Удзел у IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы

  • 29
  • 59:18

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада прыняў удзел у рабоце IV Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы. Кіраўнік дзяржавы выступіў з прамовай, у якой падрабязна ахарактарызаваў абстаноўку ў рэгіёне і свеце, выказаўся аб шляхах вырашэння існуючых канфліктаў.

Перад афіцыйнай часткай свайго выступлення беларускі лідар сказаў крыху пра асабістае. Ён нагадаў, што ў сваёй прафесійнай дзейнасці яшчэ ў савецкія часы на прафесійнай аснове быў прапагандыстам, часта выступаў з лекцыямі: "Я бачыў вялізныя аўдыторыі, многіх людзей. Будучы Прэзідэнтам, праз мае рукі прайшлі лёсы многіх тысяч чалавек".

Тым не менш, прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, падыходзячы да залы, злавіў сябе на думцы, што ніколі так не хваляваўся і не перажываў за свой удзел ні ў адной канферэнцыі, як у гэтай. "І гэта не ўпершыню. Аб чым гэта сведчыць, мяркуйце самі. Але такое асабістае пачуццё ў мяне ёсць", - сказаў ён.

Апярэджваючы сваё выступленне, Прэзідэнт адзначыў, што выкладзеныя ў ім тэзісы - гэта не толькі яго асабістае меркаванне, але таксама меркаванне беларускай дзяржавы ў цэлым. Краіны, якая знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў свеце часта аб той ці іншай ініцыятыве мяркуюць у залежнасці таго, якое месца дзяржава займае ў свеце: "Колькі ў цябе насельніцтва, якая краіна па памеры, які ў цябе ВУП і наколькі ты як краіна можаш гучаць у СМІ".

У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь не з'яўляецца вялізнай краінай і па пералічаных вышэй крытэрыях не аказвае сур'ёзнага ўплыву ў свеце на вырашэнне тых ці іншых пытанняў. Тым не менш, кожная краіна мае свой голас і сваё меркаванне.

Пра якасць дыялогу на Мінскай канферэнцыі

Прэзідэнт прывітаў на форуме замежных і беларускіх прадстаўнікоў. "Варты ўвагі факт. У гэтай зале знаходзяцца кіраўнікі рабочых органаў усіх ключавых рэгіянальных арганізацый: ШАС, АДКБ, СНД. І ўпершыню наша сустрэча выклікала вялікую цікавасць на высокім узроўні ў АБСЕ", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Увага да нашай з вамі работы расце. І справа нават не ў павелічэнні колькасці ўдзельнікаў. Справа ў якасці дыялогу: ён становіцца ўсё больш прадметным. Адкрыта абмяркоўваюцца любыя праблемы, забаронных тэм для нас няма. Або хацелася б, каб іх не было. Кожны год мы стараемся зрабіць нашу канферэнцыю актуальнай, карыснай і максімальна насычанай. Пры гэтым само жыццё падказвае нам сюжэты парадку дня мерапрыемства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра жаночы голас у пытаннях міру

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму на тэматычную сесію канферэнцыі аб ролі жанчын ва ўмацаванні міру, бяспекі і ўстойлівым развіцці.

"Калі мужыкі не могуць справіцца, трэба жанчын падключаць. Дакладчыкамі будуць толькі жанчыны. Мяркую, усім будзе карысна пачуць іх думкі аб тым, як стрымаць раскручванне махавіка насілля і спыніць мілітарызацыю планеты. Бо менавіта жанчыны - захавальніцы жыцця, ім бліжэй стварэнне, а не канфрантацыя. І ў Беларусі не выпадкова аб'явілі 2026 год Годам беларускай жанчыны. Лічым, што жаночы голас у пытаннях міру павінен гучаць мацней", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ад бягучай канферэнцыі чакаюць свежых ідэй на прадмет таго, як знізіць канфліктны патэнцыял, які дасягнуў крытычнай кропкі.

Пра агульную Еўразію і непадзельную бяспеку

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за ходам Мінскай канферэнцыі сочаць на Захадзе і многія хацелі б на ёй пабываць, але ім перашкаджае страх адарвацца ад заходняга мэйнстрыму. "Скажу адразу: мы не праводзім раздзяляльныя лініі і не прычэпліваем ярлыкі, а сумленна і адкрыта гаворым аб нашым успрыманні праблем. У адказ жа хочам пачуць галасы тых, каму неабыякава будучыня Еўразіі і светаўладкаванне. Наша мэта - каб усе зразумелі: Мінская канферэнцыя - аб'яднальны форум", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Ці нехта думае, што ў Захаду свая Еўразія, а ва Усходу - свая? Еўразія - гэта суперкантынент, калыска вялікіх цывілізацый і сусветных рэлігій з тысячагадовым вопытам узаемадзеяння розных культур і народаў. Сёння ў Еўразіі сканцэнтраваны буйнейшыя рэсурсы планеты і жыве большасць яе насельніцтва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Менавіта тут б'ецца сэрца сучаснага свету. І ад таго, як будзе развівацца Еўразія, залежыць мір, які без страху і сумненняў мы перададзім нашым дзецям".

"Мы - за агульную Еўразію. І еўразійская бяспека - агульная і непадзельная. Адказнасць за яе таксама агульная, таму што паасобку яе паўнацэнна не забяспечыць ніхто - ні Захад, ні Усход. Тут няма альтэрнатывы!" - падкрэсліў беларускі лідар.

Пра бяздзейнасць у ААН і АБСЕ

Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер сіла міжнароднага права пры патуранні і з маўклівай згоды міжнародных інстытутаў пакуль поўнасцю ўступае праву сілы.

"У першую чаргу гэта датычыцца ААН. Пры ўсёй павазе да гэтай арганізацыі - шмат гаворыцца, але практычна нічога не робіцца. У свой час Ліга Нацый, на змену якой прыйшла ААН, распалася па прычыне сваёй няздольнасці прадухіліць Другую сусветную вайну. Баюся, што ААН прызначана тая ж роля. Не хацелася б", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што цяпер у апараце арганізацыі верхаводзяць заходнія чыноўнікі, а таму нядзіўна, што яе парадак дня не адпавядае інтарэсам глабальнай большасці. "Пануюць разгубленасць і нявызначанасць, а ад духу салідарнасці не засталося і следу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ва ўмовах крызісных з'яў на пляцоўцы ААН, якая з'яўляецца міжнароднай універсальнай арганізацыяй, краіны ўсё больш імкнуцца да рэгіянальных аб'яднанняў, дзе можна вырашыць праблемы разам з аднадумцамі. Прэзідэнт пры гэтым заявіў аб сваім жаданні сказаць пра рост значэння ШАС, БРІКС, ЕАЭС і іншых такіх міжнародных платформ, але гэтага сцвярджаць пакуль нельга. "Гэтага я сказаць не магу. Там таксама вялацякучы нейкі парадак дня і паводзіны яго членаў. Аб гэтым я гаварыў на адным з пасяджэнняў ШАС", - заўважыў Прэзідэнт.

Ён таксама выказаўся аб ролі АБСЕ. "Гэта структура магла б нармальна працаваць, калі б ёй дазволілі. Яна ж нарадзілася з Хельсінкскага працэсу, з той самай ідэі роўнага дыялогу. Пляцоўка арганізацыі дала магчымасць многім краінам гучна і ўпэўнена заявіць пра сябе і свае нацыянальныя інтарэсы на ўвесь свет, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але эйфарыя была нядоўгай і хутка змянілася перыядам нестабільнасці, геапалітычных узрушэнняў, перакройкі граніц і крывавых канфліктаў. Спачатку ў Югаславіі, а затым на прасторы былога Савецкага Саюза. Замест роўнага дыялогу прыйшоў палітычны, эканамічны і ваенны дыктат з боку так званых развітых дэмакратый".

"Адсюль сённяшняе становішча АБСЕ - далёка на задворках не толькі сусветных, але і еўрапейскіх працэсаў", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў шчырае імкненне некаторых краін выратаваць арганізацыю і ў цэлым ідэю разрадкі, так неабходную Еўропе. "Гэта ідэя была і застаецца разумнай. Яе можна і трэба адрадзіць. Таму Беларусь прапануе аб'яднальны парадак дня, - сказаў Прэзідэнт. - Пытанняў для ўключэння ў яго шмат, мы іх бачым. Гэта як мінімум кантроль над узбраеннямі, лёгкая і стралковая зброя, міны і да таго падобнае. Тэмы, жыццёва важныя для ўсёй прасторы АБСЕ і патрабуючыя самага грунтоўнага абмеркавання. І тады арганізацыя, як і задумвалася, стане прыкладам у глабальным кантэксце".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "У нашым доме ідзе вайна. Я сустракаўся з Генеральным сакратаром АБСЕ, яны гэта там разумеюць - усе чыноўнікі, якіх мы туды пасадзілі і плацім ім грошы. Яны гэта разумеюць, але нічога зрабіць не могуць".

У ліку тэм, якія Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў на сустрэчы з Генеральным сакратаром АБСЕ Ферыдунам Сінірліаглу былі і сёлетнія выбары ў ЗША, "куды АБСЕ на парог не пусцілі". "З задавальненнем яны прыязджаюць да нас, у Расійскую Федэрацыю, загадзя рыхтуюць даклады. І потым няважна, як гэтыя выбары прайшлі, яны зрабілі сваю заяву. Назавём любую цяпер краіну, мы ведаем, што скажа АБСЕ. Лічыце, сакратарыят. Таму што кіраўнікі МЗС наўрад ці прынялі б адпаведнае рашэнне - прымаецца ўсё ж такі кансэнсусам.  Кіраўнікі дзяржаў не збіраюцца і не збіраліся - баяцца адзін аднаго. Значыць, чыноўнікі напісалі даклад, зачыталі", - заўважыў Прэзідэнт.

Вяртаючыся да выбараў у ЗША і да таго, што прадстаўнікі АБСЕ не былі дапушчаны да назірання за імі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін бок пытання: "А чаго на парог у Амерыку пускаць, калі мы ва ўласным доме (ідзе вайна, іншыя канфлікты, узбраенні) парадак навесці не можам? Чаго мы ў Амерыку лезем?"

"А з іншага боку, амерыканцы з АБСЕ да нас гатовы ў любы момант прыехаць і паказаць, дзе ў нас "пад плотам валяюцца" правы чалавека", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Пра "новую нармальнасць" і перадзел у свеце

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што НАТА стала агрэсіўным блокам з ваенным патэнцыялам наступальнага характару. "Заходнія краіны не стамляюцца страшыць сваё насельніцтва, асабліва цяпер, надуманай пагрозай з усходу. Рыхтуючыся нібы да вайны з Расіяй у 2030 годзе, Захад наўрад ці сур'ёзна ўсведамляе, якое гэта будзе ваеннае сутыкненне, - сказаў Прэзідэнт. - Яшчэ раз падкрэслю: мы, расіяне і беларусы, не збіраемся ні на каго нападаць або з некім ваяваць. Наш прынцыповы падыход - дыялог і супрацоўніцтва".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што свет ніколі раней не мяняўся так імкліва: "новая нармальнасць", як прынята называць глабальную сітуацыю, стала ненармальнасцю на грані хаосу.

"Ступень канфрантацыі паміж буйнымі дзяржавамі дайшла да мяжы. Давер - на нулі. Напружанасць ужо такая, што бударажыць кожную краіну і кожнага чалавека. Стары светапарадак рассыпаўся на вачах, новы не сфарміраваўся. Механізмы забеспячэння бяспекі ў выглядзе кантролю над узбраеннямі і мер даверу фактычна разбураны. Не працуе сістэма стрымліванняў і проціваг, якая ў перыяд халоднай вайны дапамагла не скаціцца ў бездань глабальнага ядзернага канфлікту", - ахарактарызаваў Прэзідэнт цяперашнюю абстаноўку ў свеце.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяпер прадаўжаецца перадзел свету. "Асноўная прычына гэтага - паклаўшы руку на сэрца - барацьба за рэсурсы і безадказная канкурэнцыя, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Дзякуй Трампу за тое, што ён гэта яўна паказаў".

У пацвярджэнне сваіх слоў Кіраўнік дзяржавы прывёў падзеі ў шэрагу краін. Адна з іх - Венесуэла. "Выкраданне Прэзідэнта Мадуры. Навошта? Некаму патрэбна нафта? Ну там сапраўды вялікія запасы. З падачы тых жа амерыканцаў я быў уключаны да захопу Прэзідэнта Венесуэлы ў гэты працэс. І можна было без усялякай гэтай дурасці, без захопу Прэзідэнта (ганьба ў сучасным свеце) вырашыць усе праблемы. У тым ліку і нафтавыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Венесуэле ў асноўным здабываецца цяжкая нафта, і менавіта на такой сыравіне спецыялізуюцца НПЗ у ЗША. Гэта разумелі і ў Венесуэле. "Таму можна было супрацоўнічаць, - упэўнены Прэзідэнт. - Не - "гераічна" напалі на краіну ноччу, захапілі Мадуру. Няхай, лёс наш, прэзідэнтаў, такі. А жонка ў чым вінавата? І цяпер не ведаюць, што з гэтым рабіць. Таксама папярэджваў: "Вы яго схапілі, але вы падумалі аб тым, што будзе заўтра, як выкручвацца з гэтай сітуацыі?"

Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і пра нядаўнія падзеі ў Іране: "Для чаго разбамбілі краіну і забілі яе вярхоўнага лідара разам з сям'ёй? Зноў прычына тая ж - Іран багаты на рэсурсы, хопіць на дзесяцігоддзі наперад".

"Наступная Куба?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

"Мы добра ведаем, што там адбываецца. Няўжо нехта чакае ад кубінцаў агрэсіі? Упэўнены, што не. Проста не падабаецца само існаванне Вострава свабоды і тая палітыка, якую праводзіць кіраўніцтва краіны. З Кубай трэба дамаўляцца і выбудоўваць нармальныя адносіны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра ролю Трампа ў прадухіленні трэцяй сусветнай вайны

"Я не дарэмна тут так часта гавару пра амерыканцаў. Хоць яны і не ў нашым рэгіёне, ад іх залежыць многае. Палітыка Прэзідэнта Трампа палярызуе свет і выклікае, што тут скрываць, слушную крытыку, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Але ж Трамп сваімі дзеяннямі, няхай і супярэчлівымі, па сутнасці, утрымлівае пакуль свет ад трэцяй сусветнай вайны, якая можа шугануць у ядзерным фармаце. І за якіянам ад гэтага ўжо не схаваешся".

Прэзідэнт канстатаваў, што ў Еўропе з боку некаторых "ястрабаў" ёсць жаданне паэксперыментаваць і пагуляць у вайну. "Яны хочуць пакараць мяне і Пуціна. Ведаеце, чаму. Ну нас проста пакараць, з аднаго боку. Але што гэта дасць іх дзяржавам і народам?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Ды ўжо толькі для таго, каб Трамп не дазволіў еўрапейцам развязаць ядзерны канфлікт, яму варта даць прэмію міру. Няхай бы ён атрымаў гэту прэмію. Хоча чалавек - трэба даць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Сам таго не разумеючы, ён сапраўды стрымлівае матухну-Еўропу ад трэцяй сусветнай вайны, якая можа закончыцца ядзерным канфліктам".

Пры гэтым наконт самой прэміі Прэзідэнт выказаўся скептычна: "Калі б мне гэту прэмію прапанавалі або Сяргею Лаўрову (міністр замежных спраў Расіі. - Заўвага БЕЛТА), мы сапраўды адмовіліся б ад яе. У тым шэрагу ўжо сорамна знаходзіцца".

Пра канфлікт ва Украіне і магчымасці яго хутчэйшага завяршэння

Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае важнасць як мага хутчэйшага завяршэння канфлікту ва Украіне. Ён бачыць перадумовы для хуткага спынення ваенных дзеянняў, паколькі ўсе бакі ад гэтага ўжо стаміліся.

"Калі цяпер не спыніцца ва Украіне, як гэта той жа Трамп прапануе (няважна, па якіх прычынах, розніца тут невялікая - па ўнутраных амерыканскіх прычынах або яшчэ па якіх-небудзь), калі мы не спынімся, а пойдзем па шляху эскалацыі, мы прыйдзем дакладна да трэцяй сусветнай вайны. Ну а чым яна скончыцца, ужо ўслых гавораць і вялікія палітыкі. А за акіянам ад ядзернага ўдару не схаваешся. Таму Трамп робіць вялікую справу", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Расія цяпер ва Украіне ваюе практычна супраць усяго Захаду. "Я не паўтараю нейкія наратывы - расійскія або яшчэ нечыя. Мы гэта добра ведаем. Я добра аб гэтым інфармаваны, аж да тых галасоў, якія ў акопах раздаюцца з боку некаторых заходніх дзяржаў. На жаль, не толькі заходніх. Там і з Азіі, і з Афрыкі ёсць людзі - грошы зарабляюць на крыві", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што лепш дамовіцца аб міры раней, чым пазней, таму што ўсё роўна калісьці давядзецца гэта зрабіць.

"Я не сказаў бы, як многія журналісты гавораць, што ва Украіне цяпер мясарубка. Не. Але гіне шмат людзей з аднаго і з другога боку. Нам гэта трэба? Нікому гэта не трэба. Таму трэба і гордасць сваю некуды схаваць, і разумець, што можа быць заўтра", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на непрадказальнасць вайны і яе наступстваў. У гэтых умовах тыя ці іншыя інтарэсы асобных краін, пра якія яны клапоцяцца, могуць рассыпацца на працягу аднаго дня: "Вайна спецыфічная і небяспечная яшчэ і тым, што могуць быць страшныя любыя павароты. Вось мы цяпер ацэньваем сітуацыю, у тым ліку ва Украіне, на Блізкім Усходзе і гэтак далей, зыходзячы з таго, што мы цяпер разумеем і як мы ацэньваем усё гэта. Але ж заўтра могуць адбыцца (у гэтым сутнасць ваенных дзеянняў і вострых канфліктаў) такія падзеі, якія назад могуць павярнуць сітуацыю ў той жа Украіне і на Блізкім Усходзе".

"І калі нехта сёння збоку пазірае на гэтыя падзеі і думае адседзецца, заўтра можа здарыцца так, што не адседзімся. Таму мы дакладна разумеем: каб гэтага небяспечнага павароту не адбылося, трэба спыніцца", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. Зала сустрэла гэтыя словы апладысментамі.

"Нідзе не трэба нічога нагнятаць. Хопіць усім нафты, газу і іншых рэсурсаў. Трэба дамовіцца хаця б аб простым. Трэба перастаць страляць, трэба размаўляць адзін з адным. Не хочаце ў Мінску, давайце ў любой іншай краіне. Мы з задавальненнем прыедзем туды шырокай дэлегацыяй", - дадаў беларускі лідар.

"Павінен сказаць, што вайна ва Украіне ў бліжэйшыя месяцы будзе закончана. Гэта маё асабістае меркаванне. Усё: сіл няма і рэсурсаў няма, стаміліся ўсе, - заявіў беларускі лідар. - Калі я кажу пра рэсурсы, гэта не значыць, што не хапае недзе нейкіх рэсурсаў. У Расіі іх дай бог, на ўвесь свет хопіць. Я не пра гэтыя рэсурсы. Рэсурсаў няма ў галовах ужо. Усе стаміліся ад гэтай вайны".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нарэшце гэта пачалі разумець нават у Еўропе, з боку якой у асноўным адбывалася эскалацыя. Ён нагадаў, што ў 2022 годзе гэта процістаянне магло закончыцца на працягу некалькіх тыдняў або нават дзён, і Беларусь прыклала да гэтага нямала намаганняў: "Але заходнія "сябры" Кіева запатрабавалі ваяваць "да апошняга ўкраінца", начыніўшы нашу паўднёвую суседку зброяй. Мы гэта бачылі, каля нашых граніц ішлі гэтыя патокі. Рэальны шанц дасягнуць міру і выратаваць тысячы жыццяў быў страчаны".

Для аднаўлення мірных перагавораў Прэзідэнт гатовы ў любы момант зноў прадаставіць мінскую пляцоўку. Пры гэтым адным з бакоў перагавораў павінна стаць і сама Беларусь.

"Гатовы і далей уносіць рэальны ўклад ва ўрэгуляванне канфлікту і мінімізацыю яго наступстваў. Альтэрнатывы мірнаму вырашэнню ўсё роўна няма, - падкрэсліў беларускі лідар. - Калі хочаце дамовіцца (я звяртаюся да тых, хто хоча дамовіцца), калі ласка, прыязджайце. Прыязджайце ў Мінск. У любым месцы - у "Прэзідэнт-Атэлі", у Палацы Незалежнасці - усё аддаю. Прыходзьце, як гэта некалі было, будзем дамаўляцца".

"Не "дамаўляйцеся", а "будзем дамаўляцца". Таму што мы ўцягнуты ў гэты ўкраінскі канфлікт, нашы інтарэсы ў гэтых мірных перагаворах вельмі сур'ёзныя. Прыходзьце, будзем размаўляць. Без усякага пасрэдніцтва. Я не хачу іграць гэту ролю пасрэдніка. Тым больш што нашы інтарэсы ў гэтых перагаворах значныя, сур'ёзныя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пасля канфлікту Украіну трэба будзе аднаўляць: "Ніякі Захад Украіну аднаўляць не будзе. Украінцы павінны разумець, што мы, расіяне і яны вымушаны будзем аднавіць Украіну і зрабіць усё, каб народы пра гэта забылі".

Прэзідэнт упэўнены, што прымірэнне народаў магчыма. Ён нагадаў, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, а ўсяго за вайну загінулі каля 30 млн савецкіх людзей. "Менш за стагоддзе прайшло, і мы з немцамі неяк наладзілі адносіны, неяк мы з імі супрацоўнічалі і зусім нядрэнна, асабліва Расія, калі разваліўся Савецкі Саюз. Чаго яшчэ не хапала? Ну нічога, не доўга засталося цярпець, каб немцы нарэшце абсалютна ўсе зразумелі, што яны страцілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра паспяховы прыклад гуманітарнай місіі ў Алешках

Прэзідэнт расказаў аб удзеле краіны ў гуманітарнай місіі ў Алешках. "Расіяне з украінцамі малайцы, дамовіліся па Алешках, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ў гэта былі ўключаны. Украінцы адкрыта заявілі: "Мы прымем адтуль (з Алешак. - Заўвага) людзей толькі з тэрыторыі Беларусі". Гасподзь з вамі. Пуцін патэлефанаваў, кажа: трэба гэта зрабіць, дапамажы. Я гавару: "Не пытанне. Калі ласка. У Гомелі прымем, накормім, падлечым, адправім куды трэба".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на ролю ўпаўнаважаных па правах чалавека Расіі і Украіны Яны Лантратавай і Дзмітрыя Лубінца ў гуманітарнай місіі ў Алешках. "Вось усе кажуць: што рабіць, што рабіць (для мірнага ўрэгулявання канфлікту. - Заўвага)? Не трэба выдумляць - на іх паглядзіце, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Іх кантакты даўнія, яны вядуць перагаворы. Яны цяпер на вастрыі апынуліся па волі лёсу".

"Давайце будзем рабіць тое, што яны цяпер зрабілі, - расіянка і ўкраінец. У гэтым напрамку трэба рухацца. Трэба пашыраць такія калідоры і шукаць такія кропкі, дзе можна ісці на дээскалацыю", - заявіў беларускі лідар.

Пра наступствы спроб уцягвання Беларусі ў вайну

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ў Беларусі хочуць хутчэйшага мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. "Кровапралітнае процістаянне, у якое аказаліся ўцягнуты два братэрскія нам народы, адбываецца непасрэдна каля нашай граніцы. І, я павінен сказаць, не каля граніцы, а ўжо (не буду называць факты) на тэрыторыі Беларусі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Некаму хочацца ўцягнуць Беларусь у гэту вайну і развязаць эскалацыю. Але ўцягванне Беларусі ў вайну - гэта не проста эскалацыя, а страшны новы ўзровень гэтай вайны. Мы робім усё для таго, каб не ўлезці ў гэту вайну".

"Прэзідэнт Расіі займае такую ж пазіцыю. Ён гэта разумее. Як ён мне сказаў: "У мяне няма ніякай мэты, каб заўтра Беларусь была ўцягнута ў гэту вайну", - расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта не трэба ні Расіі, ні тым больш Беларусі, таму што працягласць лініі фронту ў такім выпадку павялічыцца на паўтары тысячы кіламетраў: "Мы разумеем, што гэта будзе страшная эскалацыя, вельмі небяспечная і вельмі нявыгадная для нас. Дык навошта ўлазіць у тое, што заўтра табе ніякага станоўчага выніку не дасць? І потым, мы ж разумеем, што калі мы ўступаем у вайну, то ўвесь блок НАТА пад гэтай маркай таксама пачне супраць нас ваяваць. А гэта Польшча, Літва, Латвія і туды далей - яшчэ 2 тыс. кіламетраў граніц. Каму гэта трэба?"

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што і беларускі народ не хоча быць уцягнутым у вайну. "Для таго я і Прэзідэнт, каб зыходзіць з волі і жадання беларускага народа. Чые ж я інтарэсы павінен прадстаўляць? Папракаць мяне ў гэтым не трэба. Ні адзін народ, якія вы (удзельнікі форуму. - Заўвага) прадстаўляеце тут, на гэтай канферэнцыі, не хоча быць уцягнутым у канфлікт", - заўважыў беларускі лідар.

Беларусь ніколі не напрошвалася ў пасрэднікі, але сёння робіць усё магчымае, каб мінімізаваць жахі вайны. Праводзіць абмены ваеннапалоннымі, перадачу цел загінулых, рэпатрыяцыю грамадзянскага насельніцтва ў абодва бакі. Прадаўжае прымаць у сябе ўкраінцаў, якія ўцякаюць ад вайны.

Пра розніцу ў адносінах да мігрантаў у Беларусі і на Захадзе

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, з пачатку ваенных дзеянняў у краіну прыбылі амаль паўмільёна грамадзян Украіны. "Мы вітаем. Дзякуй богу, ні адной заявы, ні аднаго выпадку, каб яны тут дрэнна сябе паводзілі. Яны ўцякалі ад вайны, гатовы былі жыць у любых умовах. Мы ім, як і беларусам, прадастаўляем жыллё. Асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе маем патрэбу ў людзях. Яны цудоўна працуюць. Многія знайшлі ў Беларусі другі дом. Іх дзецям - дзіцячы сад, адукацыя. Усё, як у нас. Усе яны  ўраўнаваны ў правах з беларусамі і маюць гарантыю работы, медыцынскіх паслуг і адукацыі", - сказаў Прэзідэнт.

"Мы хоць каму-небудзь сказалі пра бежанцаў, як цяпер выюць літоўцы, палякі, нашы суседзі: "Ах, міграцыя, Лукашэнка, лаві іх на граніцы!" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў сваю пазіцыю аб тым, што Беларусь ва ўмовах накладзеных на яе санкцый не збіраецца за ўласны кошт абараняць Еўрасаюз ад нелегальнай міграцыі. "Мы не будзем нікога лавіць. Тым больш, вы іх туды звалі. Ну дык прымайце іх і стварыце чалавечыя ўмовы", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусь прыязджаюць мігранты не толькі з Украіны, але, напрыклад, з Узбекістана, Туркменістана, дамаўляліся наконт гэтага і з Пакістанам. "Мы іх з задавальненнем прымаем. У нас таксама не хапае людзей. Але як беларусам, так і ім з першага ж дня: бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя, заработная плата. Без усялякіх абмежаванняў, як беларусам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ў нас жывуць. Так, бываюць нейкія выпадкі, бываюць нейкія там сутыкненні інтарэсаў, але яны жывуць".

Што датычыцца шэрага краін Еўрасаюза, там адносіны да мігрантаў зусім іншыя. "Калі вы іх будзеце абзываць публічна, ну дык такія гэта і будуць людзі. Гэта - людзі. Не жывёлы. А адносіны на Захадзе да іх, як да жывёл", - заўважыў Прэзідэнт.

У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў прыклад тых жа ўкраінцаў, якія прыехалі ў Еўрасаюз, ратуючыся ад вайны: "Дасведчаныя ж людзі. Хто туды збег з Украіны - дасведчаныя людзі, багатыя, з грашыма. Што сёння адбываецца: украінцы - гэта людзі другога сорту, пачынаюць даймаць іх. Яны ад вайны ўцякалі, вы іх прынялі. З радасцю прынялі. Ну дык знайдзіце з імі нармальныя адносіны".

Пра прычыны маштабных пратэстаў у ЕС і рээкспарт дэмакратыі

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у час папярэдняй канферэнцыі ў Мінску адкрыта папярэджваў аб тым, што імкненне ЕС падыходзіць да ўсіх пытанняў з пазіцыі сілы да дабра не давядзе. У тым ліку іх саміх.

"Што мы бачым ужо сёння? У Францыі, Бельгіі, Іспаніі, Італіі, Германіі маштабныя пратэсты, у Польшчы звар'яцелі. Моладзь заклікае старэйшае пакаленне апамятацца (калі такое было?). Укладваць грошы не ў зброю, а ў адукацыю. Але ж неадукаванымі лягчэй кіраваць! Я нават не гавару, як на прыкладзе гэтых пратэстаў сябе паказала хвалёная дэмакратыя і іх СМІ, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Дзяцей пакалечылі: хто без вока, хто без рукі. Тысячы кінуты ў турмы, збіраюцца забараніць сацсеткі, блакіраваць Інтэрнэт. Хіба гэта не палітзняволеныя? Горш! Цікава, ці збіраюцца Прэзідэнта Макрона і іншых кіраўнікоў краін Еўропы абкласці санкцыямі за парушэнне правоў чалавека і назваць дыктатарамі?"

"Хочацца спытаць у тых, хто так любіць займацца экспартам дэмакратыі ўласнага разліву ў іншыя краіны: вам самім падабаюцца такія праваабарончыя рэцэпты ў сябе дома, у квітнеючым садзе? Мяркуючы па ўсім, не. А насаджалі Арабскую вясну на Блізкім Усходзе і многае іншае пасля гэтага. Тое, што адбываецца цяпер на вуліцах еўрапейскіх гарадоў, вам нічога не нагадвае? Як вам рээкспарт дэмакратыі?" - прадоўжыў беларускі лідар.

Прадаўжаючы тэму, Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі з заходніх краін, у тым ліку да прадстаўнікоў дыпкорпуса: "Вы ўбачылі, наколькі небяспечна прэтэндаваць на манаполію трактоўкі правоў чалавека і падмяняць іх палітычнымі міфамі. Таму заклікаем да дыялогу, а не да шантажу і спекуляцый па такой важнай праблеме".

Прэзідэнт абазначыў сапраўдныя прычыны нарастаючых пратэстаў у Еўропе. Гэта эканамічныя і сацыяльныя праблемы, нястрымны рост цэн і тарыфаў, зніжэнне ўзроўню жыцця і бяспекі, разгул злачыннасці.

Ён звярнуў увагу, што цяпер у Еўропе ў наяўнасці дэіндустрыялізацыя грамадзянскіх галін. Коціцца пад адхон, напрыклад, аўтапрам Германіі, зусім яшчэ нядаўна лепшы ў свеце. "Паглядзіце, якія машыны цяпер у нас, у Расіі, у Азіі, ды і ўсюды. Самыя сучасныя кітайскія аўтамабілі. Еўрапейцы і амерыканцы гэтага хацелі? Не (яны аб гэтым гавораць адкрыта). І мы ў сябе ў Беларусі з задавальненнем збіраем аўтамабілі сумесна з Расіяй і Кітаем. Ты пайшоў з рынку - на тваё месца прыйшоў іншы. Так працуе эканоміка, і ніякія санкцыі гэтага не адменяць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Можна, вядома, сказаць: "Еўрапейцы займаюцца самаізаляцыяй, ну і няхай. У выніку Еўрасаюз толькі слабее". Але хацелася б спытаць у краін - заснавальніц ЕС: такім яны бачылі будучыню свайго аб'яднання, да гэтага яны імкнуліся?" - рытарычна спытаў Кіраўнік дзяржавы.

Саму задуму па стварэнні Еўрасаюза Прэзідэнт лічыць выдатнай, паколькі гэта арганізацыя магла б стаць адной з апор шматпалярнага свету, які ніхто не спыніць і пазбегнуць яго немагчыма. "Моцны, самадастатковы Еўрасаюз быў бы ў інтарэсах усіх. Мы не раз заклікалі да гэтага. Я, як чалавек, які даўно ў палітыцы, абсалютна ўпэўнены: заўтра яны (краіны ЕС. - Заўвага) будуць разам з Расіяй. Абставіны, жыццё іх да гэтага штурхае. Высокатэхналагічны Еўрапейскі саюз, вялізныя рэсурсы на ўсходзе іх да гэтага штурхаць будуць. Прыйдуць новыя людзі, якія зменяць гэту палітыку, - падкрэсліў ён. - Пакуль жа Еўропа вырашыла абносіць глухой агароджай свой ужо зусім не квітнеючы сад, спрабуючы стварыць ідэалагічна стэрыльнае грамадства пад лозунгамі ліберальнай дэмакратыі, але без лібералізму і без дэмакратыі".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у савецкі час крытыкавалі саюз за Берлінскую сцяну - загароду паміж Заходняй і Усходняй Германіяй. "А што яны цяпер робяць?" - спытаў Прэзідэнт з намёкам на будаўніцтва заходнімі суседзямі Беларусі рэальных сцен на граніцы. Зрэшты, у гэтым можна знайсці і станоўчы для краіны момант, заўважыў беларускі лідар: калі пачнуць з намі ваяваць - гэту загароду давядзецца ім жа пераадольваць.

Пра мілітарызацыю Еўропы, уяўныя і рэальныя пагрозы

У цяперашняй сітуацыі для Еўрасаюза самае простае выйсце - прадаўжаць дэманізаваць Беларусь, Расію і біць бумерангам бяздумных санкцый па саміх сабе, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "І тады адзіным варыянтам, вядома, застаецца павальная мілітарызацыя: праз прапаганду трымаць у страху людзей, праз гонку ўзбраенняў трымаць пад кропельніцай сваю прамысловасць, - сказаў ён. - Камусьці хацелася б адцягнуць увагу насельніцтва ад праблем унутры. Праз вайнушку. Шмат разоў здараліся страшныя войны, калі ўнутры краіны адбываліся такія падзеі".

"Гэта не мы, не Пуцін хоча заўтра на іх напасці. А яны (гэтыя палітыкі. - Заўвага) шукаюць магчымасць супакоіць насельніцтва, адцягнуць увагу ад унутраных праблем праз вайну", - падкрэсліў беларускі лідар.

У пацвярджэнне гэтага пункту гледжання ён прывёў прыклад Польшчы і істотнага росту затрат на ўзбраенне. "Навошта так мілітарызавацца?" - паставіў пытанне Прэзідэнт.

"Мы цяпер думаем, што амерыканцы вельмі хочуць, каб тут быў мір. Ды гасподзь з вамі. Амерыканцам патрэбны ў Еўропе мір? Не. Яны па-ранейшаму думаюць, што адседзяцца там, за акіянам. Ім гэты мір не патрэбны. Таму яны дакладна пераарыентаваліся або зрабілі выгляд, што пераарыентаваліся, - узбройваюць Польшчу за ўласны кошт", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, кіраўніцтва Польшчы падтрымлівае гэту стратэгію амерыканцаў. Аднак яна ідзе ўразрэз з інтарэсамі радавых грамадзян і яны яшчэ праявяць сваю нязгоду, упэўнены Прэзідэнт. "Хачу папярэдзіць польскае кіраўніцтва: палякі не дурні. Яны ім кузькіну маці яшчэ пакажуць. Яно (выказванне незадаволенасці. - Заўвага) пачалося ўжо на роўным месцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі не радуюцца таму, што адбываецца ў краінах ЕС, паколькі гэта можа прывесці да дэстабілізацыі абстаноўкі: "Яны вось, за агароджай, як Украіна... Тыя ідэалагічныя наратывы і іншыя дэманстрацыі пры панаванні інтэрнэту хутка могуць перакінуцца на суседнія дзяржавы. Таму нам радавацца не трэба. Нам трэба глядзець, рабіць высновы, атрымліваць урокі, каб у нас гэтага не здарылася".

Ён адзначыў, што Беларусь у 2020 годзе перажывала нешта падобнае, калі б тады не вытрымала ў тым процістаянні з Захадам, вайна ішла б на гэтай тэрыторыі. "Але тут яны прайгралі. Прызнаць не хочуць, хоць я на перагаворах з амерыканцамі і еўрапейцамі гаварыў: я гатовы перагарнуць старонку, але вы прайгралі. Вы павінны хаця б самі сабе, непублічна прызнацца: вы прайгралі, давайце наладжваць адносіны. Не. Канфрантацыя і разгортванне ваенных дзеянняў, санкцый, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Шэсць гадоў санкцый - мы што з Расіяй рухнулі? Не. Свет вялікі. І тыя, хто ўводзіў санкцыі, так ці інакш гандлююць з Расіяй".

Пра неабходнасць дамаўляцца і два бакі аднаго медаля

"Час зразумець бясспрэчную, неаспрэчную ісціну: бяспека і эканоміка - два бакі аднаго медаля. Яны не могуць існаваць адзін без аднаго. Час перастаць цешыць сябе ілюзіямі, што можна нейкага перарабіць. Трэба дамаўляцца аб прынцыпах суіснавання і адкрываць шлях да добрасуседства", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Народы не просяць уступак або нейкіх асаблівых адносін. Яны хочуць проста сумленна працаваць і жыць пад мірным небам. Як ніколі раней, народы не патрабуюць нечага звышнатуральнага. Яны больш за нас, палітыкаў, адчуваюць, што можа быць (што можа адбыцца. - Заўвага) і небяспеку таго, да чаго мы можам прыйсці. І таму яны патрабуюць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што стварэнне ўстойлівай мадэлі развіцця і бяспекі ў Еўразіі - рэальная неабходнасць і ад гэтага выйграе ўвесь свет.

Работу ў гэтым напрамку, паводле слоў Прэзідэнта, трэба пачынаць з простых крокаў. "Па-першае, трэба перастаць бразгаць зброяй у агульным еўразійскім доме. Хто супраць гэтага? Ніхто. Усе за. Усе апасаюцца будучага, эскалацыі. Значыць - момант. Трэба знайсці зручны шлях, каб захаваць інтарэсы (усіх бакоў і, карыстаючыся момантам, прыйсці да кампрамісу. - Заўвага), - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы па-рознаму глядзім на шэраг праблем, асобныя з'явы і моманты. Так было, ёсць і так будзе заўсёды. Пытанне ў тым, ці зможам мы выйсці на дыялог і на кампрамісы. Цяпер - момант".

Менавіта такую прыдатную магчымасць Прэзідэнт бачыць цяпер для дасягнення дамоўленасцей і міру ва Украіне. "Абсалютна перакананы, што ў бліжэйшыя месяцы там усё, вайны быць не можа і не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Перашкаджае дасягненню ўстойлівага міру і бяспекі ў Еўропе, паводле слоў Прэзідэнта, вера многіх краін у сваю перавагу і сілу. "Каго ў Еўропе ні паслухай, праз пару гадоў у іх будзе самая магутная армія на кантыненце. Людзі бяднеюць, а армія будзе! Але гэта ж не рашэнне. Нават ваенныя пацвердзяць: 100-працэнтнай супрацьпаветранай абароны няма і не бывае, а тым больш супрацьракетнай абароны быць не можа", - заўважыў беларускі лідар.

Другім крокам Прэзідэнт назваў адмову ад аднабаковых прымусовых мер, якія на справе не пакаранне асобных краін, а спосаб стварыць канкурэнтныя перавагі для нацыянальных вытворцаў.

"Але ж вынік адваротны! Рух тавараў і паслуг, рабочай сілы, капіталу павінен быць свабодны. Гэта ж класіка эканомікі. Неабходна аднавіць эфектыўныя транспартныя артэрыі і прамысловую кааперацыю", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў той час, калі еўрапейскі рынак быў адкрыты для Беларусі і Расіі, у Еўрасаюзе былі бензін, электраэнергія па прымальных цэнах. А калі еўрапейцы вырашылі, напрыклад, адмовіцца ад электраэнергіі, іншых энергарэсурсаў з боку Беларусі і Расіі, увялі санкцыі, вынік атрымаўся негатыўным для іх саміх. "Што атрымалі? Яны атрымалі бунты ў сваіх дзяржавах", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што прапанаваныя ім крокі нехта можа назваць тэорыяй і ідэалізмам. "Адкажу: гэта практыка і канкрэтныя прапановы, з якіх можна і трэба пачаць. Калі для кагосьці гэта далёкая мэта, то да яе таксама трэба ісці, step by step (англ. "крок за крокам". - Заўвага)", - заявіў Прэзідэнт.

Пра нарастанне рызык, у ліку якіх штучны інтэлект

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на еўрапейскай прасторы ёсць шмат задач, якія можна вырашыць толькі сумеснымі намаганнямі.

"Маштаб і вынікі прыродных стыхійных бедстваў становяцца ўсё больш пагражальнымі. Яны наносяць вялікі ўрон эканоміцы. Або глабальная харчовая бяспека, калі амаль 700 мільёнаў чалавек у свеце знаходзяцца на мяжы голаду, - абазначыў найбольш актуальныя праблемы Аляксандр Лукашэнка. - Транснацыянальная злачыннасць, уключаючы гандаль людзьмі, наркатрафік, нелегальную міграцыю, а таксама экстрэмізм, тэрарызм, сепаратызм падрываюць стабільнасць цэлых дзяржаў".

"Штучны інтэлект - галоўны цуд сучаснасці - таксама патрабуе ўвагі і кантролю", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт заўважыў, што здольнасць ШІ да саманавучання і аўтаномнага прыняцця рашэнняў стварае новыя рызыкі, у тым ліку ў ваеннай сферы. Напрыклад, ЗША, не ўтойваючыся, стварылі Сілы суперінтэлекту - структуру, якая займаецца ўкараненнем новых тэхналогій ва ўзброеныя сілы. Прычым, па рашэнні Дональда Трампа, штучны інтэлект аб'яўлены ў ЗША суперінтэлектам.

Аляксандр Лукашэнка выказвае пярэчанне наконт такога азначэння: "Адзін суб'ект у прыродзе можа валодаць нейкім суперінтэлектам. Гэта чалавек. А гэта (размова пра штучны інтэлект. - Заўвага) не што іншае як інтэлект. Яго "абазвалі" тыя, хто на гэтым грошы зарабляе, і нам, палітыкам, дураць галаву. Мы, не ўсведамляючы ўсіх нюансаў, бяжым следам за гэтымі крэатыўнымі хлопцамі, не думаючы аб тым, да чаго гэта заўтра прывядзе".

"Дык давайце спынімся, падумаем, што будзе заўтра, што за гэтым крокам можа быць. Можа, сапраўды саманавучаецца (ШІ здольны да саманавучання. - Заўвага), чалавек заўтра не патрэбны будзе і гэты "суперінтэлект" нас прывядзе да таго, да чаго мы не хацелі. Давайце разбяромся", - сказаў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падтрымлівае ініцыятыву Кітая па супрацоўніцтве для прадухілення негатыўных з'яў, звязаных з развіццём ШІ.

Пра беларускую ініцыятыву прыняцця Еўразійскай хартыі

Перагаворны працэс па Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі быў афіцыйна запушчаны ў верасні гэтага года на палях Генеральнай Асамблеі ААН. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што такім чынам краіна спрабуе аб'яднаць шэраг раней прадстаўленых канструктыўных ідэй і ініцыятыў: кітайскіх ("Пояс і Шлях", ініцыятывы ў галіне глабальнай бяспекі, цывілізацыі і развіцця), расійскіх (Вялікае еўразійскае партнёрства), індыйскіх ("Голас Глабальнага Поўдня"), казахстанскіх (еўразійская эканамічная інтэграцыя) і многіх іншых.

"Мы не першаадкрывальнікі ў гэтых ідэях. Мы спрабуем гэта з вамі разам аб'яднаць. На выхадзе хочам атрымаць не чарговую дэкларацыю аб намерах. Нацэлены стварыць праграмны дакумент, які закладзе канцэптуальныя асновы новай архітэктуры бяспекі і супрацоўніцтва на кантыненце. Гэты новы дакумент мы паасобку не будзем рабіць. Мы будзем рабіць разам з вамі і вашымі краінамі - звод прынцыпаў, норм і механізмаў узаемадзеяння для ўсіх удзельнікаў, не толькі для Расіі і Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць слушнай гістарычную паралель паміж Еўразійскай хартыяй і Заключным актам, падпісаным у 1975 годзе ў Хельсінкі, які вызначыў на дзесяцігоддзі рамкі суіснавання і супрацоўніцтва ў біпалярнай сістэме. "Сёння ж мы пераходзім да шматпалярнасці. І Еўразійская хартыя павінна стаць Хельсінскім актам для новай, поліцэнтрычнай эпохі", - адзначыў ён.

"Мы заўсёды падкрэслівалі: Еўразійская хартыя не накіравана супраць каго-небудзь. Асабліва адзначу: мы ні ў якім разе не закрываемся ад еўрапейцаў. Беларусь як мінімум геаграфічны цэнтр Еўропы. Ні для ЕС, ні для АБСЕ, ні тым больш для НАТА або ААН Хартыя не пагроза. Наадварот, для ўсіх краін і міжнародных структур яна - надзея", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён яшчэ раз звярнуў увагу, што гэты дакумент будзе мець належны эфект толькі ў выпадку ўсебаковай падтрымкі. Але, як паказвае практыка, далёка не ўсе гатовы аказаць такую падтрымку. Некаторыя нават не захацелі прысутнічаць на мерапрыемстве. "Вы ж разумееце, хто правіць баль. Таму нам трэба змагацца, зрабіць так, каб палітыкі баяліся не падтрымаць гэтыя крокі", - заявіў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, з моманту вылучэння ініцыятывы па прыняцці хартыі праведзена вялікая работа. Асаблівую падзяку Аляксандр Лукашэнка выказаў у адрас расійскіх калег за падтрымку ў гэтым працэсе, а таксама шэрагу сталіц і сакратарыятаў рэгіянальных арганізацый за іх інтарэс і пазітыўны водгук.

"Не маем ілюзій, што распрацоўка хартыі будзе хуткай. Але мы гатовы працаваць столькі, колькі будзе трэба, каб зрабіць гэты дакумент прымальным для ўсіх і прыняць яго кансэнсусам. Свет даўно чакае гэтага рашэння. Таму на ўсіх нас - асаблівая місія і адказнасць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прысутных.

Прэзідэнт падзякаваў усім за ўдзел у канферэнцыі і выказаў надзею, што пачутае тут будзе ў далейшым уплываць на ход іх думак і яны будуць разглядаць ідэі ў адпаведным рэчышчы.