Разгляд кадравых пытанняў

  • 12
  • 19:27

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне:

Гарадзецкага Дзмітрыя Мікалаевіча - першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама (АПК);

Бацэнкі Міхаіла Леанідавіча - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама (эканоміка);

Ільясевіча Аляксандра Іосіфавіча - намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама (сацыяльная сфера);

Антанюка Максіма Анатольевіча - старшынёй Баранавіцкага гарвыканкама;

Сазанчука Сяргея Мікалаевіча - старшынёй Пінскага райвыканкама;

Абіралы Сяргея Уладзіміравіча - старшынёй Докшыцкага райвыканкама;

Прадуна Аляксандра Мікалаевіча - кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Брэста;

Бялевіча Уладзіміра Іосіфавіча - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Віцебска;

Пшоннага Аляксандра Аляксандравіча - старшынёй канцэрна "Беллеспаперапрам";

Сталярчука Сяргея Валер'евіча - старшынёй праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".

Перад новым кіраўніком канцэрна "Беллеспаперапрам" Аляксандрам Пшонным Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу шукаць унутраныя рэзервы, а не разлічваць на рэструктурызацыю.

Да ўзгаднення на пасаду кіраўніка Аляксандр Пшонны з'яўляўся намеснікам старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам". У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся, якая цяпер сітуацыя ў канцэрне і якія ёсць праблемы.

Аляксандр Пшонны адказаў, што сітуацыя ў галіне ў цэлым стабілізуецца, хоць і існуе шэраг праблемных прадпрыемстваў як прыватнай, так і дзяржаўнай формы ўласнасці, у якіх узніклі складанасці з-за ўведзеных абмежаванняў паставак на рынак Еўрасаюза. "У першую чаргу будзем спрабаваць разабрацца і палепшыць сітуацыю на гэтых прадпрыемствах", - сказаў ён. Акрамя таго, ён канстатаваў наяўнасць праблем з закрэдытаванасцю прадпрыемстваў.

"Гэта значыць, вы ў банках набралі грошай", - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.

"Грошы былі набраны яшчэ ў 2010-2015 гадах, калі праходзіла вялікая мадэрнізацыя. Сумы значныя, і яны цягнуць прадпрыемствы ўніз", - растлумачыў Аляксандр Пшонны. Паводле яго слоў, ёсць прапанова рэструктурызаваць даўгі асобных прадпрыемстваў, разгледзець магчымасць зніжэння ставак па крэдытах, перавесці валютныя запазычанасці ў рублёвыя.

"Гэта глыток паветра ці гэта кардынальна мяняе сітуацыю?" - спытаў Прэзідэнт.

"Пакуль гэта глыток паветра", - сказаў новы кіраўнік канцэрна.

"Вы хочаце сказаць, што ўздыхняце, а потым зноў рухнеце?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"Уздыхнём, потым павінны нешта пабудаваць…" - адказаў кіраўнік "Беллеспаперапрама".

На гэта Прэзідэнт крытычна заўважыў, што ў новым статусе кіраўніка Аляксандр Пшонны не проста павінен, а абавязаны выправіць сітуацыю: "Вам жа адказваць за гэта давядзецца".

"Так, як працуе "Беллеспаперапрам" (а вы былі намеснікам), так працаваць нельга, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - На поўдзень ад пэўнай паралелі лесу няма. Свет мае патрэбу ў гэтай прадукцыі. Пачынаючы ад рэйкі падлогі, плінтуса да мэблі. А мы не можам прадаць. Таму вы шукайце перш за ўсё выйсце з існуючага становішча ў сябе. А потым прыходзьце, калі нечага не хапае, прапануйце рэструктурызаваць".

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што некаторыя разумеюць пад рэструктурызацыяй магчымасць наогул адысці ад неабходнасці выплачваць даўгі. "Такога мы дазволіць нікому не можам. Мадэрнізаваліся некалі - працуйце. Шукайце прычыны перш за ўсё ў сябе, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Калі ў заканадаўчым плане чагосьці не хапае, звяртайцеся. Вы будзеце падтрыманы. Галоўнае, каб на выхадзе быў вынік. Запрасіце кіраўнікоў прадпрыемстваў і давядзіце ім гэту задачу".

Як растлумачыў Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, адным з выйсцяў з той сітуацыі, якая склалася, бачыцца нарошчванне паставак і пошук новых экспартных напрамкаў.

"Гэта ўсім зразумела. Трэба прадаць. А для таго, каб прадаць, трэба прадаваць у любым месцы. І нельга сыходзіць з еўрапейскіх рынкаў. Калі нармальна працаваць, можна і ў Еўропу прадаваць, куды захочаце, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер шалеюць нашы збеглыя або з падачы збеглых Захад пачынае глядзець: як гэта так, мы павялічылі па некаторых таварных групах у 3-5 разоў тавараабарот з той жа Польшчай, якая ледзь ці не ворагам уяўляецца ў Беларусі. Які яна вораг? Для бізнесу няма сяброў і ворагаў. Ёсць інтарэсы. Яны і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Еўрасаюзе ў цэлым ёсць. Але з імі трэба акуратна працаваць. Публічна вам аб гэтым гавару".

Узгадняючы назначэнне Сяргея Сталярчука новым старшынёй праўлення ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь", Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся спецыфікай работы банка і ці няма дубліравання функцый пры адборы праектаў для фінансавання з мясцовымі органамі ўлады, міністэрствамі, ведамствамі. Акрамя таго, у краіне ёсць і шэраг іншых банкаўскіх устаноў.

"Спецыялісты (прысутныя на мерапрыемстве кандыдаты на кіруючыя пасады ў мясцовай вертыкалі ўлады. - Заўвага) сядзяць. Яны добра разумеюць, што не банкіры гавораць, а яны гавораць: вось гэта пабудаваць, гэта аптымальна. І ўпэўнены, што ваш банк ператвараецца ў фінансіста ўсяго гэтага", - сказаў Прэзідэнт. Тым больш пры адборы тых ці іншых праектаў ёсць шэраг нюансаў і крытэрыяў, аб якіх цяжка меркаваць збоку, але пра іх ведае канкрэтны кіраўнік прадпрыемства. І менавіта ён павінен прымаць адказнае рашэнне, ці браць у банку грошы пад канкрэтны праект. "Ён не павінен за чужыя грошы будаваць. Ён павінен крэдыт браць або на свае грошы будаваць, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Тады ён будзе грошы лічыць, а не тое, што мы яму раней: "Мы табе пабудуем".

"Я не гавару аб тым, што нам не патрэбны гэты банк. У адваротным выпадку мы вас не назначалі б, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Але аптымізацыю банкаў трэба правесці, трэба на іх паглядзець. У нас не хапае недзе там людзей. У АПК і іншае. А на адну такую краіну, можа, нам столькі не трэба банкаў, каб прыцягваліся спецыялісты. Гэта класныя спецыялісты, фінансісты".

"Вялікую колькасць прафесіяналаў прыцягваем з эканомікі ў нейкі банк. Таму трэба паглядзець з пункту гледжання аптымізацыі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максіма Рыжанкова, а таксама нагадаў, што нядаўна Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі быў назначаны спецыяліст у банкаўскай сферы Аляксандр Ягораў. Таксама вызначана група кваліфікаваных вопытных эканамістаў, якім трэба будзе заняцца вырашэннем пытання. "Няхай збіраюцца і думаюць. Уносяць адпаведныя прапановы", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы.

"Нам трэба паглядзець. З банкаўскай сістэмай трэба сур'ёзна папрацаваць цяпер, нягледзячы на складаны час. І прымаць рашэнне будзем або сёння, або заўтра, або паслязаўтра. А, можа, і наогул не будзем прымаць рашэнне. Але трэба паглядзець. Паколькі вельмі шмат вось гэтых паралелей. Ну навошта нам у Беларусі, дзе, увогуле, фінансавая сістэма ўстойлівая і дысцыплінаваная, рэсурсаў лішніх няма, мора гэтых рэсурсаў няма, празмерная канкурэнцыя, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Я лічу, што спецыялісты на месцах бачаць больш. І не іх (банкіраў. - Заўвага) функцыя ўгаворваць старшынь райвыканкамаў, каб яны рэалізавалі праект. Ёсць рашэнне Прэзідэнта: адзін раён - адзін праект".

Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка настроіў чыноўнікаў на плённую і складаную працу ў інтарэсах краіны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рэгулярна праглядае аналітыку публікацый у СМІ, даклады знешняй разведкі, спецслужбаў.

"Мужыкі, усё сканцэнтравана на тое, каб знайсці шлях нас зваліць. Якія б ні былі ў нас з вамі адносіны (я вас там лаяў, здымаў з працы і іншае), вы павінны быць дзяржаўнымі людзьмі. Ні я, ні вы асабіста нічога не значым у параўнанні з тым, што значыць для нас суверэнная і незалежная Беларусь. Мы яе павінны абараніць. Сваёй працай, крывёю, потам і сваім жыццём. Вядома, не дай бог, усе мы хочам жыць. А каб не паміраць, не гінуць, трэба проста працаваць, патрэбна эканоміка. Яшчэ раз падкрэсліваю: для таго, каб была нармальная эканоміка, у нас усё ёсць, усяго хапае. Але трэба сумленна працаваць", - заявіў беларускі лідар.

Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт арыентаваў іх на тое, каб ужо з гэтага моманту настройвацца на вельмі сур'ёзную і цяжкую работу. "У нас ёсць усё для таго, каб сёння працаваць. Як ніколі, нягледзячы на складанасці. Не хапае толькі аднаго - дысцыпліны. Але гэта мы ўмеем рабіць. Што-што, а дысцыпліну мы ўмеем (забяспечыць. - Заўвага), - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Парадак б'е клас. Будзе дысцыпліна і парадак - будуць кампенсаваны некаторыя недапрацоўкі па іншых напрамках".

Для дасягнення выніку кіраўнікі на месцах павінны прымаць усе неабходныя меры, максімальна задзейнічаць усе існуючыя рэсурсы. "Я часта публічна гавару: рабіце што хочаце і як вы лічыце патрэбным. Вядома, ёсць законы, правілы, яны ўжо даўно ў нас у крыві. Але там, дзе патрэбны вынік, трэба прайсці побач, плячо ў плячо з гэтым законам і прыняць рашэнне", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Тым больш што ўмовы для эфектыўнага развіцця як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці цяпер складваюцца спрыяльныя для Беларусі. "Пакуль Гасподзь нам дае ўсё. Асабліва для людзей, якія хочуць працаваць на зямлі. Ды і ў прамысловасці", - сказаў Прэзідэнт.

Айчынныя прадукты харчавання, напрыклад, вельмі запатрабаваны на рынках Расіі і Кітая, у іншых краінах. "У нас была затаваранасць на складах наконт масла сметанковага, сухога малака. Сёння пытаюся ў віцэ-прэм'ера, які гэтым займаецца. Кажа: "Нам бы яшчэ больш". Сёння на складах нічога няма. І прытым атрымалі большы даход у валюце, чым у мінулым годзе. Няма праблем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца прамысловасці, так, яна сутыкнулася з абмежаваннямі, санкцыямі, але затое адкрыўся вялізны расійскі рынак. Калі раней былі цяжкасці з тым, каб там прадаваць прамысловыя тавары, то цяпер па шэрагу пазіцый ёсць значны попыт і расійскі бок сам выступае з ініцыятывай нарасціць пастаўкі пэўных тавараў. "Нам дастаткова аднаго расійскага рынку. Мы што, гіганцкая эканоміка? Не. Мы запатрабаваны па ўсіх напрамках. Але, як я гавару, трэба варушыцца. Канкурэнцыя была і будзе", - адзначыў Прэзідэнт. Аднак беларуская прадукцыя, нават у параўнанні, напрыклад, з кітайскай, выйграе ў суадносінах цаны і якасці. "Трэба гэтым карыстацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт арыентаваў на паляпшэнне якасці сэрвіснага абслугоўвання і арганізацыю буйных цэнтраў, у якіх будуць прадстаўлены ўсе буйныя айчынныя брэнды: "Трэба ствараць сэрвісныя мультымадальныя цэнтры, каб там усё было: і "Гомсельмаш", і МТЗ, і іншыя. Гіганцкія прадпрыемствы, дзяржаўныя, чаго нам дзяліць. Навошта асобныя будаваць гандлёвыя дамы? Давайце сканцэнтруем пад адным дахам, вызначым, у якіх рэгіёнах Расіі мы будзем працаваць, і ніякая канкурэнцыя нам не страшная. Тым больш, маючы такія адносіны, дыпламатычныя, асабістыя адносіны кіраўнікоў, урадаў і прэзідэнтаў, мы вырашым любую праблему".

"Таму пры ўсіх цяжкасцях у нас сёння момант для нармальнага развіцця нашай дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што працаваць ім давядзецца ў няпросты час і гэтак жа зручна і цікава, як на былых пасадах, магчыма, ужо не будзе: "Больш цікавай працы, чым кіраўнік сельгаспрадпрыемства, няма. У маім жыцці не было. Цяпер крыху складаней вам, чым было ў тыя часы, з аднаго боку. З іншага боку, цікавей. Усё ад вас залежыць. Зарабілі - трацьце грошы. Ды і не кідаем мы аграрыяў. Праца самая цікавая. І не думайце, што ў вас будзе больш цікавая работа. Час складаны, і вы згадзіліся ўзначаліць адпаведныя ўчасткі".

Прэзідэнт даў практычны наказ кіраўнікам: "Заўтра вы прыйдзеце ў працоўныя калектывы. Асабліва кіраўнікі раёнаў. Я заўсёды раю такім людзям, кіраўнікам: у кожнага члена калектыву павінен быць шанц. Таму не трэба прыходзіць з шашкай нагала і секчы там. Не тыя часы. Мазгі трэба мець, галаву на плячах. Тады за вамі пойдуць людзі. І калі нехта недзе недапрацоўваў, дайце яму шанц".

"Праўда, час спрасаваны. Ніхто чакаць не будзе, пакуль ён разгорнецца. Вы пабеглі, ён адстае, ну што ж... Трэба яму растлумачыць, што адставаць нельга - затопчуць, як я казаў. Але дайце шанц. Вы кіраўнікамі становіцеся высокага ўзроўню. Людзі хочуць жыць нармальна і дыхаць спакойна. Яны не павінны дрыжаць з раніцы да вечара на рабоце і пасля работы. Стварыце нармальную атмасферу ў калектыве, дайце магчымасць людзям сябе праявіць. У нас павінна быць сапраўдная дэмакратыя, калі людзі жывуць у задавальненне. А калі будуць у задавальненне працаваць, то і жыць будуць у задавальненне. Таму што асноўную частку часу мы праводзім на рабоце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што часам з-за строгага патрабавання ў некаторых можа ўзнікнуць жаданне ў нечым падмануць, каб пазбегнуць адказнасці. "Гэтага ніколі не рабіце ў сваім жыцці. Калі нават я не заўважыў у гэты момант, бываючы ў вас, што вы мяне або кагосьці падманулі, заўтра гэта выявіцца на выніках. Гэта праз бок вылезе. Не рабіце гэтага. Лепш праўду скажыце, як яно ёсць. Аб'ектыўныя прычыны назавіце. Будзем іх вырашаць - тыя ці іншыя задачы", - сказаў Прэзідэнт.

"Але хлусні дапускаць нельга, асабліва цяпер. Гэта ў перспектыве няправільныя рашэнні з боку тых, хто атрымлівае гэту інфармацыю. Вы мяне падманулі - я прыняў няправільнае рашэнне. Гэта адаб'ецца на ўсёй краіне. Нельга гэтага дапускаць. І не дазваляйце сваім падначаленым адпаведным чынам сябе паводзіць", - даў наказ Кіраўнік дзяржавы.