Віншаванне Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з 50-годдзем архірэйскай хіратоніі.
"Выконваючы найважнейшыя духоўныя абяцанні, дадзеныя паўстагоддзя таму, Вы ўсім сэрцам служыце Праваслаўю, падтрымліваеце непахісны міжнародны аўтарытэт Маскоўскага Патрыярхату, з нястомнай энергіяй несяце людзям жывое слова Божае, асабістым прыкладам умацоўваеце маральныя асновы грамадства", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсё жыццё Патрыярха Кірыла - гэта нястомны заклік да міру і дыялогу, згоды і ўзаемнай павагі. "У Беларусі высока цэняць Вашы мудры пастырскі клопат і малітоўную падтрымку, якія садзейнічаюць духоўнаму яднанню нашых братэрскіх народаў, даюць ім сілы выстаяць у выпрабаваннях", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Патрыярху Кірылу добрага здароўя і далейшых поспехаў у праведнай працы на карысць Айчыны і Праваслаўнай Царквы.
