Алімпійскі сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі

  • 22
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 26 лютага Алімпійскі сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Адкрываючы сход, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што настаў час зноў абмеркаваць праблемы развіцця спорту і алімпійскага руху, абнавіць склад і кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Але спачатку ён закрануў агульнапалітычны парадак дня.

"Цяпер вельмі няпросты перыяд. Аб гэтым мы шмат гаварылі на Усебеларускім народным сходзе, і час, які мінуў пасля гэтага, якраз пацвярджае сказанае. Наша краіна, людзі, на жаль, зведваюць самы жорсткі націск па ўсіх напрамках. У ход ідзе ўсё: ад адкрытых фэйкаў і стварэння агрэсіўнага інфармацыйнага асяроддзя да запалохванняў і спроб тэрактаў. На расхістанне грамадства вядомыя "спонсары" не шкадуюць грошай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У гэту варонку, адзначыў Прэзідэнт, зацягнула і некаторых спартсменаў, у асноўным былых. "Тых, каго так клапатліва гадавалі нашы трэнеры ў спартыўных школах. Тых, каму былі створаны абсалютна ўсе ўмовы для сумяшчэння вучобы і трэніровак у вучылішчах алімпійскага рэзерву і ўніверсітэтах. Тых, каму дзяржава дала магчымасць займацца спортам прафесійна, не адцягваючы ўвагу на бытавыя пытанні. Нашы лепшыя ўрачы бясплатна лячылі іх ад траўмаў. І нават пры дыскваліфікацыі мы іх не кідалі. А цяпер яны стаяць у прыёмных міжнародных арганізацый, выпрошваючы санкцыі супраць нашага алімпійскага руху, ды і краіны ў цэлым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта з іх падачы Беларусь страціла чэмпіянаты свету па хакеі і сучасным пяцібор'і, а яны - атрымалі свае 30 срэбранікаў. "Але гэта мы ўсё перажывём. Не думаю, што мы тут нешта катастрафічна страцілі. Скажу адно: на здрадзе радзіме шчасця не пабудуеш. Добра, бог ім суддзя. На гэтым завершым гэту тэму, усе вы добра з ёй знаёмыя", - дадаў ён.

"Нам ёсць кім ганарыцца. Абсалютная большасць спартсменаў - сапраўдныя патрыёты, якія без астатку аддаюць свой талент, сілы і энергію для перамог у імя Айчыны", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў зале Нацыянальнага алімпійскага камітэта сёння сабралася эліта беларускага спорту. Прадстаўлены ўсе спартыўныя грамадскія арганізацыі краіны, прысутнічаюць трэнеры, спартсмены, дырэктары рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі, намеснікі губернатараў, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, якія аказваюць практычную дапамогу розным відам спорту.

"Менавіта вашымі намаганнямі ствараецца спартыўная слава Беларусі. Вам прымаць рашэнні аб далейшым развіцці алімпійскага руху ў краіне, вызначаць прыярытэты ў рабоце, даваць ацэнку зробленаму. Менавіта з вас будуць браць прыклад новыя пакаленні беларускіх спартсменаў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Адной з галоўных тэм сходу ў НАК стала падрыхтоўка беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Токіа. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніцтва Мінспорту, якія вывады зроблены пасля Рыа-дэ-Жанэйра і якія прыняты меры па ўстараненні недахопаў у падрыхтоўцы спартсменаў.

"Чаканняў і абяцанняў, як заўсёды, шмат. Няхай алімпійскі адбор да Токіа яшчэ не скончаны, але ўжо цяпер можна канстатаваць, што гульнявыя камандныя віды спорту (за выключэннем баскетбола тры на тры) яго правалілі. Пакуль няма ліцэнзій у боксе, дзюдо, каратэ, таэквандо, фехтаванні. Чакаем большага ад барцоў, лёгкаатлетаў, стралкоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў апошнія гады была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база фізічнай культуры і спорту, а ў перыяд пандэміі, нягледзячы на паўсюдны лакдаўн, у краіне па-ранейшаму праводзіліся спаборніцтвы і нацыянальныя чэмпіянаты. У спартыўных цэнтрах былі створаны ўнікальныя магчымасці для трэніровак у параўнанні з усімі краінамі свету.

"У адсутнасць афіцыйных стартаў па вашай просьбе мною была прадоўжана на год выплата імянных прэзідэнцкіх стыпендый кандыдатам на ўдзел у Алімпіядзе і іх трэнерам. Для спартсменаў і трэнераў зроблена ўсё магчымае, і нават больш таго ў гэтых няпростых умовах. Таму першачарговая задача на будучыя месяцы - сфарміраваць баяздольны спартыўны "дэсант" у Токіа. Апраўданні тут не прымаюцца, і быць іх наогул не можа! - папярэдзіў беларускі лідар. - Нам сапраўды патрэбны баяздольны "дэсант" у Токіа. Мы туды паедзем змагацца, нам будзе няпроста. Дакладна гэтак, як Расію, па-народнаму кажучы, нас будуць плюшчыць з усіх бакоў. І мы павінны вытрымаць".

На думку Прэзідэнта, сапраўдныя чэмпіёны - гэта тыя, хто здольны паказаць высокі вынік у любых умовах, пераадольваючы неспрыяльныя абставіны, бязлітаснае супраціўленне канкурэнтаў і падкопы зайздроснікаў, хто дабіваецца гучных перамог дзеля сваёй краіны, родных і блізкіх, трэнераў і калег па камандзе.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што Алімпійскія гульні будуць праходзіць ва ўмовах беспрэцэдэнтных антыкавідных мер і абмежаванняў, і трэба ўлічваць гэты момант, бо здарыцца можа ўсякае. Ён падкрэсліў, што трэба быць гатовымі да вырашэння звязаных з гэтым пытанняў акліматызацыі спартсменаў, дастаўкі дэлегацыі і грузаў у Алімпійскую вёску, арганізацыі трэніровак, побыту і медыцынскага абслугоўвання.

"Усё, што неабходна для таго, каб нашы спартсмены годна выступілі, створана. Калі трэба больш, будзе створана яшчэ больш. Усё залежыць ад спартсменаў. Што яшчэ неабходна зрабіць у бліжэйшы час, каб за наша выступленне ў Токіа не было сорамна перад народам? Давайце сёння па сутнасці і шчыра пагаворым: што трэба яшчэ зрабіць. Хоць статыстыка і стратэгія даўно вядомы, яны вызначаны. Спартсмены і асабліва трэнеры добра ведаюць, як падвесці да вяршыні іх формы. Калі ласка, дзейнічайце. Яшчэ раз паўтараю: гаварыце, што трэба, - будзем ствараць дадатковыя ўмовы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Едзем у Токіа змагацца. І чым больш націскаюць на людзей, тым большае супраціўленне. У гэтых умовах трэба паказваць вынік, каб ім даказаць, што мы не з Месяца зваліліся", - адзначыў беларускі лідар.

Ён выказаў нараканні наконт вынікаў выступлення беларускіх спартсменаў у некаторых відах спорту. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы згадаў няўдалае выступленне зборнай Беларусі па хакеі на турніры ў Казахстане. "Апошняе месца занялі, - адзначыў Прэзідэнт. - А колькі грошай каштавала з'ездзіць туды і назад? І зноў тлумачэнні: вось, вы разумееце, у нас няма дзіцячага хакея".

"Дзякуй табе госпадзі, хоць у "Дынама" выйгралі (размова пра матч "Дынама Рыга" і "Дынама Мінск", калі беларускія спартсмены выйгралі з лікам 2:1. - Заўвага). Дзякуй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Згадаў Прэзідэнт таксама выступленне зборнай Беларусі на нядаўнім чэмпіянаце свету па біятлоне. "А "цуды" на апошнім чэмпіянаце па біятлоне? - адзначыў ён. - Я не ведаю, чым тут апраўдвацца".

"Або паехалі ў Егіпет, пайгралі ў гандбол (размова пра чэмпіянат свету па гандболе, які прайшоў у студзені ў Каіры. - Заўвага), - прадоўжыў беларускі лідар. - Я не разумею, як можна весці ў 7-8 мячоў і потым абваліцца ў гэты ж перыяд і прайграць яшчэ больш".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі была створана неабходная база для падрыхтоўкі па профільных відах спорту. "Я наогул не разумею: а чаго не хапае, каб падрыхтавацца па профільных відах спорту? Я ж помню першыя крокі пасля распаду Савецкага Саюза. Можна сказаць, наогул не было дзе трэніравацца, - нагадаў ён. - Цяпер - калі ласка, самыя лепшыя цэнтры". Напрыклад, у Мінску пабудаваны сучасны велатрэк, які адпавядае ўсім патрабаванням. "І не думайце, што мы заўтра пачнём капіраваць Мінск у абласцях. Нам гэта не патрэбна для кампактнай краіны. Любы спартсмен можа прыехаць сюды, на велатрэк, і трэніравацца", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Міністра спорту, Прэзідэнт падкрэсліў: "Патрэбен, Сяргей Міхайлавіч, вынік. Не дай бог яго не будзе на Алімпіядзе, вы ведаеце, якая потым будзе размова".

"Трэба даваць вынік! Я разумею, гэта спорт. Але зубамі ўчапіцеся і пакажыце, што вы можаце", - сказаў Прэзідэнт.

"Цяпер асаблівы час, такога ніколі не было. І мы павінны паказаць, што мы нацыя, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вы проста павінны аддзякаваць свайму народу за тое, што ён зрабіў для таго, каб спартсмены маглі змагацца і выступаць".

Прэзідэнт прывёў у прыклад беларускіх паралімпійцаў, іх сілу духу і імкненне да перамогі. На яго думку, гэтыя людзі - сапраўдныя героі, паколькі ўмеюць змагацца. "Спорт ёсць спорт: і так можа быць, і гэтак. Але пакажы, што ты змагаўся, чапляўся за магчымасць, каб перамагчы. Вось што самае галоўнае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму нам трэба паехаць у Токіа і паказаць, што мы нацыя, калі мы на што-небудзь здольныя. Трэнерам і спартсменам хачу параіць і папрасіць: будзьце патрыётамі, каб потым не было сорамна. Гэта не ваша функцыя бегаць па замежжы і на каленях поўзаць, капейкі прасіць. А цяпер збеглыя разгарнулі шалёную бойку за мяжой: грошай не хапае. Гэта ж ганьба".

Пасля даклада Міністра аб падрыхтоўцы да маючай адбыцца Алімпіяды, Кіраўнік дзяржавы падрабязна распытаў па гэтым пытанні таксама і кіраўнікоў федэрацый. Адбылася грунтоўная размова аб тым, чаго яшчэ не хапае для эфектыўнай падрыхтоўкі спартсменаў да Алімпійскіх гульняў і дасягнення вынікаў. Удзельнікі Алімпійскага сходу запэўнілі, што з боку дзяржавы яны атрымалі ўсю неабходную дапамогу і падтрымку, і выказалі надзею, што выступленне беларускіх спартсменаў у Токіа будзе паспяховым. Галоўнае, на іх думку, каб у спартсменаў захоўваўся баявы дух, настрой, а што датычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы, яна створана, ёсць усё неабходнае.

На пасяджэнні Віктар Лукашэнка, які да гэтага часу працаваў на пасадзе першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, выбраны на пасаду Прэзідэнта НАК.

Генеральны сакратар НАК Паліна Галавіна першапачаткова прапанавала на пасаду Прэзідэнта НАК дзве кандыдатуры - Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Лукашэнкі. "Паступілі прапановы па дзвюх кандыдатурах", - удакладніла яна.

"Калі дзве кандыдатуры прапаноўваліся, для мяне гэта навіна. Я думаў, што вы з адной выйдзеце. Я не планаваў выбірацца на чарговы тэрмін кіраўніком Алімпійскага камітэта. Папрашу вас, калі вас гэта задавальняе, перадаю вам свайго старэйшага сына. Абяцаю, што крадзяжу, карупцыі, нямэтавага выкарыстання грошай не будзе. І стаўленне да спартсменаў і трэнераў будзе самае добрае. Што датычыцца мяне, я ж усё роўна нікуды не адыду ад пытанняў спорту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што больш чым хто-небудзь любіць спорт, і нагадаў, што ў свой час узначаліў НАК у складаныя 90-я гады, каб не пусціць усё на самацёк, інакш можна было страціць спорт. "Вось адзіная была прычына - каб мы не распаўзліся, каб не было, як у некаторых краінах, накату адной федэрацыі на іншую. Каб кіраўнік федэрацыі не біўся з трэнерамі", - сказаў Прэзідэнт.

"Стараўся рабіць усё для таго, каб нешта ў вас было. Я ведаў, чым жыве спорт. Гэта мая любоў, гэта адданасць спорту, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Думаю, што для вас таксама будзе карысць. Усё ж такі сын заўсёды скажа бацьку ў любы момант пра тую ці іншую праблему. Думаю, з гэтага таксама можна атрымаць нейкія станоўчыя рэчы".

"І, самае галоўнае, шмат жа вы чуеце размоў: транзіт улады, вось тут цяпер Лукашэнка старэйшаму як мінімум перадасць уладу, ён будзе кіраваць у краіне. Я часта гаварыў, што ў нашай сям'і гэта ніколі не абмяркоўвалася і абмяркоўвацца не можа. Таму што ніводнае маё дзіця Прэзідэнтам у Беларусі не будзе пасля мяне. І Віктар, калі вы яго выбераце, не будзе дзяржаўным служачым. Ён сёння ж будзе звольнены з пасады памочніка Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы з усімі наступствамі, што вынікаюць адсюль. Я не націскаю на вас і не настойваю. Гэта ваш выбар", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На сходзе таксама абмеркавалі пытанне аб пасадзе Ганаровага Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта, якая прадугледжана ў новай рэдакцыі статута НАК і была прынята на гэтым жа Алімпійскім сходзе. Аднак само пытанне аб выбранні Ганаровага Прэзідэнта НАК не было ўключана ў парадак дня пасяджэння.

З такой ініцыятывай у самым канцы сходу выступіў старшыня Беларускага альянсу танцавальнага спорту Антон Юспа. "Аляксандр Рыгоравіч унёс значны ўклад у развіццё алімпійскага руху і спорту. І я думаю, што гэта самы важкі ўклад за гісторыю нашай краіны. Калі гэта да месца тут, я хацеў бы ўнесці кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча на пасаду Ганаровага Прэзідэнта", - сказаў ён.

Аднак Аляксандр Лукашэнка палічыў гэту прапанову дачаснай і адмовіўся ад яе. "Вы ведаеце, вось вельмі дакладна сказаў: калі да месца. Не трэба гэта рабіць цяпер, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта зроблена на будучае, для будучых". Кіраўнік дзяржавы дадаў, што як Прэзідэнт краіны па-ранейшаму будзе займацца пытаннямі спорту.