Наведванне ААТ "Агра-Ляскавічы" ў Петрыкаўскім раёне
- 14
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка зрабіў рабочую паездку ў Петрыкаўскі раён.
Кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварны комплекс ААТ "Агра-Ляскавічы". Прадпрыемства размяшчаецца на тэрыторыі двух раёнаў - Петрыкаўскага і Жыткавіцкага. Асаблівасць гэтых мясцін у вялікай колькасці меліярацыйных зямель, якія ў выпадку іх правільнага ўтрымання здольны забяспечыць надзейную кармавую базу для жывёлагадоўлі.
Тут увялі ў строй малочнатаварны комплекс з драўляных канструкцый, вырабленых з мясцовай сыравіны. Кіраўніку дзяржавы паказалі новыя памяшканні, дзе ўтрымліваюць маладняк і асноўны статак. Прэзідэнт у цэлым станоўча адазваўся аб праведзеных работах: "Добрыя памяшканні. І аб'ёмы добрыя, і праветрываюцца".
"Галоўнае, каб было тэхналагічна, зручна для жывёлы і - грошы. Павінна быць эканоміка", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён арыентаваў перш за ўсё на рацыянальны падыход: пабудаваўшы новае, не адмаўляцца ад старога, не знішчаць, асабліва калі гэта моцныя будынкі, а пераабсталяваць, мадэрнізаваць, перапрафіляваць іх. "Трэба з таго, што ёсць, узровень падняць, выціснуць максімум. А потым ужо глядзець: або комплексы будаваць або яшчэ што-небудзь", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што менавіта так і робяць. Больш таго, дзякуючы ўсім пераўтварэнням на комплексе значна ўзраслі аб'ёмы вытворчасці малака. Прэзідэнт паставіў пад сумненне названыя лічбы, у тым ліку па вытворчасці малака, і растлумачыў, што ў гэтым выпадку для яго не так важны абсалютныя лічбы асобнага суб'екта гаспадарання. Гэта хутчэй аператыўная інфармацыя для кіраўніцтва на месцах. А для Кіраўніка дзяржавы больш важна ў цэлым эканамічная эфектыўнасць комплексу.
У развіцці "Агра-Ляскавічаў", па даручэнні Прэзідэнта, аказвае садзейнічанне ў многім перадавое сельгаспрадпрыемства "Парахонскае" з Пінскага раёна. Яны дзеляцца тэхналогіямі як у будаўніцтве і ўтрыманні жывёлагадоўчых комплексаў, так і ў раслінаводстве. "Трэба, нічога не выдумляючы, скапіраваць яго (вопыт "Парахонскага". - Заўвага)", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Нараўне з малочнай жывёлагадоўляй Прэзідэнт арыентаваў кіраўніцтва "Агра-Ляскавічаў" на развіццё кармавой базы, а для гэтага трэба наводзіць парадак на зямлі, павышаць культуру земляробства, уносіць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні.
Прэзідэнт таксама паставіў задачу больш актыўна развіваць мясную жывёлагадоўлю. Ён параіў звярнуць увагу на герафордскую пароду кароў. Іх, напрыклад, гадуе гаспадарка ў Дрыбінскім раёне, якую не так даўно наведваў Кіраўнік дзяржавы. Гэта парода непатрабавальная ва ўтрыманні, дае добрыя прыбаўленні ў вазе, падыходзіць для нашых кліматычных умоў.
Як далажылі Прэзідэнту, у Гомельскай вобласці займаюцца племянной жывёлагадоўляй, ёсць гаспадаркі, якія гадуюць мясныя пароды і пастаўляюць прадукцыю на экспарт.
"Малайцы, прадавайце. Мяса ў нас хапае. Тое, што вы прадаяце на знешніх рынках, - гэта добра. Гэта валюта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба больш актыўна гэта развіваць. Калі ёсць рынак... А ён будзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы аб гадоўлі буйной рагатай жывёлы мясных парод. - Попыт будзе". Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў свеце расце попыт і на прадукты харчавання, і на ўгнаенні, а разам з гэтым павышаюцца і цэны.
"Наш час, па-мойму, прыходзіць. І мы не дарэмна ўкладвалі ў сельскую гаспадарку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адна з пераваг такога віду дзейнасці ў АПК - магчымасць утрымання пасталелых жывёл пад адкрытым небам, без стварэння асаблівых умоў і патрабаванняў да догляду ў адрозненне ад малочнай жывёлагадоўлі.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы ўзняў тэму захаванасці буйной рагатай жывёлы і прывёў нядаўнія абуральныя факты падзяжу маладняку БРЖ.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на выпадак, які меў месца ў Рагачоўскім раёне. У адной з гаспадарак Камітэт дзяржкантролю выявіў факт утойвання падзяжу цялят. Пазней матэрыялы праверкі былі перададзены Кіраўніку дзяржавы.
Адразу пасля прылёту ў Мазырскі раён 24 красавіка Аляксандр Лукашэнка ўказаў на гэты факт старшыні Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко і прадэманстраваў фатаграфіі, зробленыя Камітэтам дзяржкантролю. "Гэта называецца жах. Я разумею, што ў асобных месцах, разумею, што яны канцэнтруюць негатыў (матэрыялы праверкі. - Заўвага). Але гэта больш, чым крымінальная справа", - заявіў тады Прэзідэнт.
Размова аб гэтых фактах зноў зайшла ў час рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Петрыкаўскі раён 26 красавіка. "Бачыў фатаграфію Герасімава (Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. - Заўвага): гектар зямлі і на паверхні валяюцца загінулыя цяляты", - сказаў ён.
"Ужо ў СІЗА (кіраўнік гаспадаркі. - Заўвага), - далажыў Васіль Герасімаў. - Знайшлі яшчэ два месцы".
"У СІЗА - правільна зрабіў. Гэта ж бязладдзе. Я хацеў журналістам паказаць толькі адну фатаграфію. Яны звар'яцеюць, асабліва гарадскія", - заявіў Прэзідэнт.
Размова зайшла і аб будаўніцтве прафілакторыяў для цялят у Гомельскай вобласці ў цэлым. Як далажыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, у гэтым годзе ў рэгіёне плануецца пабудаваць 160 прафілакторыяў. Работы пачаліся ўжо, а ў ліпені плануецца запуск. Паводле слоў кіраўніка рэгіёна, кошт аднаго прафілакторыя складае ў сярэднім 360 тыс. рублёў.
Прэзідэнту паказалі цялятнік у "Агра-Ляскавічах", які зроблены на аснове металаканструкцый. Яго кошт склаў 810 тыс. рублёў. У сувязі з гэтым беларускі лідар слушна спытаў, які сэнс будаваць цялятнік у два разы даражэйшы, і агучыў свой падыход да будаўніцтва такіх аб'ектаў: "Усё павінна быць танна і функцыянальна. Не трэба будаваць з празмернасцямі. Нам не трэба квадратныя (метры. - Заўвага), нам трэба функцыянальны цялятнік на колькасць галоў. Трэба вызначыцца з губернатарамі (гэта, вядома, іх справа), але навошта будаваць у два разы даражэй?"
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць вялікая колькасць драўніны, якая часам проста гніе. Прэзідэнт адзначыў, што яна магла б выкарыстоўвацца ў тым ліку для будаўніцтва такіх аб'ектаў. І хоць па часе драўляны цялятнік прастаіць менш, чым металічны, гэта дасць магчымасць сэканоміць грашовыя сродкі. "У нас згніе лес на ўзлесках. Зрабіце цялятнік, ён прастаіць на 20% менш па тэрмінах, чым гэты (металічны. - Заўвага), - пабудуем новы. Можа, разбагацеем. Вось я аб чым думаю, гэта мая філасофія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым, падкрэсліў ён, за ўласныя сродкі гаспадаркі могуць будаваць "палацы" для цялят. "Будаваць у два разы даражэйшыя "палацы"... Калі за свае грошы, я буду вітаць дарагія "палацы" для гэтых малютак", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца бюджэтных сродкаў, іх трэба расходаваць рацыянальна, канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы вырашыў удакладніць меркаванне чалавека ад зямлі па пытанні драўляных і металічных цялятнікаў. Ён звярнуўся да старшыні Мазырскага райвыканкама Аляксандра Верамеева, які раней узначальваў сельгаспрадпрыемства. Як растлумачыў кіраўнік раёна, пры будаўніцтве цялятнікаў трэба адштурхоўвацца ад колькасці дойнага статка. Цялятнік на аснове металаканструкцый у "Агра-Ляскавічах" будаваўся з разліку прыкладна на 1 тыс. галоў дойнага статка.
"Я не гавару, што ён дрэнны, - шыкоўны цялятнік. Тэхналагічна разумна зроблена - клеткі (для цялят. - Заўвага) на колцах, можна перамяшчаць куды хочаце. Тэхналагічна вельмі разумна. Але трэба бачыць празмернасці. Гэта прафілакторый, можа (цялятнік на аснове металаканструкцый у "Агра-Ляскавічах". - Заўвага). А нам трэба цялятнікі з улікам даўгавечнасці, функцыянальнасці і тэхналогіі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз указаў на неабходнасць прытрымлівацца разумнага падыходу ў будаўніцтве такіх аб'ектаў: "Трэба падлічыць цану, дзе возьмем грошы. Я ўмею лічыць грошы. Павінны быць танныя і тэхналагічныя (цялятнікі. - Заўвага)".
Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на значную долю ў кошце ўзвядзення фермы, якую займае аплата паслуг будаўнічых трэстаў. "Гэта бяда нашых буйных будаўнічых арганізацый. І тут, Васіль Мікалаевіч (Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. - Заўвага), нам трэба сур'ёзна ва Урадзе падумаць: яны ж давядуць сябе да таго, што ад іх людзі будуць адпіхвацца. Трэба ва Урадзе з гэтым разабрацца", - даручыў ён.
На завяршэнне наведвання ААТ "Агра-Ляскавічы" Кіраўнік дзяржавы пахваліў за хуткія тэрміны будаўніцтва малочнатаварнага комплексу.
МТК узводзіўся па доследным праекце - з драўляных канструкцый. Гэта значыць выкарыстоўвалася мясцовая сыравіна.
Кіраўнік дзяржавы наведваў аб'ект у кастрычніку 2025 года, калі ішла актыўная фаза будаўнічых работ. Агледзеўшы пляцоўку, ён паразмаўляў з будаўнікамі і падрабязна распытаў аб тэхналогіях. "Прыгажосць! Я думаю, ты тут зробіш узор", - ацаніў ён ужо выкананыя на той перыяд работы. А яшчэ паабяцаў, што пры больш хуткім заканчэнні работ падыме бакал шампанскага за ўвядзенне ў эксплуатацыю новага комплексу. Праўда, кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў тады прапанаваў у якасці альтэрнатывы самагон.
У час цяперашняга візіту Кіраўніка дзяржавы гэта тэма з падачы Юрыя Назарава ўзнікла зноў. "Аляксандр Рыгоравіч, дазвольце пытанне" - звярнуўся ён да Прэзідэнта пасля завяршэння агляду аб'ектаў МТК.
"Грошай няма", - з доляй гумару адазваўся Аляксандр Лукашэнка.
"Што з шампанскім рабіць будзем? Вы сказалі: шампанскае пасля заканчэння фермы…" - нагадаў Кіраўнік спраў.
"Абяцаў - значыць, будзем выконваць", - адказаў Прэзідэнт.
"Ну што, мужыкі, паабяцалі - зрабілі. Дзякуй будаўнікам. Юрый Віктаравіч, табе персанальная ўдзячнасць за тое, што паабяцаў - зрабіў. Вельмі хацеў бы, каб гэта (гэты доследны праект МТК. - Заўвага) прыжылося", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, прапаноўваючы тост.


