Разгляд кадравых пытанняў
- 21
- 30:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня разгледзеў кадравыя пытанні і правёў адпаведныя назначэнні.
Прэзідэнт назначыў:
Белага Ігара Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Саудаўская Аравія па сумяшчальніцтве;
Дзеравінскага Дзмітрыя Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Шматнацыянальнай Дзяржаве Балівія па сумяшчальніцтве;
Сабалеўскага Яўгена Юліянавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Судан па сумяшчальніцтве.
Кіраўнік дзяржавы таксама даў згоду на назначэнне:
Бортніка Мікалая Мікалаевіча - старшынёй Іванаўскага райвыканкама;
Сенчука Уладзіміра Рыгоравіча - старшынёй Камянецкага райвыканкама;
Панасюка Рыгора Адамавіча - старшынёй Брэсцкага райвыканкама;
Бялуся Пятра Казіміравіча - старшынёй Глыбоцкага райвыканкама;
Макарэвіча Алега Аркадзьевіча - старшынёй Дубровенскага райвыканкама;
Клячына Аляксандра Алегавіча - старшынёй Сенненскага райвыканкама;
Станкевіча Дзмітрыя Зянонавіча - старшынёй Чашніцкага райвыканкама;
Кулешы Зоі Вацлаваўны - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Гродна;
Богдан Алены Леанідаўны - першым намеснікам Міністра аховы здароўя;
Вежнаўца Івана Валер'евіча - першым намеснікам Міністра эканомікі;
Аляксеева Антона Яўгенавіча - намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі;
Кулака Віталя Уладзіміравіча - намеснікам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання;
Якоўчыца Аляксандра Уладзіміравіча - намеснікам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання;
Гармашука Віталя Уладзіміравіча - дырэктарам Дэпартамента дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў;
Цітовай Сняжаны Аляксандраўны - кіраўніком спраў Віцебскага аблвыканкама.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся ў кіраўнікоў станам спраў у раёнах. Размова ішла пра сельскую гаспадарку, забяспечанасць кадрамі, выканальніцкую дысцыпліну і іншыя аспекты работы кіраўнікоў на месцах.
Звяртаючыся да Уладзіміра Сенчука, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чаму той пераходзіць працаваць з Брэсцкага ў Камянецкі райвыканкам. "Чым тлумачыцца такая перастаноўка? Заўсёды ў нас лічылася, што сталічны або абласны выканкам - гэта ўзровень крыху вышэйшы, больш прэстыжна там працаваць. І вы вырашылі ў Камянецкі пайсці", - удакладніў Прэзідэнт.
Уладзімір Сянчук растлумачыў, што хацеў бы выкарыстаць вопыт работы ў Брэсце ў тым ліку для развіцця эканомікі Камянецкага раёна. Паводле яго слоў, у Камянецкім раёне даволі развіты аграпрамысловы комплекс. Акрамя таго, рэгіён валодае багатым турыстычным патэнцыялам, які можна развіваць.
Паколькі Прэзідэнт даў згоду на назначэнне кіраўнікоў некалькіх раёнаў Віцебскай вобласці, яго цікавіла, як ідуць справы ў рэгіёне і якія пытанні мясцовыя кіраўнікі лічаць найбольш праблемнымі. Паводле слоў старшыняў райвыканкамаў, ёсць пэўныя недахопы ў кадравай рабоце і выканальніцкай дысцыпліне.
"Мужыкі, глядзіце, каб усё было справядліва з людзьмі. Паглядзіце, з кім вы будзеце працаваць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Не крыўдзіце толькі людзей". Прэзідэнт падкрэсліў, што да кадраў на месцах трэба ставіцца акуратна. Не трэба сячы з-за пляча, прымаючы неабдуманыя рашэнні, дадаў ён.
Гаворачы пра сельскую гаспадарку, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўборачныя работы трэба інтэнсіфікаваць: "Часу на тое, каб разварушвацца, няма. Тым больш усе вы аграрыі ў асноўным. Уборку трэба, асабліва ў Віцебскай вобласці, прадаўжаць. Я не скажу заканчваць - трэба ўборку прадаўжаць. Вы падышлі толькі да паловы ўборачных работ".
Прэзідэнт таксама нагадаў аб тым, што за старшынямі райвыканкамаў замацоўваюць горшую гаспадарку ў раёне, за развіццё якой яны павінны адказваць. "Як мяне інфармуе Дзмітрый Мікалаевіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. - Заўвага), мы цяпер жым пэўны робім у гэтым напрамку. Кіраўнікі раёна сябе не вельмі добра адчуваюць, калі за імі замацоўваеш асобна горшую гаспадарку. Мужыкі, так справа не пойдзе. Трэба кіраваць раёнам, канкрэтна паказваючы вынік. Таму вызначайцеся, якую гаспадарку пад крыло возьміце і дапаможаце. Пачынаючы з севазвароту, навядзення парадку і дысцыпліны і заканчваючы паказчыкамі эфектыўнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў кіраўнікам поспехаў і нагадаў, што яны, па сутнасці, знаходзяцца на пярэднім краі і добра валодаюць абстаноўкай на месцах.
Размова ішла і пра забяспечанасць тэхнікай гаспадарак у раёнах. Часта на сельгаспрадпрыемствах ёсць добрыя сучасныя камбайны, але не заўсёды хапае спецыялістаў, якія могуць імі кіраваць. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу кіраўнікоў райвыканкамаў на неабходнасць асабіста ведаць добрых спецыялістаў, якіх можна прыцягваць да кіравання тэхнікай у час уборачных работ.
Звяртаючыся да Зоі Кулешы, якая была ўзгоднена на пасаду кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, Прэзідэнт пацікавіўся, як цяпер развіваецца гэты абласны цэнтр. Паводле слоў Зоі Кулешы, у горадзе вядуцца работы па добраўпарадкаванні, развіваецца сацыяльная інфраструктура, ідзе будаўніцтва жылля.
"Прэтэндуем на лідарства, выбачайце за нясціпласць, у добраўпарадкаванні і навядзенні парадку", - сказала яна.
"Наогул прыгажун горад, - пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. - Мне ён заўсёды падабаўся. Асабліва ўзгорыстасць яго пэўная".
Зоя Кулеша дадала, што ў Гродне ўжо цяпер ідзе падрыхтоўка да XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які адбудзецца ў наступным годзе.
"За гэта дзякуй. Фестываль у вас класны. Малайцы! - пахваліў Прэзідэнт. - Малайцы, вы яго падтрымліваеце. І для Гродна гэта вельмі важна на самай справе".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу Зоі Кулешы на неабходнасць трымаць на кантролі работу прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. "Каб не саромеліся ўмешвацца ў работу прадпрыемстваў, якія, здавалася б, рэспубліканскай формы ўласнасці. Такіх прадпрыемстваў, якія не вашы, там няма. Усюды вашы прадпрыемствы. Вы прадстаўнік Прэзідэнта на той зямлі. Таму саромецца не трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

