Нарада па арганізацыі бяспекі выбарчай кампаніі

  • 12
  • 8:25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 6 жніўня нараду па арганізацыі бяспекі выбарчай кампаніі.

"Зразумела, што выбары пачаліся, датэрміновае галасаванне ідзе, але будзе нялішнім з улікам вопыту на сённяшні дзень яшчэ раз ацаніць бягучую сітуацыю і, калі спатрэбіцца, выпрацаваць дадатковыя меры па арганізацыі бяспекі на бліжэйшы перыяд. Дэталі абстаноўкі нам усім вядомы, паўтарацца не трэба. Аднак, калі ёсць новыя моманты, прашу кіраўнікоў ведамстваў далажыць і ўнесці адпаведныя прапановы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паўтарыў пастаўленую ўжо раней задачу МУС і Генеральнай пракуратуры: усе, хто зневажаў і запалохваў дзяржаўных служачых, ваеннаслужачых, членаў выбарчых камісій, работнікаў вертыкалі ўлады, павінны быць прыцягнуты да адказнасці, як таго патрабуюць беларускія законы і Канстытуцыя. "У нас дастаткова рэсурсаў, каб абараніць людзей дзяржавы, якія сёння фактычна бясплатна працуюць на краіну", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у Беларусі ўжо затрымана нямала людзей, якія - і гэта ўжо даказана - ставілі перад сабой мэту дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. І размова далёка не толькі аб затрыманні членаў ПВК. "Вядомы імёны, прозвішчы, адрасы, паролі, яўкі. Да цудаў часам даходзіць. Сродкі масавай інфармацыі насцярожваюць нас, што нас тут хочуць захапіць амерыканцы, натаўцы. Некаторых людзей затрымалі з амерыканскімі пашпартамі, жанатых з амерыканкамі, якія працуюць у Дзярждэпе. Але са штыкамі наперавес іх абараняюць расійскія кіраўнікі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў гэтых хітраспляценнях усё вырашаюць грошы і прыналежнасць да той ці іншай краіны або партыі не мае значэння. "Не важна, амерыканец, дзярждэпавец, прыналежнасць у цябе да дэмакратычнай партыі... Удзельнічалі ў перадвыбарнай кампаніі ў Расіі, атрымалі за гэта добрыя грошы. Сёння хайпуюцца (хайпаваліся) на тэрыторыі Беларусі. Я думаю: амерыканцы пачнуць іх цяпер абараняць. Нічога падобнага, - заўважыў Прэзідэнт. - Грошы засцілаюць вочы, пазелянелі ад гэтых грошай: хто плаціць, за таго і спяваюць. Вось адзіная разгадка. І ў нас такіх людзей нямала".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў работу КДБ, МУС, мясцовых органаў улады, а таксама звычайных грамадзян, якія своечасова зрэагавалі і выявілі проціпраўную дзейнасць. "Малайцы, беларусы. Па інфармацыі людзей пазатрымлівалі ўсіх. Людзі паглядзелі вакол сябе і ўбачылі: іх жа ўчора не было, а сёння яны з'явіліся, хто яны такія? Інфармацыя - у МУС, КДБ. Знайшлі каго ў лесе, каго пад плінтусам. Толькі з падачы людзей", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу кіраўніцтва МУС: праваахоўныя органы для недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і для выяўлення падазроных асоб павінны актыўна ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам. "Нам людзі падкажуць усё: дзе хто знаходзіцца і чым яны займаюцца", - упэўнены ён.

"Каб зняць гэтыя пустыя размовы наконт так званых 33 багатыроў (затрыманыя ў Беларусі члены прыватнай ваеннай кампаніі. - Заўвага), я папрашу Генеральнага пракурора. Мы ўчора доўга размаўлялі на гэту тэму з Прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Зразумела, пра што ішла размова, СМІ аб гэтым паведамлялі ўжо. Мая пазіцыя была адназначнай: у нас ёсць беларускія законы, правапарушэнні яны ўчынялі на тэрыторыі Беларусі. Усё тое, што ў нас сёння ў Следчым камітэце выяўлена, мы ведаем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён даручыў запрасіць у Беларусь генеральных пракурораў Украіны і Расіі. "Усе ж заклапочаны гэтай праблемай, сур'ёзная праблема. Пакладзіце ўтрох (генеральныя пракуроры. - Заўвага) перад сабой міжнародныя дагаворы і пагадненні з Расійскай Федэрацыяй і Украінай і якія мы падпісалі ў шматбаковым плане (мы ж абавязацельствы ўзялі на сябе і ў гэтай сітуацыі таксама), нашы законы. Старшыня Следчага камітэта вам даложыць разам з Камітэтам дзяржбяспекі і аператыўную інфармацыю, і інфармацыю следчых: вось дакументы, інфармацыя - на стол. Утрох вырашыце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не прыедуць - пытанне вырашым мы, без іх", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што вакол гэтай тэмы многія актыўна выказваюць заклапочанасць: "Аж ныюць, пішчаць, крычаць. Што толькі ні кажуць. Не трэба крычаць у тэлевізар. Ён тут не дапаможа. Будзем дзейнічаць на падставе выключна законаў і, вельмі важны нюанс, чалавечнасці. Законы не ўсё прадугледжваюць. Яшчэ трэба зыходзіць з чалавечага фактару".

"Мы вырашым гэту праблему. Ніякай палітызацыі быць не павінна, - акцэнтаваў увагу беларускі лідар. - Нам не трэба спектаклі ні палітычныя, ні эканамічныя. І палохаць нас таксама не трэба наступствамі. Мы ведаем пра ўсе наступствы. Не трэба нас палохаць амерыканцамі, натаўцамі. Не амерыканцыі і не натаўцы сюды прыслалі 33 чалавекі, калі ўжо на тое пайшло".

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз адзначыў, што генеральным пракурорам Беларусі, Расіі і Украіны трэба сабрацца і разам ва ўсім разабрацца. "Сядзьце ўтрох. Рабіце, як вы лічыце патрэбным. На падставе нашых законаў, міжнародна-прававых актаў прыміце рашэнне па гэтых людзях. Як прыміце ўтрох, так і будзе", - сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цяперашняй абстаноўцы ні ў якім разе не трэба расслабляцца.

"Шчыра прызнаюся, і, напэўна, вы мне новага не скажаце: мы не ведаем, на што яны здольныя. Мы нават не ведаем, хто яны. Ці гэта амерыканцы з натаўцамі, ці з Украіны нас нехта падціскае, ці нас усходнія браты так моцна "любяць" - мы нават не ведаем. Ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі, і мы павінны чакаць гадасцей з любога боку. Што мы, дарэчы, і робім, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму абапірайцеся на нашых людзей, на беларусаў. Яны сёння, я нутром гэта адчуваю, зразумелі, што могуць страціць краіну. І вось гэта датэрміновае галасаванне - людзі валам пайшлі - сведчыць аб тым, што людзі насцярожыліся. Яны ўчапіліся за гэты кавалак зямлі і страціць яго не хочуць".

"Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генеральнай пракуратуры, і судам трэба даць ацэнку законнасці такіх ініцыятыў. У судах, калі такія звароты туды паступяць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў любым выпадку ўсім, хто будзе галасаваць, неабходна даць магчымасць зрабіць гэта спакойна, святочна, не апасаючыся нападкаў і ўмяшанняў у асабісты выбар чалавека.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўважліва сочыць за ходам выбарчай кампаніі і датэрміновым галасаваннем. "Дастойна, прыгожа ідуць людзі. Нікому не перашкаджаюць. Нехта на дачу хоча паехаць у выхадныя дні, нехта туды, нехта сюды. Як звычайна. Мы ж не па пошце галасуем, як у некаторых дзяржавах. У нас выбарчыя ўчасткі. Усе ідуць туды і галасуюць. І мы павінны забяспечыць гэты працэс, - сказаў Прэзідэнт. - Тут некаторыя прадаўжаюць зваць людзей на майдан 9-га і 10-га. Не дай бог мы распалім вогнішча ў цэнтры Мінска і будзе раскідваць галавешкі па ўсім Мінску. Гэтага мы дапусціць не можам і не дапусцім".