Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць
- 27
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка прадоўжыў пачатую напярэдадні рабочую паездку ў Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці.
У цэнтры ўвагі - развіццё паўночных раёнаў краіны за кошт больш поўнага раскрыцця турыстычнага патэнцыялу, рэалізацыі запатрабаваных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі і лясной галіне.
Яшчэ адной важнай тэмай рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы стала тэма пашырэння сеткі атрадаў народнага апалчэння і ўдасканалення іх падрыхтоўкі. Аляксандр Лукашэнка пабываў на вучэбна-трэніровачных занятках аднаго з такіх атрадаў, які створаны ў асноўным з ліку работнікаў паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны Бор" і аднайменнага турыстычнага комплексу.
"У бліжэйшы час мы ўсю гэту сістэму ўзварухнём па краіне - гэту вертыкаль - з мэтай праверкі. Паглядзім, як народнае апалчэнне дзейнічае, як тэрытарыяльная абарона. Тэрытарыяльная абарона будзе абараняць у межах раёнаў буйныя аб'екты жыццезабеспячэння. Ну і таксама будуць, вядома, перасякацца гэтыя функцыі (з народным апалчэннем. - Заўвага), - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Народнае апалчэнне - гэта была мая ініцыятыва. У кожным сельскім савеце да 20 вёсак, дзе жывуць людзі, - павінен быць апорны атрад. Не дай бог прыйдзе вораг - гэтыя людзі павінны ўмець абараніць сябе, сваю сям'ю".
Аляксандр Лукашэнка назваў гэта ўсё важнейшым пытаннем у сувязі з нагнятаннем абстаноўкі вакол. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ні з кім ваяваць і хоча жыць дружна з усімі, у тым ліку суседзямі. Але праводзіць падрыхтоўку па ўсіх ваенных стандартах з улікам сучасных рэалій. "Калі яны з мячом да нас, вы разумееце... Гэта такі элеменцік (народнае апалчэнне. - Заўвага) вельмі важны", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы наведаў вучэбна-трэніровачныя заняткі аднаго з такіх атрадаў, які створаны ў асноўным з ліку работнікаў паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны Бор" і аднайменнага турыстычнага комплексу. Абмундзіраваннем і экіпіроўкай гэтыя людзі забяспечаны за кошт уладальніка комплексу - бізнесмена Мікалая Вараб'я. "Усё, чым яны экіпіраваны - кулямёты, аўтаматы і іншае, - гэта ён усё купіў за свае грошы. Гэта дзяржаўная структура (атрад апалчэння. - Заўвага) створана на аснове, як модна гаварыць, дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэта добры вопыт. Для мяне важна гэта ўбачыць і тыражаваць на ўсю краіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб развіцці народнага апалчэння, Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу гарадскі пасёлак Асвея. Там у гэтай мясцовасці павінна быць ядро такога апалчэння, а далей у сельсаветах свае падатрады. "Для гэтага ва Узброеных Сілах створаны пэўны запас неабходнай зброі. Перш за ўсё ім патрэбны будуць баявы аўтамат, гранаты, пісталет, нажы, рыдлёўкі - усё, што неабходна для сапраўднага салдата. Гэта - самы ніз нашай абароны. Далей - тэрытарыяльная абарона і ўжо армія", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.


