Рэспубліканскае зімовае спартыўнае свята "Мінская лыжня - 2021"
- 42
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 сакавіка прыняў удзел у Рэспубліканскім зімовым спартыўным свяце "Мінская лыжня - 2021", якое прайшло ў РЦАП па зімовых відах спорту "Раўбічы".
Каманда Прэзідэнта перамагла ў эстафетнай гонцы. У складзе эстафетнага квартэта разам з Кіраўніком дзяржавы, які завяршаў гонку, выступілі Святлана Канашэнка, Людміла Калінчык, Мікалай Лукашэнка.
Другое і трэцяе месца занялі каманды Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў.
У эстафеце біятлоннай гонкі 4 па 2 км разам з камандай Кіраўніка дзяржавы прынялі ўдзел каманды Адміністрацыі Прэзідэнта, Апарату Савета Міністраў, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, КДК, аблвыканкамаў.
Размаўляючы пасля цырымоніі ўзнагароджання з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся эмоцыямі пасля перамогі сваёй каманды. "Перамагаць заўсёды цяжка. Тым больш калі за табой сочаць, прабачце за нясціпласць, мільёны розных вачэй, - сказаў Прэзідэнт. - Для мяне цяжка, вельмі цяжка. Але людзям добра. Такі мой лёс. Мая задача - рабіць людзям добрае".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на свята прыехала вялікая колькасць балельшчыкаў, усе яны ад душы падтрымлівалі свае каманды. Гэта прыемна, прызнаўся ён, хоць часам і адцягвае ўвагу ад гонкі. "Я падумаў аб тым, што калі будзе гэта стральба, лепш цішыня, чым шум. І нават на фінішы: па свежай трасе фінішуеш (розніца вялікая для лыжніка) і звяртаеш увагу на трыбуны - ледзь не ўпаў там. Таму ўсяляк бывае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт пракаменціраваў сітуацыю вакол НАК і ўдзелу беларускіх атлетаў у маючай адбыцца Алімпіядзе ў Токіа. Кіраўнік дзяржавы заклікаў "не перажываць" і звярнуў увагу на палітызацыю адпаведных пытанняў.
Адзін з журналістаў адзначыў, што МАК не прызнае Віктара Лукашэнку Кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. "Ну, тады давядзецца прызнаць Аляксандра Лукашэнку. Ён ужо даўно прызнаны. Лепш ужо Віктара прызнаць, чым пакінуць ранейшага Лукашэнку. Яны нават да гэтага не дадумаліся", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Думаю, нам перажываць наконт гэтага абсалютна не трэба. У нас ёсць свая краіна, і мы будзем гэту палітыку будаваць так, як гэта патрэбна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама звярнуў увагу, што Віктар Лукашэнка і так ужо на працягу доўгага часу фактычна працуе на пасадзе кіраўніка НАК: "Я там "парасон" для гэтай арганізацыі (размова пра перыяд, калі Аляксандр Лукашэнка ўзначальваў НАК, першым віцэ-прэзідэнтам быў Віктар Лукашэнка. - Заўвага). Усё было добра. Потым яны прыслалі патрабаванне напярэдадні (Алімпійскага сходу НАК Беларусі. - Заўвага): Дзіму Баскава "пад нож", Лукашэнку-1, Лукашэнку-2 - не дай бог, мы тады санкцыі ўвядзём. Яшчэ нічога не зрабіў, ужо санкцыі. І прапанавалі яму ад бацькі адмовіцца. Гэта сын адмовіцца ад бацькі! Ну што пра іх гаварыць далей".
Ён адзначыў, што пачынаюць падціскаць ужо Беларусь па ўсіх франтах. "Нават на "Еўрабачанні", я гляджу. Што там група гэтая? Ну, толькі аўтарытэту ёй дабавілі. Як кажуць, добры піяр. Ну, калі што, дык песню мы зробім іншую. Не пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму вы бачыце, што гэта ўсё палітызавана. Але я ж гаварыў: калі мы хочам быць нацыяй, мы павінны выстаяць. А яшчэ раней я гаварыў, што незалежнасць і суверэнітэт вельмі дорага каштуюць. Вось яно ўсё і дэманструецца на міжнароднай арэне. Але б'юць моцных. На слабых увагу на звяртаюць", - адзначыў беларускі лідар.
Журналісты згадалі нядаўняе сацыялагічнае даследаванне, якое было праведзена ў краіне напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу. Адказваючы на пытанне, якія дасягненні суверэннай Беларусі трэба захаваць, 72,9% апытаных адзначылі парадак і стабільнасць у краіне, 57,3% - суверэнітэт і незалежнасць. Сярод агульнанацыянальных мэт на першым месцы таксама забеспячэнне стабільнасці і бяспекі - за гэта прагаласавалі 68,6% апытаных. Нават павышэнне якасці жыцця грамадзяне паставілі на другое месца - 58,5%.
"Тое, што людзі на першае месца паставілі бяспеку і стабільнасць, для мяне не было нечаканым. Гэтыя пратэстуны нам працэнтаў у гэтым плане дабавілі. Я ўжо гаварыў: проста вы і наш народ, паглядзеўшы на непарадкі мінулага года, зразумелі, што могуць страціць. Таму людзі заклапоціліся бяспекай і стабільнасцю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што разважлівых людзей у краіне заўсёды было больш, пераважная большасць іх і цяпер. "А нюансы не для сённяшняга дня. Вельмі шмат ёсць што расказаць. Але гэта з часам, - заінтрыгаваў Кіраўнік дзяржавы. - Звярніце ўвагу на маю фразу: сяброў у нас у свеце няма".
Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў таксама інфармацыю, агучаную ў фільме аб яго "залатым дне", што выйшаў у інтэрнэце, дзе расказваецца пра раскошу, у якой жыве Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў хлуслівасць прадстаўленай інфармацыі. Ён сказаў, што яшчэ не глядзеў гэты фільм. "Я пастараюся. Кажуць, вельмі вялікі фільм, доўгі. У мяне столькі часу няма глядзець. Мне далі проста блокамі аналіз, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Я таксама зрабіў вывад, што новага тут нічога няма".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніколі сабе не дазволіў бы гаварыць адно, а рабіць іншае, паколькі, асабліва ў вачах тых людзей, якія яго падтрымліваюць, выглядаў бы вельмі негатыўна. "Самае страшнае для мяне - абняславіцца перад вамі. Я ніколі не зраблю так, як я не гавару. Калі я сказаў, так павінен і зрабіць. Таму не трэба шукаць. Яны ўзяліся за гэту тэму дарэмна. Гэта калька з фільма пра Пуціна, - адзначыў беларускі лідар. - Палацы там, яшчэ нешта, і ў штаны залезлі ў канцы. Слухайце, ну гэта ўвогуле ўжо непрыстойна. Прытым называюць канкрэтныя прозвішчы, якія не маюць ніякага дачынення, клянуся вам. Навошта?"
Прэзідэнт сказаў, што ўсё ж такі павінен паглядзець фільм цалкам перад тым, як правесці і паказаць у рэальнасці тое, аб чым там расказваюць: "Я павінен вам паказаць. Яны ж прозвішчы называлі, паказвалі нейкія збудаванні. Я проста вас прывяду да сябе дамоў, пакажу гэту лазню, пакажу, дзе дровы сек. У гэтай вёсцы, дзе я жыву".
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ніякай раскошы ў тых месцах, дзе ён спыняецца, няма. Напрыклад, на Прыпяці, куды ён звычайна прыязджае вясной. "Там база адпачынку і драўляны дом, дзе Прэзідэнт спыняецца. Адна частка грамадская. Агульная зала вялікая. Мая спальня і дзіцячы пакой. Усё. Ну што гэта, палац? Дык ён жа не мой. Гэта дзяржаўны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Расказаў ён і пра гадзіннік, які фігураваў у фільме: "Ён ужо, напэўна, гадоў 15 гэты гадзіннік. Скажу вам шчыра, яны няхай не перажываюць, гэты гадзіннік мне падарыў Нурсултан Абішавіч Назарбаеў (першы Прэзідэнт Казахстана. - Заўвага)".
"І наогул адкрываю вам сакрэт: ні адзін Прэзідэнт, я думаю, гадзіннік не купляе, калі не "круты", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён растлумачыў, што на такіх вялікіх мерапрыемствах, як міжнародныя саміты, гаспадар, як правіла, дорыць гасцям тыя ці іншыя падарункі. "Я даручыў, каб іх змясцілі ўсе ў Палацы Незалежнасці ў музеі (падарункі Прэзідэнту паводле закону захоўваюцца ў рэзідэнцыі Прэзідэнта). Там - ад гадзінніка нашага "Луч" (гэта мой першы, яшчэ я кандыдатам у Прэзідэнты быў) да вось гэтага гадзінніка, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай не перажываюць, што нехта заплаціў за гэты гадзіннік. Ну а па цане вы бачылі. Яны перабольшваюць у 10-15 разоў цану і кажуць: ах, як Лукашэнка схільны да золата. Выносіць не магу вось гэту празмернасць".
"Я больш за ўсё перажываў, каб вы, паглядзеўшы, не сказалі: ну а каго мы абараняем? Вось гэта для мяне было самае страшнае", - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца фінансавых сродкаў, Прэзідэнт растлумачыў, што ў яго распараджэнні ёсць так званы непарушны запас, які акумулюецца гадамі, на экстранны выпадак. "Грошы, якія я выкарыстоўваю, ну вось у пандэмію, - урачам трэба даплаціць, тэрмінова лякарствы купіць і іншае. У бюджэце не запланаваны гэтыя грошы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я ніколі сабе не дазволю ўкрасці нешта ў людзей. Таму што я вырас не ў галечы, але ў беднасці страшэннай. І я ведаю цану кожнаму рублю".
Прэзідэнт лічыць, што аўтары фільма дарэмна ўзяліся за гэту тэму, відаць, ад бязвыхаднасці. "Бойцеся гэтых людзей. Вы ж бачыце, як яны кідаюцца на чужую ўласнасць. Вось гэтак яны будуць кіраваць краінай. Яны вось гэтых нашых бізнесменчыкаў, ІТ-шнічкаў і ІП-шнічкаў распрануць на працягу двух гадоў. Хутка. Добра распранулі б ды народу далі - у кішэнь сабе пакладуць, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Яны перапісалі ўжо прадпрыемствы і падзялілі. Не дай бог, мы іх не спынілі б - сёння жылі б у іншай краіне. Вось у чым праблема".
"Нам трэба справай займацца. А пройдзе час - людзі ацэняць", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт пракаменціраваў і выступленне хакеістаў мінскага "Дынама" ў Кубку Гагарына. У пятым матчы 1/8 фіналу серыі плэй-оф беларускія хакеісты ўступілі піцерскаму СКА ў авертайме з лікам 3:4 і, такім чынам, завяршылі барацьбу за кубак. Але, лічыць Кіраўнік дзяржавы, у цэлым каманда выступіла нядрэнна.
"Вядома, малайцы, прагрэс добры. Але хацелася б лепшага і большага. Маладыя... Ну як за дзве хвіліны (да канца гульні. - Заўвага) можна было прапусціць шайбу? Моладзь, - адзначыў ён. - Я быў рады, калі авертайм здарыўся. Адразу сказаў: 5-7 хвілін мы павінны выстаяць, тады зможам гуляць. І гулялі нармальна. Таму малайцы, але хацелася б большага".
На думку Прэзідэнта, на гульню мінскіх хакеістаў паўплывала і прадузятае судзейства, якое прымала рашэнні на карысць піцерскай каманды, спонсарам якой з'яўляецца "Газпрам". "Вы ж бачылі судзейства: проста зламалі гульню. Так ніхто не робіць. Мы іх разумеем, але гэта несправядліва і непрыгожа нават", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У цэлым, дадаў Кіраўнік дзяржавы, кіраўніцтву ХК "Дынама" ўдалося сфарміраваць нядрэнную каманду пасля таго, як адтуль выкінулі тых, "хто хадзіў з растапыранымі пальцамі", і ўзялі хлопцаў, "якія хочуць гуляць". "Таму стварылі каманду. Калі яны захаваюць яе, гэта будзе добрая каманда", - упэўнены Прэзідэнт.


