Работнікі сельскагаспадарчай галіны ўдастоены дзяржузнагарод і Падзякі Прэзідэнта
Дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта Беларусі ўдастоены работнікі сельскагаспадарчай галіны. Адпаведныя Указ № 406 і распараджэнне падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
За значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў работнікам сферы сельскай гаспадаркі прысвоены ордэны, медалі, ганаровыя званні і падзякі.
Ордэна Працоўнай Славы ўдастоены дырэктар ААТ "Агракамбінат "Юбілейны" Аршанскага раёна Аляксандр Фірсін, ордэна Пашаны - трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці ААТ "Таргуны" Докшыцкага раёна і ААТ "Рассвет імя К.П.Арлоўскага" Кіраўскага раёна Вячаслаў Аніковіч і Мікалай Дрозд.
У ліку ўзнагароджаных медалём "За працоўныя заслугі" - галоўны аграном ААТ "Навасёлкі-Лучай" Пастаўскага раёна Алена Касцюк і дырэктар Магілёўскай абласной дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін - галоўны дзяржаўны інспектар Сяргей Марфель.
Ганаровае званне "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь" прысвоена трактарысту-машыністу сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП "Ніва-Барсукі" Кіраўскага раёна Аляксандру Петранкову.
Сярод тых, хто ўдастоены Падзякі Прэзідэнта, - ветэрынарны ўрач упраўлення па сельскай гаспадарцы ААТ "Пастаўскі малочны завод" Аляксей Дзіковіч, кіраўнік фермерскай гаспадаркі "Дзіяна" Шклоўскага раёна Уладзімір Маліноўскі, аператар машыннага даення бялыніцкага СВК "Калгас "Радзіма" Таццяна Піманава, а таксама калектыў работнікаў ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка".