Рэспубліканскі семінар-нарада "Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні"

  • 27
  • 2

Дзяржава для народа - гэта сучасная суверэнная палітыка Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 чэрвеня на рэспубліканскім семінары-нарадзе "Актуалізацыя метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні". 

"Тэма сённяшняга семінара - гэта, можна сказаць, рэфрэн усёй палітыкі нашай сучаснай суверэннай дзяржавы. Як мы яе часта называем, і правільна называем - дзяржавы для народа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, як бы ні было цяжка, у розныя перыяды беларускай гісторыі ў краіне заўсёды вытрымлівалі ўстаноўленыя стандарты жыцця чалавека: сацыяльную справядлівасць у грамадстве, роўныя правы і магчымасці ўсіх грамадзян, нацыянальныя, культурныя каштоўнасці і традыцыйны ўклад жыцця.

"Усё гэта і ёсць праграма развіцця нашай дзяржавы. І давайце будзем шчырыя: прыходзячы на выбарчыя ўчасткі, ці гэта парламенцкія выбары, ці выбары ў мясцовыя Саветы, рэферэндумы, народ перш за ўсё галасуе за палітычны курс", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што вось ужо больш за чвэрць стагоддзя ў Беларусі мэтанакіравана ўмацоўваюць вертыкаль улады знізу, максімальна набліжаючы яе да людзей. 

"Іншымі словамі, прынцыпы эфектыўнай зваротнай сувязі і давернага дыялогу ўлады з людзьмі з'яўляюцца асноватворнымі ва ўсёй рабоце адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату. Гэта ідэал, да якога мы імкнёмся. Ён цалкам адпавядае нашым палітычным традыцыям, вытокі якіх нават не ў сучаснай гісторыі, а значна глыбей. Яшчэ з часоў старажытнага веча ў менталітэт беларусаў закладзены абвостранае пачуццё справядлівасці, калектыўнае мысленне і ўзаемная адказнасць за лёс Айчыны. Менавіта так, на сапраўдных дэмакратычных каштоўнасцях і зараджалася беларуская нацыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт заявіў, што ўсе вядомыя ў беларускай гісторыі арыстакратычныя рэжымы - княжацкі, шляхецкі і царскі - трывала асацыююцца з прыгнётам. "Беларуская ж дзяржава была створана народам і для сябе самога - для народа. Такой яна і застаецца. Іншымі словамі, гаворачы аб актуалізацыі форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні, мы павінны разумець, што кіраўніцкая вертыкаль ні ў якім разе не проціпастаўляецца народу", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

"У нашай краіне, гэтым можна ганарыцца, чыноўніцкі апарат не з'яўляецца "небажыхарамі". Гаворачы простымі словамі, ля руля знаходзяцца не алігархі, не патомныя правіцелі, а людзі, якіх вылучае на пасады само жыццё. І вылучае са сваёй гушчы, з народа", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўсе яны ў роўных умовах атрымліваюць адукацыю, рухаюцца па кар'ернай лесвіцы, ствараюць сем'і, гадуюць, выхоўваюць і вучаць дзяцей. "І адпавядаюць галоўнаму патрабаванню: за плячыма ў кожнага сур'ёзны вопыт практычнай работы і веданне жыцця. Як гаворыцца, ад зямлі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму і пытанні, з якімі ідуць беларусы на прыём да таго ці іншага начальніка, як правіла, яму блізкія і зразумелыя. Больш таго, людзі павінны быць пачуты, а праблемы зняты".

"Вы ведаеце, што эфектыўная работа з насельніцтвам - гэта індыкатар прафпрыдатнасці кіраўніцтва і вобласці, і раёна, і асобна ўзятага прадпрыемства. А скаргі - гэта паказчык нашых недапрацовак. У ідэале іх наогул быць не павінна. Вядома, такі вынік - са сферы фантастыкі, але нам трэба да яго імкнуцца. Гэта што датычыцца работы са зваротамі грамадзян", - сказаў Прэзідэнт.

Не менш значным напрамкам у дзейнасці дзяржслужачых Аляксандр Лукашэнка назваў і інфармацыйна-камунікацыйную работу. "Мы разумеем, наколькі сёння важна максімальна і разумна выкарыстоўваць магчымасці ў тым ліку і лічбавых рэсурсаў, выбудоўваць узаемадзеянне са сродкамі масавай інфармацыі. Бачым, як імгненна разлятаецца інфармацыя, часам самыя відавочныя фэйкі, што стварае аснову для сацыяльных узрываў. Бачым, як важна своечасова рэагаваць на ўкіды, растлумачваць прынятыя рашэнні людзям, а таксама ўключаць іх у працэс кіравання, адэкватна рэагаваць на стваральныя ініцыятывы, якія ідуць ад народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, усё гэта не новыя пытанні, ім заўсёды ўдзялялася асаблівая ўвага. "Але часам, можа, нейкія моманты недаацэньвалі. У прынцыпе, усе рашэнні, якія былі прыняты ў першыя гады гісторыі суверэннай Беларусі, абсалютна актуальныя і ў сённяшні дзень. Змяніліся толькі мы. Грамадства выйшла на новы ўзровень і інтэлектуальнага, і тэхналагічнага развіцця. Тое, што было наватарствам чвэрць стагоддзя таму, сёння ўжо штодзённасць, класіка", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што настаў час прааналізаваць праведзеную работу, магчыма, адкарэкціраваць пэўныя падыходы. "Калі ёсць метады, якія, на ваш погляд, устарэлі, то нішто не перашкаджае нам адмовіцца ад гэтых метадаў. Калі вы гатовы прапанаваць больш прагрэсіўныя механізмы ўзаемадзеяння вертыкалі ўлады і насельніцтва, давайце гэта абмяркуем і адразу ж прымем рашэнні", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мерапрыемствы, аналагічныя сённяшняму семінару-нарадзе, праводзяцца не для таго, каб любавацца поспехамі праведзенай работы.

"Семінары з'яўляюцца своеасаблівым прамежкавым кантролем выканання тых задач, з якіх і складваецца агульны палітычны курс развіцця дзяржавы. Галоўныя мэты нашай сённяшняй нарады - прааналізаваць новыя выклікі, якія ставіць перад намі час, абазначыць пытанні, што патрабуюць дапрацоўкі, абмяняцца вопытам, сумесна выпрацаваць адэкватныя рашэнні", - сказаў Прэзідэнт.

"Давайце пачнём з галоўнага фактару, які ўплывае на наша жыццё і жыццё дзяржавы ў цэлым. За апошнюю чвэрць стагоддзя мы, беларусы, вельмі змяніліся. Абапіраючыся на створаны намі ж фундамент дабрабыту, мы імкнёмся да большага і лепшага. Гэта правільна, у гэтым і сутнасць развіцця. Павышаецца ўзровень прававой культуры грамадзян, яны становяцца больш патрабавальнымі, у тым ліку і да дзяржавы, чакаюць новай якасці зваротнай сувязі. Запатрабаванні ў насельніцтва растуць, і нам, уладзе, трэба адпавядаць. Такі парадак. Мы - сацыяльна арыентаваная дзяржава", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час ён падкрэсліў, што і грамадзяне павінны быць больш адказнымі, уносіць свой уклад у развіццё.

"Мы сёння сутыкнуліся з крайнасцю. Што мы бачым? На змену савецкаму сакральнаму стаўленню да дзяржавы, спалучанаму з пачуццём абавязку, узаемнай адказнасці і прыярытэтам дзяржаўных інтарэсаў перад асабістымі, прыходзіць банальнае спажывальніцтва. Яно праяўляецца ў ментальнай устаноўцы сучаснага грамадства: дзяржава мне вінна. І, на жаль, рост запатрабаванняў асобных грамадзян не суадносіцца з гатоўнасцю браць на сябе нейкія дадатковыя абавязацельствы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У выніку, звярнуў увагу Прэзідэнт, у канкрэтных людзей або цэлай сацыяльнай групы фарміруюцца такія чаканні ад дзяржавы, якія значна пераўзыходзяць іх уклад у яе развіццё.

Інакш кажучы, яны хочуць жыць, як у Швейцарыі, а працаваць спусціўшы рукавы. Плаціць мінімум падаткаў або наогул не плаціць і мець каласальны ўзровень сацыяльнай падтрымкі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Так, вядома, дзяржава павінна абараніць мір і парадак, прадастаўляць рабочыя месцы, адукацыю, медыцынскую дапамогу, магчымасць рэалізаваць сябе ў навуцы, творчасці, спорце і гэтак далей. Скажыце, а што, у нас у Беларусі не хапае нечага для таго, каб сябе рэалізаваць у гэтых аспектах? Але ёсць пытанні, якія людзі могуць і павінны падзяліць з дзяржавай".

Самае простае, паводле слоў Прэзідэнта, - ствараць утульнасць і прыгажосць сваімі рукамі і для сябе, берагчы чысціню ў сваіх дамах, дварах і на вуліцах. І як мінімум захаваць тое, што створана цэлымі пакаленнямі беларусаў.

"Сучасны этап мае адну асаблівасць. Я ўважліва аналізую працэсы, якія адбываюцца ў нашым грамадстве. Ёсць пэўныя цяжкасці ў сувязі з санкцыямі: парушана лагістыка, яшчэ нешта. І гэтым хочуць скарыстацца і скарысталіся ўжо вельмі многія нашы беларусы. Можа, гэта і добра. Недзе падставіць плячо дзяржаве, недзе заняць нішу, якая вызвалілася. Увогуле, убудавацца ў новую лагістыку: камусьці запчасткі, камусьці лякарства, камусьці яшчэ нешта прапануюць паставіць. Але пры гэтым я хачу, каб усе разумелі (асабліва вы, тут уся эліта нашай дзяржавы, ад нас залежаць прымаемыя рашэнні), што нажыцца, пагрэць рукі і напхаць кішэні пад сітуацыю не атрымаецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт папярэдзіў, што праваахоўныя органы прадоўжаць прымаць жорсткія меры ў адносінах да такіх людзей. "Хабарніцтва, нявыплата падаткаў і іншыя злачынствы будуць выкараняцца. Калі толькі мы сыдзем з гэтага шляху, мы пойдзем роўна транзітам па шляху брацкай нам Украіны, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму давайце будзем працаваць і жыць вось так: саборна, талакой. Выкарыстоўваць наша "веча", каб прымаць рашэнні і чуць, слухаць нашых людзей. Асабліва тых, хто забяспечвае нам харчовую бяспеку, апранаюць нас, вырабляюць усё тое, што мы ўмеем і не ўмеем рабіць".

"Магчыма, мы, упраўленцы, часам не бачым ініцыятыў насельніцтва, не ўмеем іх убудоўваць у працэс дзяржаўнага будаўніцтва, не даём магчымасці людзям адчуць сваё дачыненне, быць карыснымі. А запатрабаванне ж ёсць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прызнаў, што ўлады, як і грамадскія аб'яднанні з прафсаюзамі, у нейкі момант прагледзелі гэта запатрабаванне ад насельніцтва. На гэтай ніве з'явіліся розныя маргінальныя арганізацыі.

"Прывабілі людзей знешне нібыта высакароднымі ідэямі, якія ў патрэбны момант набылі палітычную афарбоўку. Мы гэта бачылі ў 2020-м. І яны, ахопленыя імкненнем дапамагаць маючым патрэбу, берагчы прыроду, абараняць братоў нашых меншых, сталі заложнікамі ангажыраваных Захадам дэструктыўных сіл. Аказваецца, гэтыя НКА, таварыствы абароны сабак, катоў, жывёл ніколі нікога і не абаранялі. І не збіраліся абараняць. Пад гэтай моднай шыльдай нам падкідвалі (а мы радаваліся) палітычна ангажыраваных людзей. Кіраўнікам плацілі нямала, яны туды збіралі (таксама пакрыху плацілі) ведаеце, якіх людзей. Якія былі грамадствам выкінуты на абочыну, прытым справядліва выкінуты. І вось яны выліліся ў першых радах у 2020 годзе", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, гэта адбылося з-за патурання ўлад на ўсіх узроўнях. "Узніклі вось такія маленькія астраўкі ў нашым грамадстве, якія адсарбіравалі да сябе ўсё тое, супраць чаго мы павінны былі змагацца. І атрымалі. Добра цяпер працэс пайшоў жорстка. Я хацеў бы, каб улада разумела, што грамадства павінна быць зачышчана ад гэтых нягоднікаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Мясцовыя органы ўлады павінны наладзіць эфектыўную работу з мясцовымі Саветамі дэпутатаў, адзначыў Прэзідэнт у час семінара-нарады. "Калі мы атрымліваем кучу скаргаў ад насельніцтва, паўстае пытанне, а дзе былі нашы шматлікія Саветы ўсіх узроўняў? Дзе былі органы ўлады? Дажыліся да таго, што разгарнулі дыскусію на тэму, ці патрэбны нам сельскія Саветы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што работа мясцовых Саветаў будзе эфектыўнай, калі ўлады наладзяць з імі нармальнае ўзаемадзеянне. "Нічога ў тым дрэннага няма. Але тут жа прасцей: узяў іх і ліквідаваў. Чаму? Мы ж з імі не працуем і працаваць не хочам. Навошта? Падумаеш, нейкія сельскія Саветы. А вы паглядзіце на вёскі, на пасёлкі - сорам. Гэта недапрацоўка гэтых самых сельскіх Саветаў. А старшыні райвыканкамаў з іх не запатрабавалі. Яны нават дрэва не могуць пасадзіць там, дзе ўраган заваліў яго", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі б дэпутаты ўсіх узроўняў, у тым ліку і сельскіх Саветаў, у свой час убачылі актыўнасць людзей, змаглі выбудаваць з імі ўзаемадзеянне, то ўжо тады, у перыяд актыўнай фазы інфармацыйнай атакі на Беларусь, мы мелі б апору ў выглядзе сацыяльна адказнай грамадзянскай супольнасці. На шчасце, сёння ў нас такі партнёр вырысоўваецца. На фоне падзей 2020 года ў рамках розных ініцыятыў пачала фарміравацца палітычна актыўная частка беларусаў, нацэленая на стварэнне, захоўванне традыцый і пераемнасць пакаленняў. Мы ўбачылі грамадзян з дзяржаўнай пазіцыяй, адданых нацыянальным інтарэсам, што вельмі важна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў традыцыі заходне-ліберальнай культуры грамадзянская супольнасць існуе як апазіцыя дзяржаве. А мясцовыя эліты, спрабуючы ўсімі сіламі захаваць уладу, гуляюць з гэтым грамадствам у дэмакратыю, прапануючы замест рэальных свабод уяўныя, віртуальныя, падмяняюць іх распушчанасцю і легалізацыяй ганебных заган. "Тым самым ствараючы ілюзію народаўладдзя. Калі трэба, вучаць дэмакратыі з дапамогай дубінкі і слёзатачывага газу. Вы гэта ўсё бачылі ад Францыі да Латвіі", - нагадаў Прэзідэнт.

"Але мы іншыя. У нас свая культура, свае традыцыі. У нашай нацыянальнай сям'і ёсць такія славянскія паняцці, як саборнасць, талака - улада разам з народам прымаюць важнейшыя рашэнні і іх рэалізуюць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб прававым статусе грамадзянскай супольнасці, які будзе прапісаны ў адпаведным законе, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што грамадзянская супольнасць павінна быць арыентавана на дыялог з уладай і адназначную прыхільнасць да спрадвечных каштоўнасцей і традыцый беларускага народа, інтарэсаў дзяржавы.

"Не можа быць і размовы аб фінансаванні такіх структур з замежных крыніц. Мы ведаем: хто плаціць, той і музыку заказвае", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне з грамадзянскімі актывістамі: "Дэпутаты навучыліся працаваць са зваротамі канкрэтнага чалавека, цяпер трэба асвоіць работу з грамадскімі ініцыятывамі, трэба ўмець бачыць перспектыўныя праекты, дапамагаць знаходзіць сродкі для іх рэалізацыі, а недзе і ўзначаліць сам працэс".

Такім чынам, паводле слоў Прэзідэнта, грамадзянская супольнасць зможа выйсці на новы ўзровень прадстаўніцтва ў дзейнасці Усебеларускага народнага сходу. "Дарэчы, гэта таксама адна з форм работы з насельніцтвам. Я сказаў бы, самая вышэйшая форма, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Мы надалі гэтай палітычнай традыцыі канстытуцыйны статус. Для ўдзелу ў гэтым самым народным форуме выбіраюцца людзі, якія бліжэй за ўсё знаходзяцца да рэальных жыццёвых праблем развіцця нашага грамадства і краіны. Найбольш аўтарытэтныя суб'екты, якія будуць адпавядаць патрабаванням закона "Аб грамадзянскай супольнасці", павінны будуць стаць арганічнай часткай Усебеларускага народнага сходу. Гэта важная задача на бліжэйшую перспектыву".

"Колькі разоў гаварылі, што людзі павінны ведаць, што адбываецца, як вы вырашаеце праблемы, што плануеце і гэтак далей. Вы павінны быць першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў аб сваім вопыце работы на кіруючых пасадах рознага ўзроўню і аб важным правіле, засвоеным з таго часу: трэба абавязкова размаўляць з людзьмі. "Ёсць шмат у нашым грамадстве людзей, якія проста хочуць з табой пагаварыць. Яны, можа, і скардзіцца потым не будуць, і крыўдзіцца не будуць, калі ты не вырашыш іх праблем. З людзьмі трэба размаўляць і не баяцца ісці да іх", - параіў беларускі лідар. - А ці шмат у нас старшынь райвыканкамаў, дэпутатаў, гатовых выйсці на публіку, выступіць, адказаць на нязручныя пытанні?"

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ ў 2006 годзе ў Дырэктыве аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва былі прапісаны ўсе магчымыя напрамкі работы з насельніцтвам. "Бачу, што тэлефонныя лініі і прыёмы грамадзян вы асвоілі. А колькі правялі прэс-канферэнцый па актуальных для насельніцтва пытаннях?" - задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што апошнім часам у многіх начальнікаў намецілася нястрымнае жаданне паказацца ў тэлеэфіры і "малаціць там што папала". "Зразумейце, як толькі вы выходзіце і пачынаеце там рыдаць і стагнаць, не прадумаўшы, што вы хочаце сказаць і ці зойдзе гэта народу, людзі пераключаюць тэлевізар на іншы канал. Не хадзіце вы ў тэлевізар, калі вы да гэтага не гатовы, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я гэта вітаю і прашу, каб вы часцей паказваліся ў тэлевізары, але з добрымі нейкімі ідэямі".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў яго як у Прэзідэнта ёсць неабходнасць у тэлевізійным эфіры даваць справаздачу перад народам аб ажыццёўленай рабоце, праведзеных мерапрыемствах, а таксама задаваць для ўсёй краіны напрамак руху па ключавых, стратэгічных пытаннях: "Ад Прэзідэнта ідзе сігнал па тым ці іншым пытанні, у якім напрамку дзейнічаць і ці будзем дзейнічаць наогул".

"Усё, што вы гаворыце, павінна быць успрынята людзьмі, а не проста выйсці і пакрасавацца. Улічыце, калі ласка, гэта", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі ўступіла ў сілу Дырэктыва, мы і ўявіць не маглі, як зменіцца ў будучым інфармацыйная прастора, колькі магчымасцей для работы з насельніцтвам дадуць новыя тэхналогіі. А ці ўсе з вас сёння выкарыстоўваюць гэтыя новыя тэхналогіі? - адрасаваў рытарычнае пытанне ўдзельнікам мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка. - Дапусцім, не ўсе любяць і ўмеюць быць на вачах ва ўсіх, размаўляць з прэсай, выходзіць на трыбуны. Выкарыстоўвайце тады новыя тэхналогіі - сацыяльныя сеткі і гэтак далей". На яго думку, у раёне дастаткова мець, напрыклад, адзін Telegram-канал на базе раённай газеты ў якасці асновы для работы з насельніцтвам.

У якасці пазітыўнага моманту Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мясцовыя ўлады навучыліся працаваць у тандэме з рэгіянальнымі журналістамі. "Але гэта не азначае, што раённым газетам трэба ператварыцца ў трыбуну або Дошку гонару старшыні выканкама. Яны павінны быць цікавыя чытачам і даваць уяўленне аб жыцці не толькі рэгіёна і райвыканкама, але і краіны ў цэлым, - арыентаваў беларускі лідар. - Бывае часам адкрываеш нумар, а там адны аб'явы, рэклама, праграма тэлеперадач, ды яшчэ польскіх тэлеканалаў".

"І галоўнае, уся работа па інфармацыйным суправаджэнні дзеянняў мясцовай улады павінна весціся так, каб людзі разумелі, што яны не адны ў сваіх праблемах, што мы іх чуем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён прыгадаў пра вялікую актыўнасць грамадзян у час работы дыялогавых пляцовак, калі ў Беларусі абмяркоўвалі канстытуцыйную рэформу. Усяго за 3 месяцы ў краіне было праведзена больш за 3 тыс. сустрэч з ахопам каля 150 тыс. чалавек. "Мы ўбачылі непадробную цікавасць, і эфект быў небывалы - актыўнасць на рэферэндуме, накіраваным на стварэнне", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён упэўнены, што такую форму работы з насельніцтвам трэба развіваць, паколькі яна дае магчымасць грамадству адчуць дачыненне да прыняцця рашэнняў, а менавіта так і прыходзіць адказнасць за іх выкананне. "Упэўнены, што мы знайшлі фармат работы, які будзе жыць. Але толькі калі пазбегнем фармалізму (а ў нас ён буйна цвіце). Таму арганізуйце пляцоўкі, выносьце на абмеркаванне пытанні, актуальныя для насельніцтва, тыпу медыцынскага абслугоўвання, вакцынацыі, добраўпарадкавання тэрыторый, водазабеспячэння, гандлю, збору і перапрацоўкі адходаў", - паставіў задачу беларускі лідар.

Удзел у такіх дыялогавых пляцоўках экспертаў, спецыялістаў, якія змогуць даць кваліфікаваныя адказы, абавязковы, лічыць Прэзідэнт. Тым больш што такіх экспертаў, чыё меркаванне заваявала высокі аўтарытэт у грамадстве, цяпер дастаткова. Уладзімір Пярцоў, Вольга Шпілеўская, Іван Эйсмант, Марат Маркаў - назваў толькі некаторых з іх беларускі лідар. "Малайцы. Яны ўжо навучыліся не толькі рэагаваць на сітуацыю, але і моцна весці контрпрапаганду, абараняючы ўласнае насельніцтва, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось гэтых людзей трэба запрашаць у працоўныя калектывы, на дыялогавыя пляцоўкі, але туды павінен ісці і начальнік, які павінен расказаць, як будзе развівацца прадпрыемства, раён і гэтак далей".

"Не трэба баяцца людзей. Трэба ісці да іх і проста па-чалавечы размаўляць", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў аб паспяховым вопыце правядзення дыялогавых пляцовак у перыяд абмеркавання паправак у Канстытуцыю і выказаў упэўненасць, што такія формы публічных абмеркаванняў неабходна часцей практыкаваць і ў далейшым. І арганізаваць гэту работу павінны перш за ўсё ідэолагі.

"Інфармацыйнае суправаджэнне дыскусій у друкаваных і інтэрнэт-версіях рэгіянальных СМІ таксама абавязковае", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў Мінскую вобласць, дзе на базе пляцовак стварылі кол-цэнтры.

"Практыка паказала, што вызначэнне месцаў устаноўкі дзіцячых пляцовак, фармату раённых свят, месцаў высадкі алей і многае іншае - гэта ініцыятывы, якія грамадзяне хочуць абмяркоўваць і ў рэалізацыі якіх яны гатовы ўдзельнічаць", - канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі працяглы час вядзецца размова аб спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату. "Для чаго ўкаранілі прынцып "адно акно"? Не толькі для зручнасці і хуткасці работы. Хоць і гэта важна. Не сакрэт, што ў сістэме ёсць працэдуры, якія звязаны з карупцыйнымі рызыкамі. Мы прынялі рашэнне мінімізаваць стасункі чыноўніка і грамадзяніна там, дзе кліенты часам самі любяць паскорыць вырашэнне пытання за ўзнагароджанне", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, цяпер у краіне каля 2 тыс. адміністрацыйных працэдур, але не ўсе яны рэалізуюцца па прынцыпе "адно акно". У выканкамах, напрыклад, такім чынам вырашаецца толькі дзясятая іх частка - 200 пытанняў. Па прынцыпе "аднаго акна" праводзяць шэраг працэдур асобныя дзяржаўныя структуры (рэгістрацыя транспарту, атрыманне пашпарта і іншыя).

"Мяне спрабуюць пераканаць, што ўсе працэдуры складана і часам немэтазгодна пераводзіць у фармат "адно акно" з-за іх шматступеньчатасці. Тады давайце пераглядзім сам пералік працэдур: ці ўсе яны патрэбны або там ёсць устарэлыя і неактуальныя? І пераводзьце іх у электронны фармат", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Ён згадаў, што такая рэвізійная работа ў свой час праводзілася ў частцы наяўнасці розных ільгот для насельніцтва, многія з якіх былі ўстарэлымі і патрабавалі актуалізацыі. "Калупаліся, калупаліся, потым я гавару: давайце гэта ўсё перакрэслім і новым законапраектам або ўказам Прэзідэнта ўвядзём тыя льготы, якія павінны працаваць. Прапішам: вось гэта павінна працаваць, усё астатняе - не. Давайце пойдзем гэтым шляхам (пераглядзім адміністрацыйныя працэдуры. - Заўвага)", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, аналагічная комплексная работа цяпер праведзена па ўрэгуляванні будаўніцтва прыватных жылых дамоў, і Прэзідэнту прадстаўлены для падпісання адпаведны праект Указа. "Слухайце, што мы лезем да гэтага чалавека, чаго мы спрабуем яго неяк адбудаваць: які дах, які фундамент і гэтак далей? Чалавек для сябе будуе, і ён за гэта адкажа перад сабой, сваімі дзецьмі. Давайце яму адзін раз дазволім, выдзелім месца, і няхай ён будуе. Ён сам да вас прыйдзе, спытае параду, калі трэба. Калі не трэба, ён да вас не пойдзе", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Далей такая работа прадоўжыцца і ў частцы рэгулявання будаўніцтва шматпавярховых будынкаў, прамысловых і іншых аб'ектаў: "Трэба даць магчымасць людзям вырашаць свой лёс і не думаць, што мы лепш разумеем, чаго хоча чалавек, чым ён сам. Простая жыццёвая філасофія".

Вяртаючыся да тэмы пераводу адміністрацыйных працэдур у электронны фармат, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на завяршальнай стадыі знаходзіцца прыняцце змяненняў у Закон "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", якія рэгулююць і гэты момант. "Ёсць там і палажэнне аб больш шырокім выкарыстанні інтэрнэту для забеспячэння працэсу разгляду зваротаў. Грамадзянін будзе бачыць, хто канкрэтна займаецца яго пытаннем і колькі часу. Гэтыя змяненні важныя. Трэба паскорыцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэтым пытанні нельга перагібаць палку і пакінуць магчымасць людзям афармляць працэдуры па-старому, паколькі не ўсе ўмеюць карыстацца рознымі мабільнымі ўстройствамі і маюць доступ да інтэрнэту: "Гэта значыць, трэба чалавеку даць права выбраць, як яму ўзаемадзейнічаць з органамі ўлады".

"Нагадаю Ураду і мясцовым органам улады: важнейшая задача пяцігодкі - ураўнаваць сацыяльныя стандарты для гарадской і сельскай мясцовасці. Гэта датычыцца не толькі паслуг сувязі, але і якасці і ахопу транспартнымі зносінамі, медыцынскім абслугоўваннем, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У сталіцы яны на парадак вышэйшыя, чым у любым раённым цэнтры або аграгарадку. А менавіта ў вёсцы фарміруецца наша харчовая і, калі хочаце, дэмаграфічная бяспека. Там аснова развіцця краіны".

Своечасовае вырашэнне пытання забеспячэння сацыяльных стандартаў зніме многія скаргі і звароты. "Такі падыход павінен забяспечвацца па ўсіх напрамках", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прадаўжаючы гэту тэму, Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб новых паўнамоцтвах Міністэрства сувязі і інфарматызацыі: "Людзі чакаюць выніку. У тым ліку і ў пытаннях лічбавай роўнасці. Паслугі мабільных аператараў, "Белтэлекам", якія забяспечваюць інтэрнэт-злучэнне, доступ да кабельнага і інтэрнэт-тэлебачання павінны быць прымальнымі па цане, асабліва для жыхароў малых гарадоў і вёсак".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што там, дзе механізмы ўзаемадзеяння ўлады і насельніцтва, своечасовага інфармавання людзей даюць збой, узнікае тэма зваротаў грамадзян: "Людзі ідуць да вас па дапамогу, абарону пастаянна. А да каго яшчэ? Гэта ўжо своеасаблівая палітычная традыцыя. Вы ведаеце, што да работы са зваротамі грамадзян далучаны ўсе без выключэння дзяржаўныя структуры і арганізацыі Беларусі. Штодзённа сотні, тысячы нашых людзей адчыняюць дзверы дзяржаўных кабінетаў рознага ўзроўню, звяртаюцца па тэлефоне, пішуць у сацыяльных сетках, мэсэнджарах".

Прэзідэнт канстатаваў, што ў апошнія гады колькасць зваротаў ва ўсе дзяржорганы зніжаецца. Адпрацавана сістэма комплекснага вывучэння найбольш вострых праблем. Ёсць прыклады прыняцця агульнага рэгулюючага рашэння на самым высокім узроўні. Адно з іх датычыцца тэмы самавольных пабудоў і зямельных "войнаў". "Гэта ўсё ў бліжэйшы час перадаецца ўніз - старшыням сельскіх Саветаў і райвыканкамаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі некаторы час таму абагульнілі ўсе звароты пасля нарады на ўзроўні Прэзідэнта і выйшлі на дапаўненні і змяненні Кодэкса аб зямлі. "Шмат пра гэта гаварылі. У кодэкс унясуць змяненні, і будзем у большай колькасці працэдуры гэтыя апускаць на месцы. Не трэба ўсё рэгуляваць з цэнтра, ад Прэзідэнта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у цэлым рэйтынг праблем, з якімі людзі ідуць да органаў улады, застаецца стабільным. Гэта пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі (амаль 20% у агульным аб'ёме зваротаў грамадзян); архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавання і землекарыстання (11%); працы і сацыяльнай абароны (амаль 10%).

"Вал зваротаў па пытаннях ЖКГ звязаны з хранічнымі праблемамі ў гэтай сферы: няякаснае аказанне паслуг, неабгрунтаванае завышэнне аб'ёмаў затрат, парушэнне тэрмінаў, прадастаўленне недакладнай інфармацыі аб выкананні работ, адсутнасць сістэмы зваротнай сувязі. Традыцыйна нечакана ў нас надыходзіць зіма ў снежні і пачынаюцца дажджы восенню", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтны прыклад. "Нядаўна звярнулася жанчына, ветэран працы, 91 год, інвалід першай групы. Жанчына, якая паклала сваё жыццё дзеля нашай дзяржавы. Восенню пачалі капрамонт дома, дэманціравалі дах. Зразумела, усю кватэру заліло дажджавой вадой. Цяпер патрабуецца капрамонт самой кватэры. Але ўсе ўмылі рукі. Хто адкажа? Хто дапаможа гэтаму чалавеку? Яшчэ раз паўтараю: самі будзем такімі - і бог нас пакарае", - сказаў беларускі лідар. 

"Пагардлівае і высакамернае стаўленне да людзей, якія звяртаюцца па дапамогу да дзяржавы, недапушчальна. Абсалютна непрымальныя хамства, фанабэрыя, бюракратычная цяганіна, якая вымотвае чалавека", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён канстатаваў, што, на жаль, ёсць такія прыклады: "Чалавек звярнуўся, здавалася б, з элементарнай просьбай - прыбраць дрэва над месцам пахавання. Сам не можа. Прыбралі, і ўсё склалі на магілку. Такія дзеянні… Як чалавек пасля гэтага павінен да нас ставіцца, як ён на гэта павінен рэагаваць?" 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грашаць службы ЖКГ і фармалізмам, абыякавасцю, нежаданнем займацца практычным вырашэннем праблем, якія ўзніклі ў грамадзян: замест вывазу будаўнічага смецця, якое сабралася на пад'язных пуцях да дома, высылаюць копію генеральнага плана з пазначаным на паперы праездам; замест ачысткі падвалаў ад каналізацыйных сцёкаў месяцамі шукаюць балансатрымальніка каналізацыйных сетак. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што грашаць і дарожнікі: "Часам так адрамантуюць вясковую дарогу, што ўся гразь і вада цякуць у агароды". 

"А колькі пытанняў да будаўнікоў! Часам так будуюць дамы для шматдзетных, што тыя месяцамі вымушаны хадзіць і прасіць устараніць недаробкі. Прычым сур'ёзныя. І такіх фактаў хапае", - прывёў яшчэ адзін прыклад Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што работа службы 115 падаецца як вялікае дасягненне ў сферы ЖКГ. "Калі гэта ўводзілі, я згадзіўся. Так пераконвалі, што гэта будзе добра для народа. Але, шчыра вам кажу, я тады падумаў: глупства гэта ўсё. Нашы начальнікі, чыноўнікі, каб нічога не рабіць, увядуць вам любую норму і ініцыятыву праявяць. Так і 115. Што на практыцы атрымліваецца (гэта ж эксперымент, таму я назіраю за гэтым)? Стварылі кантакт-цэнтры, інтэрнэт-партал, прымаюць інфармацыю, ветліва размаўляюць, але пытанні эфектыўней вырашацца не сталі", - сказаў ён.

Пры гэтым заяўкі прымаюцца, перадаюцца ў нізавыя структуры ЖКГ, дзе часта закрываюцца без выканання работ.

"У выніку - лішні пасрэднік і размыванне адказнасці. Замест прыняцця дзейсных мер па кардынальным змяненні сітуацыі ў сферы ЖКГ укараняюцца знешне эфектныя, але, па сутнасці, імітацыйныя рашэнні", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

"А чаго не хапае, каб вырашыць гэтыя, здавалася б, дробязныя, з нашага пункту гледжання, пытанні? Што ў нас не хапае? Улады? Жадання ў нас няма. І Адміністрацыя Прэзідэнта гэтым павінна заняцца прадметна з усімі вышэйшымі службовымі асобамі. У адваротным выпадку, калі гэты вал будзе ісці, працаваць вы не будзеце. Калі мы не зробім высновы з таго, што адбылося ў 2020-м і пасля, мы зробім вялікі крок да ўкраінскіх падзей. Але нам будзе цяжэй, чым Украіне. Я вас не палохаю. Вы ведаеце, што я проста так не гавару", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён звярнуў увагу, што падыходы асобных чыноўнікаў і фарміруюць у грамадстве справядлівыя стэрэатыпы аб уладзе на месцах, якія праецыруюцца потым на ўсю вертыкаль. У выніку чалавек шукае выхад на вышэйшыя інстанцыі.

Каля 70% пісем, якія паступаюць у рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, змяшчаюцца праблемы, якія маглі і павінны былі вырашыцца на мясцовым узроўні. "Разумею, што нярэдка даводзіцца мець справу з прафесійнымі скаржнікамі, ёсць у нас такі клас людзей. Іх таксама трэба бачыць. Нікуды не дзенешся, з імі трэба размаўляць. Я скажу так: калі да Прэзідэнта, Адміністрацыі даходзіць скарга і яна прызнаецца аб'ектыўнай, а яе вырашэнне знаходзіцца ў вашай кампетэнцыі і вы нічога не зрабілі, але раптам пасля ўмяшання кантралюючых органаў усё ж такі знайшлі рашэнне, на мяне не крыўдуйце. З такімі работнікамі будзем расставацца без шкадавання", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў, што не варта спрабаваць хітрыць. Ён прывёў канкрэтны прыклад: "Кіраўнік спраў аднаго з райвыканкамаў устанавіў прыёмны дзень - пятая серада месяца. За год чатыры такія дні аказалася".

У выніку графік прыёму мясцоваму чыноўніку дапамаглі скласці ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

З іншага боку, уважлівае стаўленне да зваротаў грамадзян многіх расслабіла, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Так, некаторыя грамадзяне часам выкарыстоўваюць прамыя тэлефонныя лініі для вырашэння такіх пытанняў, як замена лямпачкі ў пад'ездзе або прыбіранне месцаў агульнага карыстання.

Прэзідэнт настроіў мясцовую вертыкаль на эфектыўнае і аператыўнае вырашэнне пытанняў, з якімі звяртаюцца грамадзяне.

Ён адзначыў, што звароты грамадзян, прыёмы, тэлефонныя лініі, дыялогавыя пляцоўкі, адміністрацыйныя працэдуры - гэта толькі бачная частка працэсу. "Мы працуем з насельніцтвам заўсёды, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці прамых кантактаў з жыхарамі сваіх раёнаў, гарадоў, вёсак, вуліц. Мы самі з вамі насельніцтва. І вы ведаеце, якія вынікі нашай з вамі работы ствараюць спрыяльную атмасферу ў грамадстве ў цэлым, а якія фарміруюць у дзяржаве палітычныя рызыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Прайграем бітву за людзей - грош цана нам як уладзе, грош цана нашай дзяржаве. Будзе Украіна, дзе кожны сам за сябе, выжывае мацнейшы, моладзь, дзеці, старыя кінуты на волю лёсу. Дакаціліся да вайны. Ніхто з нас не хоча такога сцэнарыя", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Таму давайце працаваць. Я гатовы пачуць вас. Настроены на адкрытую размову, таму што тэма жыццёва важная, хоць яна сумная, нецікавая, а часам агідная. Але акрамя нас ніхто гэтыя задачы не вырашыць. Гэта наша роля ў грамадстве. Мы яе павінны адыграць", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля выступлення Кіраўніка дзяржавы і падвядзення вынікаў работы тэматычных секцый, што адбыліся ў першы дзень, удзельнікі семінара-нарады заслухалі і абмеркавалі даклады на такія актуальныя тэмы, як, напрыклад, узаемадзеянне з насельніцтвам дэпутатаў усіх узроўняў і грамадскіх аб'яднанняў, метады і праблемы ў рабоце з людзьмі арганізацый ЖКГ, перспектывы развіцця службы "адно акно", роля традыцыйных і новых медыя ў павышэнні якасці работы мясцовых органаў улады з насельніцтвам.

У прыватнасці, Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў выказаў меркаванне, што мясцовыя сродкі масавай інфармацыі павінны часцей узнімаць праблемныя пытанні і расказваць аб іх вырашэнні. Паводле яго слоў, апаненты беларускай дзяржавы ў інфармацыйнай барацьбе робяць стаўкі на рэгіёне, узнімаючы лакальныя праблемы і выстаўляючы часта дробязныя пытанні як поўную бяздзейнасць улад. Гэта мае свой эфект.

"Нам трэба з апярэджаннем будаваць сваю работу. Мы павінны ведаць усё, што адбываецца ў рэгіёне, маніторыць усе чаты, паблікі, сацсеткі. Першымі ўзнімаць, асвятляць праблему і, у адрозненне ад нашых апанентаў, расказваць аб яе вырашэнні", - падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.

Разам з тым ён заўважыў, што рэгіянальным СМІ часам не хапае смеласці. Яны залежаць ад свайго заснавальніка ў асобе раённай ці гарадской улады і не хочуць лішні раз хваляваць яго праблемнымі матэрыяламі.

"Нежаданне заахвочваць работу журналістаў з праблемамі простых людзей непазбежна прывядзе да дэвальвацыі даверу не толькі да газеты, але і яе заснавальніка", - звярнуўся Міністр да прадстаўнікоў мясцовых улад.

Паводле яго слоў, за першы квартал гэтага года ў многіх раённых газетах не было ніводнага крытычнага матэрыялу. "У сувязі з гэтым у мяне справядлівае пытанне: ці так усё добра? Або проста элементарны страх перад кіраўніцтвам раёна? - пацікавіўся Уладзімір Пярцоў. - Аддаваць праблемны парадак дня на водкуп нашым апанентам мы не маем права".

Яго пазіцыю падтрымаў і Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Міністр інфармацыі ведае, якія рашэнні неабходна прыняць у гэтым пытанні, і павінен гэта зрабіць. "Вазьміце і зрабіце, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Зрабіце. Я да вашых паслуг. Ужо надакучыла аб гэтым гаварыць. Усё, што вы гаворыце, мы абмяркоўвалі дзясяткі разоў. Але няма зрухаў".

Заслухаўшы даклад Міністра ЖКГ Андрэя Хмеля, Прэзідэнт звярнуў увагу: "Давайце нарэшце возьмемся за справу. У вас невялікі калектыў, але ён можа разумныя ініцыятывы праяўляць для таго, каб людзі не хадзілі хаця б паўторна, не скардзіліся: адрамантавалі дах - кватэра зацякла. Бязладнае стаўленне. Гэта зона адказнасці райвыканкамаў. Прымусьце, яны ўмеюць рабіць".

Беларускі лідар пракаменціраваў і пытанне дадатковага фінансавання сферы ЖКГ. "Часам не хапае грашовых сродкаў для таго, каб дах, балкон адрамантаваць і гэтак далей. А звычайны чалавек падумае: слухайце, вы гэтыя грошы траціце такім чынам, што пасля вас вам самім або некаму даводзіцца хадзіць і рамантаваць гэты дах. Адрамантавалі - пацякло, і ўжо кватэру трэба рамантаваць. І вы яшчэ просіце дадаткова грошы, каб так эфектыўна іх выкарыстоўваць, - адзначыў Прэзідэнт. - Што хочаце рабіце і як хочаце кіруйце гэтым працэсам, але вы павінны прадэманстраваць не толькі мне як Кіраўніку дзяржавы, але і людзям, што гэтыя пытанні вырашаюцца".

"Працуйце з людзьмі як трэба. Іншых людзей нам не дадуць, таму дзейнічайце. І прымушайце ўсіх - ад сельскіх Саветаў да губернатараў - займацца сваёй справай. Мы чакаем вынікаў. Таму што вы сёння твар не толькі ўрада, але і ўсёй краіны. ЖКГ - пытанне нумар адзін", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Каменціруючы даклады спікераў, якія выступалі, Прэзідэнт закрануў тэму партыйнага будаўніцтва. "Правільна тут было сказана аб партыйным будаўніцтве. Вы ведаеце маю асцярожнасць у гэтым плане. Як чалавек бывалы, ведаю, што такое партыя, ведаю памылкі партыйнага будаўніцтва і партыі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму вельмі акуратна да гэтага падыходжу, і не хацелася б паўтараць вопыт іншых краін: вось улада стварыла партыю і народ, вядома, зразумела як да яе ставіцца."

"Я хачу, каб гэты рух знізу выспяваў, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - І мы шмат для гэтага зрабілі. Таму ў бліжэйшы час мы прымем і на ўзроўні парламента, і на ўзроўні практычных дзеянняў шэраг крокаў, вельмі істотных. І партыйнаму будаўніцтву ў краіне быць".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы перасцярог: "Але калі нехта з лідараў партыі думае, што мы заўтра нарэжам з гэтага пірага бюджэтнага і грошы дадзім структуры партыі... Ну, забраць у пенсіянераў і іншае - грошай жа лішніх няма - вы на гэта не разлічвайце".

"І пачынайце ўжо сёння. Каб адмашку далі - рэгіструйце свае партыі і працуйце", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў: "Змагацца будзем супраць тых партый, якія паставяць сваёй мэтай разбураць краіну. Міністр юстыцыі, генерал не прапусціць ні аднаго шарлатана, які на гэта будзе нацэлены. Няважна, якія там партыі - з усходу, з захаду або поўначы - будуць. Мы незалежная краіна, мы павінны дзейнічаць ва ўласных інтарэсах, і толькі такія партыі могуць быць. Прынамсі, пакуль я Прэзідэнт".

Прадаўжаючы разважанні на тэму партыйнага будаўніцтва і развіцця ў краіне грамадзянскай супольнасці, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Калі нехта думае, што выхад адзін - гэта партыйнае будаўніцтва і партыі, памыляецца. Тут іншыя небяспекі ёсць. Таму будзем ісці спакойна, будзем разам збірацца, раіцца, як гэта рабіць, які закон аб грамадзянскай супольнасці будзе, аб партыйным будаўніцтве які, - сказаў Прэзідэнт. - Пакуль у нас ёсць магчымасці (ад нас адносна адсталі гэтыя вар'яты), нам трэба закон аб грамадзянскай супольнасці выбудаваць так, як гэта нам трэба. Як я гаварыў, стаўпы нашы: моладзь - БРСМ, прафсаюзы, партыі нашы. Вось ён будзе - закон аб грамадзянскай супольнасці. Суб'екты гэтай грамадзянскай супольнасці - вось яны, па спісе будуць. А не так, як нам падкідвалі, і як гэта выбудоўвалі ў постсавецкіх рэспубліках, а цяпер не ведаюць, як з гэтага выскачыць".

"У нас цяжкі час, але шанц выскачыць прыгожа з гэтага і стварыць сваю заканадаўчую базу. Але не зацягваць. Прыняць асноўныя законы ў развіццё Канстытуцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся на мусіруемую цяпер тэму сусветнага голаду і папрокаў у адрас Беларусі і Расіі наконт вывазу збожжа з Украіны. Ён адзначыў важнасць прадаўжэння практыкі арганізацыі розных сустрэч, дыялогавых пляцовак, у тым ліку на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, таму што ён глыбока інфармаваны па розных пытаннях: "Трэба сустракацца. І ў графік Прэзідэнта, як бы ні было цяжка, трэба вось гэтыя сустрэчы (уключаць. - Заўвага). Гэта сігналы, імпульсы і іншае".

"Чулі праблему вывазу збожжа. І ўсе гавораць: голад і іншае, вось гэта галоўнае. Не гэта галоўнае. Народу ў свеце надакучыў вось гэты супраць Расіі ашалелы накат. Ён адваротны эфект ужо мае. Трэба пажаваць нешта новае - далі збожжа (тэму збожжа. - Заўвага). Хто вінаваты? Лукашэнка з Пуціным, аказваецца. Слухайце, я ашалеў, калі гэта пачуў. Я вінаваты, што Украіна збожжа не можа вывезці?"

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на самай справе амерыканцы, мусіруючы гэту тэму, спрабуюць настроіць шэраг краін супраць Расіі і заадно Беларусі. "Амерыканцы не змаглі ўвесь свет арганізаваць і кінуць супраць Расіі і Беларусі. Асабліва ўпіраюцца ў Лацінскай Амерыцы, Афрыцы, Азіі. Ну, не змаглі. Трэба нешта такое, каб зайшло гэтым людзям, і вось яны ўзнялі тэму голаду. А ён жа да пандэміі ўжо добра акрэсліўся, пандэмія ўзмацніла. А хто вінаваты ў голадзе? Чытай - у Афрыцы голад, у Азіі і Лацінскай Амерыцы (гэта бяднейшыя краіны). Расія вінаватая, гэтыя два "агрэсары" - адзін і другі (тое, як гэта спрабуюць данесці на Захадзе. - Заўвага), - сказаў Прэзідэнт. - Яны хочуць праз гэты сусветны голад арганізаваць астатнія краіны, падцягнуць да сябе, каб бамбіць тут Расію, заадно і нас. Ім можна было б гэты фронт пашырыць вы ведаеце, за кошт каго, і Блізкі Усход прыхапіць".

"У гэтым галоўная прычына, а не ў голадзе, - як падцягнуць да гэтага калектыўнага Захаду вось гэтыя вось краіны, - лічыць беларускі лідар. - Егіпет, ён адзін з галоўных імпарцёраў, гэта значыць увозіць вялікімі аб'ёмамі. Вось цяпер егіпецкі народ, кіраўнік Егіпта таксама апалчыцца супраць Расіі. Яны галадаюць, а збожжа вунь прападае ва Украіне", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ва Украіне "гэтага збожжа столькі няма, колькі яны гавораць". "У нас ёсць дакладны аналіз і даныя па гэтым збожжы. Але мы з Пуціным дамовіліся, гэта была мая прапанова: "Чаго мы гэта слухаем і апраўдваемся, давай ім назавём маршруты". Ён нядаўна ў інтэрв'ю гаварыў і пра беларускі напрамак і іншае. Мы строга дамовіліся - калі ласка (па пытанні транспарціроўкі збожжа. - Заўвага). Адзінае, я яму сказаў: "Слухай, Марыупаль вызвалілі, Бярдзянск вызвалілі, - добрыя парты на Азове". І гэта, я гавару, прапануй. І расіяне прапанавалі. Ужо сем напрамкаў экспарту збожжа - вывозьце. Прайшло больш за месяц - ніхто нічога не вязе".

"Я, напэўна, крыху больш інфармаваны ў гэтым плане. І я магу, адказваючы на пытанні канкрэтнай аўдыторыі, нешта ў гэтым плане сказаць. Як бы ні было складана, я знайду для гэтага час", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь з'яўляецца аб'ектам націску ў тым ліку па геапалітычных прычынах: "Яны (калектыўны Захад. - Заўвага) дагэтуль не адышлі ад мэты выраўнаваць фронт, каб ён праходзіў: Смаленск-Пскоў, Смаленск-Бранск-Курск і туды да Растова. Ім трэба выраўнаваць фронт. А мы, тысячу амаль кіламетраў, балкон гэты, яго трэба зрэзаць. Гэта іх мэта - яны перад гэтым не спыняцца, зойдуць яны з Украіны Заходняй або яшчэ аднекуль. Яшчэ, можа, за Заходнюю Украіну давядзецца ваяваць, каб не адцялі. Таму што гэта для нас да смерці падобна, не толькі для ўкраінцаў. Страшныя працэсы адбываюцца вакол".

"Мы шмат у чым трымаемся дзякуючы справядлівасці нейкай, якая ў нашым грамадстве яшчэ засталася. Калі мы на гэтым паставім крыж, нас змятуць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама расказаў, што многія збеглыя з Беларусі цяпер просяцца назад у краіну.

"Цяпер збеглыя просяцца назад. Хтосьці прыехаў і расказваюць, як ім там "добра" - у нашых суседзяў і ў іншых, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Я вам прывяду адзін прыклад: усе рынуліся - і палякі, і непалякі, і этнічныя, і неэтнічныя - у Польшчу". Апошняя тэндэнцыя: так, добра, хлопцы, але там (ва Украіне. - Заўвага) вайна ідзе, у Беларусі нешта трэба рабіць (ну, асечка ў 2020 годзе, як яны называюць, але трэба нешта рабіць), давайце ва Украіну, там два легіёны арганізавалася".

Прэзідэнт пры гэтым звярнуў увагу, што ўступіўшыя ў гэтыя створаныя ва Украіне легіёны зусім не імкнуцца ваяваць. "Арганізавалі два легіёны, узброілі - на фронт. Не хочуць на фронт. Чатыры чалавекі пайшло ваяваць са 150, якіх яны там сабралі. Там жа тысячы іх, 150 у легіёны пайшлі, чацвёра толькі - ваяваць. Ну, добра, на пасты іх паставілі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - На пастах таксама не вельмі. Добра было, калі іх збіралі ў Кіеве, у рэстаране нейкім. Яны там збіраліся, пілі, елі. У рэстаране добра было - у момант іх збору. А потым - на фронт або на пасты. Не. Украінцы кажуць: "Ну добра, будзем вас рыхтаваць для будучай узброенай рэвалюцыі ў Беларусі".

"Ну, няхай паспрабуюць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ведаюць удзельнікаў такіх фарміраванняў: "Усіх па прозвішчах бачым і ведаем, і мы іх хутка дастанем. Проста час для гэтага патрэбны".

"Ну а многія ж назад просяцца. Не называю прозвішчы. І нават галоўная за галаву бярэцца: "Я на гэта не падпісвалася, пусціце мяне, я дадому хачу!". А не пускаюць. Калі ўжо грошы ўклалі, імя выкарыстоўваюць, ну кім замяніць? Замяніць - гэта ўсё, разбурыць. Не пускаюць. Гэтыя вось ідыёты, якія падрыхтаваны ў ЗША, яны вакол акружаюць, і як сцяг перад сабой трымаюць. Ну, дзякуй богу, што такі сцяг", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Выслухаўшы выступленні ўдзельнікаў мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка даручыў Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Ігару Сергяенку на працягу лета рэалізаваць прапановы, унесеныя па выніках работы нарады. Прэзідэнт звярнуў увагу, што многія з агучаных прапаноў вельмі правільныя і своечасовыя, але ў той жа час даволі простыя для рэалізацыі, не патрабуюць глабальных пераўтварэнняў. Больш таго, іх варта было даўно ажыццявіць, лічыць беларускі лідар.

"Запомніце: лепш, прымаючы рашэнне, памыліцца (выправіць можна заўсёды), чым наогул нічога не рабіць і чагосьці чакаць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не прапішам ні ў законах, ні ва ўказах, ні ў дырэктывах усе выпадкі жыцця і на ўсе выпадкі жыцця мы не прапішам механізм дзеяння, методыку. Ды і не трэба. Аснова - каб гэта было справядліва. Калі няма законаў, нарматыўных прававых актаў - прымайце рашэнне, на тое вы і кіраўнікі: старшыні гар- і райвыканкамаў, аблвыканкамаў. Прымайце гэтыя рашэнні. Трэба ўзгадніць - адзін званок, узгаднілі і ўсё".

"Дзейнічайце. Ні ў якім разе не сядзіце і не чакайце, што само разыдзецца", - дадаў Прэзідэнт.

Пасля запланаваных выступленняў удзельнікі нарады абмяняліся меркаваннямі і прапановамі па тэматыцы семінара і іншых актуальных пытаннях.

У прыватнасці, была звернута ўвага на неабходнасць прадаўжэння актыўнай работы парламентарыяў і грамадскіх дзеячаў з грамадзянамі. Прытым прагучала меркаванне ўзмацніць работу не толькі ў калектывах дзяржаўных прадпрыемстваў, але і з самазанятымі грамадзянамі, работнікамі прыватных устаноў, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія прадстаўляюць значную частку беларускага грамадства. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэту ініцыятыву.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз актуалізаваў тэму работы мясцовых Саветаў дэпутатаў і звярнуўся да парламентарыяў. "Не забывайце, што Саветы, абласныя, раённыя, сельскія, - гэта ваша вотчына. Яны безгаспадарнымі не павінны быць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Не забывайце сваё галоўнае прызначэнне - вы, сенатары, можаце лепш, чым хто-небудзь, рэалізаваць Саветы. Гэта ваша святая справа. Акрамя той асноўнай работы, экспертнай работы, якую вы ведзяце, - гэта вельмі важна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб сённяшнім семінары-нарадзе, Прэзідэнт прапанаваў праводзіць іх на рэгулярным узроўні. Яшчэ больш шырокім складам будзе збірацца Усебеларускі народны сход. "Такое вось веча. Пэўны штурм таго ці іншага пытання. І адкрытая размова", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.