Нарада па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця

  • 12
  • 21:54

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня сабраў нараду па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Адной з тэм стала мадэрнізацыя сельгасвытворчасці, у тым ліку перадача дзяржаўных актываў у аграпрамысловым комплексе ў кіраванне прыватным кампаніям. Пытанне разглядалася адносна Віцебскай вобласці, аднак Прэзідэнт маштабаваў яго да рэспубліканскага ўзроўню. "Мы на прыкладзе Віцебскай вобласці разгледзім варыянт. Рэзка сказаць - прыватызацыі. Гэта падобна да таго, што мы дзяржаўную ўласнасць перадаём у кіраванне або адразу прадаём прыватным кампаніям", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У пачатку года быў вызначаны канкрэтны пакрокавы антыкрызісны план для Віцебскай вобласці, дадаў ён. Адзін з яго элементаў - перадача недастаткова эфектыўных прадпрыемстваў у кіраванне новаму ўласніку, які валодае кіраўніцкім патэнцыялам і фінансавымі рэсурсамі для аздараўлення прадпрыемстваў, атрымання якаснай прадукцыі і яе продажу на ўнутраным або знешнім рынку.

Па гэтай стратэгіі было прынята рашэнне аб перадачы Аршанскага мясакамбіната агракамбінату "Дзяржынскі" і замацаванні асобных сельгасарганізацый Аршанскага раёна за ААТ "Савушкін прадукт". З інвестарам у асобе "Савушкіна прадукту" заключаны дагавор арэнды маёмасці ААТ "Полацкі малочны камбінат" для далейшага паскоранага развіцця. "Трэба разумець, што такія рашэнні не падарунак прыватніку, а хутчэй нагрузка, - канстатаваў Прэзідэнт. - Забіраючы перапрацоўку, трэба разумець, што табе намалююць 20-30 сельгаспрадпрыемстваў, якім трэба добра плаціць і адтуль забіраць малако на "Полацкі малочны камбінат". Менавіта такая павінна быць палітыка, а не проста: "Забірай і ўсё".

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў кожным выпадку зафіксаваны абавязацельствы, у тым ліку па мадэрнізацыі вытворчасці і пагашэнні раней накопленых абавязацельстваў: "Абавязацельствы, зразумела, няпростыя - гэта таксама трэба ўлічваць".

Прэзідэнт звярнуў увагу старшыні Віцебскага аблвыканкама і Прэм'ер-міністра, што пры перадачы тых ці іншых актываў у АПК у распараджэнне прыватным кампаніям перш за ўсё павінны ўлічвацца інтарэсы дзяржавы. Цалкам лагічна, што прыватны інвестар зацікаўлены набыць прадпрыемства як мага танней. Разам з тым дзяржава зацікаўлена атрымаць разумныя сродкі за той ці іншы актыў.

"Хачу папярэдзіць губернатара і Прэм'ер-міністра: галавой адкажаце за тое, каб там усё было нармальна з пункту гледжання дзяржавы. Перадаваць і асабліва прадаваць прадпрыемствы вы павінны, як свае. Вядома, прыватнік хоча атрымаць танней, не плаціць лішнія грошы - гэта зразумела. А вы павінны прадаць даражэй. Але мы павінны разумець, што галоўнае - не атрымаць якія-небудзь грошы, гэта важнае пытанне, але не галоўнае. Галоўнае, каб гэтыя прадпрыемствы развіваліся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы зноў адзначыў, што кіраўнікам прыватных кампаній давядзецца ўкладвацца ў развіццё раёна, на тэрыторыі якога знаходзяцца гэтыя прадпрыемствы. Размова ідзе аб тым, што перапрацоўшчыкі будуць актыўна займацца развіццём уласнай сыравіннай базы, інвесціраваць у сельскую гаспадарку. "Жалезабетонна з іх будзе патрабаванне, каб свая сыравіна была. Вось зямля: вырабі там (сыравіну. - Заўвага), добра заплаці тым, хто будзе яе вырабляць. Заплаці гэтым людзям. Гэта чарговае пытанне, каб усе вы разумелі маю палітыку ў гэтым плане: мы павінны быць жалезабетонна дзяржаўнымі людзьмі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Чамусьці вы мне ў такім кантэксце не ўносіце прапанову. Гэта як расцэньваць: як карупцыю, як непрафесіяналізм або як безадказнасць?"

Ён агучыў яшчэ адно патрабаванне да кіраўнікоў прыватных кампаній: атрыманыя грошы павінны не пайсці за мяжу, а застацца ў краіне. "Усё заробленае павінна быць тут. Нашы людзі, якія зарабляюць тут грошы, павінны іх інвесціраваць сюды", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Гаворка аб гэтым зайшла ў кантэксце прапановы Урада і Віцебскага аблвыканкама аб далейшым лёсе ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці ў Дубровенскім раёне. Размова ішла аб перадачы дзесяці арганізацый раёна і прадпрыемства "Віцебскі бекон" групе кампаній "Сервалюкс". На першым этапе аблвыканкамам прынята ўжо рашэнне аб перадачы паўнамоцтваў кіраўніка гэтых сельгасарганізацый інвестару ў асобе "Сервалюкса". Гэта дало магчымасць аказаць фінансавую падтрымку гаспадаркам для ажыццяўлення ўсяго комплексу сельгасработ у першым паўгоддзі, заклаўшы аснову будучага ўраджаю.

Цяпер інвестар выказаў гатоўнасць выкупіць названыя арганізацыі і ўзяць на сябе абавязацельствы па іх далейшым развіцці. Урад унёс праект Указа, які прадугледжвае продаж кожнай арганізацыі за адну базавую велічыню. "Нам трэба сур'ёзна на гэта (пытанне перадачы сельгаспрадпрыемстваў прыватным кампаніям. - Заўвага) звярнуць увагу. І не трэба зыходзіць з таго, што яны такія-сякія. Яны такія-сякія, таму што мы дрэнна імі кіравалі. Задача новага губернатара з кадрамі зрабіць усё, каб яны (праблемныя сельгаспрадпрыемствы. - Заўвага) нармальна працавалі. І яны будуць працаваць, нават калі інвестараў не будзе", - заявіў Прэзідэнт. Разам з тым на новага ўладальніка накладаецца шэраг абавязацельстваў, у тым ліку пагашэнне запазычанасці, інвесціраванне і развіццё гэтых прадпрыемстваў.

Акрамя таго, інвестар патрабуе пэўных ільгот і прэферэнцый. "Практыка вядомая, мы гэта заўсёды рабілі. Але ў якім аб'ёме, Вы, Васіль Мікалаевіч (Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. - Заўвага), яшчэ пералічыўшы сур'ёзным чынам, мне даложыце", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Прапануецца таксама прадаставіць групе кампаній "Сервалюкс" рэструктурызацыю праблемнай запазычанасці гэтых арганізацый. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта таксама пэўныя льготы, хоць такая прапанова і з'яўляецца абгрунтаванай. "Не ён жа гэтыя запазычанасці напрацаваў. Але рэструктурызацыі, растэрміноўкі і адтэрміноўкі павінны ўкладвацца ў пяцігадовы тэрмін прэзідэнцтва. Таксама прапануюцца іншыя льготы і прэферэнцыі. Калі гэта ўсё скласці, навошта нам такі інвестар? Павінна быць не сурова для іх, але і выгадна дзяржаве", - яшчэ раз абазначыў падыход Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым ён выказаўся на тэму субсідзіравання сельскай гаспадаркі. Справа ў тым, што дзяржава ўкладвае пэўныя рэсурсы ў развіццё сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку тых, якія пазней могуць быць перададзены прыватнай кампаніі. "Ідучы на такія рэформы, пра якія я гавару, нам трэба глядзець і на субсідзіраванне сельскай гаспадаркі. Субсідзіруем каго? Машэнскага і Баскіна (генеральны дырэктар ТАА "Санта-Імпэкс" - кіруючая кампанія холдынга "Санта" Аляксандр Машэнскі і старшыня савета дырэктараў СЗАТ "Сервалюкс" - Яўген Баскін. - Заўвага) - я напрыклад гавару, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Не бедныя ж людзі, прыбыткі маюць добрыя. А ў гэтым прыбытку - частка субсідый і іншай дапамогі і падтрымкі з боку дзяржавы. Будзем падтрымлівасць вяскоўцаў, сялян, але гэта падтрымка павінна быць суразмернай".

Прадугледжваецца магчымасць рэгістрацыі аб'ектаў нерухомай маёмасці на падставе скарочанага пераліку дакументаў. Прэзідэнт пагадзіўся з гэтай прапановай і адзначыў, што такая практыка можа прымяняцца і ў далейшым. "Цалкам нармальна. Чаго вы бюракратыю разводзіце? Можа, гэты вопыт потым трэба будзе перакласці на іншых", - дадаў ён.

Яшчэ адна прапанова - прадастаўляць зямельныя ўчасткі для будаўніцтва аб'ектаў нерухомай маёмасці без правядзення аўкцыёну, без унясення платы за права арэнды. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб асаблівым стаўленні да зямель сельскагаспадарчага прызначэння і лясных угоддзяў. Адна з заўваг Камітэта дзяржкантролю, выказаных па праекце ўказа, якраз была звязана з пытаннем аб праве размяшчаць аб'екты будаўніцтва на землях сельгаспрызначэння без уліку бала ўрадлівасці глеб. Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць разумнага вядзення сельскай гаспадаркі. Напрыклад, пры рашэнні павялічыць плошчы пад пасевы той ці іншай культуры варта кіравацца мэтазгоднасцю такога кроку і ацэньваць усе рызыкі. "Трэба імкнуцца да інтэнсіфікацыі, а не экстэнсіўным метадам атрымліваць гэтыя ўраджаі", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў перад удзельнікамі нарады шэраг пытанняў, звязаных з праектам Указа. Ён пацікавіўся, наколькі глыбока ўлічваюцца інтарэсы дзяржавы, ці дастаткова напружаныя прапануюцца тэрміны вяртання ранейшай запазычанасці, а таксама якія плануюцца інвестыцыі і па якіх напрамках. Прэзідэнт таксама ўдакладніў, ці паўплываюць у далейшым прапанаваныя меры на сітуацыю з развіццём сельгасарганізацый у цэлым па краіне, а не толькі ў Віцебскай вобласці.

"Гаворка ідзе пра лёс аграрнай вытворчасці цэлага раёна, вобласці. Гэты новы для нас вопыт, як я сказаў, магчыма, спатрэбіцца ў будучым. Напрыклад, "Мазырсоль" актыўна працуе ў тым жа напрамку ў Ельскім раёне. Такое ж даручэнне я яму (кіраўніку. - Заўвага) паўгода таму даваў. Таму не толькі прыватныя кампаніі, але і дзяржаўныя будуць да гэтага прыцягнуты", - канстатаваў ён.

"Адразу хачу перасцерагчы, што перадача інвестару нізкаэфектыўных арганізацый не павінна прывесці да самаўстаранення кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Старшыня Дубровенскага райвыканкама жалезабетонна павінен кантраляваць свае пытанні: парадак, дысцыпліна, правы чалавека. Але і пра абавязкі не забываць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае - кадры. Ні аднаго чалавека без вашага ўзгаднення або зацвярджэння не павінны назначаць. Трэба, каб старшыня аблвыканкама, райвыканкама жалезабетонна разумелі свае правы і абавязкі і каб яны маглі спагнаць (за канкрэтны вынік. - Заўвага)".

Прэзідэнт у час нарады нагадаў свой тэзіс: "трэба працаваць, калі не хочам ваяваць". Размова пра добрасумленную працу кожнага на сваім месцы, захаванне ўсіх неабходных тэхналагічных рэгламентаў, што ў канчатковым выніку ўмацоўвае эканоміку краіны. У дачыненні да сельскай гаспадаркі гэта асабліва важна ў перыяд уборачнай кампаніі, у сувязі з чым раней кіраўнік дзяржавы даручыў прыняць кардынальныя меры ў адносінах да нядбайных работнікаў.

"Прывяду прыклад. Некаторыя так - "хі-хі, ха-ха" - успрынялі, калі я сказаў на селектарнай нарадзе: нядбайных, алкашоў і іншых, хто не жадае працаваць на зямлі ў час уборкі, - на "фронт". У армію, у сілы спецыяльных аперацый, на граніцу - да Крупко і Пархомчыка, Хрэнін (кіраўнікі Гомельскай і Брэсцкай абласцей адпаведна і Міністр абароны. - Заўвага) - адказны", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што спачатку думаў, што такіх могуць быць тысячы, але ў выніку з дапамогай мясцовых улад знайшлі і прызвалі каля 500 чалавек.

Прэзідэнт расказаў, што ўжо не раз цікавіўся ў Міністра абароны Віктара Хрэніна, як гэта папаўненне з ліку нядбайных работнікаў спраўляецца з армейскай службай. І некалькі разоў прасіў пераправерыць інфармацыю, калі яму дакладвалі, што ў арміі да іх няма пытанняў. "Я не паверыў. Гавару: "Пераправер, сам паглядзі". Яшчэ раз праз тыдзень пытаюся. Ён мне: "Аляксандр Рыгоравіч, дазвольце узнагародзіць". Кажу: "Ты што, з глузду з'ехаў? Гэта ж п'яніцы, такія-сякія..." Твары светлыя, працуюць, выконваюць усё, што афіцэр скажа. Ну ніякіх прэтэнзій", - расказаў беларускі лідар.

"А кажуць, што армія - гэта не лагер для выхавання, як Вальфовіч (Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. - Заўвага) сказаў. Так, гэта не лагер. Але школа выхавання вельмі добрая, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Нармальныя мужыкі. Прайшлі перападрыхтоўку. Я гавару: "Усім зброя, як ваенным. Пераапрануць, пагаліць, падстрыгчы. І туды". Баявое зладжванне, усё зрабілі па апошніх стандартах. Мабільныя групы, тактычныя групы. Усё, што патрэбна нам для абароны граніцы. Мы ж не ваюем ва Украіне, а абараняць граніцу трэба. І накіравалі туды 170 чалавек адразу".

Прэзідэнт расказаў, што і там не было ніякіх прэтэнзій у адрас гэтых людзей: "Яны зямлянкі вырылі лепш, чым у Мінску кватэры абсталявалі. Вось табе і п'яніцы, такія-сякія".

У сувязі з гэтым, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, паўстае пытанне, чаму іх не змаглі належным чынам арганізаваць на асноўным месцы працы: "Мы не змаглі іх арганізаваць. А ў арміі Хрэнін са сваімі афіцэрамі арганізаваў іх дзейнасць і просіць іх узнагародзіць. Гавару: "Давай пачнём з таго, каб ты іх узнагародзіў, я не супраць". Будзем узнагароджваць асобных там лепшых людзей. Значыць, людзі могуць працаваць".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ёсць пэўныя метады і рычагі ўздзеяння на тых, хто не хоча належным чынам выконваць свае працоўныя абавязкі. Ставіцца да людзей трэба па-чалавечы, але і жалезабетонна патрабаваць, арыентуе ён.

Як далажыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, у сельскагаспадарчай галіне рэгіёна адзначаюцца пазітыўныя змены. Так, паводле яго слоў, практычна завершана будаўніцтва цялятнікаў: гатова 68 з 72. На фоне станоўчых вынікаў прынята рашэнне павялічыць іх колькасць у вобласці да 96. Акрамя таго, у Віцебскай вобласці ўжо нарыхтавалі кармы і завяршылі сяўбу азімага рапсу.

"Рэзультат можа быць дасягальны", - зрабіў выснову Аляксандр Рагожнік аб перспектывах развіцця рэгіёна.

Пазітыўная ацэнка наконт гэтага прагучала і ад Кіраўніка дзяржавы: "Віцебская вобласць да сярэдзіны жніўня пасеяла ўвесь рапс - такога ніколі не было! Паглядзім яшчэ на рэзультат".

Па выніках нарады Прэзідэнт даў даручэнне КДК сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта і Урадам дадаткова падлічыць тыя нормы, якія вызначаны Указам, каб захаваць баланс інтарэсаў дзяржавы і інвестара.