Нарада па пытанні аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту
- 7
- 11:27
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка сабраў нараду па пытанні аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту.
"Я запрасіў вас для таго, каб прафесійна абмеркаваць пытанні, наколькі эфектыўна мы расходуем сродкі на развіццё спорту, у прыватнасці, яго гульнявых відаў. Таму што гэта наша ўсё, гэта тое, што любіць народ, і тысячы і тысячы чалавек прыходзяць на гэтыя гульні. Гэта праблема і абмеркаванне наспелі даўно. Мы, вядома ж, выпрацавалі пэўную сістэму падтрымкі каманд, трэнераў, спартсменаў. Нам трэба з улікам нашага вопыту і выпрацоўкі тых напрамкаў нашага супрацоўніцтва і дзеянняў адкінуць усё непатрэбнае і вызначыцца, як будзем жыць далей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што дзяржава выдзяляе вялікія сродкі на ўдасканаленне інфраструктуры, устанаўленне прэферэнцый, дзіцячы спорт. "Скажу шчыра. Калі б мы пайшлі заходнім шляхам, за што многія выступаюць, сёння спорту ў краіне не было б. І вас не было б, выбачайце за гэта. Я гэтым хачу паказаць не тое, што якія мы вялікія і многае зрабілі, а тое, што аддачы няшмат ад гэтых укладанняў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Так, у асобных відах спорту беларусы паказваюць добрыя вынікі: у скачках на батуце, мастацкай гімнастыцы, веславанні на байдарках і каноэ, барацьбе. "Але мы чакаем перамог і ў іншых відах спорту", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Нядаўна беларусаў парадавалі і хакеісты: 3 красавіка мінскае "Дынама" абыграла ЦСКА ў чарговым матчы плэй-оф КХЛ. Аднак гэта, хутчэй, выключэнне з правіл, лічыць Прэзідэнт.
"Рана яшчэ. Вельмі-вельмі рана. Тое, што было ўчора, гэта атыпічна для мінскага "Дынама". Яны ўмеюць як згуляць выдатна, так і праваліцца назаўтра. Таму паглядзім, што будзе заўтра. Але тое, што вы высакародна ў трэцім перыядзе зрабілі... Ды і ЦСКА малайцы, не ламаліся ў адчыненыя дзверы, не стараліся з "нуля" пайсці. А мы не стараліся дабіць, забіць", - выказаўся аб гэтай гульні Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што ў другім перыядзе мінчане, вырваўшыся наперад, расслабіліся. "Гэта недапушчальна. Калі належыць грэбці двума вёсламі, трэба грэбці двума. А яны ўжо ў другім перыядзе пачалі гуляць клюшкай адной рукой", - сказаў беларускі лідар.
"Праблемы гульнявых відаў спорту мы абмяркоўвалі неаднаразова, але сітуацыя асабліва не мяняецца і пытанняў застаецца вельмі шмат. Патрэбна аддача ад тых сродкаў, якія ўкладваюцца ў спорт, - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. - Я гатовы абмяркоўваць і нераўнамернасць укладанняў у асобныя віды спорту. Многія кажуць: усё ў хакей ідзе або ў футбол, а нам - не. Над гэтым таксама трэба падумаць. І трэба разумець, што тыя грошы, якія мы трацім або вы траціце на спорт, - гэта не мае і не вашы грошы. Гэта народныя грошы. І ў народа ёсць пытанні: калі нашы каманды перастануць калекцыяніраваць паражэнні, а пачнуць радаваць балельшчыкаў яркай гульнёй і галоўнае - перамогамі?"
Прэзідэнт зноў успомніў гульню мінскага "Дынама" супраць ЦСКА: матч наведала вялікая колькасць балельшчыкаў, уся "Мінск-Арэна" была запоўнена гледачамі. "Яны, ведаеце, чаго прыйшлі", - дадаў ён.
"Падыход непахісны: даяце рэзультат - атрымліваеце грошы, і перш за ўсё дастойную заработную плату. Няма рэзультату - няма грошай. Вось галоўная формула. Як хочаце мяне разумейце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што аб такім падыходзе ён папярэджваў заўсёды. "Вось менавіта так будзем рабіць. Патрэбны, мужыкі, рэзультат. Не будзе рэзультату, толку не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Такога ж прынцыпу Аляксандр Лукашэнка прытрымліваецца і ў іншых сферах. "Не можа быць так, што я шкуру здымаю з Урада, з новага Прэм'ер-міністра: дай эканоміку. Або з Кіраўніка Адміністрацыі: выдай арганізацыю і іншае. Ці сацыяльную сферу з віцэ-прэм'ера. А вы будзеце хадзіць расслабленыя. Такога ж не бывае. Таму ёсць адзін крытэрый. Ёсць рэзультат у эканоміцы - добра працуе Урад, Нацыянальны банк. Ёсць рэзультат у спорце - добра", - сказаў беларускі лідар.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не трэба забываць і аб падрыхтоўцы рэзерву. Пра гэта трэба думаць ужо сёння.
Прэзідэнт пацікавіўся, што зроблена для навядзення парадку перш за ўсё ў гульнявых відах спорту і што яшчэ неабходна зрабіць, як выконваюцца яго даручэнні і кантралююцца дзяржаўныя грошы, якія накіроўваюцца клубам і федэрацыям.
"Хачу, мужыкі, вас папярэдзіць. Не праблема сёння паглядзець, куды ідуць гэтыя грошы. І паглядзім. Але па-мужчынску хачу сказаць, што родных, блізкіх, палюбоўніц, яшчэ некага вы, калі ласка, утрымлівайце за свае грошы. За свае грошы. Зарабляйце, дзе хочаце, і іх утрымлівайце. Гэта будзе па-чалавечы, па-мужчынску правільна. Вы, я думаю, зробіце адпаведныя высновы з таго, што я сказаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Наколькі справядліва і, галоўнае, па-гаспадарску клубы распараджаюцца сродкамі ці проста іх асвойваюць, або трацяць? На якія мэты накіроўваюць фінансы? Асабліва хачу падкрэсліць: мы за спартыўныя аб'екты, якія каштуюць мільярды рублёў, запатрабуем з Міністэрства спорту".
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што размова, у прыватнасці, ідзе аб рэспубліканскіх цэнтрах алімпійскай падрыхтоўкі "Раўбічы" і "Стайкі", "Мінск-Арэне", канькабежным стадыёне, велатрэку і іншых спартыўных пляцоўках. Перад Міністрам спорту і турызму Сяргеем Кавальчуком даўно ставілася задача рабіць усё, каб гэтыя аб'екты ўтрымліваліся ў належным стане.
"Кантралюйце, каб яны былі ў парадку. Я ўжо не гавару аб тым, што туды спаборніцтвы трэба цягнуць, як ні было б складана, - сказаў Прэзідэнт. - А арганізацыя і рэзультат - гэта ўжо федэрацыі разам з усімі астатнімі, у тым ліку і Міністэрствам спорту".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: "Спорт у нашай краіне атрымліваў і будзе атрымліваць неабходную падтрымку, але кожны ўкладзены рубель, няхай іх нават няшмат, павінен быць апраўданы і даваць аддачу. Вось маё патрабаванне. Не будзе гэтага - не будзе грошай. Я хачу, каб Прэм'ер чуў і Міністр фінансаў: не будзе ніякіх грошай, калі не будзе прагрэсу".
"Я ж даўно формулу выклаў. Санкцыі, не санкцыі… Што, расіяне нас не пускаюць на нейкія спаборніцтвы? Скажыце. Я заўтра вырашу любое пытанне вам у Расіі. Але вы хаця б у расіян выйгравайце. Не хаця б, а выйграйце ў расіян па тых відах спорту, дзе вы пад санкцыямі. І нават не пад санкцыямі. Нічога больш не трэба, - заявіў беларускі лідар. - Выйграйце ў гандболе. У веласпорце, веславанні ўжо малайцы. Гэта бачна. Адпаведнае стаўленне будзе. Неяк валейбол падняўся ў канцы мінулага сезона - цяпер я яго наогул не бачу".
"Таму рубель уклалі ў спорт - аддача павінна быць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы папрасіў удзельнікаў нарады выказаць сваё бачанне па далейшым функцыянаванні сістэмы падтрымкі спорту. "Як прапануецца аптымізаваць расходы клубаў, ці будзе карысць ад гэтага дзяржаве? Мы цяпер клубы ўсюды ствараем: можна ж. Некалі на Захадзе падгледзелі. Клубы, клубы, клубы… Людзі ёсць, чыноўнікі ёсць. А як мне дакладвалі, у некаторых клубах там наогул… У Прэзідэнта няма такой зарплаты, як у іх. Усё добра. А ў спартсменаў ніжэй за 500 долараў заработная плата. Які спартсмен будзе працаваць? Не будзе ён працаваць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
"Ці не пацерпяць пры гэтым спартыўныя рэзультаты і асабліва падрыхтоўка спартыўнага рэзерву? За кошт якіх крыніц будуць утрымлівацца створаныя пры клубах школы і самі клубы? Гэта таксама пытанне. Вы ж усе жывяце больш-менш за кошт бюджэту. Ці ў поўнай меры клубы і федэрацыі выкарыстоўваюць магчымасці для самастойнага зарабляння сродкаў? - абазначыў яшчэ шэраг пытанняў Кіраўнік дзяржавы. - Нядаўна (я гады тры настойваў на гэтым) мы прывучылі нашу культуру, якая гэтак жа жыла, тэатры: вы ўносіце такую суму, зарабляеце - калі ласка, мы вам такую ж суму з бюджэту выдзяляем. Пакрыху-пакрыху пачынаюць зарабляць і выжываюць. Не зарабілі - значыць, людзі да вас ісці не хочуць. Таму гэтак жа трэба формулу выпрацаваць. Павінна быць жалезная, справядлівая для ўсіх формула: рэзультат - грошы, няма рэзультату - няма грошай. Прававы акт, якім будуць урэгуляваны адпаведныя праваадносіны, павінен быць выкладзены дакладна, паслядоўна і даступна".


