Нарада аб развіцці хакея

  • 9
  • 21:34

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня правёў нараду аб развіцці хакея.

Мерапрыемства выйшла за рамкі акрэсленай тэмы - гаварылі пра спорт у цэлым. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў выбудоўваць аптымальную эфектыўную сістэму, накіраваную на развіццё і вынік, у гэтым выпадку - спартыўны. "Рухацца трэба далей і падбіраць людзей трэба пад тое, як мы будзем рухацца. І сістэму трэба выбудоўваць так, каб быў гэты рух", - сказаў Прэзідэнт.

"Сённяшняя размова, калі ў шырокім сэнсе разглядаць, - гэта размова пра сітуацыю ў спорце наогул. І калі б у нас быў спорт па ўсіх напрамках, хаця б мы развівалі, як у савецкія часы (у нас школы былі нядрэнныя), гандбол, футбол, хакей, яшчэ нейкія віды… Лёгкая атлетыка. Пачынаем мы западаць у зімовых відах спорту, лыжнікаў увогуле не відаць. Баюся, што заўтра весляры "забягуць пад хвалю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Патрэбны рэзультат! Няма рэзультату - няма руху - няма работы!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці зладжанай сумеснай работы "тройкі" ў складзе віцэ-прэм'ера, які адказвае за спартыўную сферу, кіраўніка НАК і профільнага міністра. "Утраіх - гэта калектыўны прэзідэнт у спорце. Хто перашкаджаў збірацца і прымаць рашэнні, пачынаючы ад фінансавання і заканчваючы спортам увогуле? - заўважыў ён. - Я паглыблены ў гэту праблему, і нікому адскочыць не атрымаецца. Ад Кіраўніка Адміністрацыі (Прэзідэнта. - Заўвага) і віцэ-прэм'ера да трэнера і хакеіста. І праз гэту прызму мы павінны паглядзець на свой спорт. Калі пра хакей сёння размова, - паглядзець, што ў нас сёння робіцца з хакеем, чаго не хапае".

Асобна Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да Міністра спорту Сяргея Кавальчука: "Час пачынаць працаваць. І павінен сказаць нашаму Міністру спорту: Сяргей Міхайлавіч, калі Вы хочаце працаваць (чалавек Вы добры, я Вас даўно ведаю), давайце рэзультат. У адваротным выпадку я Вас абараняць не буду. Не мне - дзяржаве патрэбны рэзультат. Для вас створаны ўсе ўмовы. Велатрэка не было - катайцеся. Стадыёна канькабежнага не было - бегайце, трэніруйцеся. Давайце рэзультат".

Аналагічная задача стаіць і перад ужо названай "тройкай" у кіраўніцтве спортам: "Ваша задача, Наталля Уладзіміраўна (віцэ-прэм'ер Наталля Пяткевіч. - Заўвага) і "тройкі" - рэзультат. Арганізуйце, сістэму выбудуйце і няхай працуюць. А вы толькі глядзіце: ёсць рэзультат, няма рэзультату".

Нагодай для абмеркавання адпаведных пытанняў стала нядаўняе выступленне ў КХЛ хакейнага клуба "Дынама-Мінск". Каманда ў сезоне, які завяршыўся, паказала сябе вельмі нядрэнна - выйшла ў чвэрцьфінал Кубка Гагарына і па выніках рэгулярнага чэмпіянату заняла другое месца ў Заходняй канферэнцыі. Аднак усё пазітыўнае ўражанне было змазана сухім паражэннем у чвэрцьфінальнай серыі гульняў з казанскім "Ак Барсам".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму ў дадзеным выпадку пытанні спартыўнай галіны ён вырашыў разгледзець менавіта на прыкладзе хакея. Справа тут не ў асабістых прыхільнасцях, а якраз у спартыўных рэзультатах. "Ужо Прэзідэнта пачынаюць крытыкаваць за тое, што я больш увагі ўдзяляю хакею. Калі футбалісты будуць гуляць так, як у нас хакеісты гуляюць, я з вялікім задавальненнем буду ўдзяляць увагу і футболу. Але там пакуль няма на што глядзець", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён згадаў аб нядаўнім таварыскім матчы паміж зборнымі камандамі Беларусі і Буркіна-Фасо па футболе. Гульня завяршылася ўнічыю з лікам 2:2, хоць па ходзе матчу беларуская каманда вяла 2:0.

"Ну так, Буркіна-Фасо - нядрэнная каманда. Мы нібыта 2:0 вялі. А потым на фінішы - як звычайна. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што мы не рыхтуемся, мы фізічна не ўмеем гуляць. Або трэнерскі склад (хоць не магу сказаць, што яны дрэнна пачалі), на чале з Ганчарэнкам, - не падрыхтавалі каманду як мае быць, каб да апошняй мінуты пацярпець і атрымаць перамогу", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым падкрэсліў, што ніхто, у тым ліку профільны міністр, яго не можа папракнуць у тым, што ён не ўдзяляе ўвагі футболу: "У нас жа "ўдзяляў увагу" - гэта грошы давай. Ну далі дынамаўцам Мінска міністра (гаворка пра кіраўніка МУС Івана Кубракова, які таксама займае пасаду старшыні наглядальнага савета БФСТ "Дынама". - Заўвага) і грошай. І што, лепш гуляць сталі? У  кубках вызначыліся, яшчэ недзе? Таму не трэба крыўдзіцца на тое, што я менш увагі ўдзяляю футболу. Нічога не менш, хапае".

Прэзідэнт адзначыў, што так склалася ў яго жыцці, што цяпер яго часцей бачаць на хакейнай пляцоўцы. Магчыма, таму магло скласціся меркаванне, што ў Беларусі гэта - гульня № 1.

"Футбол і хакей - гэта асноўныя віды спорту ўсюды, таму што яны масавыя, гэта народныя віды спорту. Па сваім асабістым жыцці я заўсёды прызнаваў, што гуляў у футбол, а не ў хакей. Летам - у футбол, зімой - у хакей. Са школьнага ўзросту", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца рэзультатаў "Дынама-Мінск" і хакея ў цэлым, Кіраўнік дзяржавы расказаў, што да нарады для яго першапачаткова былі падрыхтаваны матэрыялы з даволі жорсткімі прапанаванымі ацэнкамі і рашэннямі, аднак Аляксандр Лукашэнка быў не такі катэгарычны і заклікаў да аб'ектыўных ацэнак: "Факт у тым, што ў мінулым годзе (сезоне. - Заўвага) мінскае "Дынама" ў нас выступіла лепш, чым калі-небудзь. Ну дык чаму правальны, калі дынаміка нармальная? Я разумею вас як чыноўнікаў - вы не зусім уніклі ў сітуацыю, і вы пачалі ўразнабой даваць нейкія ацэнкі і нешта прапаноўваць. Таму, калі аб'ектыўна глядзець на рэчы, каманда выступіла лепш, чым калі-небудзь".

"Давайце адкрыта гаварыць: гэта такі важны ідэалагічны праект у нашай краіне. Народная каманда, як яе вызначылі. Гэта - галоўны ідэалагічны праект. Не балбатня нашых чыноўнікаў. Каманда гуляла ў чэмпіянаце, гуляла нядрэнна - з усіх куткоў краіны прыязджалі людзі, каб паглядзець на каманду. Ну што яшчэ трэба? Вось вам ідэалогія на канкрэтным факце - каманда стала галоўным ідэалагічным праектам, асабліва ў Мінску, - заявіў беларускі лідар. - Але калі гэта важны праект, на які мы можам абапірацца, то яго трэба развіваць. Што прагрэс у каманды відавочны - гэта факт. Ніхто гэта не аспрэчвае. Тое, што каманда не дасягнула таго, што павінна была дасягнуць і што абяцалі, - гэта факт".

"Арцём Каркоцкі (гендырэктар хакейнага клуба "Дынама-Мінск". - Заўвага) ехаў за кубкам. Цытую. Я думаў: ну, зараз хлопцы адарвуцца і пакажуць сапраўдную гульню. Калі не кубак, то ў плэй-оф пакажуць сябе прыстойна", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што каманда абяцала выйграць хаця б у чацвёртым матчы (серыі гульняў у КХЛ вядуцца да чатырох перамог), каб наступную гульню правесці ў Мінску, а не на выездзе ў Казані. "Мы вас чакалі ў Мінску. Але вы чамусьці да гэтага часу ў Мінск едзеце", - заўважыў беларускі лідар.

Згадаў Прэзідэнт і аб цырымоніі ўшаноўвання капітана мінскага "Дынама" Андрэя Стася ў гонар яго тысячнага матчу ў КХЛ. Гэта было зроблена перад адной з гульняў з казанскім "Ак Барсам", што магло збіць гульнявы рытм на вырашальнай стадыі турніру. "І песні вы там спявалі, і людзей віншавалі часта неўпапад. І фактычна сарвалі гульню. Добра, чалавеку прыемна, а каманду збілі з толку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прадоўжыў: "Добра, спішам на тое, што мы тут нешта недзе недапрацавалі. Збоі бываюць усюды. Але трэба рухацца наперад".

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым звярнуў увагу, што Федэрацыя хакея не займаецца асноўнай камандай, ды і ў цэлым яе не бачна.

Ён заўважыў, што гульня ў адной хакейнай камандзе з Прэзідэнтам не адмяняе патрабаванняў да вынікаў работы на непасрэдна займаемай пасадзе: "Гульня з Арцёмам Каркоцкім у адной камандзе (хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага) у трэнера Баскава - гэта, хлопцы, адно. І Баскаў (старшыня наглядальнага савета хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Дзмітрый Баскаў. - Заўвага) з Арцёмам ведаюць гэта лепш, чым хто-небудзь. Гэта - адно. А іншае - рэзультат у канкрэтнай рабоце. Гэтага рэзультату, калі ўжо ацэньваць хакейны клуб "Дынама", я не ўбачыў. А маглі".

Аляксандр Лукашэнка згадаў і пра работу былога галоўнага трэнера "Дынама-Мінск" Дзмітрыя Квартальнава: "Усе "ах, ох" - пра трэнера пачынаюць гаварыць "каманда добра гуляла, Дзіма Квартальнаў..." Нібыта ледзь ці неапраўдана з ім не заключылі кантракт… Я не ведаю, які там трэнер Дзмітрый Квартальнаў. Дрэннага нічога не магу пра яго сказаць. Але трэнер павінен быў падвесці каманду да плэй-оф так, як належыць. І каманда ў плэй-оф не павінна была праваліцца. А яна правалілася".

Прэзідэнт прызнае, што казанскі "Ак Барс" сапраўды моцная каманда, але звярнуў увагу, што ў апошняй гульні мінскім "зубрам" закідвалі амаль "смеццевыя" шайбы. "Значыць, з гэтай камандай можна было гуляць. Але не згулялі. Апошні матч у Мінск не прывезлі. Не зачапіліся за сваю гульню. Гулялі бязвольна. Гавару як чалавек, які крыху разбіраецца ў хакеі. Таму не трэба стагнаць, што мы там не заключылі нейкі кантракт. Патрэбны вельмі талковы трэнер, аб чым было сказана і старшыні наглядальнага савета, і Арцём гэта добра ведае. Патрэбны моцны, аўтарытэтны трэнер".

Як па іншых напрамках у спорце, так і адносна клуба "Дынама-Мінск" Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз заявіў аб важнасці сістэмнага падыходу: "Знайдзіце кожнаму месца. Людзі здольныя, людзі, якія разумеюць. Павыганяць мы заўсёды паспеем. Але яны павінны разумець, што пасля сённяшняй размовы ў спорце - і асабліва ў хакеі, у клубе "Дынама" - ніякіх адступленняў не будзе. Прыярытэт - трэба развіваць беларускі хакей. Усё ж такі грошы там немалыя. Трэба варушыцца. Усё трэба прывесці ў адпаведнасць, выбудаваць сістэму і, калі мы гаворым пра гэты клуб, знайсці месца ад Кубракова (кіраўнік МУС Іван Кубракоў, які таксама займае пасаду старшыні наглядальнага савета БФСТ "Дынама". - Заўвага) да хакеіста".

Прэзідэнт расказаў, што Камітэту дзяржкантролю было даручана правесці праверку ў хакейным клубе "Дынама-Мінск". Але не для таго, каб "паставілі ў позу там усіх і галовы паадкручвалі", а каб разабрацца, што там адбываецца. "Дакладваюць непрыглядную карціну", - заўважыў беларускі лідар.

"Пытанне не ў тым, каб некага пакараць, спагнаць з каго-небудзь. Хоць недахопаў хапае. А пытанне ў тым, як рухацца далей, як не страціць тое, што ёсць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы на прыкладзе "Дынама-Мінск".

"Па-гаспадарску трэба паставіцца і лічыць грошы. Нацэленасць адна: у чвэрцьфінал (Кантынентальнай хакейнай лігі. - Заўвага) трапілі, заўтра (у наступным сезоне. - Заўвага) трэба кубак браць", - заявіў Прэзідэнт.

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на пытанні падрыхтоўкі хакеістаў і складу каманды. Справа ў тым, што цяпер у "Дынама-Мінск" даволі вялікая колькасць легіянераў.

"Дзе нашы 23-25-гадовыя? Жэня (дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды па хакеі з шайбай Яўген Ворсін. - Заўвага), дзе людзі нашы? Чаму не бачаць тое, што ў нас ажно палова каманды - імпартныя? У вас што, лішнія грошы - плаціць амерыканцам, расіянам і іншым. Гэта ж вы не ўлічваеце, што ў расійскім хакеі 5 чалавек абмежаванне на легіянераў, а ў нас гэтага няма. У нас ажно 14 чалавек расіян і іншаземцаў (з іншых краін, акрамя Расіі. - Заўвага). Дык як мы будзем развіваць свой хакей, як будзе зборная гуляць потым?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

"Я вам сказаў, што там павінны быць свае", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што пытаўся ў аднаго з трэнераў пра падыходы да падрыхтоўкі ў міжсезонны перыяд па аналогіі з методыкай выдатнага савецкага трэнера Анатоля Тарасава. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму так не робяць цяпер. "Ён шчыра кажа: "А нашы не вытрымаюць гэтага", - перадаў падрабязнасці размовы Прэзідэнт.

"Дык навошта нам такія спартсмены і хакеісты? Сёння палова міжсезонкі прайшла, а ў вас няма ні каманды, ні трэнера. Як вы будзеце рыхтавацца да сезона? Яны на "зямлі" павінны быць падрыхтаваны да сезона. А вы не гатовы. Хто ў Турцыі, хто ў Эміратах, хто дзе - адпачываеце", - заўважыў беларускі лідар.

У ліку дакладчыкаў на нарадзе быў Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, які праінфармаваў аб выніках праверкі ЗАТ "Хакейны клуб "Дынама-Мінск". Клуб карыстаецца сродкамі дзяржпадтрымкі, а таму адпаведным пытанням удзяляецца пільная ўвага.

Праверка выявіла шэраг сур'ёзных недахопаў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржкантролю і Міністэрству ўнутраных спраў праверыць у цэлым спартыўныя клубы ў краіне. Для таго, каб сродкі, якія накіроўваюцца на спорт, расходаваліся менавіта на гэтыя мэты, а не на нейкія іншыя патрэбы.

Міністр спорту Сяргей Кавальчук у ходзе нарады абазначыў тыя віды спорту, дзе беларусы апошнім часам былі найбольш паспяховыя, заваёўвалі медалі чэмпіянатаў свету і Еўропы. Прычым часта рабілі гэта ў час першых пасля доўгага перапынку стартаў.

Напрыклад, на чэмпіянаце Еўропы па скачках на батуце нацыянальная каманда выступіла паспяхова, заваяваўшы 14 медалёў: 9 залатых, 3 сярэбраныя і 2 бронзавыя.

Залатыя медалі заваяваны на чэмпіянатах Еўропы па акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ. Міністр звярнуў увагу, што пасля поспехаў знакамітай беларускі Кацярыны Карстэн у веславанні рыхтуецца дастойная змена. Напрыклад, Яўген Залатой, які заваяваў сярэбраны медаль у гэтым сезоне на этапе Кубка свету, дуэт Таццяны Клімовіч і Алены Фурман, якія выйгралі ў красавіку 2026 года прэстыжную міжнародную рэгату ў Італіі.

Абазначыў Міністр таксама поспехі беларускіх спартсменаў у мастацкай гімнастыцы. На чэмпіянаце Еўропы ў гэтым відзе спорту зборная Беларусі заваявала 3 медалі (1 залаты, 2 сярэбраныя).

Аднак Прэзідэнт на гэта заўважыў, што ў мнагабор'і па мастацкай гімнастыцы беларускі не дэманструюць уражальных вынікаў. "Гэта значыць там, дзе мы заўсёды нечым вызначаліся, мы пайшлі на спад", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Сяргей Кавальчук запэўніў, што ў мастацкай гімнастыцы ёсць маладыя перспектыўныя спартсменкі, якія яшчэ могуць праявіць сябе на міжнародных спаборніцтвах. Аналагічная сітуацыя, паводле яго слоў, і ў грэка-рымскай, вольнай барацьбе.

Асобна Міністр закрануў сітуацыю ў футболе, падкрэсліўшы ролю трэнера нацыянальнай зборнай краіны па футболе Віктара Ганчарэнкі. Пад яго кіраўніцтвам ужо згуляны некалькі матчаў. Трэнер, паводле слоў міністра, выводзіць на поле розныя склады ігракоў, каб адабраць найбольш перспектыўных у склад нацыянальнай зборнай.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ні ў футболе, ні ў іншых відах спорту нельга рабіць стаўку толькі на аднаго трэнера. Такіх спецыялістаў трэба некалькі ў кожным з відаў спорту. "Няма яго - і бяда потым. Потым вы зноў будзеце тых, якія спатыкаюцца, заікаюцца, трэнерамі запрашаць. Рыхтуйце гэтых трэнераў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Рыхтуем, Аляксандр Рыгоравіч. І ў клубах маладыя трэнеры ёсць нядрэнныя", - адказаў Міністр. У якасці прыкладу ён прывёў хакей, дзе беларускім бокам распрацаваны вельмі добрыя праграмы і методыкі.

"Праграмы ёсць, трэнераў няма", - крытычна заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта працэс. За два гады не падрыхтуеш, на жаль", - адказаў Міністр.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў назваць некалькі кандыдатур, якія маглі б трэніраваць мінскае "Дынама". Міністр звярнуў увагу на некаторыя прозвішчы, растлумачыўшы, што ёсць перспектыўныя спецыялісты, але пакуль яны недастаткова падрыхтаваны, каб займацца такім прэстыжным клубам. Аднак, набраўшыся вопыту, магчыма, падыдуць да гэтага ў будучым. "Трэнеры, якія змогуць працаваць у перспектыве, ёсць. Але сёння недастатковы ўзровень у рабоце трэнераў, мы гэтага не ўтойваем, - сказаў Сяргей Кавальчук. - Цяпер робім акцэнт на замежнага спецыяліста (у якасці галоўнага трэнера мінскага "Дынама". - Заўвага)".

"Трэнер (кандыдатура на гэту пасаду. - Заўвага) ёсць, ён знойдзены, з ім вядуцца перагаворы", - дадаў Міністр спорту.