Разгляд кадравых пытанняў

  • 15
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Захарава Дзмітрыя Уладзіміравіча - дырэктарам Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Сысоева Васіля Васільевіча - першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама;

Гардзея Андрэя Валер'евіча - старшынёй Карэліцкага райвыканкама;

Сакалоўскага Андрэя Валянцінавіча - старшынёй Бярэзінскага райвыканкама;

Велянцея Ігара Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам дзяржаўнага знешнегандлёвага УП "Белспецзнештэхніка";

Харытончыка Дзмітрыя Іванавіча - генеральным дырэктарам ЗАТ "Атлант" - дырэктарам Мінскага завода халадзільнікаў;

Лесіна Сяргея Іванавіча - генеральным дырэктарам ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ - Холдынг";

Бякеты Андрэя Міхайлавіча - першым намеснікам Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі;

Пятруцкай Кацярыны Аляксандраўны - намеснікам Міністра адукацыі (каардынацыя выхаваўчай і ідэалагічнай работы);

Картуна Андрэя Міхайлавіча - першым намеснікам Міністра эканомікі;

Мажынскай Марыі Аляксандраўны - намеснікам Міністра эканомікі.

Перад новым кіраўніком завода "Атлант" Дзмітрыем Харытончыкам Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу вывесці паказчыкі завода "Атлант" на дастойны ўзровень.

"На "Атланце" справы няважныя, так я разумею?" - спытаў у яго Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Дзмітрый Харытончык, сёння на фоне ўздыму ў 2021-2022 гадах ёсць пэўны спад, што абумоўлена змяненнем кан'юнктуры на рынках.

"Вы мне, Дзмітрый, шчыра скажыце, вы самі вырашылі туды ісці ці вас проста выпіхваюць на гэту пасаду?" - удакладніў Прэзідэнт.

"Ні ў якім разе. Я пачынаў з завода (больш за 12 гадоў адпрацаваў на БЕЛАЗе ў свой час), таму гэта абсалютна свядомы выбар", - заявіў Дзмітрый Харытончык.

"Я буду толькі рады, таму што я, калі прыязджаю сюды, выязджаю адсюль, гляджу на "Атлант", і разумею ж, што там праблемы ёсць. І людзі незадаволены некаторыя. Таму нам трэба гэта прадпрыемства зрабіць сапраўдным прадпрыемствам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нядрэнныя ж халадзільнікі, пральныя машыны нядрэнныя. Трэба гэта раскруціць, каб гэта прадавалася і куплялі нашы людзі".

Паводле слоў Дзмітрыя Харытончыка, на тэхніку "Атланта" сапраўды практычна няма ніякіх нараканняў. "Вядома, трэба сур'ёзна папрацаваць і над зніжэннем цаны, над сабекоштам. Ва ўмовах канкурэнцыі без гэтага проста немагчыма", - дадаў ён.

На пасаду генеральнага дырэктара "БЕЛАЗа" быў узгоднены цяперашні намеснік гендырэктара - тэхнічны дырэктар прадпрыемства Сяргей Лесін.

"Сяргей Іванавіч, спаду не будзе?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"Прымаем меры, каб да канца года захаваць тэмпы, якія былі набраны ў папярэднія тры", - сказаў Сяргей Лесін.

"Там тэмпы былі нядрэнныя", - заўважыў Прэзідэнт.

"Цяпер патрабуе нашай асаблівай увагі шахтавая тэматыка. Мы доследныя ўзоры з Магілёва (размова пра вытворчасць падземных самазвалаў. - Заўвага) пераводзім на асноўную пляцоўку, каб паскорыць гэту работу. Па вагонах мы добра ідзём у гэтым годзе: 800 вагонаў на экспарт плануецца. Па галаўной пляцоўцы - гэта дыверсіфікацыя відаў прадукцыі: гэта цяжкі гідраўлічны экскаватар, гэта цяжкі 70-тонны грэйдар - тэхніка, аналагаў якой ні ў Кітаі, ні ў Расіі няма. Гэта значыць, пашыраючы лінейку, мы нацэлены на тое, каб захаваць аб'ёмы нават пры зніжэнні рынку кар'ерных самазвалаў", - акрэсліў планы кіраўнік завода.

"Але, Сяргей Іванавіч, каб гэта не было далёкай перспектывай. Вы правільна гаворыце: трэба доследныя ўзоры браць на галаўное прадпрыемства і вырабляць, прадаваць. Але не забудзьце аб якасці. Мы можам хутка пачаць гэта ўсё вырабляць, а потым будзеце кідацца па ўсім свеце і прыводзіць у парадак", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Назначаючы новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кожнага чалавека большай адказнасці і ініцыятыўнасці, асабліва ў частцы добраўпарадкавання і навядзення парадку.

"Я хачу папярэдзіць усіх, што лёгка ў гэтым годзе, зразумела, не будзе. І ў наступным таксама", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт заўважыў, што многія актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадства, закранаюцца ў сюжэтах і перадачах на тэлебачанні, у прэсе, інтэрнэце. "Нашы людзі патрабуюць часам ад улады тое, што ўлада рабіць не павінна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы арыентаваў прадстаўнікоў улады, чыноўнікаў на тое, каб яны больш тлумачылі людзям, наколькі складаны цяпер час і чаму важны ўклад кожнага чалавека, асабліва ў частцы добраўпарадкавання і навядзення парадку. "І справа не толькі ў санкцыях, хоць і ў іх таксама. Нас прыціскаюць з усіх бакоў, і прыціскаюць сур'ёзна. І тое, што нашы людзі гэтага не адчулі, - заслуга ў тым ліку ўлады, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Людзям трэба расказваць і тлумачыць: тое, што яны павінны рабіць, - яны павінны зрабіць. За іх ніхто не зробіць".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на прыклад Мінска, жыхары якога часта скардзяцца на неналежную якасць утрымання дваровых тэрыторый, дарог і гэтак далей. "Гэта зразумела. Мы гэта разумеем, гэтага быць не павінна. Але трэба і разумець (іншы бок. - Заўвага): для таго каб зрабіць у Мінску адразу ўсе двары (што мы пачалі, вядома, рабіць, нікуды ад гэтага не дзенешся), мы з нейкай вёскі забяром грошы. Лішніх грошай не бывае. Трэба тлумачыць гэта, і перш за ўсё тут, у Мінску, - адзначыў Прэзідэнт. - Калі ў Мінску хочуць хутка гэта ўсё зрабіць, пытанне ў фінансах".

"Давайце аб'яднаемся: хаця б 2% (фінансуе. - Заўвага) насельніцтва, якое жыве ў гэтых дварах і глядзіць на няроўнасці розныя, лужыны і канавы, а астатнія 98% - дзяржава", - прапанаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што задача ўлады - арганізаваць людзей, стварыць ім умовы, магчымасці для ўдзелу ў добраўпарадкаванні тэрыторый, дзе яны пражываюць. "Трэба развезці туды бетон і арматуру. Яны пакладуць арматуру і забетануюць сабе гэтыя двары. Але гэта трэба арганізаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, да гэтай работы абавязкова павінны падключацца мясцовыя органы ўлады, у тым ліку райвыканкамы, раённыя дарожна-эксплуатацыйныя ўпраўленні. "Прымусьце працаваць - каб яны не адзін раз дзесьці ў маі месяцы грэйдарам прайшліся і выраўнавалі дарогу, а рабілі гэта перыядычна, - звярнуўся да мясцовай вертыкалі Прэзідэнт. - У адваротным выпадку яны ў нас сядзяць спакойна, вы ім там з бюджэту штосьці адлічаеце, а свае работы яны за гэтыя грошы не выконваюць".

"Трэба арганізаваць людзей. Год якасці пачынаецца са свайго двара", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Адно з патрабаванняў Прэзідэнта датычылася добраўпарадкавання дарог - каб там не гарадзілі дарагія агароджы, а высаджвалі дрэвы, якія ўтвораць жывую агароджу. Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сітуацыі ў Мінскай вобласці, якая ў гэтым плане адстае ад іншых рэгіёнаў: "Перадайце Турчыну (старшыні Мінаблвыканкама Аляксандру Турчыну. - Заўвага) маё строгае патрабаванне. Калі не выканае маё даручэнне - і вы таксама - наконт пасадкі ўздоўж дарог елак... Каб людзі не лазілі з трымерамі і па тры разы не касілі адкос". Такі спосаб добраўпарадкавання ўздоўж дарог, акрамя эстэтычнага выгляду, з'яўляецца і значна больш эканамічна выгадным, значна эканоміць сродкі на механічную апрацоўку адкосаў.

"Мужыкі, вельмі сур'ёзна вазьміцеся за навядзенне парадку. Прымушайце, вучыце, патрабуйце, каб людзі зрабілі свае ўчасткі самі. Не разумеюць, не абслугоўваюць участак, значыць, гэты ўчастак трэба перадаць камусьці іншаму. Павінна быць сур'ёзнае, строгае стаўленне ў гэтым плане. Зямельныя, прысядзібныя і іншыя ўчасткі не павінны пуставаць. Там не павінна быць бур'яну. Вёска павінна быць вёскай, нават калі там тры чалавекі жыве", - заявіў Прэзідэнт.

"Усё трэба прывесці ў парадак, - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта задача старшыні райвыканкама, курыруе гэта старшыня аблвыканкама. У адваротным выпадку мы нічога не зробім за гэты год. Я гэта спецыяльна публічна агучваю, каб вы разумелі, што лёгка не будзе. Патрабаванні будуць толькі нарастаць".

Небяспечным недахопам цяперашняй сітуацыі Прэзідэнт лічыць расслабленую абстаноўку ў рабоце чыноўнікаў: "Самае небяспечнае, што мы расслабіліся. Калі ўлада расслабілася, дні гэтай улады злічаны. Таму я хачу вас неяк раскруціць, як у народзе кажуць, і прымусіць выконваць свае абавязкі".

Што датычыцца рамонту дарог, Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да 9 мая навесці парадак і аднавіць дарожнае палатно, дзе гэта неабходна. "У вас сакавік-красавік, і да 9 мая ўсе дарогі павінны быць адноўлены. Гэта і задача Урада. Перадайце асабіста Прэм'ер-міністру, няхай пачынае займацца разам з віцэ-прэм'ерам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на якасць работ пры аднаўленні і рамонце дарог, і абавязкова - каб за гэта было запатрабаванне з выканаўцаў. "Павінен быць вынік. Звярніце на гэта ўвагу. І арганізоўвайце людзей. Не хочуць людзі самі сабе чагосьці зрабіць у двары - добра, чакайце. Калі-небудзь праз год-два-тры прыедзем, зробім. Захочуць - дапамажыце людзям", - сказаў Прэзідэнт.

Пры разглядзе кадравых пытанняў Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Першага намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максіма Рыжанкова, які прадстаўляў кандыдатаў на пасады кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, і спытаў, якія прычыны адыходу з работы іх папярэднікаў. Размова зайшла, у прыватнасці, пра Генадзя Шатуева, які вызвалены з пасады кіраўніка Карэліцкага райвыканкама. Як растлумачыў Максім Рыжанкоў, прычынай стала зніжэнне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. У той жа час чыноўніку была прапанавана работа памочніка першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама, які курыруе вёску.

"Як гэта разумець? Калі чалавек не справіўся з работай, праваліў фактычна... Мякка гаворым "праваліў", і мы яго падымаем у вобласць? - крытычна заўважыў наконт такой прапановы Прэзідэнт. - Вы разбярыцеся, так быць не павінна. Людзі гэта бачаць. Так быць не павінна. Людзі менавіта так і ацэняць. Скажуць, вось яго забралі ў Гродна - так людзі разважаюць. Калі чалавек выклаўся так, што далей няма куды, заслужыў гэта - іншая справа. Але я сумняваюся ў гэтым".

У сувязі з патрабаваннем Кіраўніка дзяржавы сітуацыя будзе дадаткова вывучана, запэўніў Максім Рыжанкоў.

"Трэба гэтыя пытанні вельмі сур'ёзна разглядаць. Каб тут была пэўная лінія і людзі нас разумелі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.