У Беларусі змяняюцца падыходы да фінансавання дзейнасці дзяржаўных тэатраў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня падпісаў Указ № 275 "Аб падтрымцы асобных дзяржаўных арганізацый культуры".

    У адпаведнасці з дакументам з 1 студзеня 2024 года змяняюцца падыходы да фінансавання дзейнасці дзяржаўных тэатраў.

    Фінансаванне расходаў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў будзе ажыццяўляцца ў прапорцыях 60/40 адпаведна пры стварэнні новых пастановак і правядзенні гастролей, а таксама аплаце камунальных паслуг і эксплуатацыйных расходаў, выплаце заработнай платы. Бягучы і капітальны рамонт, набыццё абсталявання і іншых асноўных сродкаў будуць ажыццяўляцца ў поўным аб'ёме за кошт бюджэтных сродкаў.

    Прадастаўленая магчымасць накіравання сродкаў бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі на выплату ўзнагароджанняў работнікам дзяржаўных арганізацый культуры арыентавана на пашырэнне механізма сацыяльнай падтрымкі штатных супрацоўнікаў і павелічэнне іх матывацыі.

    Рэалізацыя норм Указа павінна станоўча паўплываць на ўдасканаленне рэпертуарнай палітыкі, актывізацыю творчай актыўнасці і гастрольнай дзейнасці.

    Пералічаныя падыходы будуць дзейнічаць да канца 2024 года.