Перагаворы з Прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіянам
- 51
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня правёў перагаворы з Прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіянам у Палацы Незалежнасці.
Урачыстая цырымонія сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты адбылася ва ўнутраным двары Палаца Незалежнасці. Там прагучалі гімны дзвюх краін, пасля чаго Аляксандр Лукашэнка і Масуд Пезешкіян накіраваліся ў Залу ўрачыстых цырымоній для сумеснага фатаграфавання.
Затым стартавалі перагаворы ў вузкім складзе.
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў высокага госця, заўважыўшы, што яго візіт у Беларусь першапачаткова планаваўся на чэрвень бягучага года. "З-за непрадбачаных акалічнасцей ён быў крыху перанесены. Але, тым не менш, ён не стаў менш значным, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы былі і застаяцеся нашымі сябрамі. Мы прыхільныя да выканання ўсіх нашых абавязацельстваў, якія мы ўзялі на сябе перад іранскай рэспублікай. Вы прыехалі да сваіх сяброў, і вы павінны адчуваць сябе тут як у сваіх сяброў. Калі ў нас і будзе якое-небудзь невыкананне тых умоў, па якіх мы дамовіліся, думаю, мы абмяркуем гэтыя пытанні сёння ў адкрытай і дружалюбнай размове".
Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў пра свае візіты ў Тэгеран, якія, паводле яго слоў, былі напоўнены гасціннасцю, і сустрэчы з Вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі, якому Прэзідэнт папрасіў перадаць самыя цёплыя сяброўскія пажаданні.
Вяртаючыся да парадку дня перагавораў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мы гатовы да абмеркавання любых пытанняў, закрытых тэм у нас няма. Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць (па ўсіх напрамках. - Заўвага): па пытаннях забеспячэння прадуктамі харчавання вашай краіны і да ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Яшчэ раз падкрэсліваю: тут няма ніякіх сакрэтаў. Мы не дружым супраць кагосьці, мы ўсё робім на карысць нашых народаў - іранскага і беларускага народаў".
Прэзідэнт Ірана, звяртаючыся да Прэзідэнта Беларусі, адзначыў, што рады магчымасці знаходзіцца ў Мінску, каб абмеркаваць пытанні беларуска-іранскіх адносін. "Я павінен пацвердзіць той факт, што ў нас агульныя пазіцыі і погляды на агульныя пытанні сусветнага значэння", - сказаў Масуд Пезешкіян.
Іранскі Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на дамоўленасці, якія былі дасягнуты ў рамках такіх арганізацый, як Еўразійскі эканамічны саюз, БРІКС і ШАС. На яго думку, дзякуючы гэтым структурам Іран і Беларусь могуць развіваць не толькі шматбаковыя, але і двухбаковыя адносіны.
"Вядома, нашы агульныя погляды павінны ўвасабляцца ў жыццё ў эканамічнай, культурнай сферах, у сферы развіцця турызму паміж нашымі краінамі, а таксама, як вы адзначылі, у развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва", - упэўнены Масуд Пезешкіян.
Ён нагадаў, што Захад ужо больш як 40 гадоў уводзіць розныя абмежавальныя меры супраць Ірана. Беларусь таксама доўгі час знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Прэзідэнт Ірана лічыць, што такі аднабаковы дэструктыўны падыход з боку ЗША і іх саюзнікаў па ўсім свеце недапушчальны.
"Мы - і наша, і ваша краіна - хочам застацца незалежнымі. І ў рамках незалежных рашэнняў мы можам развіваць сваю дружбу і кааперацыю, - падкрэсліў Масуд Пезешкіян. - Мы разумеем, што нейтралізаваць гэтыя незаконныя санкцыі можа развіццё нашых адносін і нашы дамоўленасці, якія будуць рэалізаваны на практыцы".
На перагаворах у пашыраным складзе Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што візіт Прэзідэнта Ірана знамянуе новы этап у развіцці двухбаковых адносін, умацаванні партнёрства дзвюх краін з апорай на ўзаемную павагу і давер.
"Ва ўмовах геапалітычнай турбулентнасці Мінск і Тэгеран робяць паслядоўныя і ўзважаныя крокі па далейшым развіцці супрацоўніцтва, вядуць карпатлівую работу, каб ператварыць кожны новы выклік у новую магчымасць", - падкрэсліў ён.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка працытаваў вялікага персідскага філосафа і паэта Амара Хаяма: "Хто шукае жэмчуг, павінен нырнуць у глыбіню". "Пераадольваючы перашкоды, мы загартоўваем сваю волю, развіваем і будуем моцныя і незалежныя дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Ён нагадаў, што дамоўленасць аб візіце Прэзідэнта Ірана ў Мінск была дасягнута на сустрэчы лідараў дзвюх краін восенню 2024 года ў Казані на палях саміту кіраўнікоў дзяржаў БРІКС. Для Беларусі гэта мерапрыемства знамянальна тым, што краіна афіцыйна атрымала статус партнёра гэтага міжнароднага аб'яднання. І Аляксандр Лукашэнка, карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз выказаў словы ўдзячнасці іранскім сябрам за садзейнічанне Беларусі ў афармленні гэтага статусу. Кіраўнік дзяржавы заявіў аб намеры прадаўжаць традыцыі канструктыўнага партнёрства і ўзаемнай падтрымкі як на пляцоўцы БРІКС, так і ў Руху недалучэння і ААН.
"Упэўнены, актывізацыя сумесных намаганняў у рамках міжнародных арганізацый здольна аказаць станоўчы ўплыў на пашырэнне эканамічных сувязей. Важны напрамак - паляпшэнне транспартнай узаемазвязанасці і развіццё калідора "Поўнач - Поўдзень" пры дапамозе рэсурсу ШАС", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі таксама прывітаў уступленне ў сілу Пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Іранам. "Перакананы, што яно надасць магутны імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі, створыць дадатковыя магчымасці для пашырэння наменклатуры і павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю", - падкрэсліў ён.
Пазітыўны эфект, паводле яго слоў, назіраецца і ад рэгулярных пасяджэнняў змешанай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва (папярэдняе прайшло ў Мінску ў студзені бягучага года).
Характарызуючы супрацоўніцтва дзвюх краін па розных напрамках, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Прызнаемся шчыра, мы толькі ўпэўнена ідзём наперад, тады як у цяперашняй сітуацыі трэба не ісці, а бегчы. Фундамент для маштабнага рыўка ёсць. І вы, спадар Прэзідэнт, вельмі правільна сказалі, у нас дастаткова рэсурсаў, каб дынамічна развівацца".
За апошнія пяць гадоў тавараабарот дзвюх краін павялічыўся ў пяць разоў. "Тэмпы добрыя, але аб'ёмы жадаюць быць большымі, - заўважыў Прэзідэнт. - З пачатку гэтага года, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы прыраслі яшчэ на трэць".
У Іране карыстаюцца попытам беларуская прадукцыя дрэваапрацоўкі, хімічнай прамысловасці, калійныя ўгнаенні. У Беларусі ж па заслугах ацанілі не толькі іранскія фрукты і арэхі, але і высокатэхналагічную прадукцыю, асабліва ў сферы аховы здароўя.
"Беларусь гатова да рэалізацыі сумесных праектаў у галіне прамысловай кааперацыі па стварэнні вытворчасцей кар'ернай, трактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Тут мы гатовы з вамі ствараць сумесныя вытворчасці, сумесныя прадпрыемствы (пры нармальных умовах) і лакалізоўваць нашу тэхніку ў Іране, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Разлічваем на развіццё супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай, банкаўска-фінансавай і транспартнай сферах, навукова-тэхнічнай і іншых важных галінах, такіх як адукацыя, ахова здароўя, спорт".
Асобна Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб узаемадзеянні ў гуманітарнай сферы. Гэта тэма важная, паколькі праз культурныя абмены народы знаёмяцца з традыцыямі і гісторыяй адзін аднаго, што садзейнічае большаму разуменню, а ў перспектыве - паглыбленню дружалюбных сувязей. "Тут мы дасягнулі даволі добрых вынікаў, - ацаніў Прэзідэнт. - Створаны неабходныя ўмовы для камунікацыі прадстаўнікоў культурнай галіны. На парадку дня - правядзенне Дзён культуры Беларусі ў Іране".
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы адзначыў актыўную работу на міжрэгіянальным узроўні, падкрэсліўшы зацікаўленасць Беларусі ў развіцці дзеючых сувязей і пашырэнні іх геаграфіі.
Падводзячы вынік сказанаму, Прэзідэнт звярнуў увагу: "Наша супрацоўніцтва - гэта фундамент для стратэгічнага партнёрства, уклад у стабільнасць у гэтым неспакойным свеце. Сумеснымі намаганнямі Беларусь і Іран змогуць паспяхова адказаць на сучасныя выклікі, адкрыць новыя гарызонты і пабудаваць квітнеючую будучыню для нашых краін".
"Іран і Беларусь падтрымліваюць адзін аднаго на міжнароднай арэне, што вельмі каштоўна і важна. Мы супрацоўнічаем на аснове ўзаемнага даверу і ўзаемнай павагі. Ісламская Рэспубліка Іран гатова супрацоўнічаць з Рэспублікай Беларусь для нейтралізацыі незаконных заходніх санкцый", - запэўніў Аляксандра Лукашэнку Масуд Пезешкіян.
Прэзідэнт Ірана лічыць, што ўзровень эканамічных узаемаадносін пакуль не адпавядае ўзроўню даверу паміж Мінскам і Тэгеранам: "Мы павінны дасягнуць таго ўзроўню, пры якім зможам рэалізаваць усе дамоўленасці".
Масуд Пезешкіян таксама павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з атрыманнем Беларуссю статусу краіны - партнёра БРІКС. У сувязі з гэтым ён успомніў сустрэчу з беларускім калегам на палях саміту гэтай арганізацыі ў Казані восенню 2024 года. Менавіта там прэзідэнты Беларусі і Ірана дамовіліся аб сустрэчы.
"Я хацеў бы падзякаваць Вам і Вашым калегам за сур'ёзныя і моцныя пазіцыі, якія вы прымалі ў час атак ЗША і Ізраіля на іранскую зямлю. Яны атакавалі нашы мірныя ядзерныя аб'екты. Ваша выступленне на саміце кіраўнікоў ЕАЭС было вельмі змястоўным, - звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі Масуд Пезешкіян. - Вы адзначылі горкі вопыт Чарнобыльскай АЭС і гаварылі аб тым, што мы павінны прадухіліць любое развіццё падзей у такім напрамку, а таксама асудзілі атакі на мірныя ядзерныя аб'екты Ірана".
Прэзідэнт Ірана сказаў, што гэтыя атакі былі ўчынены ў парушэнне ўсіх міжнародных норм і стандартаў. "Па сутнасці, яны (ЗША. - Заўвага) растапталі міжнароднае права і ўсе агульнапрызнаныя нормы. Ісламская Рэспубліка Іран ніколі не развязвала вайну супраць каго-небудзь. Але калі мы становімся мішэнню для атак, мы павінны адпаведным чынам адказваць", - падкрэсліў ён.
Масуд Пезешкіян перакананы, што гэтыя атакі былі накіраваны не толькі супраць Ірана, але і супраць усіх незалежных краін свету: "Мы разумеем, што калектыўны Захад хоча дамінаваць над усім рэгіёнам".
У час сустрэчы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка назваў перагаворы з Масудам Пезешкіянам вельмі змястоўнымі, а атмасферу, у якой адбылася гэта сустрэча, - цёплай і канструктыўнай. "Інакш быць не магло. Нашы суверэнныя дзяржавы звязвае больш як 30 гадоў плённага супрацоўніцтва, заснаванага на шчырай дружбе і павазе", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, бакі дасягнулі добрых вынікаў, якія дадуць магчымасць зрабіць пазітыўныя зрухі ў двухбаковым узаемадзеянні. "Добрым будзе вынікам гэтых зрухаў, калі мы ў бліжэйшы час, як дамовіліся з Прэзідэнтам, падрыхтуем і падпішам дагавор аб стратэгічным супрацоўніцтве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі запэўніў, што для Мінска і Тэгерана не існуе закрытых тэм: "У выбудоўванні дыялогу мы заўсёды зыходзім з прынцыпу ўзаемнага даверу і абавязкова ўлічваем інтарэсы адзін аднаго".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разглядае Іран у якасці важнага палітычнага і эканамічнага партнёра не толькі ў Азіяцкім рэгіёне, але і на міжнароднай арэне ў цэлым. "За апошнія гады сумеснымі намаганнямі нам удалося дасягнуць сур'ёзнага прагрэсу: хуткімі тэмпамі развіваем узаемадзеянне па розных напрамках, прыярытэтных для абедзвюх краін", - сказаў ён.
Беларускі лідар звярнуў увагу, што на сустрэчы абмяркоўваліся важныя аспекты двухбаковых адносін. Прэзідэнты Беларусі і Ірана ўдзялілі асаблівую ўвагу развіццю гандлю і прамысловай кааперацыі, інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама рэалізацыі сумесных ініцыятыў у галіне навукі, тэхналогій і адукацыі.
"Беларускі бок нацэлены на планамернае выкананне дарожнай карты ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам да 2026 года. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам па ініцыятыве нашых міністэрстваў замежных спраў, што мы яшчэ раз у бліжэйшы час прарэвізуем асноўныя палажэнні нашай дарожнай карты. Тое, што для нас вельмі актуальна і патрэбна, мы пакінем і будзем абавязкова выконваць, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта наш асноўны практычны дакумент і інструмент. Дарожная карта служыць пашырэнню партнёрства паміж краінамі па ключавых напрамках. Сёння мы падпісалі сумесную заяву, якая актуалізуе нашы планы і расстаўляе акцэнты ў дасягненні абазначаных у нашых планах мэт".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Іран, з'яўляючыся адказнымі ўдзельнікамі міжнароднага супрацоўніцтва, падзяляюць агульныя каштоўнасці і прынцыпы ўзаемадзеяння суверэнных дзяржаў. "Імкнёмся да пабудовы шматпалярнага свету, дзе кожная краіна самастойна вызначае свой шлях развіцця без умяшання звонку", - канстатаваў ён.
"Беларусь лічыць эканамічным тэрарызмам незаконныя абмежавальныя меры, уведзеныя супраць Мінска і Тэгерана калектыўным Захадам, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Нашы рэспублікі паспяхова процістаяць гэтай агрэсіўнай і крывадушнай санкцыйнай вайне".
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што гэту работу падмацоўваюць актыўныя крокі Беларусі і Ірана ў рамках ААН, ШАС, БРІКС і іншых структур, якія сёння фарміруюць новы, справядлівы і канструктыўны парадак дня міжнароднага супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь вітае ўключэнне Ірана ў гандлёва-эканамічныя працэсы на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза. Пачатак функцыянавання поўнафарматнага пагаднення аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і Іранам пашырае геаграфію гандлёвых сувязей, адкрывае новыя рынкі для краін. Прэзідэнт упэўнены, што гэта з'яўляецца важкім укладам у фарміраванне фундаменту доўгатэрміновага стратэгічнага партнёрства паміж Іранам і ЕАЭС, якое ўмацуе эканамічную бяспеку ўсіх яго ўдзельнікаў.
"Іран нас угаворвае, каб мы больш актыўна выкарыстоўвалі лагістычны напрамак праз Расію і Іран. Расія, Арменія, Іран і на Персідскі заліў. Угаворваюць! Дык нам гэта патрэбна перш за ўсё", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
У прадаўжэнне размовы Прэзідэнт адзначыў, што не мог пакінуць без увагі вельмі напружаную сітуацыю пасля новага вітка ваеннай эскалацыі паміж Ізраілем і Іранам, што прывяло да непасрэднага ўцягвання ў канфлікт ЗША.
"Сілавое процістаянне - сур'ёзная пагроза рэгіянальнай і міжнароднай стабільнасці і бяспецы, асабліва ў сувязі з нанясеннем удараў па інфраструктуры Ірана, у тым ліку ядзернай, якая знаходзіцца пад кантролем МАГАТЭ, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы падтрымліваем легітымнае права Ірана на развіццё мірнага атама. Упэўнены, для дасягнення трывалага міру важна ўстрымлівацца ад любых дзеянняў, якія могуць справакаваць новую эскалацыю. Мудрасць, дальнабачнасць павінны ўзяць верх над эмоцыямі і прадузятасцямі".
Паводле слоў Масуда Пезешкіяна, Іран зацікаўлены ў развіцці ўсебаковых адносін з Беларуссю. "Мы дасягнулі многіх добрых дамоўленасцей, а таксама абмеркавалі рэгіянальныя і міжнародныя пытанні, правялі кансультацыі. У нас агульныя погляды і агульны падыход да многіх пытанняў. Я хацеў бы пацвердзіць, што Ісламская Рэспубліка Іран для развіцця адносін з Рэспублікай Беларусь не бачыць ніякіх закрытых тэм, ніякіх абмежаванняў і зацікаўлена ў развіцці ўсебаковых адносін з Беларуссю", - заявіў Масуд Пезешкіян на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ.
Прэзідэнт Ірана ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі ўдасца дасягнуць добрага ўзроўню тавараабароту з Беларуссю. Ён звярнуў увагу і на супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, якое можа быць больш плённым. "У рамках гэтага візіту быў падпісаны шэраг дакументаў, і яны ўсе будуць рэалізаваны", - падкрэсліў Масуд Пезешкіян.
Прэзідэнт Ірана таксама закрануў супрацоўніцтва з Беларуссю ў міжнароднай сферы: "Мы будзем і далей супрацоўнічаць у рамках БРІКС і ШАС, і будзем рухацца да стварэння шматпалярнага свету".
Па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні ў Палацы Незалежнасці Беларусь і Іран падпісалі пакет дакументаў па самых розных напрамках супрацоўніцтва.
Была таксама падпісана сумесная заява Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Ірана Масуда Пезешкіяна аб паглыбленым развіцці адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Іран.
У заяве адлюстроўваецца падабенства пазіцый бакоў па пытаннях двухбаковых, рэгіянальных і міжнародных адносін, пацвярджаецца курс на паслядоўную інтэнсіфікацыю традыцыйна дружалюбных і стратэгічных сувязей паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Іран.
Бакі выказалі задавальненне дынамічным і паступальным развіццём беларуска-іранскага ўзаемадзеяння, актыўным абменам візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях у апошнія гады, што надае ўстойлівы характар існуючым міждзяржаўным сувязям, садзейнічае іх паглыбленню ва ўсіх сферах.
Беларусь і Іран пацвердзілі рашучасць развіваць двухбаковыя адносіны ў адпаведнасці з "Дарожнай картай усебаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Іран на 2023-2026 гады", падпісанай у ходзе візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Іран 12-13 сакавіка 2023 года.
У заяве гаворыцца, што Беларусь і Іран выбудоўваюць свае адносіны на аснове прынцыпаў суверэннай роўнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, незалежнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго, добрасумленнага супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі інтарэсаў. Бакі пацвердзілі таксама важнасць і неабходнасць выканання прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін і непрымянення сілы або пагрозы яе прымянення, прынцыпу ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў імя міру, стабільнасці і развіцця, а таксама норм міжнароднага права і Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Беларускі лідар звярнуў увагу, што перагаворы галіновых дэлегацый Беларусі і Ірана прадэманстравалі ўзаемную зацікаўленасць бакоў у прадаўжэнні рэалізацыі намечаных сумесных праектаў. "Супрацоўніцтва Беларусі і Ірана ў гуманітарнай сферы мае значны патэнцыял для развіцця культурных сувязей, абмену ведамі, вопытам, што садзейнічае паглыбленню ўзаемаразумення і дружбы паміж нашымі народамі", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі заявіў, што прынята рашэнне актывізаваць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічным напрамку і правесці ў гэтым годзе ў Мінску восьмае пасяджэнне сумеснай беларуска-іранскай камісіі па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі, навукі і тэхналогій.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў Масуда Пезешкіяна, што беларускі бок зробіць усё магчымае для хутчэйшага ўвасаблення ў жыццё дасягнутых дамоўленасцей на ўсіх узроўнях і ва ўсіх галінах. "Упэўнены, падпісаныя сёння дакументы паслужаць значнаму пашырэнню партнёрства паміж нашымі дружалюбнымі краінамі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.


