Наведванне пляцоўкі комплекснай рэканструкцыі забудовы ТАА "Мінскі гарадскі тэхнапарк"

  • 24
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня наведаў пляцоўку комплекснай рэканструкцыі забудовы ТАА "Мінскі гарадскі тэхнапарк".

Прэзідэнту далажылі аб ходзе рэканструкцыі пляцоўкі. Кіраўнік дзяржавы выказаў шэраг нараканняў наконт аператыўнасці работ і запатрабаваў дзейнічаць больш актыўна. "Чаго вы цягнеце да гэтага часу?" - сказаў ён.

Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў далажыў аб работах па зносе шэрага непрыдатных будынкаў і збудаванняў, узвядзенні новых карпусоў і прадастаўленні іх у арэнду для шэрага вытворцаў, як дзяржаўных, так і прыватных. Прэзідэнт на аўтобусе зрабіў аглядную паездку па тэрыторыі пляцоўкі, дэталёва пацікавіўся станам спраў, ходам работ і даў шэраг даручэнняў.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб да новага года работы па новых памяшканнях вяліся ўжо на фундаментах. "Мы павінны будаваць па-сучаснаму. Не цагляны мур у паўметра, а самыя сучасныя сценавыя панэлі", - даручыў ён.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў і наконт недапушчальнасці крадзяжоў. "Не дай бог, тут будзе ўкрадзены хоць адзін рубель", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён даручыў, каб і на іншых цяпер невыкарыстоўваемых пляцоўках у Мінску работы вяліся з улікам тых жа падыходаў.

"Трэба хутка гэта ўсё зрабіць", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Асобную ўвагу ён звярнуў і на захаванне гістарычнага аблічча будынка на Партызанскім праспекце, які фарміруе ансамбль гэтага праспекта.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў большай лакалізацыі на айчынных вытворчасцях, і ў прыватнасці на мотавелазаводзе. Ён звярнуў увагу, што многія камплектуючыя цяпер закупляюцца за мяжой, і падкрэсліў, што трэба імкнуцца да таго, каб рабіць сваё. Напрыклад, па асобных вырабах лакалізацыя толькі каля 20%, а ва ўмовах цяперашняй абстаноўкі ў свеце, санкцыйнага націску такі падыход нясе ў сабе пэўныя рызыкі.

"Мы павінны рабіць сваё! - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што завёз запчасткі, сабраў тут... Гэта добра з кітайцамі (камплектуючыя мотавелазавод закупляе ў Кітаі. - Заўвага) у нас добрыя адносіны. Гэта павінна быць сваё, наколькі магчыма. І так па ўсіх матацыклах і веласіпедах".

Аляксандр Лукашэнка ў цэлым застаўся незадаволены ўбачаным, адзначыўшы марудную рэалізацыю раней намечаных планаў. У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы выказаў жорсткую крытыку ў адрас адказных асоб. "Няма чаго глядзець. Гэта не работа! Такая работа нікому не патрэбна", - сказаў Прэзідэнт.

У час знаходжання на пляцоўцы комплекснай рэканструкцыі забудовы ТАА "Мінскі гарадскі тэхнапарк" Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб завяршэнні будаўніцтва праблемных аб'ектаў у Мінску.

Кіраўнік дзяржавы адразу абазначыў галоўнае пытанне - развіццё гарадской інфраструктуры ў сталіцы і будаўніцтва новых аб'ектаў, прычым з захаваннем усіх стандартаў і абавязацельстваў. "Не трэба вам нагадваць, што Мінск з'яўляецца візітнай карткай, для гэтага шмат робіцца, і добраўпарадкаванне, і для камфорту людзей. Гэта бачаць і госці сталіцы, і беларусы. Але як у такую канцэпцыю прыгожага і ўтульнага горада могуць упісвацца даўгабуды? Вось асноўнае пытанне, якое мы павінны сёння разгледзець", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, будаўнічыя праекты часам не рэалізуюцца гадамі. У якасці аднаго з прыкладаў Кіраўнік дзяржавы прывёў былыя аб'екты Мінскага вытворчага аб'яднання вылічальнай тэхнікі (МВАВТ). "Толькі пасля ўмяшання Прэзідэнта давялі да ладу аб'ект на выездзе з горада па праспекце Пераможцаў, - сказаў беларускі лідар. - І такі ён не адзін. Вазьміце газпрамаўскі даўгабуд. Доўгі час не могуць увесці ў эксплуатацыю гасцініцу насупраць "Мінск-Арэны". Не завершана будаўніцтва паркінга і ўбудаваных памяшканняў у жылым доме на Нёманскай, 80. Гандлёвы цэнтр "Гулівер" - нямы дакор нашай безгаспадарчасці. Аналагічная сітуацыя, паводле слоў Прэзідэнта, з пабудовай каля цырка ў самым знакавым месцы Мінска.

"Аб чым сведчаць гэтыя прыклады? Аб тым, што ў сталіцы бардака больш, чым дзе-небудзь, Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага), - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Жулікаў тут хапае, але і непаваротлівасць гарадскіх чыноўнікаў таксама мае месца. І вы як ніхто павінны разумець, што гэта не толькі помнікі безгаспадарчасці. Перш за ўсё гэта няствораныя рабочыя месцы, недаатрыманыя падаткі ў бюджэт, замарожаная эканамічная актыўнасць. Такі стан спраў нікуды не варты".

"Ёсць старшыня гарвыканкама, упаўнаважаныя па горадзе і аж цэлы памочнік, - сказаў беларускі лідар. - Пара прымаць кардынальныя меры, пачынаючы з газпрамаўскіх праектаў і заканчваючы будаўніцтвам жылля".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць аб сітуацыі з завяршэннем будаўніцтва аб'ектаў на месцы былога завода МВАВТ, перспектывах развіцця тэрыторый мотавелазавода, шляхах вырашэння праблемы іншых даўгабудаў сталіцы.