Удзел у пасяджэнні ў фармаце "ШАС плюс"
- 8
- 10:28
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 верасня прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у фармаце "ШАС плюс".
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў Старшыні КНР за цёплы і сардэчны прыём, найвышэйшы ўзровень арганізацыі сумеснай работы, а таксама павіншаваў Кітай з паспяховым старшынствам у ШАС.
Прэзідэнт адзначыў, што дзякуючы паслядоўнай і выверанай рабоце пад кіраўніцтвам кітайскага боку на працягу года ў рамках арганізацыі праведзена больш за сотню мерапрыемстваў рознага ўзроўню і фармату. "Гэта значна ўмацавала ўзаемадзеянне ўнутры ШАС і садзейнічала пашырэнню палітычных, эканамічных і гуманітарных сувязей паміж краінамі-членамі", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова падключыцца да ініцыятывы Кітая па глабальным кіраванні.
"Паважаны спадар Сі Цзіньпін, Вы толькі што вылучылі глабальную сваю чацвёртую ініцыятыву, якую Вы назвалі "глабальнае кіраванне". Мы цалкам у Беларусі падтрымліваем Вашу ініцыятыву. І перш за ўсё за тое, што гэта ініцыятыва грунтуецца выключна на раўнапраўі і справядлівасці. Гэта тое, чаго сёння вельмі не хапае ў развіцці міжнародных адносін. Ад паважанага Старшыні Сі мы пачулі дакладную ацэнку сітуацыі і ключавыя прынцыпы, абапіраючыся на якія можна вырашаць рэальныя праблемы краін і народаў: суверэнную роўнасць, прымат міжнароднага права, шматбаковасць. Мы гатовы падключыцца да гэтай ініцыятывы і ў ШАС, і на пляцоўцы ААН", - сказаў беларускі лідар у сваім выступленні.
Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Лаос з падключэннем да ШАС у статусе партнёра па дыялогу.
Прэзідэнт Беларусі на пасяджэнні павіншаваў усе міралюбныя дзяржавы з 80-годдзем агульнай Перамогі ў Другой сусветнай вайне. "Гэта падзея стала паваротным момантам у глабальнай гісторыі. Мы заплацілі высокую цану дзеля свабоды і міру. Для Беларусі, якая страціла кожнага трэцяга жыхара ў гады апошняй вайны, захаванне гістарычнай памяці і павага да подзвігу пераможцаў - маральны абавязак і найважнейшы элемент нацыянальнай ідэнтычнасці", - адзначыў беларускі лідар.
"Цяпер, калі гісторыю спрабуюць сказіць, а гераізм нашых продкаў - аддаць забыццю, мы асабліва выразна ўсведамляем: памяць аб Перамозе - гэта фундамент, на якім павінен будавацца сучасны светапарадак", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Тэма пасяджэння ў фармаце "ШАС плюс" - увасабленне ў жыццё шматбаковасці, забеспячэнне рэгіянальнай бяспекі і садзейнічанне ўстойліваму развіццю.
Прэзідэнт працытаваў Канфуцыя, які гаварыў: "Калі ты хочаш змяніць свет, пачні з сябе". У гэтым плане Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу ўдзельнікаў саміту на шэраг асноўных прынцыпаў і прыярытэтных напрамкаў сумеснай работы ў "сям'і ШАС" па стварэнні ўмоў для рэгіянальнай бяспекі і ўстойлівага развіцця.
Пра шматбаковасць
"Мы перакананы, што толькі праз сапраўдную шматбаковасць і раўнапраўнае партнёрства, заснаваныя на ўзаемнай выгадзе, можна выбудоўваць міжнародныя адносіны", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Нашы агульныя мэты павінны ўвасабляцца ў канкрэтных праектах, кааперацыйных ініцыятывах і выніках, якія будуць адчувальныя выключна для ўсіх", - заклікаў беларускі лідар.
Пра забеспячэнне рэгіянальнай і глабальнай бяспекі
"Мір на еўразійскай прасторы павінен быць не марай або лозунгам, а рэальнасцю. Любыя аднабаковыя агрэсіўныя дзеянні, накіраваныя супраць суверэнных дзяржаў, недапушчальны і небяспечны. Яны дэстабілізуюць абстаноўку і падрываюць асновы міжнароднага права. Асабліва хачу падкрэсліць, што мы такія канфлікты ні ў якім разе не павінны правакаваць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён выступіў за ўдасканаленне механізмаў ШАС па процідзеянні пагрозам і выклікам бяспецы, а таксама за ўзмацненне каардынацыі па лініі спецслужбаў і абаронных ведамстваў. Беларусь падтрымлівае ініцыятывы ШАС па сумеснай барацьбе з тэрарызмам, кіберпагрозамі, транснацыянальнай злачыннасцю.
"Менавіта краінам, якіх аб'ядноўвае "шанхайскі дух", пад сілу адыгрываць актыўную ролю ў прадухіленні канфліктаў і пашырэнні мірнага дыялогу", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Пра ўстойлівае развіццё як аснову стабільнасці ў рэгіёне
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь няўхільна прытрымліваецца глабальнага парадку дня ўстойлівага развіцця: "Мы ў ліку першых інтэгравалі Мэты ўстойлівага развіцця ААН у нацыянальную стратэгію з фокусам на чалавечы капітал, устойлівую эканоміку, экалагічную раўнавагу і лічбавую трансфармацыю".
Пра харчовую бяспеку
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што без харчовай бяспекі ні ў адной краіне не можа быць ніякай стабільнасці.
Што датычыцца Беларусі, яна поўнасцю забяспечвае сябе прадуктамі харчавання і займае высокія пазіцыі ў сусветным рэйтынгу экспарцёраў асноўных груп харчовых тавараў. Айчынная прадукцыя пастаўляецца ў больш як 100 краін свету.
Пра сумеснае развіццё праз індустрыяльны і навукова-тэхнічны патэнцыял
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь мае развітую прамысловую базу і кваліфікаваныя кадры, і заклікаў да паглыбленай прамысловай кааперацыі ў рамках "шанхайскай сям'і". "Прапануем развіваць сумесныя вытворчасці, абменьвацца сучаснымі тэхналогіямі, пашыраць супрацоўніцтва ў сферах машынабудавання, сельскагаспадарчай тэхнікі, транспарту, медыцыны, робататэхнікі і штучнага інтэлекту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён яшчэ раз падзякаваў Кітаю за вялікую дапамогу па развіцці гэтых перспектыўных напрамкаў.
"Выступаем за стварэнне навукова-тэхналагічных платформ, даследчых цэнтраў і адукацыйныя абмены ў рамках ШАС", - прапанаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь як паўнапраўны член ШАС і надзейны партнёр гатова дзяліцца вопытам, браць на сябе адказнасць і актыўна ўдзельнічаць у развіцці "шанхайскай сям'і". Ён асабліва адзначыў, што Беларусі, яе народу і Прэзідэнту быў аказаны найвышэйшы давер стаць паўнапраўным членам ШАС. Гэта адзіная краіна - член аб'яднання, тэрыторыя якой поўнасцю размешчана ў Еўропе.
"Запэўніваю вас, што мы будзем заўсёды прыхільныя да прынцыпаў ШАС і вы да нас ніколі не будзеце мець ніякіх прэтэнзій. Мы перакананы, што толькі праз павагу, раўнапраўе і салідарнасць зможам умацаваць рэгіянальную бяспеку, забяспечыць устойлівае развіццё і дастойную будучыню для народаў нашых краін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што на саміце ШАС шмат гаварылася аб шматпалярнасці і аб тым, што "вось-вось заўтра яна прыйдзе". "Ды не, гэта шматпалярнасць ужо і не стукае ў дзверы. Яна прыйшла ўжо. І наша пасяджэнне на радзіме нашай Арганізацыі сведчыць аб тым, што гэта шматпалярнасць настала, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - ШАС і БРІКС становяцца сур'ёзнай процівагай. Не на шкоду іншым арганізацыям - і "Сямёркам", і "Дваццаткам" і гэтак далей. Мы ні ў якім разе нават не збіраемся канкурыраваць з імі. Хоць жыццё прымусіць. Мы працуем у імя нашых народаў".
"Гэта магутны полюс на нашай планеце. Мы павінны зрабіць усё, каб не падмануць людзей нашай планеты і не знішчыць тую надзею, якую народы маюць, гледзячы на нашы арганізацыі. Перш за ўсё Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва", - дадаў беларускі лідар.
На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў Кыргызстан з прыняццем старшынства ў ШАС на наступны перыяд і запэўніў ва ўсямернай падтрымцы з боку Беларусі.


