У Беларусі прыняты меры па падтрымцы айчыннай кінавытворчасці

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 красавіка падпісаў Указ № 146 "Аб развіцці кінематаграфіі" і распараджэнне № 72рп "Аб мерах па падтрымцы рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".

    Дакументы прыняты для падтрымкі айчыннай кінавытворчасці. Так, Указам пашыраны напрамкі фінансавання ў сферы кінематаграфіі, вызначаны ўмовы, парадак, асаблівасці выкарыстання бюджэтных сродкаў і меры адказнасці іх атрымальнікаў. У прыватнасці, для развіцця сучаснага кіно, выяўлення маладых таленавітых кінематаграфістаў і рэалізацыі іх творчага патэнцыялу прынята рашэнне аб магчымасці бюджэтнага фінансавання вытворчасці кінаальманахаў студэнцкіх фільмаў.

    Прадугледжваецца таксама фінансавая дапамога з боку дзяржавы ў вытворчасці кіналетапісаў, што будзе садзейнічаць фарміраванню кінаархіва важных дзяржаўных і гістарычных падзей.

    Акрамя таго, для дзяржаўных арганізацый кінематаграфіі вызначана новая форма падтрымкі - субсідзіраванне, прызначанае стымуляваць вытворчасць нацыянальных і патрыятычных фільмаў.

    Распараджэннем Кіраўніка дзяржавы рэгламентуецца выдзяленне нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" зваротнай бюджэтнай пазыкі, якая будзе накіравана на ўдасканаленне дзейнасці прадпрыемства.