Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

  • 26
  • 2

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета прайшло 27 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці пад старшынствам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Спачатку саміт прайшоў у вузкім складзе, затым да кіраўнікоў дзяржаў - членаў ЕАЭС далучыліся лідары краін - наглядальнікаў і прадстаўнікі замежных дэлегацый.

"Вы заўсёды адзначалі, што ў Мінску ў нас, праводзячы тыя ці іншыя мерапрыемствы, атрымліваецца завяршыць іх рэзультатыўна. Я на гэта вельмі разлічваю", - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных кіраўнікоў дзяржаў, адкрываючы пасяджэнне ў вузкім складзе.

Аляксандр Лукашэнка прывітаў усіх удзельнікаў мерапрыемства і адзначыў, што, нягледзячы на загружанасць графікаў прэзідэнтаў, захоўваецца рэгулярнасць сустрэч на самым высокім узроўні. Гэта, паводле яго слоў, дае магчымасць аператыўна рэагаваць на ўзнікаючыя праблемы, вырашаць пытанні, па якіх не можа знайсці развязкі Еўразійская эканамічная камісія, і ў цэлым падтрымліваць інтэнсіўны тэмп работы органаў ЕАЭС.

"Думаю, вы пагодзіцеся, што гэта таксама добрая магчымасць у асяроддзі блізкіх па духу людзей абмеркаваць і міжнародны парадак дня (а ён вельмі насычаны апошнім часам)", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што напярэдадні на пленарнай сесіі Еўразійскага эканамічнага форуму лідары краін пачалі абмеркаванне актуальных тэм і стратэгіі паглыблення еўразійскай інтэграцыі. Адбыўся прадметны абмен меркаваннямі аб перспектывах эканамічнага партнёрства, выказваліся ацэнкі і бачанне далейшага развіцця саюза. "Упэўнены, што рэалізацыя агучаных ідэй будзе садзейнічаць умацаванню ЕАЭС як ключавой інтэграцыйнай платформы на постсавецкай прасторы і полюса эканамічнага прыцягнення ў міжнародным вымярэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Наша аб'яднанне прыцягвае да сябе ўвагу ў свеце, - прадоўжыў ён. - Адны па-добраму глядзяць, як мы нядрэнна набіраем абароты і падключаюцца да нашага саюза. Іншыя чакаюць моманту, калі мы спатыкнёмся або ўвогуле разыдземся. Чые чаканні апраўдаюцца, залежыць выключна ад нас".

"Старшынства Рэспублікі Беларусь у органах ЕАЭС рэалізуецца ў асаблівы год з пункту гледжання далейшых перспектыў для развіцця нашага аб'яднання", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на парадку дня саміту шэраг пытанняў, якія патрабуюць прыняцця канкрэтных рашэнняў на вышэйшым узроўні. "Па-першае, мы завяршаем рэалізацыю стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Па-другое, у гэтым годзе павінна быць прынята дарожная карта сумесных дзеянняў на наступны перыяд - ужо для рэалізацыі дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у нашым саюзе".

Адпаведны план мерапрыемстваў будзе зацверджаны на ўзроўні Савета ЕЭК, а потым прадстаўлены Вышэйшаму савету і разгледжаны на пасяджэнні ў снежні.

"Калі мы хочам, каб наш саюз быў працуючай і эфектыўнай структурай, а не пляцоўкай тэарэтычных дыскусій (хоць гэта таксама нядрэнна), тэмп развіцця нашага саюза на наступную пяцігодку павінен быць напружаным, па кожным напрамку патрэбны дакладны алгарытм дзеянняў, які прыводзіць да канкрэтнага агульнага выніку", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што добрай традыцыяй парадку дня саміту становіцца тэматыка міжнароднага супрацоўніцтва. Адно з пытанняў цяперашняга пасяджэння ВЕЭС датычыцца рэалізацыі асноўных напрамкаў міжнароднай дзейнасці саюза за 2024 год.

"Лічу, што рух у гэтым напрамку ідзе правільным курсам, асабліва ў цяперашняй міжнароднай абстаноўцы, калі разбураюцца, здавалася б, непахісныя правілы і дамоўленасці, якія прымяняліся дзесяцігоддзямі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, трэба прадоўжыць сістэмную работу па спалучэнні патэнцыялу ЕАЭС з магчымасцямі буйнейшых міжнародных аб'яднанняў і ініцыятыў, з якімі ў саюза агульныя статутныя каштоўнасці. Найважнейшым інструментам пашырэння агульных інтарэсаў краін ЕАЭС на міжнароднай арэне Прэзідэнт назваў стварэнне зон свабоднага гандлю з трэцімі краінамі. Работа ў гэтым напрамку вядзецца, і на саміце ў Мінску плануецца падпісаць часовае гандлёвае пагадненне з Манголіяй і пагадненне аб эканамічным партнёрстве з ААЭ. "Пашырэнне пула краін, якія заключылі з намі такія дагаворы, пацвярджае правільнасць міжнароднага вектара дзейнасці саюза", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

На парадку дня саміту таксама функцыянаванне ўнутранага рынку ЕАЭС з улікам уплыву на яго асобных фактараў і перспектываў далейшага развіцця.

"Упэўнены, што нашы стасункі як у рамках афіцыйнага парадку дня, так і за яго межамі дадуць магчымасць знайсці адказы на ўсе існуючыя пытанні, у асяроддзі аднадумцаў падабраць ключы да вырашэння самых складаных інтэграцыйных задач", - падкрэсліў беларускі лідар.

Сустрэча лідараў ЕАЭС у вузкім складзе доўжыліся амаль дзве гадзіны. Кіраўнікі дзяржаў падрабязна разгледзелі некалькі пытанняў і прынялі па іх адпаведныя рашэнні. Яны былі фармалізаваны па выніках саміту.

У пачатку пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што магчымасць адкрыта і галоўнае - у дружалюбнай, спакойнай абстаноўцы абмяркоўваць любыя, нават самыя складаныя праблемы з'яўляецца сапраўднай раскошай у сучасным свеце. У Беларусі такая магчымасць беражліва захоўваецца.

"Усё большая геапалітычная напружанасць і фрагментацыя сусветнай эканомікі дысануюць з запатрабаваннем глабальнай большасці. Мы павінны ўсё ж такі пастарацца адкінуць убок дэструктыўны парадак дня, які навязвае так званы залаты мільярд (хоць ён ужо ніякі не залаты)", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, трэба павышаць канкурэнтаздольнасць эканомік, развіваць прамысловасць, дабівацца тэхналагічнага суверэнітэту, забяспечваць харчовую бяспеку, ствараць умовы для мірнага і спакойнага жыцця нашых народаў.

"Саюз паспяхова прайшоў этап станаўлення і дэманструе добрыя тэмпы развіцця. У мінулым годзе ВУП нашага аб'яднання вырас амаль на 4,5%, перасягнуўшы $2,5 трлн. Рост прамысловасці склаў 4,5%, інвестыцый у асноўны капітал - 7,5%. Пагадзіцеся, дастойны вынік. Дай бог на гэтым узроўні ўтрымаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"ЕАЭС здольны стаць ядром канкурэнтаздольнай і паспяховай прасторы інтэграцыі інтэграцый. На якой еўразійскі эканамічны патэнцыял спалучаўся б з велізарнымі магчымасцямі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, БРІКС, АСЕАН і іншых аб'яднанняў Глабальнага Поўдня і Усходу", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў перыяд старшынства ў ЕАЭС, зрэшты, як і заўсёды, Беларусь будзе прымаць усе неабходныя меры для ўзмацнення эканамічнага патэнцыялу аб'яднання і ўмацавання яго міжнароднага аўтарытэту.

"Зыходзім з таго, што механізмы паглыбленага супрацоўніцтва саюза з дзяржавамі-наглядальнікамі будуць планамерна развівацца і дадуць магчымасць маштабаваць еўразійскія праекты на больш шырокі інтэграцыйны контур, - сказаў Прэзідэнт. - Разглядаем як трывалую аснову эфектыўнага эканамічнага супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі інстытут свабоднага гандлю. Задаволены ўступленнем у сілу ў бягучым годзе поўнамаштабнага пагаднення ЕАЭС аб свабодным гандлі з Іранам і настроены на яго актыўную рэалізацыю".

Аляксандр Лукашэнка таксама прывітаў падпісанне ў рамках саміту гандлёвых пагадненняў з Манголіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. "З улікам двухбаковых і асабістых адносін мне прыемна, што падпісанне дакументаў адбудзецца менавіта ў Мінску", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Сукупны ВУП краін і рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднанняў, з якімі ў ЕАЭС устаноўлены і фармалізаваны адносіны, складае $72 трлн. Гэта палова сусветнай эканомікі і палова насельніцтва ўсёй планеты (больш за 4 млрд чалавек).

"Уявіце, які патэнцыял, калі мы правільна ім распарадзімся. Вынік добры. Міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС павінна заставацца прыярытэтным напрамкам нашых намаганняў. Аб гэтым мы і дамовіліся, абмяркоўваючы праблемы ў вузкім складзе", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на саміце ЕАЭС першапачаткова планавалася прысутнасць Прэзідэнта Ірана - упершыню ў якасці прадстаўніка дзяржавы - наглядальніка пры ЕАЭС. Аднак з-за вядомых акалічнасцей ён не змог прыляцець у Мінск. Таму яго выступленне прагучыць у запісе.

"Нядаўнія ўдары па ядзерных аб'ектах Ірана, якія знаходзяцца пад кантролем МАГАТЭ, самым небяспечным чынам парушаюць палажэнні міжнароднага права, у тым ліку Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і Жэнеўскія канвенцыі 1949 года. Не буду нават гаварыць аб пачуццях, якія такія дзеянні выклікаюць у Беларусі - краіне, якая найбольш пацярпела ад атамнай аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Тады радыеактыўныя ападкі былі зафіксаваны нават у Вялікабрытаніі, Германіі і Швецыі. Думаюць, напэўна, што цяпер не накрые. Асабліва краіну, якая ўчыніла такія дзеянні", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы жадаем нашаму калегу ўсялякіх поспехаў, а народу Ірана, нашаму блізкаму народу, - пераадолець усе праблемы, якія сёння ўзніклі. Я хачу, каб вы ведалі, што ў вашым супраціўленні вы не ў адзіноцтве", - звярнуўся Прэзідэнт да іранскага боку.

У час выступлення на саміце Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоча спыніцца на некалькіх аспектах работы, якім, зыходзячы з вастрыні бягучага моманту, неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу.

Першае. Функцыянаванне ўнутранага рынку ЕАЭС

"Ва ўмовах тарыфнай вайны і перафармаціравання міжнароднага гандлю неабходна ўважліва паглядзець, ці не скажаюцца ўмовы канкурэнцыі ў саюзе для нашых вытворцаў з-за чужых тарыфных эксперыментаў. Ці не падтрымліваем мы сваім рублём бізнес з трэціх краін на шкоду нашым прадпрымальнікам і кампаніям", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён папрасіў Еўразійскую эканамічную камісію ацаніць рызыкі для эканомік краін-членаў з прапановамі аб канкрэтных сумесных дзеяннях. "Гэта пытанне становіцца ўсё больш актуальным. Свае ўнутраныя рынкі мы павінны абараняць так, як гэта робяць іншыя. Не грэбуючы іх інтарэсамі", - заявіў беларускі лідар.

Другое. Развіццё прамысловага патэнцыялу ЕАЭС

"Аб'ём унутранага рынку апрацоўчай прамысловасці ЕАЭС перасягнуў $1 трлн. Лічба добрая, але што за ёй стаіць? У мінулым годзе мы запусцілі механізм падтрымкі прамысловай кааперацыі, выдзелілі сродкі. Але, на жаль, пакуль няма выніку", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў студзені былі нарэшце адобраны два праекты на $17 млн - выпуск стрэлак для чыгунак і кабін для камбайнаў. "Аж смешна называць гэтыя праекты. Патрэбны больш рашучыя крокі па стварэнні перадавых вытворчасцей, асабліва ў сферах засілля заходніх карпарацый: фармацэўтыка, авія-, суднабудаванне, аўтамабілебудаванне, мікраэлектроніка", - перакананы беларускі лідар.

Трэцяе. Харчовая бяспека

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без харчовай бяспекі не можа існаваць ні адна з краін. Паводле яго слоў, у гэтым годзе ў краінах ЕАЭС выявілася трывожная сітуацыя, калі для стабілізацыі цэн па асобных таварах даводзіцца прыадкрываць рынак для імпарту. Аднак, лічыць Прэзідэнт, для ўстаранення праблемы індыкатыўнага планавання недастаткова.

"Дарэчы, па тых таварах, якія мы з лішкам можам вырабляць у сябе і прадаваць па ўсім свеце. Камісіі трэба падумаць над варыянтамі сістэмнага вырашэння, каб не займацца мітуснёй і надзвычайшчынай, забяспечваючы людзей агароднінай, яблыкамі, сметанковым маслам, цукрам, мясной прадукцыяй", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што пералік задач ЕАЭС можна прадаўжаць. Так, патрэбны вынік у пытаннях лічбавага развіцця - той жа праславуты электронны подпіс павінен нарэшце пачаць працаваць. Неабходна больш актыўна заняцца і тэматыкай агульнай біржавой прасторы. Паставіць кропкі над i ў асобных пытаннях у сферы тэхнічнага рэгулявання.

"Разам з тым такая дэталізацыя на ўзроўні лідараў краін не павінна падмяняць ініцыятыўную работу нашай эканамічнай камісіі. Аб гэтым вельмі шмат сёння гаварылі: аб эфектыўнасці, аб штатным раскладзе, аб заработнай плаце членаў ЕЭК. І прынялі па гэтых пытаннях рашэнне. У гэтым плане лакмусавай паперкай стане якасная падрыхтоўка камісіяй дарожнай карты па рэалізацыі дэкларацыі "Еўразійскі эканамічны шлях", як мы яе называем, ЕАЭС 2.0. Таксама паказальным будзе дастойнае завяршэнне работы па Стратэгічных напрамках развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Асаблівая ўвага была гэтаму ўдзелена. Мы вычленілі паўтара дзясятка з трох соцень (задач. - Заўвага), якія мы павінны абавязкова да канца года вырашыць. Такое запэўненне з боку камісіі мы атрымалі", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт разлічвае, што на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў канцы бягучага года прагучыць грунтоўны даклад Старшыні Калегіі ЕЭК.

"Беларусь мае намер прыкладаць усе намаганні для пашырэння ідэй еўразійскай эканамічнай інтэграцыі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У час пасяджэння ў пашыраным фармаце таксама выступілі запрошаныя госці - кіраўніцтва краін - наглядальнікаў і партнёраў ЕАЭС.

Па выніках саміту быў падпісаны шэраг унутраных і міжнародных дакументаў. У прыватнасці, было заключана часовае гандлёвае пагадненне паміж дзяржавамі - членамі Еўразійскага эканамічнага саюза і Манголіяй, а таксама пагадненне паміж ЕАЭС і ААЭ аб эканамічным партнёрстве.

Наступнае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета было вырашана правесці ў Расіі ў канцы года. Па традыцыі гэта будзе нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў. У 2026 годзе старшынства ў ЕАЭС пераходзіць Казахстану, таму афіцыйны саміт у наступным годзе пройдзе на яго тэрыторыі.

Завяршаючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды рады бачыць партнёраў па ЕАЭС. Прэзідэнт таксама выказаў удзячнасць усім, хто прымаў удзел у арганізацыі гэтага саміту.