Прыняцце кадравых рашэнняў

  • 20
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня прыняў шэраг кадравых рашэнняў.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Кузняцова Андрэя Яўгенавіча - Міністрам прамысловасці;

Сабалеўскага Яўгена Юльянавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Алжыры, Амане, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Лізе арабскіх дзяржаў;

Дзеравінскага Дзмітрыя Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Венесуэле;

Красоўскага Дзмітрыя Анатольевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Кеніі і па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Афрыканскім саюзе, Праграме ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) і Праграме ААН па населеных пунктах (ААН-Хабітат);

Белага Ігара Георгіевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Бахрэйне па сумяшчальніцтве;

Ломскага Аляксандра Зіноўевіча - памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Брэсцкай вобласці.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Рафаловіча Віктара Анатольевіча - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама (пытанні сацыяльнай сферы);

Болтрыка Андрэя Георгіевіча - намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама (пытанні эканомікі);

Валчка Паўла Віктаравіча - старшынёй Ганцавіцкага райвыканкама;

Ундрулі Валянціна Антонавіча - старшынёй Буда-Кашалёўскага райвыканкама;

Атрошанкі Аляксандра Георгіевіча - старшынёй Рагачоўскага райвыканкама;

Шпігановіча Дзмітрыя Мікалаевіча - старшынёй Хойніцкага райвыканкама;

Гайкова Сяргея Мікалаевіча - старшынёй Чачэрскага райвыканкама;

Андрэева Сяргея Яўгенавіча - кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля;

Згурскага Дзмітрыя Аляксеевіча - кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля;

Рэўта Мікіты Ігаравіча - старшынёй Дзяржынскага райвыканкама;

Лапаткі Вячаслава Мікалаевіча - старшынёй Крупскага райвыканкама;

Колесеня Дзяніса Сяргеевіча - старшынёй Мінскага райвыканкама;

Атрушкевіча Андрэя Міхайлавіча - старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама;

Маеўскага Аляксандра Анатольевіча - старшынёй Пухавіцкага райвыканкама;

Арлёнка Мікалая Уладзіміравіча - старшынёй Горацкага райвыканкама;

Навумовіча Уладзіміра Аляксандравіча - першым намеснікам Міністра архітэктуры і будаўніцтва;

Лысенкі Максіма Уладзіміравіча - першым намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя;

Далжанкова Уладзіміра Валянцінавіча - намеснікам Міністра адукацыі (пытанні адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці);

Шапкінай Юліі Аляксандраўны - намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі;

Такуна Алега Валер'евіча - намеснікам Міністра працы і сацыяльнай абароны;

Качана Сяргея Францавіча - намеснікам Міністра фінансаў;

Сцяпуры Ірыны Альбертаўны - намеснікам Міністра юстыцыі;

Барткевіч Яўгеніі Іванаўны - генеральным консулам Беларусі ў Стамбуле (Турцыя);

Ярашэнкі Аляксандра Рыгоравіча - намеснікам Дзяржаўнага сакратара - членам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

Новы Міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў да цяперашняга часу працаваў на пасадзе намесніка Міністра прамысловасці. Аляксандра Яфімава, які кіраваў гэтым ведамствам, Кіраўнік дзяржавы бачыць на пасадзе кіраўніка аднаго з найважнейшых прадпрыемстваў краіны - холдынга "АМКАДОР", куды ён будзе накіраваны. Аляксандр Лукашэнка адобрыў адпаведнае кадравае рашэнне.

"Хачу з вамі пагаварыць сам-насам, каб вы не глядзелі на начальнікаў, якія вас, магчыма, гатовы прадстаўляць тут. І каб вы разумелі, што я ад вас хачу. Шмат было размоў, прапаноў вакол вашых назначэнняў у плане таго, што вы і не супраць. За гэта дзякуй", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён папярэдзіў, што запатрабаванне з галіны будзе жалезабетоннае: "Праблем сёння ў прамысловасці больш, чым у якой-небудзь галіне. Ёсць аб'ектыўныя прычыны (хоць я не хачу гаварыць пра аб'ектыўныя прычыны - не вайна, таму трэба працаваць)".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час Аляксандр Яфімаў працаваў ужо на "АМКАДОРы". Менавіта адтуль ён і перайшоў на працу ў міністэрства.

"Пры вас у некаторай ступені складвалася тая сітуацыя, якая сёння існуе на "АМКАДОРы". Гэта мой пункт гледжання. Можа, я памыляюся. Але вам і выпраўляць там сітуацыю. Ніхто вамі там камандаваць і кіраваць цяпер не будзе. Вы фактычна дзяржаўнае прадпрыемства, і як дырэктар гэтага прадпрыемства будзеце прымаць рашэнні і за гэта адказваць. Ніякія заснавальнікі, старшыні наглядальнага савета і іншыя - ніхто вамі кіраваць, як гэта, магчыма, было раней, не будзе, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Вы прафесіянал, дасведчаны чалавек. Калектыў вам знаёмы. Сітуацыю ведаеце значна лепш, чым я. Таму вам і карты ў рукі. Дзейнічайце".

"Там тысячы людзей, і яны чакаюць адказу: нас дзяржава кіне або не. Вы ім адкрыта і скажыце ад майго імя (я ў вас яшчэ пабуду ў бліжэйшы час): мы нікога кідаць не збіраемся, там працуюць нашы людзі. І тое, што гэта прадпрыемства не змагло функцыянаваць як трэба ў прыватным, можна сказаць, парадку, таксама шмат аб чым сведчыць. Таму дзейнічайце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Выведзіце прадпрыемства з цяперашняга стану ў нармальны - добра. Але калектыву перадайце, што чарговы раз спадзявацца, што мы ўвалім нейкія туды мільёны рублёў або долараў, - гэтага не будзе. Перш за ўсё вы будзеце выходзіць з гэтай сітуацыі за кошт сваіх рэсурсаў і рэзерваў".

Прэзідэнт адзначыў, што прадукцыя "АМКАДОРа" запатрабавана ў кожным кутку свету. Тэхніка, якая вырабляецца на прадпрыемстве, выкарыстоўваецца для самых розных работ.

"Патрэбна ініцыятыва адпаведная. Трэба раскруціць калектыў, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вам давядзецца сур'ёзна папрацаваць на рынках для таго, каб прадаць сваю прадукцыю. Аптымізуйце вытворчасць, разбярыцеся. Не ў плане наменклатуры выпускаемай прадукцыі, а з тым, дзе вам трэба новыя вытворчасці ствараць, нешта будаваць і гэтак далей. Вы ведаеце, аб чым ідзе размова".

Назначаючы паслоў у краіны далёкай дугі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе дыпламаты - людзі вопытныя, якія не адзін год прапрацавалі ў МЗС. "Краіны, у якія вы накіроўваецеся, розныя, але вельмі важныя для нас, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Адзінае, што хачу сказаць, вы там не засядзіцеся. Майце на ўвазе, таму што гандаль, тавараабарот - гэта таксама ваша пытанне. Гэта не тое, што раней - беленькія манжэты, каўнерык беленькі, пайшоў на прыём, нешта паслухаў, сюды нешта там напісаў. Першая ваша задача - гэта тавараабарот. Трэба рухацца".

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што неабходна актыўна асвойваць і пашыраць новыя рынкі ў краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Пра цікавасць да Беларусі сведчаць у тым ліку нядаўнія візіты ў Беларусь Прэзідэнта Кубы і саветніка супрэзідэнтаў Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва.

"Таму ўсё залежыць ад нашай палітыкі. Я жадаю вам поспехаў. Дзейнічайце. Не чакайце, што прыедуць, раскажуць вам, пакажуць. Калі нешта ёсць слушнае - прапаноўвайце, будзем дзейнічаць, будзем вам дапамагаць. Але памятайце: гандаль - перш за ўсё", - даў наказ беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь з Кеніяй устанавіла адносіны, але пакуль "асаблівага руху няма". "У мяне добрыя адносіны з Прэзідэнтам Кеніі. Я думаю, ён яшчэ прыедзе да нас", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Кенія - гэта велізарная краіна з насельніцтвам звыш 50 млн чалавек, а таму там будуць запатрабаваны беларускія прадукты харчавання. Размова не толькі аб магчымасцях паставак сухога малака або мясных кансерваў - Беларусь гатова дапамагчы гэтай афрыканскай краіне з развіццём усёй галіны АПК. "Там трэба дапамагчы ім арганізаваць работу. А работа - гэта перш за ўсё сельгасмашынабудаванне. І кадры - трэба навучыць людзей працаваць, дапамагчы ім. Можа, тыпавую гаспадарку арганізаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па гэтым шляху наша краіна ўжо ідзе ў развіцці супрацоўніцтва з іншымі краінамі Афрыкі. Напрыклад, Прэзідэнт згадаў, што Нігерыя нядаўна закупіла ў Беларусі каля 2 тыс. трактароў: "Гэта добрыя аб'ёмы. Але, майце на ўвазе, 2 тыс. купілі, - заўтра яшчэ купяць, калі зарэкамендуеце сябе добра. Ну і трэба абслугоўваць. Гэта і запчасткі, і іншае-іншае".

"А кажуць, што ў нас праблема, мы чагосьці не можам. Мы ўсё можам! Таму трэба ісці на новыя рынкі. У нас ёсць з чым ісці. Таму трэба працаваць у гэтым плане, - падкрэсліў беларускі лідар. - Вазьміце той жа Егіпет. Там таксама гэта патрэбна. Хоць гэта іншая краіна, зусім іншая. Гэта вароты ў Афрыку, гэта аўтарытэтная краіна для арабскага свету. Вельмі аўтарытэтная".

"Або Венесуэла. Многае мы хацелі там зрабіць, але нешта атрымалася, нешта - не. Але трэба развівацца, трэба рабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Ломскі назначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі - інспектарам па Брэсцкай вобласці. Да гэтага часу ён працаваў першым намеснікам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Пасада памочніка Прэзідэнта - інспектара па Брэсцкай вобласці стала вакантнай у маі бягучага года, пасля таго, як Валерый Вакульчык быў назначаны кіраўніком Апарату Савета Міністраў.

"Што датычыцца памочніка Прэзідэнта - інспектара па Брэсцкай вобласці, розныя былі прапановы. Я настойваў на тым, каб гэта быў аграрый. Таму што губернатар там, вы разумееце, прамысловец (гаворка пра старшыню аблвыканкама Пятра Пархомчыка. - Заўвага). Чалавек вопытны. Але трэба падперці яго. І не толькі намеснік у яго павінен быць аграрый, але і памочнік, які разбіраецца ў сельскай гаспадарцы. Таму, Аляксандр Зіноўевіч, выбралі вас. Я думаю, вы з гэтай работай справіцеся. Час такі, што спыняцца нельга", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка, прымаючы кадравыя рашэнні па кандыдатурах новых старшынь райвыканкамаў, звярнуў увагу кіраўнікоў мясцовай вертыкалі на ключавыя напрамкі, якія абавязкова павінны быць у полі іх зроку. Гэта перш за ўсё работа з кадрамі, умацаванне эканамічнага патэнцыялу рэгіёна праз рэалізацыю інвестпраектаў і, вядома, эфектыўная работа аграпрамысловага комплексу. Прычым па ўсіх абазначаных сферах кіраўніцкія рашэнні павінны быць своечасовымі і выверанымі, запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адным з найбольш важных напрамкаў работы для кіраўнікоў раёнаў застаецца сельская гаспадарка. Яна ляжыць у аснове эканамічных паказчыкаў рэгіёнаў, дабрабыту людзей. Таму і ўвага да яе - асаблівая, як з боку Прэзідэнта, так і па ўсёй вертыкалі ўлады.

Аляксандр Лукашэнка зноў паўтарыў сваё нязменнае патрабаванне захоўваць лепшыя традыцыі з савецкага мінулага - не разбураць або аднаўляць, калі ўсё ж такі было разбурана, сістэмы мясцовых райаграсэрвісаў, дарожных, будаўнічых арганізацый і да таго падобнае. Неабходна, каб у кожным раёне былі мясцовыя арганізацыі па забеспячэнні насеннем, палівам, угнаеннямі, запаснымі часткамі і гэтак далей. "Гэта трэба ўсё аднавіць, дзе разбурана, усё гэта - у адзін кулак аднаго кіраўніка", - абазначыў задачу Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што найбольш пільнай увагі цяпер патрабуе такі напрамак АПК, як жывёлагадоўля. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прыняцця больш рашучых і эфектыўных мер для вырашэння праблемы з падзяжом жывёлы. І для гэтага, паводле яго слоў, не трэба выдумляць нічога асаблівага або спасылацца на нейкія нібыта нявырашаныя пытанні, дэфіцыт кадраў гэта або ветпрэпаратаў. У старшынь райвыканкамаў хапае кіраўніцкіх рычагоў, каб вырашаць усе гэтыя пытанні. І самае галоўнае - навесці парадак у гаспадарках і дабіцца выканальніцкай дысцыпліны і элементарнага захавання тэхналогій. Раней жа ў гаспадарках таксама не так шмат было спецыялістаў, а ў ветэрынараў з усіх даступных сродкаў ледзь ці не асноўным было добрае слова. Аднак дзякуючы беражліваму стаўленню да жывёл і асабліва да цялят на фермах, падзеж быў мінімальным. Вось і цяпер Прэзідэнт патрабуе навесці парадак у гэтай сферы, дысцыплінаваць людзей.

"Рабіце што хочаце, але каб жывёла была жывая, - сказаў ён. - Я прашу звярнуць на гэта сур'ёзную ўвагу. Чаго б гэта ні каштавала, мабілізуйце ўсіх".

Простым і даступным варыянтам вырашэння праблемы бачыцца продаж цялят, якія нарадзіліся, на дагадоўванне з менш эфектыўных ферм, дзе не наладжаны поўны цыкл вытворчасці, у больш паспяховыя. "Тыя, хто прадае, ім гэта выгадна, гэта рэнтабельна. Калі ў цябе маладняк гіне, гэта страты. А тут ты рэнтабельнасць атрымаеш. Хочаш сам захаваць - калі ласка, я не настойваю, але за падзеж адкажаш", - абазначыў ключавыя падыходы Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што старшыні райвыканкамаў знаходзяцца, вобразна кажучы, на пярэднім плане ў камунікацыі дзяржавы з людзьмі. Таму на іх ляжыць асаблівая адказнасць. "Часта мне асабіста (я ж размаўляю з людзьмі) паступаюць скаргі на цяганіну і абыякавасць. Асабліва ў тых абласцях, дзе ў нас праблем дастаткова. Думаю, што Адміністрацыі Прэзідэнта трэба задзейнічаць усе органы ўлады, каб гэтага не было. Што-што, але абыякавасці або неналежнага стаўлення да людзей з боку ўлады быць не павінна. Не павінна быць. Вось і ўсё. Я заўсёды гавару: можаце - дапамагайце людзям, не можаце - скажыце адкрыта, вось гэтага мы рабіць не будзем, чаму - таму што. А не проста адпіхвацца, зацягваць вырашэнне якіх-небудзь пытанняў", - абазначыў свае ключавыя патрабаванні Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама дакладна расставіў акцэнты ў рабоце з кадрамі на месцах. Некаторыя кіраўнікі раёнаў прадаўжаюць скардзіцца на дэфіцыт асобных спецыялістаў і сітуацыі, калі работнікі або маладыя спецыялісты пасля ВНУ звальняюцца па суб'ектыўных абставінах да завяршэння тэрміну кантракта або ідуць у армію, а потым працуюць у гаспадарках зусім нядоўгі час. Наконт апошняга Прэзідэнт заўважыў, што "мужыкі павінны служыць" і Радзіму абараняць трэба ўсім.

А вось наконт праблем з кадрамі (у сельскай гаспадарцы ў прыватнасці і ў раёнах у цэлым), звальненняў Аляксандр Лукашэнка выказаўся вельмі дакладна: дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, і абітурыент, перш чым пайсці вучыцца ў ВНУ, павінен тысячу разоў падумаць і прыняць адказнае рашэнне з разлікам на тое, што потым трэба адпрацаваць па спецыяльнасці. "Проста дыплом атрымаць не атрымаецца, не той час", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што на ўзроўні дзяржавы таксама прыняты шэраг рашэнняў па надзяленні старшынь райвыканкамаў дадатковымі паўнамоцтвамі, у тым ліку па перамяшчэнні, назначэнні кадраў. Яны павінны ў поўнай меры іх выкарыстоўваць, каб у даручаным раёне дабівацца кадравай дысцыпліны і выніку. "Мы ўсё перажываем: "Ах, там нейкую "дэмакратыю", "свабоду" хочам!"... Якая свабода? Добра працуеш (я мяркую, як яны (новыя кіраўнікі мясцовай вертыкалі. - Заўвага), паколькі мы іх вылучаем, назначаем), - будзем падтрымліваць, узнагароджваць… Але калі ты гультай, калі ў цябе няма выніку, падзеж... За гэта павінна быць строгая адказнасць знізу даверху", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў прычыны, па якіх менавіта ў такой танальнасці гаворыць на гэту тэму: "Я чаму так жорстка стаўлю пытанне. Ужо многія: "Вось, прыгоннае права, прыгоннае права…" Слухайце, мужыкі, сёння сітуацыя ваенная. Тое, што мы не ваюем, - народ павінен на гэту ўладу маліцца, што мы яшчэ неяк трымаемся. Вы бачыце, што навокал. Як толькі ўнутры пойдуць праблемы, нам іх узмоцняць, нам падкінуць. Вакол Беларусі сядзяць, як змеі падкалодныя, шыпяць, гатовы сюды рынуцца. Таму давайце будзем прымаць рашэнні і вырашаць пытанні, якія на паверхні".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра ініцыятыву "адзін раён - адзін праект" і звярнуў увагу, што яна абавязковая для кожнага рэгіёна краіны. "Адзін раён - адзін праект - праграма павінна быць рэалізавана. Па выніках бягучага года за гэта будзе сур'ёзнае спагнанне", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Калі яна задумвалася, асноўнай мэтай было вырашыць пытанні занятасці насельніцтва, задзейнічаць незанятыя кадры ў малых гарадах, пасёлках, на месцах, каб не было беспрацоўя. Цяпер для Беларусі гэта праблема не стаіць востра, узровень беспрацоўя на мінімальных значэннях. Але гэта не азначае, што раёнам не патрэбны сучасныя высокатэхналагічныя прадпрыемствы. Наадварот, рэалізацыю ініцыятывы трэба прадаўжаць і разглядаць у тым ліку прапановы ад прыватнага бізнесу. Прэзідэнт падкрэсліў, каб да іх ставіліся гэтак жа ўважліва, як і да астатніх, а не вадзіць па крузе. "Звярніце на гэта ўвагу, - даручыў Аляксандр Лукашэнка Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому. - Вам у Адміністрацыі Прэзідэнта трэба жорсткую ацэнку даваць такім рэчам. Мала таго, што мы недзе недапрацоўваем, дык мы яшчэ і людзей па крузе пачынаем запускаць. Гэта бяздушнае, бессардэчнае стаўленне да людзей, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта трэба адкідваць. Не павінна гэтага быць. Мы ствараем глебу для незадаволенасці людзей".

Як запэўніў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, старшыні райвыканкамаў пасля прыбыцця на свае працоўныя месцы правядуць сустрэчы з кіраўніцтвам бізнесу на месцах і пацікавяцца іх планамі, чаканнямі ад мясцовай улады, каб пакласці іх у аснову развіцця эканомікі раёна і планаў на будучы перыяд. На яго думку, цяпер на рынку такая сітуацыя (нізкае беспрацоўе і вялікі попыт на экспарт беларускай прадукцыі), што многія прадстаўнікі прыватнага бізнесу ў раёнах гатовы маштабавацца, пашырацца і ўкладваць дадатковыя грошы. "Задача старшыні раённага выканаўчага камітэта і тонкасць (яго работы на гэтай пасадзе. - Заўвага) - гэтыя планы скласці", - сказаў ён.

Гаворачы аб праблемных момантах, якія адзначаюць у сваёй рабоце некаторыя кіраўнікі мясцовай вертыкалі, Дзмітрый Крутой расказаў, што асобныя раёны, дзе менш занятых у эканоміцы, адчуваюць сябе абдзеленымі пры размеркаванні інавацыйных абласных або рэспубліканскіх рэсурсаў. Яны хацелі б іх атрымаць для рэалізацыі больш буйных для рэгіёна, валаўтваральных праектаў. Але тут, паводле слоў Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, паўстае пытанне наяўнасці ў раёне дастатковых кампетэнцый, працоўных рэсурсаў і сыравіннай базы для будучай эфектыўнай эксплуатацыі аб'ектаў, пабудаваных такім чынам.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з тым, што пры выдзяленні сродкаў на праекты трэба абавязкова ўлічваць комплекс фактараў і патрабаваць такога ж падыходу ад кіраўнікоў раёнаў. "Кожны кіраўнік павінен абараніць сваю праграму, свае прапановы ён павінен абгрунтаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу ён прывёў прадпрыемства "Беллакт", на якім нядаўна пабываў асабіста. Там Кіраўніку дзяржавы агучылі планы па пашырэнні вытворчасці, але яны былі дакладна прапрацаваны з улікам дастатковасці сыравіннай базы і будучых рынкаў збыту. Аналагічным чынам любы праект павінны абгрунтаваць і раёны, калі іх кіраўнікі хочуць атрымаць грошы з бюджэту ці інавацыйных фондаў. "Хацелак" шмат, але што будзем потым рабіць з гэтымі "хацелкамі"? - слушна спытаў Прэзідэнт. - Калі вы маеце рэсурсную базу, сыравіну, лагістыку… Бачыце там загрузку, людзі ёсць, прадасце гатовую прадукцыю - будзем дапамагаць".

"Але майце на ўвазе, што вам таксама трэба варушыцца для таго, каб хоць нейкую капейку ўкласці сваю. А не тое, што з Мінска, з рэспубліканскага бюджэту вам нешта прынясуць", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

"Дзейнічайце! Не сядзіце і не чакайце, што нехта прыйдзе і нешта зробіць. Як толькі мы ўбачым, што вы распрануліся і працуеце з раніцы да вечара, ведзяце за сабой людзей і ў вас хоць крышку нешта атрымліваецца, мы будзем вам дапамагаць і вас падтрымліваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Які сэнс дапамагаць і падтрымліваць людзей, якія нічога не робяць, а калі робяць, то ў іх нічога не атрымліваецца? Гэта яшчэ горш: робяць, грошы трацяць, а выніку няма".

"Таму, мужыкі, яшчэ раз паўтараю: дзейнічайце. Сёння сітуацыя такая, што нам трэба дзейнічаць, калі нават не атрымаецца, людзі гэта ацэняць. Людзі ўбачаць, што ну так, ну не атрымалася. Па розных прычынах жа, аб'ектыўна не атрымліваецца. Яны нам даруюць гэтыя недапрацоўкі і памылкі. Але калі мы нічога рабіць не будзем, людзі нам гэтага не даруюць. Таму - толькі наперад!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.