Удзел у галасаванні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 29
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня прагаласаваў на прэзідэнцкіх выбарах.

Кіраўнік дзяржавы традыцыйна прыняў удзел у галасаванні на выбарчым участку, размешчаным у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.

Пасля галасавання на ўчастку Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў. На сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы прысутнічалі розныя медыйныя персоны, прадстаўнікі моладзі, спартсмены. Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абстаноўка ў дзяржаве ў перыяд правядзення прэзідэнцкіх выбараў з-пад кантролю не выйдзе.

"З-пад кантролю нічога не выйдзе. Гэта я вам гарантую. Гэта галоўная задача дзеючай улады, не толькі Прэзідэнта. Таму ў гэтым вы можаце ніколькі не сумнявацца, што б тут ні планавалі асобныя людзі і іншае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, раніцай ён заслухаў даклад Дзяржаўнага пагранічнага камітэта: за апошні час ва ўездзе ў Беларусь адмоўлена 170 грамадзянам. "Або фальшывыя візы паказвалі, або наогул не маглі растлумачыць, чаго едуць. Таму на граніцы кантроль вельмі сур'ёзны. Мы таксама ўзмацнілі назіранне ў сувязі з апошнімі падзеямі за беларуска-расійскім участкам граніцы. Дарэчы, і там былі людзі, якіх мы выдварылі з краіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама заўважыў, што не бачыць падстаў для якога-небудзь проціборства пасля выбараў. "Мы прадугледжваем усякія варыянты", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў: няма падстаў гаварыць, што краіна будзе ўцягнута ў нейкае процістаянне пасля выбараў.

"Недаацэньваць сітуацыю нельга, але каб гаварыць, што краіна з заўтрашняга дня будзе ўцягнута ў хаос або якое-небудзь проціборства, процістаянне або якую-небудзь грамадзянскую вайну, падстаў абсалютна няма. Я вам гэта шчыра заяўляю і гарантую", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што апошнім часам вакол Беларусі адбываецца шмат дзіўнага. "Я доўга думаў, што ж адбываецца. Вывад просты: грошы. Заплаціў - і няважна, які пашпарт... грошы ёсць, ваюем, змагаемся. Так і ў нас у краіне, унутры адбываецца. Усё вырашаюць грошы, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Ну, вы ўявіце, пэўныя сядзельцы грошай нахапалі, мільёны вывезлі, мы яшчэ не ўсё бачым. Тое, што вы ўбачылі з экрана тэлевізара, гэта капейкі. Велізарныя грошы. Я іх разумею, што гэтыя грошы могуць ім у жыцці не спатрэбіцца, таму яны кідаюць цяпер гэта на процістаянне з уладамі, а раптам атрымаецца. А раптам на вуліцы выйдуць, раптам прыстрэляць, застрэляць гэтага Лукашэнку і гэтак далей, і да таго падобнае. Розныя версіі, мы нічога тут не выключаем, але працуюць грошы".

"Таму, я думаю, заўтра ўжо яны адпрацуюць свае грошы, інвестыцыі гэтыя асвояць і супакояцца, і зразумеюць, што жыццё адно. І тыя, хто сёння процістаіць уладзе, - жыць жа нам давядзецца разам на гэтым кавалачку зямлі", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запэўніў, што ўсё будзе нармальна, хоць ідзе няпросты працэс выбарчай кампаніі.

Журналісты спыталі ў Кіраўніка дзяржавы, ці лічыць ён цяперашнюю электаральную кампанію самай складанай для яго. "Не сказаў бы, што яна самая складаная, але адна з самых складаных", - прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар таксама адзначыў, што гатовы да дыялогу з апанентамі ўлады, але на правакацыі адказ будзе адпаведны. "Калі вы проста выказваеце сваю пазіцыю або пазіцыю некага і там відаць, што гэта Пятроў, Сідараў, Іваноў, я гэта вітаю. Я гатовы з вамі асабіста весці дыялог. Калі вы тэндэнцыйна пачынаеце сябе паводзіць, я таксама гэта бачу. І адносіны адпаведныя. А калі вы правакуеце, атрымаеце ў адказ тое ж самае. Вы што, хочаце спрабаваць звергнуць уладу, зламаць нешта, укалоць, зняважыць (як гэта вы рабілі ўпачатку больш, а цяпер менш) і чакаеце, што я або нехта перад вамі стане на калені і будзе цалаваць пясок, па якім вы хадзілі? Не будзе гэтага. Паводзьце сябе ў адпаведнасці з законам, і ў нас прэтэнзій да вас не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія СМІ ў Беларусі і тыя, хто за імі стаяць, хацелі мардабою. Аднак улада прыняла няхай строгія, але прэвентыўныя меры. "Вы хочаце, каб я ўвёў краіну ў хаос? Дык вы ж мяне потым стопчаце і будзеце мець рацыю, таму што я не абараніў, у тым ліку вас і вашу сям'ю. Я хачу, каб было спакойна, каб мы з вамі вялі дыялог, калі ён ёсць. І калі вы можаце нешта зрабіць для краіны, я вам ствару ўсе ўмовы, каб вы працавалі на краіну. Калі вы будзеце змагацца супраць краіны, спрабаваць нават у нейкіх самых нязначных рэчах увесці краіну ў хаос і дэстабілізаваць, вы атрымаецце імгненны ад мяне адказ. Гэта ж мае канстытуцыйныя паўнамоцтвы. За што вы мяне папракаеце?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што Беларусь праводзіць выбары ў інтарэсах свайго народа. "Калі шчыра, усё, што падрыхтавана, я прачытаў ужо, - выказаўся Аляксандр Лукашэнка аб некаторых магчымых знешніх ацэнках. - Не трэба чакаць, што перад намі расшаркаюцца і скажуць: "Малайцы, беларусы!". Палітыка - гэта барацьба, а для нас - мастацтва магчымага. Мы не хочам, каб пра нас гаварылі дрэнна, але зыходзіць будзем з інтарэсаў беларускага народа".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хоча, "каб у краіне было ціха і спакойна, каб можна было нармальна гадаваць дзяцей, не азіраючыся па баках".

Ён таксама падкрэсліў, што ніхто ніякіх рэпрэсій у адносінах да прыхільнікаў альтэрнатыўных кандыдатаў не праводзіў і праводзіць не будзе. "Выконвайце закон. І знікнуць усялякія размовы пра рэпрэсіі або яшчэ пра нешта. Закон і толькі закон! Будзеце парушаць, будзем адказваць. І тое мы яшчэ мякка адказвалі. Шчыра вам скажу: мы заўсёды стрымлівалі праваахоўнікаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму асабіста не выгадны які-небудзь націск на апанентаў. "Мне не выгадны ніякі націск цяпер. Таму што гэта ўсё ў час. Які націск? Ніякага націску няма. Вы зразумейце, калі нешта здарыцца з гэтымі штабамі, хто за гэта адкажа, - я адкажу. Таму я баюся, каб хаця б дажыць да заўтрашняй раніцы і ні адзін волас з галавы не ўпаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў спачатку ўважліва разабрацца ў кожным канкрэтным выпадку, хто каго затрымліваў, і якія на тое прычыны. Ён падкрэсліў, што адвольныя затрыманні без законных на тое падстаў былі б яму толькі на шкоду. "Гэта мне не патрэбна. Гэта на шкоду. Усё гэта фэйкі або ж надумана", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перадвыбарная кампанія праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам. Адказваючы на пытанне адносна правядзення мітынгаў канкурэнтамі, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Мінску загадзя былі прадугледжаны пляцоўкі для такіх мерапрыемстваў. Як, уласна кажучы, гэта робіцца і ў замежных краінах.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што апошнія мітынгі, арганізаваныя прэтэндэнтамі на прэзідэнцкую пасаду, міліцыя і АМАП нават ахоўвалі. "Мы непакоіліся за людзей, мы іх нават ахоўвалі", - заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "У Мінску ў нас шэсць пляцовак, і толькі на адной-дзвюх былі мерапрыемствы, яшчэ чатыры - у запасе. Ідзіце і дэманструйце. Але калі вы будзеце дэманстраваць дзе папала, у мэтах парушэння закону, а законам усё ўрэгулявана, і будзеце перашкаджаць іншым людзям, мы будзем прыцягваць вас да адказнасці. Вось і ўся арыфметыка".

Прэзідэнт звярнуў увагу: усе пляцоўкі былі загадзя распісаны, і перш за ўсё была дадзена магчымасць апазіцыі вызначыць, у якія дні яна будзе праводзіць мерапрыемствы. "Распісалі кожны дзень. Я ў курсе справы, гэта пытанне ўжо да мяне даводзілі. Я ў Мінгарвыканкаме папрасіў гэту інфармацыю, і яны прадаставілі графік - узгоднена з усімі штабамі, з усімі лідарамі. Якія пытанні могуць быць?" - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што сам не праводзіў у Мінску ніякіх акцый.

"Хочаце пасля выбараў выказаць сваё меркаванне - добра, давайце паглядзім, на якіх пляцоўках згодна з законам, і выказвайце сваё меркаванне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На пытанне, ці не баіцца Кіраўнік дзяржавы ўвядзення санкцый шэрагам дзяржаў пасля выбараў, Прэзідэнт адказаў: "Мы ўжо ведаем, што такое санкцыі".

Гаворачы аб наступствах каранавіруса для беларускай эканомікі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: намецілася тэндэнцыя росту эканомікі і павялічыліся золатавалютныя рэзервы. "Таму ёсць добрыя тэндэнцыі да таго, што мы выкарабкаемся з гэтага крызісу", - заўважыў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што лічыць неэфектыўнай работу інтэграцыйных структур у перыяд пандэміі і не толькі. "Нацыяналізм і нацыянальныя інтарэсы, мякка кажучы, прэваліравалі і прэваліруюць", - канстатаваў Прэзідэнт, характарызуючы дзейнасць інтэграцыйных структур у цэлым.

Асабліва паказальнай, паводле яго слоў, была сітуацыя з развіццём пандэміі. "Спрацавалі дрэнна, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Кожны замкнуўся і спрабаваў выкарабкацца". Хоць гэта выпрабаванне было далёка не самым складаным у параўнанні з тым, што яшчэ давядзецца перажыць інтэграцыйным аб'яднанням. "Я тры месяцы таму вас папярэдзіў: гэта хвароба - самае простае. Будзе процістаянне, будуць моцныя дзяржавы выкарыстоўваць пандэмію, каб нахіліць слабых, і гэтак далей", - нагадаў Прэзідэнт. Трэба прызнаць, што было некаторае ўзаемадзеянне на ўзроўні профільных медыцынскіх арганізацый. "Але значна больш дапамаглі людзі збоку. Дапусцім, Кітайская Народная Рэспубліка, заходнія краіны вельмі шмат дапамагалі. Гэта не Беларусі датычыцца. Мы, дзякуй богу, без дапамогі нечыяй абышліся ў пандэмію, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Пандэмія паказала, што спадзявацца трэба на сябе".

Ён таксама адзначыў, што Беларусь мае намер узаемадзейнічаць з іншымі дзяржавамі па ўсіх напрамках. Прэзідэнт нагадаў, што аб знешняй палітыцы шчыра сказаў у Пасланні. "Беларусь - гэта дом у цэнтры Еўропы з вокнамі на Усход і Захад, з выхадам на Поўдзень і Поўнач. Гасподзь так прадвызначыў, і з-за нашага размяшчэння мы вымушаны, знаходзячыся ў геаграфічным цэнтры Еўропы, супрацоўнічаць з усімі. І мы будзем супрацоўнічаць", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што на ўсходзе ў нас дзве вельмі моцныя дзяржавы. "Хочам мы ці не хочам, але мы з Расіяй заўсёды будзем супрацоўнічаць, заўсёды будзем разам, у залежнасці ад таго, наколькі Расія здольная на больш цеснае або менш цеснае супрацоўніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што беларуска-расійскія адносіны будуць складвацца ў нармальным ключы. Па просьбе журналістаў ён расказаў падрабязнасці нядаўняй тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што нядаўна папракнуў Расію ў пераходзе з брацкіх на партнёрскія адносіны. На што Прэзідэнт Расіі дакладна заявіў: "Мы будзем будаваць з вамі брацкія адносіны. А ў тым, што адбываецца, Аляксандр Рыгоравіч, давайце разбяромся дэталёва. Я вам прышлю інфармацыю, якую мы маем на сённяшні дзень". На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка атрымаў ад расійскага боку пісьмо з выкладаннем усіх фактаў. Цяпер іх вывучае Следчы камітэт Беларусі.

"Што датычыцца перспектывы (беларуска-расійскіх адносін. - Заўвага), калі нехта чакае, што ў нас абсалютна сапсаваліся адносіны з Расіяй, - памыляецеся! - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы з Прэзідэнтам Расіі прымем рашэнне, і ніякія сродкі масавай інфармацыі, вагнеры (маецца на ўвазе гісторыя з затрыманнем у Беларусі 33 удзельнікаў прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. - Заўвага) і іншае на гэта паўплываць не можа".

Прадаўжаючы тэму 33 затрыманых раней расіян, беларускі лідар падкрэсліў, што з Уладзімірам Пуціным яны дамовіліся дэталёва разгледзець усе факты. "Украіна падключылася да гэтага. Наколькі я праінфармаваны, прыслалі свае прапановы і заўвагі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Але пакуль ніхто не прыехаў, як я запрасіў пракурораў - аднаго і другога (Расіі і Украіны. - Заўвага). Наш пракурор чакае прыезду. Не прыедуць, мы самі разбяромся і вырашым гэту праблему".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адмова пракурораў сюды прыехаць сведчыць аб тым, што ім напляваць на лёсы гэтых людзей.

"Вось паслалі і паслалі. Спачатку, кажуць, у Венесуэлу пасылалі, потым - у Стамбул, потым - у Лівію, потым нібыта, Сечын наняў іх для таго, каб ахоўваць недзе ці то ў Лівіі, ці то ў Венесуэле, ці то ў Сірыі нафтавыя аб'екты. На што Ігар Сечын сказаў: я да іх не маю ніякіх адносін. І я яму веру", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

"Цяпер, напэўна, усю гэту канспіралогію вы прачыталі ўжо і вы бачылі, дзе гэта ўсё выкладзена. Кажуць, што гэта трэцяя краіна хацела ўчыніць правакацыю і сутыкнуць Беларусь і Расію. Слухайце, можа быць. Але мне якая розніца, хто гэта справакаваў. Я працую па факце, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мне ўсё роўна на гэты момант, хто правакаваў, хто іх сюды накіроўваў, хто пасылаў. Гэта другаснае, галоўнае, каб яны не ўчынілі пажар у цэнтры Мінска. Вось што для мяне сёння важна".

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь будзе гэта ўлічваць і будаваць свае ўзаемаадносіны, зыходзячы ў тым ліку з гэтых момантаў.

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў узаемадзеянне з КНР. "У нас бліскучыя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай".

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі добрыя адносіны з постсавецкімі краінамі. "Нават з Польшчай у нас наладжваюцца адносіны, і калі вы там не будзеце праводзіць акцыі антыбеларускія, напрыклад, прадастаўляць прыстанішчы розным дзеячам, дэманстратыўна гэта робячы, то мы будзем выбудоўваць з вамі адносіны", - заўважыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне аб энерганосьбітах, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь будзе купляць нафту і газ там, дзе ёй гэта зручна. "Мы не павінны быць залежнымі ад адной краіны. Вы гэта добра разумееце, - сказаў беларускі лідар. - Таму мы супрацоўнічаем у тым ліку і з Польшчай у гэтай частцы".

"Гэта эканоміка, ад яе нікуды не дзенешся", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Журналісты ў сваіх пытаннях не абышлі і тэму ўборачнай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не сумняваецца, што аграрыям удасца спакойна сабраць сёлетні ўраджай.

"У мяне абсалютная ўпэўненасць, што мы збяром гэты ўраджай. У нас ёсць тры дні на нейкі парог, які мы павінны пераступіць, дасягнуць, - гэта 75%. Як толькі 75% убралі, 25% ужо не праблема, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А тое, што сёння дожджыкі пройдуць у асобных месцах Беларусі, - гэта на шчасце, таму што і кукуруза, і бульба, і капуста, і многае-многае іншае на полі расце, ім патрэбны дождж. Таму гэта не страшна. Людзі адпачнуць, пачысцяць камбайны і заўтра выйдуць убіраць тыя ж збожжавыя. Таму ў мяне добры настрой".

Паводле яго слоў, Беларусь "гасподзь у гэтым годзе пашкадаваў двойчы". Спачатку ён дапамог беларусам у барацьбе з пандэміяй, а потым з ураджаем. "Мы не спыніліся - у цяжкі час вяскоўцы сеялі, і бог нам падарыў добры ўраджай", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Адказваючы на пытанні журналістаў, беларускі лідар расказаў і пра асабісты вопыт пераадолення каранавіруснай інфекцыі.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, моладзь, людзі без спадарожных захворванняў лёгка пераносяць гэту інфекцыю. А людзям старэйшага ўзросту, трэба, безумоўна, захоўваць меры прафілактыкі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гэта тэма закраналася і ў час нядаўняй тэлефоннай размовы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. "Я Пуціну даў параду: беражы сябе, таму што хвароба вылечная (нашы ўрачы - малайцы, навучыліся), але такая прыкрая, што далей няма куды", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, прадаўжаецца расследаванне таго, як ён заразіўся каранавірусам. "Практычна вірус перанёс на нагах, думаючы, што стаміўся. Гэты стан, як кажуць, вожык у тумане. Ідзеш, цяжка, але думаеш: нагрузкі вялікія, ад гэтага. Але калі мае дамашнія прасігналізавалі, што ёсць праблема, мы паехалі ў бальніцу і пераканаліся, што я перанёс гэты вірус на нагах. Але хвастом, як гаворыць Каранік (Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. - Заўвага), мяне гэта пандэмія ўдарыла", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Курс лячэння, як адзначыў Прэзідэнт давялося праводзіць фарсіравана, у паскораным рэжыме, паколькі абавязкі Кіраўніка дзяржавы і яго рабочы графік прадугледжвалі абавязковы ўдзел у сумеснай сесіі палат парламента для звароту з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Зыходзячы з асабістага вопыту пераадолення каранавіруса, Кіраўнік дзяржавы параіў абавязкова прытрымлівацца правіл здаровага ладу жыцця. "Ні ў якім разе не сядзець дома, больш бываць на паветры, варушыцца, бегаць, скакаць, займацца спортам. Я вам шчыра кажу: гэта галоўнае", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка расказаў таксама аб тым, як плануе правесці дзень выбараў пасля галасавання на выбарчым участку. "Як звычайна пройдзе дзень. Я ўжо на дадзены момант нічога змяніць не магу. Усё залежыць ад людзей, якія прыйдуць на ўчасткі. Я ж не першыя выбары перажываю. Таму ў мяне ёсць пэўны вопыт. Я буду чакаць вынікаў, як і ўсе вы. Буду проста чакаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адказаў на пытанне, ці будзе зноў у будучым балаціравацца на прэзідэнцкую пасаду ў выпадку сваёй перамогі на цяперашніх выбарах. "Калі буду жывы-здаровы, адкажу, ці буду я балаціравацца ў далейшым. А што датычыцца ўпэўненасці ў сваёй перамозе, я не быў бы так адназначны. Я спадзяюся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адказаў на пытанне журналістаў аб тым, куды ён зробіць першы візіт у выпадку перамогі на выбарах. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што паедзе туды, куды яго запросяць. "Я не напружваюся наконт сваіх першых візітаў, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Не першы год буду Прэзідэнтам, калі мне людзі давераць. Таму ў мяне няма гэтай праблемы. Я з першымі візітамі ўжо наездзіўся, таму шчыра кажу, што такой праблемы ў мяне няма".

Беларускі лідар рэзюмаваў: "Мы не будзем рабіць візіт дзеля таго, каб нешта прадэманстраваць. Нам гэта не трэба".