Нарада па актуальных грамадска-палітычных пытаннях
- 2
- 4:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 чэрвеня правёў нараду па актуальных грамадска-палітычных пытаннях. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман.
Адной з асноўных тэм нарады Аляксандр Лукашэнка абазначыў арганізацыйныя пытанні выбарчай кампаніі і падтрымку ў гэтым плане ў рабоце ЦВК, асабліва што датычыцца тэхнічнага боку пытання. "Усё, што ЦВК папросіць, мы павінны аказаць гэту падтрымку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён папрасіў кіраўніка ЦВК Лідзію Ярмошыну расказаць пра бягучую абстаноўку: "Лідзія Міхайлаўна, я хачу, каб вы ўсё далажылі аб тым, што адбываецца (я сачу за сітуацыяй). І вакол ЦВК, і вакол вас, што адбываецца".
"Я ўсё бачу. Галоўнае, вы не перажывайце. У патрэбны час, у патрэбным месцы мы прывядзём усіх да прытомнасці. Перавароту ў краіне не будзе. Майдана - тым больш", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар даручыў аказаць ЦВК неабходную падтрымку па ходу выбарчай кампаніі. "Я хацеў бы абмеркаваць пытанні, якія, магчыма, у Лідзіі Міхайлаўны (Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. - Заўвага) ёсць перад пачаткам найбольш вострага перыяду рэгістрацыі і агітацыі будучых кандыдатаў у прэзідэнты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта нарада мае традыцыйны характар: "Мы заўсёды разглядалі праблемы, якія нам давядзецца вырашаць, і пытанні аказання дапамогі Цэнтральнай выбарчай камісіі".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў ЦВК на пастаяннай аснове працуе усяго некалькі чалавек. "На пастаяннай аснове два чалавекі - я і сакратар. І сем чалавек апарату", - удакладніла Лідзія Ярмошына.
"Зразумела, што два адказныя работнікі выбары ніяк не арганізуюць, асабліва з тэхнічнага пункту гледжання. Таму Адміністрацыя Прэзідэнта і Кіраўніцтва справамі заўсёды аказвалі неабходную падтрымку, якую ЦВК запытае. Прытым рабіць гэта трэба акуратна, каб ні нас, ні Лідзію Міхайлаўну не папракалі, што яна выкарыстоўвае нейкі адміністрацыйны рэсурс і рэсурс Прэзідэнта (таксама магчымага кандыдата ў прэзідэнты). Усё, што ЦВК папросіць, - мы павінны аказаць гэту падтрымку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, і Лідзія Ярмошына гэта пацвердзіла, што з пункту гледжання фінансавання пытанняў няма і быць не можа. "Як заўсёды, мы аказваем падтрымку па сродках сувязі, дастаўцы людзей, і на месцах ва ўчастковых камісіях працуюць, трэба, каб прадпрыемствы іх падтрымалі, і гэтак далей", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў выпрацаваць сістэму праверак прыватных кампаній з мэтай высветліць, па якіх прычынах звальнялі людзей апошнія месяцы. "Апошнім часам, упэўнены і вам таксама, як і мне, паступаюць скаргі ад людзей па ходу так званай гэтай выбарчай кампаніі. Што мяне абурае асабліва - у Мінску, іншых гарадах (гэта характэрна для гарадоў) прыватныя кампаніі звальняюць людзей. Прытым, баюся сказаць масава, але даволі шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей - тых, хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: тым там за Пятрова, Сідарава не распісаўся - ідзі", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенку, Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву і Кіраўніка спраў Прэзідэнта Віктара Шэймана падключыцца да гэтага пытання і выпрацаваць сістэму праверак прыватных кампаній. "На дзяржпрадпрыемствах такога няма, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - І паглядзець, за што звольнілі людзей за апошнія тры месяцы. Публічна хачу сказаць: калі яны хочуць у Беларусі прыстойна працаваць і даваць карысць краіне, не крыўдзячы людзей, яны павінны вярнуць гэтых людзей ці аплаціць ім за тры, два або адзін месяц - за тое, што выкінулі беспадстаўна".
"Я ж яшчэ ў пачатку года прасіў не звальняць людзей з-за гэтай пандэміі. Справа ж тут не ў выбарах. Не, пачалі выкідаць. І, галоўнае, нахабнымі ўжо сталі і не баяцца: "А, ты там за свайго Лукашэнку, ну дык ідзі на вуліцу!" Гэта што такое? - абурыўся Прэзідэнт. - І я атрымаў скаргі ад некалькіх чалавек, папрасіў праверыць. Выкідваюць людзей безабаронных, у каго няма грошай, бацькі, маці, якія могуць абараніць".
"Значыць, трэба гэтых буржуяў прывесці да прытомнасці. Мы нікому не павінны дазволіць пакрыўдзіць простага чалавека. І справа не ў тым, што яны некалі мяне прывялі да ўлады, а справа ў тым, што ў нашай краіне гэтага быць не павінна", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён даручыў сумесна з Генеральным пракурорам, Камітэтам дзяржкантролю, іншымі структурамі і пры ўдзеле мясцовых органаў улады "праверыць гэтых пузатых буржуяў", каб яны неслі адказнасць за людзей. "Гэта што за сістэма? На Гоа, Канары, яшчэ нейкія астравы ў іх ёсць грошы выехаць, а людзям нармальную зарплату заплаціць не могуць, ды яшчэ і з работы выганяюць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.