Нарада па актуальных пытаннях будаўнічай галіны

  • 8
  • 7:35

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня правёў нараду па актуальных пытаннях будаўнічай галіны.

"Для пачатку, я пакуль жывы і не за мяжой, як тут некаторыя нашы паважаныя "свядомыя" раскручваюць: Прэзідэнт пакінуў краіну і знаходзіцца за мяжой. Сёння 14-е чысло, мы з вамі сустракаемся для таго, каб абмеркаваць работу будаўнічай галіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы ў пачатку нарады.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяпер у краіне спрабуюць расхістаць працоўныя калектывы. "Вы гэта добра ведаеце, адчуваеце. Зразумела, працоўныя калектывы - гэта аснова нашай краіны. Вы маю пазіцыю ведалі і ведаеце. У часы пандэміі, калі я практычна забараніў звальняць людзей, выкідваючы іх на вуліцу. Цяжка, складана, але і цяпер няпроста. Малайцы будаўнікі, у іх больш простая сітуацыя, яны ўсе заняты справай. Але, тым не менш, спрабуюць і будаўнікоў там хіснуць і гэтак далей. Наша пазіцыя адназначная: мы ў цяжкія часы пандэміі нікога не нахілялі, не прымушалі. І тут таксама мы нікога не павінны трымаць. Калі людзі хочуць працаваць - калі ласка. Вось работа, прыходзьце, працуйце. Калі чалавек не хоча працаваць, мы ж яго на аркане не зацягнем", - адзначыў Прэзідэнт.

Аб магчымых наступствах забастовак Кіраўнік дзяржавы расказаў на канкрэтных прыкладах. У выпадку з "Беларуськаліем", калі спыніць гэта прадпрыемства, якое нармальна працуе, на некалькі дзён, то гэта будзе на руку асноўным канкурэнтам у Расіі і Канадзе. "Калі яны забастуюць на два дні, то канкурэнты - расіяне і канадцы - перахрысцяцца. І хуценька на рынак паставяць тое, што яны хочуць паставіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аналагічна і адносна работы машынабудаўнічых прадпрыемстваў, такіх як МТЗ, МАЗ і іншыя. "Калі ласка. Вы сёння не вырабіце 10 трактароў, не паставіце на рынак, заўтра немцы прыедуць з амерыканцамі, прывязуць сваю тэхніку расіяне. Таксама перахрысцяцца", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што эканоміка ў свеце толькі пачынае ажываць пасля абмежаванняў, звязаных з пандэміяй. "І ўсе змагаюцца за гэтыя рынкі. Калі мы спынімся, ніколі не раскруцім сваю вытворчасць. Ніколі! Нас яшчэ ў гэта балота і падштурхнуць. Людзям трэба гэта растлумачыць: хочаце - бастуйце, хочаце працаваць - працуйце".

"Як мне далажылі, на МАЗе або МТЗ быў прыклад адзін: там 20 чалавек вырашылі выказаць сваё меркаванне, кінулі работу і пайшлі. Загадчык вытворчасці гаворыць: добра, ідзіце, у мяне людзей хапае, уся гэта зарплата вось гэтых людзей. Завярнуліся, назад пайшлі на работу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Людзям трэба сказаць, што гэта адзіны шанц у іх выратаваць прадпрыемства. Ратуючы прадпрыемства, будзеш карміць сваю сям'ю. На вуліцы можна пахадзіць. Вунь іх, тысячамі ходзяць. Можна далучыцца, пахадзіць. Але там грошай калі і дадуць, то на два дні. Там некаторым прыплачваюць. Мы іх ведаем, мы паказвалі іх. Ну на два дні дадуць. А потым што?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"З такой пазіцыі трэба падыходзіць да людзей, у тым ліку ў будаўнічай галіне. Таму што будаўнікі - гэта прагрэсіўны, баявіты народ. Але ім трэба адкрываць вочы, што будзе потым. У нас будаўнікі пастаянна былі ў балоце. Мы іх выцягвалі, ужо каторы раз, за вушы. Заказы з'явіліся, работа з'явілася, прырост з'явіўся вытворчасці - працуйце", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў час нарады нагадаў, што асноўныя задачы будаўнічай галіны былі падрабязна разгледжаны на рэспубліканскім семінары-нарадзе 23 лістапада 2018 года. А выпрацаваныя тады рашэнні і напрамкі павышэння эфектыўнасці галіны замацаваны ў Дырэктыве № 8. "Сёння я хачу пачуць меркаванне міністра наконт перспектыў развіцця галіны. Улічваючы, што ў будаўніцтве ён чалавек не новы і тым больш ужо на давераную яму гаспадарку адкрытымі вачамі паглядзеў і вывучыў яе", - звярнуўся Прэзідэнт да Міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў пазітыўныя вынікі работы галіны ў першым паўгоддзі бягучага года - 106% да ўзроўню мінулага года. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія вынікі чакаюцца пасля заканчэння года, як ідуць справы з экспартам будаўнічых паслуг і матэрыялаў.

"Важнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў галіне заўсёды з'яўлялася жыллёвае будаўніцтва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Як рэгіёнамі вырашаецца задача па ліквідацыі чаргі сярод шматдзетных сем'яў? Якія меры прыняты па развіцці рынку арэнднага жылля, павелічэнні долі дамоў, узведзеных за кошт сродкаў ведамстваў і прадпрыемстваў? Што зроблена для таго, каб будаваць больш малапавярховага, індывідуальнага жылля?"

Кіраўнік дзяржавы таксама зрабіў акцэнт на неабходнасці шырокага выкарыстання электрычнасці, яго прымянення для ацяплення ў новых дамах, абсталявання такіх дамоў электраплітамі. Дарэчы, гэтыя тэмы абмяркоўваліся ўчора ў час нарады ў Прэзідэнта па актуальных пытаннях развіцця паліўна-энергетычнага комплексу. "І ёсць добрыя прапановы па павелічэнні аб'ёмаў спажывання электрычнасці для жылля", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў аб праведзенай маштабнай мадэрнізацыі прадпрыемстваў будаўнічага комплексу і ўкладзеных у гэта значных бюджэтных і банкаўскіх рэсурсах. "Нядаўна прынялі дадатковыя меры, накіраваныя на стабілізацыю работы гэтых прадпрыемстваў. Як выкананы гэтыя задачы? Ці вяртаюцца выдзеленыя сродкі?" - звярнуўся да ўдзельнікаў нарады Прэзідэнт.

Асобна закраналася пытанне рэгулявання ў будаўніцтве. "Я неаднаразова ўзнімаў пытанне аб тым, што ў будаўнічай галіне ўсё вельмі зарэгулявана, а нормы і правілы, што прымяняюцца пры праектаванні, будаўніцтве і прыёмцы аб'ектаў у эксплуатацыю, з'яўляюцца залішнімі. Многія ўжо маральна ўстарэлі і маюць патрэбу ў кардынальнай перапрацоўцы і аптымізацыі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У чэрвені 2019 года выдадзены ўказ, які прадугледжвае распрацоўку прынцыпова новых тэхнічных нарматыўных прававых актаў - будаўнічых норм і правіл. Прэзідэнт спытаў, што зроблена ў гэтым напрамку і што яшчэ трэба будзе зрабіць.

Размова ішла таксама пра стан спраў на шкляных заводах: выкананне задач па іх загрузцы і мінімізацыю закупак шкляной тары за мяжой.