ВНУ, тэхнікумаў, ПТВ. "Тут адзін крытэрый - эфектыўнасць работы, канкурэнтаздольнасць. І ўстаноў адукацыі, і выкладчыкаў, і падрыхтаваных імі кадраў. Мы бачым, з якой хуткасцю мяняюцца спосабы вытворчасці, структура эканомікі, рынкі працы. Гэта сур'ёзны выклік сістэме прафесійнай адукацыі. Адміністрацыйны механізм вырашэння такой задачы ў нас ёсць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што Мінэканомікі і Мінпрацы павінны загадзя рабіць прагнозы на запатрабаваныя часам і эканомікай краіны прафесіі, фарміраваць заказ для Міністэрства адукацыі: "Але што мы бачым на практыцы, асабліва калі адкрываем новыя прадпрыемствы? Дэфіцыт кадраў".
Прэзідэнт упэўнены, што ўсё пачынаецца са школы - з якасці прафарыентацыйнай работы: "Наколькі мы сапраўды дапамагаем нашым дзецям зразумець сваё прызначэнне, вызначыцца з прафесіяй, якая стане справай усяго жыцця? Наколькі актыўна ў гэтым працэсе прымаюць удзел нашы прадпрыемствы - заказчыкі кадраў?"
"Да гэтага часу мы назіраем ашалелую гонку за дыпломамі аб вышэйшай адукацыі. Атрымліваюць іх дзеці, а потым, як цяпер модна гаварыць, усё жыццё шукаюць сябе. То зарплата не тая, то статус не той, то дабірацца далёка да работы і гэтак далей. Бацькі і дзеці па-ранейшаму недаацэньваюць прэстыжнасць рабочых прафесій і ўзровень падрыхтоўкі такіх спецыялістаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што моладзь, якая сёння навучаецца ў тэхнікумах, па сваіх кампетэнцыях не ўступае студэнтам ВНУ. "Я бачыў, калі наведваў аўтамеханічны каледж, з якім абсталяваннем там вучаць працаваць. Да яго ж без ведання дакладных навук, камп'ютара, сучасных тэхналогій не падступішся. І дзеці, якія туды прыйшлі, выбарам сваім задаволены. І свой першы рубель, прычым важкі, ужо зарабляюць", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.
"Упэўнены, што вы - педагогі, выкладчыкі, міністры, якія прысутнічаюць тут, - разумееце, што ў першую чаргу на такіх спецыялістах трымаецца эканоміка краіны. Мы разам павінны падумаць, што трэба зрабіць, каб прэстыж гэтых прафесій быў высокім. Гэта стратэгічная задача", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
"Усе добра ведаюць, што лепшай формы забеспячэння дзяржзаказу, чым мэтавы набор, на сённяшні дзень не прыдумана. Такая форма работы сябе абсалютна апраўдала", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ёсць даручэнне кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацый, галін эканомікі пашырыць гэту форму работы. "Тым больш што праблем з выбарам ВНУ для падрыхтоўкі кадраў у заказчыкаў сапраўды быць не павінна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, адзначыў Прэзідэнт, беларускія ВНУ чакае жорсткая канкурэнцыя паміж сабой. "У нас паўсотні ўстаноў вышэйшай адукацыі - універсітэтаў, акадэмій, інстытутаў. У супастаўных па тэрыторыі і колькасці насельніцтва краінах (Швейцарыя, Данія, Фінляндыя, Ізраіль) ВНУ ў 2-3 разы менш, чым у нас. Аб чым гэта сведчыць? Аб тым, што нам не пазбегнуць жорсткай канкурэнцыі сярод саміх устаноў у падрыхтоўцы неабходных для айчыннай эканомікі спецыялістаў", - сказаў Прэзідэнт.
"Будзьце на грэбені прагрэсу. Дасце краіне вучоных, інжынераў, канструктараў, іншых спецыялістаў, здольных ствараць новыя прадукты і тэхналогіі, - будзеце працаваць. Не - падпадзяце пад натуральны адбор", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў да другога чытання ў парламенце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі яшчэ раз яго ўважліва прааналізаваць. "Першае чытанне кодэкс прайшоў. Гэта канстытуцыя ў адукацыі. Давайце яшчэ раз перад другім чытаннем у Прэзідэнта звернем увагу на спрэчныя, калі ёсць, моманты. І пабудуем такую размову да пачатку работы асенняй сесіі нашага парламента. Мы яшчэ раз са спецыялістамі вернемся да гэтага пытання. Каб потым рукамі не разводзілі, што мы нешта недзе прапусцілі. І, як заўсёды, будзе ў гэтым вінаваты Прэзідэнт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў цэлым адзначыў, што яшчэ перад мінулым складам парламента была пастаўлена задача па кадыфікацыі заканадаўства. "Трэба ўсё, што мы напрацавалі, змясціць у адно - кодэкс. Гэтак жа мы падышлі да кадыфікацыі законаў аб адукацыі. Але паралельна - жыццё мяняецца - бачым, што некаторыя рэчы мы ўпусцілі. Мы павінны падправіць, штурхнуць наперад, дзе гэта трэба, асобныя напрамкі нашай адукацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба вырашыць прынцыповыя пытанні, ад якіх залежыць паспяховасць адукацыйнай сферы. "А гэта не толькі кодэкс, аб якім мы гаварылі. Таму што ў кодэксе ўсё не прапішаш. Як і ў іншых нарматыўных актах, якія мы павінны будзем прыняць. Асабліва ў тых, якія датычацца школаўладкавання", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Даручаю выпрацаваць таксама стандарт, дзе замацуем дакладныя патрабаванні, пачынаючы ад арганізацыі ўрока, выканання школьнага этыкету і завяршаючы знешнім выглядам вучня і настаўніка, - сказаў беларускі лідар. - І ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу павінны будуць прытрымлівацца палажэнняў гэтага дакумента беспярэчна. Гэта, дарэчы, будзе дапамогай у навядзенні парадку ў школе і рабоце з бацькамі. Гэта робіцца для таго, каб зняць усе спрэчныя пытанні або недастатковае разуменне паміж сям'ёй і школай".
Пасля выступлення Прэзідэнт адказаў на пытанні ўдзельнікаў форуму. Педагогі закраналі розны спектр тэм: ад арганізацыі выхаваўчай работы ў школах да неабходнасці ўвядзення новых адукацыйных стандартаў.
Каменціруючы работу з навучэнцамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба выпрацаваць сістэму арганізацыі экскурсій школьнікаў па памятных мясцінах. "Ведаеце, той, хто пабываў у Хатыні, з гэтымі "анучамі" на вуліцы не хадзіў. А гэта ж наш здабытак. І мы сваіх дзяцей з гэтымі фактамі нашай гісторыі не здолелі, не змаглі, проста не захацелі, упусцілі гэта пытанне, не пазнаёмілі", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, дзяржава выдзеліць патрэбныя сродкі. "Але трэба разумець, што павінны падключыцца і прадпрыемствы, і бацькі, і школа. Школа - арганізаваць. Няхай маленькую капейку, але бацькі прафінансуюць, каб яны разумелі гэта. І будзем рэкамендаваць прадпрыемствам дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці займацца гэтым пытаннем, - адзначыў беларускі лідар. - Тут перашкод не будзе. Трэба выпрацаваць сістэму і яе прытрымлівацца. Будзе сістэма, вы атрымаеце неабходны транспарт, фінансаванне для таго, каб праводзіць гэтыя экскурсіі. Тэма не проста ўзята на кантроль. Яна ўжо рэалізоўваецца".
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што лічбавыя магчымасці павінны служыць адукацыйным мэтам, а не забаўляць навучэнцаў. "Безумоўна, мы будзем выкарыстоўваць элементы дыстанцыйнага навучання, укараняць іх у вучэбны працэс. Напэўна, гэта аб'ектыўная неабходнасць. Тым не менш хачу вас перасцерагчы: лічбавыя магчымасці павінны служыць адукацыйным мэтам, а не забаўляць навучэнцаў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Настаўнік на ўроку - не блогер, не юцьюбер або інфармацыйны аніматар. Гэта пытанне прафесійнай прыгоднасці і іміджу. Дарэчы, і статусу таксама", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў высокую ролю педагогаў у развіцці грамадства. "Мы ўмеем рабіць усё: ратаваць жыцці людзей, здзяйсняць гераічныя ўчынкі, мы ўмеем вырашаць вялікія эканамічныя задачы. Гэта вы - настаўнікі і выкладчыкі ВНУ. Але і негатыўнае, "касякі" нашага жыцця - гэта таксама вы. Таму давайце зробім так, каб гэтых "касякоў" было як мага менш і будзем у гэтым напрамку працаваць", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ён часта гаворыць аб тым, што свет ашалеў і звар'яцеў. І тое, што ёсць магчымасць збірацца разам і праводзіць у тым ліку такія агульнарэспубліканскія мерапрыемствы, як педсавет, характарызуе тое, што ў Беларусі людзі жывуць спакойна і нармальным жыццём. "Іншыя краіны гэта сабе дазволіць не могуць. Таму што яны ўжо ваююць, а некаторыя рыхтуюцца да вайны. Нас Бог выратаваў. Ну і мы самі не драмалі - абаранілі сваю краіну. Таму давайце будзем цаніць тое, што ёсць. І давайце зробім так, каб не было горш, каб мы збераглі тое, што ў нас цэніцца, і тое, што народ наш лічыць здабыткам", - падкрэсліў беларускі лідар.
"У нас ёсць усё для таго, каб дзеці атрымлівалі нармальную адукацыю і ўладкоўваліся ў жыцці. Усё, што залежыць ад улады, паверце, мы зробім для вас па максімуму. Будуць грошы - апошнюю капейку мы аддадзім настаўніку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гаворыць аб гэтым не таму, што выступае цяпер перад педагогамі: ліслівасці ён сам не любіць. "Проста без настаўніка няма краіны, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Не дазволена на настаўніка не тое што кулак падняць, пальцам паказаць. І гэта будзе заўсёды".
Беларускі лідар адзначыў, што ў будучым годзе адукацыі будзе ўдзелена асаблівая ўвага. "Давайце загарымся адной ідэяй - давайце нашу краіну абаронім. Гэта краіна для вашых дзяцей. Вось яе трэба для дзяцей захаваць. Калі мы з такім пачуццём прыйдзем у школу, мы зробім справу і вырашым тыя праблемы, якія стаяць перад намі сёння", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У час сустрэчы зайшла размова аб навядзенні парадку ва ўстановах адукацыі, абнаўленні школьнага стандарту. У Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, якія палажэнні ў гэтых стандартах адукацыі ён лічыць абавязковымі.
"Павінен быць парадак. Настаўнік павінен быць настаўнікам, а школа павінна быць храмам. Вось на гэтым будзе грунтавацца стандарт, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі ў школе навядзём парадак, у нас у дзяржаве будзе заўсёды парадак".
На думку Аляксандра Лукашэнкі, беларускім школам не хапае арганізаванасці. "Вось чаго не хапае школе: школа павінна фарміраваць хаця б на сваёй тэрыторыі парадак, і гэта пойдзе ў грамадства. Зрабіце гэта - больш я ад вас нічога не прашу. А ўсё астатняе мы ўмеем", - рэзюмаваў ён.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка ў сваю чаргу заўважыў, што ў школьным стандарце неабходна ўдакладніць абавязкі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, уключаючы грамадскасць і бацькоў. "Школа - гэта адкрыты інстытут, мы ні ад каго не закрываемся, - растлумачыў ён. - Мы возьмем за аснову той стандарт, які ў нас да гэтага быў, і вызначым ключавыя пазіцыі. У тым ліку паглядзім на педагагічную этыку".
Прэзідэнт адзначыў, што пачуў меркаванні ўсіх выступоўцаў на пленарным пасяджэнні па розных пытаннях. "Будучы год мы прысвецім адукацыі. Мы павінны разгледзець усё - ад прыёму ў школу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама, паводле яго слоў, асобная ўвага будзе ўдзелена будаўніцтву і размяшчэнню школ у гарадах. Праблем у гэтым нямала, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "У нас хапае школ, але ўзнікла праблема. Дапусцім у Мінску, у цэнтры, свабодныя дзіцячыя сады і школы (насельніцтва ўжо старэйшае, не нараджаюць), а моладзь, якая нараджае, жыве на ўскраіне, і мы пачынаем штампаваць там школы. А гэта каласальныя грошы", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, такія пытанні ўзнікаюць і ў рэгіёнах, калі ў сельскіх школах не хапае вучняў, а педагогам з-за няхваткі педагагічных кадраў даводзіцца весці некалькі прадметаў. Такія школы давялося закрываць. Але быў арганізаваны падвоз вучняў з вёсак у райцэнтры. "Ад мяне патрабуюць школу не закрываць. Дык мы што, для птушачкі дзяцей у школу адпраўляем? Яны ж ідуць за ведамі. А якія будуць веды, калі адзін настаўнік адначасова вядзе тры ўрокі ў адным класе, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэтак жа і ў Мінску. Чаму мы баімся падвезці, калі трэба, асобныя маршруты арганізаваць? Гэта будзе значна танней".
Рэагуючы на паступіўшую прапанову аб'явіць 2022 год Годам настаўніка і адукацыі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Амаль станоўча. Так, я не першы раз чую гэта. І я шчыра сказаў: амаль з гэтым згодны".
Прэзідэнт растлумачыў, што перад тым як падпісвае дакументы аб тым, чаму будзе прысвечаны той ці іншы год, паступае шмат розных прапаноў. "Яны яшчэ будуць. Але гэта, улічваючы, што мы будучы год прысвячаем у многім вырашэнню праблем адукацыі, я не выключаю. Але пакуль не абяцаю. Таму што раптам прынясуць яшчэ нейкую цудоўную прапанову, і яна будзе лепшая за гэту. Я ж павінен быць справядлівым. Хоць душа мая і сэрца там - у адукацыі. Таму я буду да гэтага схільны і буду помніць вашу прапанову", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.


