Перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым
- 35
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці правёў перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, які 8-9 ліпеня наведваў Беларусь з афіцыйным візітам.
Перагаворам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы з удзелам ваеннаслужачых роты ганаровай варты, выкананнем гімнаў дзвюх краін.
"Я ўжо Вас учора ў дамашняй абстаноўцы вітаў. Яшчэ раз хачу паўтарыць, ужо афіцыйна: я рады Вашаму прыезду, мы з Вамі на ўсіх міжнародных сустрэчах абменьваліся думкамі наконт гэтага візіту. Я Вам тады сказаў, што мы Вас вельмі чакаем. Як сябра беларускага народа. І гатовы зрабіць усё для таго, каб візіт паспяхова праходзіў, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы ў час перагавораў у вузкім складзе. - Што датычыцца нашых поглядаў, хачу сказаць, што мы прытрымліваемся па асноўных напрамках такой самай палітыкі, што і Узбекістан. Мы за шматпалярнасць. Мы не хочам перашкаджаць нікому. Мы глядзім на наш народ, Узбекістан - на свой народ. Але ў той жа час вядзём вельмі актыўную работу, каб звязаць нашы інтарэсы".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Узбекістан уваходзіць у дзясятку асноўных замежных партнёраў Беларусі, а сярод дзяржаў СНД займае трэцяе месца. "Вядома, не параўнаць з гіганцкай Расіяй, але ўсё ж такі вельмі высокі ўзровень. І мы з вамі значна рушылі наперад. Калісьці ў час вашага першага Прэзідэнта я марыў аб такім узроўні адносін, але не ўсё тады атрымлівалася. І мы зрабілі з вамі гэты рывок", - сказаў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што калісьці бакі гаварылі аб неабходнасці дасягнення ўзроўню тавараабароту ў памеры $1 млрд, а цяпер ужо свабодна ставіцца мэта $2 млрд, ставяцца адпаведныя задачы перад ведамствамі дзвюх краін.
"Вельмі важна, каб акрамя сумесных праектаў (тут мы абавязацельствы будзем строга выконваць) мы з вашай дапамогай маглі выйсці і на трэція краіны, асабліва якія блізкія Узбекістану там. У іх вялікая цікавасць, і мы разам будзем працаваць. Тым больш што гэта работа пачалася", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Узбекістан абмяркоўваюць шэраг канкрэтных праектаў з удзелам кампаній бакоў. "Вы малайцы. Самы высокі ўзровень тых кампаній, якія ў вас прысутнічаюць на рынку", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён, у прыватнасці, згадаў сферу машынабудавання і кааперацыю ў гэтым напрамку: "Мы асвоілі ў вас ужо сумесную вытворчасць 130-тоннага БЕЛАЗа. Гатовы выходзіць на 220-тонны. Трэба рухацца ў гэтым плане. Калі такая ж будзе падтрымка, як цяпер з вашага боку ва Узбекістане, мы вельмі хутка гэта зробім. Па трактарабудаванні вы ўчора гаварылі пад 3 тыс. (адзінак у год на сумеснай вытворчасці ва Узбекістане. - Заўвага) можам выйсці. Мы забяспечым сэрвіснае абслугоўванне. Увогуле, зробім па ўсім машынабудаўнічым комплексе так, што сорамна не будзе".
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - сельская гаспадарка і перапрацоўка адпаведнай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі гэта сфера вельмі развіта. "Мы гатовы і да паставак, і адкрываць у вас сумесныя вытворчасці, што мы і робім адносна мяса птушкі, па малакаперапрацоўцы і гэтак далей. Гатовы ў гэтых адносінах рухацца наперад", - запэўніў беларускі лідар.
Звярнуў увагу Прэзідэнт і на гуманітарную сферу супрацоўніцтва. "Мне прыемна было чуць, што вы задаволены нашай аховай здароўя. Вашы людзі, якія прыязджаюць да нас падлячыцца, ніхто вам не паскардзіўся, што мы іх дрэнна прымаем. Жывыя, здаровыя, дзякуй богу. У ахове здароўя, фармацыі - мы таксама ў гэтым напрамку рухаемся. Гэта наша тэма. І гатовы ад адукацыйных працэсаў да аказання дапамогі людзям перадаваць вопыт. Калі вам штосьці трэба, скажыце, мы заўсёды гатовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў калегу і за культурны абмен, праведзены ў Мінску канцэрт майстроў мастацтваў Узбекістана: "Нашы людзі вельмі задаволены. Некаторыя і першы раз убачылі, што ва Узбекістане такі ўзровень культуры. Таму добра, што мы абменьваемся. У мінулым годзе ў вас (прайшлі Дні культуры Беларусі ва Узбекістане. - Заўвага), у гэтым годзе ў нас".
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з улікам актыўнага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам цяперашнія перагаворы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў у пэўнай ступені маюць толькі сімвалічны характар. "Мы асвяцім усё тое, што было зроблена да гэтага дня. Прадстаўнікі бізнесу сустрэліся, вялікая колькасць кампаній, дамовіліся шмат аб чым. Гуманітарны аспект таксама адпрацаваны. Мы ўчора тры гадзіны дыялог вялі. Што нам тут засталося? Як у царкве гавораць, "асвяціць"; Алаха папрасіць, каб гэта ўсё было рэалізавана. Што мы і зробім", - сказаў Прэзідэнт.
У час перагавораў у шырокім складзе Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку дасягнутаму ўзроўню беларуска-ўзбекскага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, атмасферы дружбы і даверу. Ён адзначыў, што падпісанне Дэкларацыі аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам з'яўляецца гістарычнай падзеяй і надае візіту асаблівае значэнне.
"Мы паспяхова выконваем дасягнутыя ў 2024 годзе ў Ташкенце (у час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі. - Заўвага) дамоўленасці павялічыць аб'ёмы нашага гандлю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што ў 2025 годзе тавараабарот вырас больш як на 35%, а ў студзені - маі бягучага года тэмпы росту яшчэ вышэйшыя.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў краін ёсць рэальныя магчымасці выйсці да 2030 года на тавараабарот $2 млрд, у тым ліку за кошт умацавання ўзаемадзеяння ў сферах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, фармацэўтыкі і шэрагу іншых.
"Прэзідэнт мне толькі што сказаў, што размова, якая ў нас адбылася ў вузкім складзе, - дзеля гэтага трэба было прыехаць у Беларусь. Таму што мы дамовіліся аб прынцыпова новым падыходзе ў нашых адносінах па адчувальных для Узбекістана і Беларусі напрамках супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Каб нашы амбіцыйныя планы былі ажыццёўлены, урады падрыхтавалі дарожную карту, якая вызначае асноўныя напрамкі сумеснай работы на пяцігодку. Тоны, штукі, адказныя, тэрміны. Ключавым сярод іх з'яўляецца вытворчая кааперацыя, якая ўносіць істотны ўклад у тэхналагічны суверэнітэт Узбекістана", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Напрыклад, за год ва Узбекістане сабрана каля 1300 трактароў МТЗ, пры гэтым па асобных мадэлях лакалізацыя хутка складзе больш за 30%. "Гэта высокі ўзровень для пачатку. Разлічваем, што ў бліжэйшы час вытворчасць выйдзе на 3000 адзінак у год. Створана сэрвісная сетка, плануецца адкрыццё фірменнага вучэбнага класа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І я паабяцаў Прэзідэнту: калі трэба, мы гатовы вашых людзей узяць на канвеер і хутка навучыць".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што два гады таму стартаваў першы інвестыцыйны праект у сельскагаспадарчай галіне - стварэнне ў Ташкенцкай вобласці перадавога птушкагадоўчага комплексу поўнага цыкла - ад атрымання інкубацыйных яек да перапрацоўкі мяса і рэалізацыі гатовай прадукцыі. Паводле інфармацыі ўзбекскага боку, гэты праект паспяхова развіваецца.
Прэзідэнт таксама вітаў інтарэс узбекскага бізнесу да стварэння сучасных жывёлагадоўчых комплексаў на Віцебшчыне: "Сёння мы дамаўляліся аб тым, каб узбекскія інвестары прыйшлі, дапусцім у Віцебскую вобласць, узялі ўчасткі зямель. Там арганізавана нядрэнна ўсё для таго, каб пачынаць працаваць, атрымліваць прадукцыю і пастаўляць адтуль мяса, малако, мяса птушкі ва Узбекістан, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для вас гэта магчымасць атрымліваць і пастаўляць ва Узбекістан высакаякасную мясную прадукцыю, вытворчасцю якой вы будзеце займацца самі. А для Беларусі гэта людзі, новыя рабочыя месцы і развіццё вёскі".
"Росту колькасці такіх праектаў будзе садзейнічаць нядаўняе далучэнне Узбекістана да Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, заснаванні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый у рамках СНД. Цяпер у нашым распараджэнні не толькі двухбаковыя, але і шматбаковыя інвестыцыйныя механізмы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь гатова арганізаваць пастаўкі замарожанай ялавічыны, цукру, масла і іншых пазіцый для патрэб дзяржаўнага рэзерву Узбекістана. "Калі вам падыходзіць - калі ласка, забірайце. Прэзідэнт паставіў пытанне: тушонка, згушчонка і іншае. Нават не для ваенных, не для дзяржзаказу - у звычайным жыцці карыстаецца попытам. Мы гатовы гэта вырабляць", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, Беларусь гатова забяспечыць стабільныя пастаўкі запатрабаванай на ўзбекскім рынку прадукцыі: мяса-малочных і іншых харчовых тавараў, прадукцыі дрэваапрацоўчай і фармацэўтычнай галін, машынабудавання і нафтахіміі.
"Ведаю, што ва Узбекістане карыстаюцца попытам не толькі прадукты харчавання і наша машынабудаўнічая прадукцыя, але і наша мэблевая прадукцыя. Калі ласка, давайце будзем вырабляць патрэбную для Узбекістана прадукцыю. Прытым я запрашаю вашых спецыялістаў для кантролю, заказаў, куплі, пастаўкі ва Узбекістан патрэбнай для вас прадукцыі", - заявіў Прэзідэнт.
У гандлёвых адносінах Кіраўнік беларускай дзяржавы прапануе імкнуцца да балансу. "У нас ёсць устойлівы попыт на ўзбекскі металапракат, баваўняную пражу, трыкатажнае палатно і адзенне, свежую плодаагароднінную прадукцыю, сухафрукты. Усяго, што вы там на поўдні вырабляеце, у нас няма. Трэба пастаўляць сюды. Мы падтрымаем любую вашу ініцыятыву або на рынку, або ў магазіне", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама прыгадаў адкрыццё ў Мінску Гандлёвага дома Узбекістана, які дасць мінчанам і гасцям сталіцы цудоўную магчымасць азнаёміцца з лепшымі ўзбекскімі таварамі. "Але адзін гандлёвы дом - гэта нішто. Трэба тыражаваць. Пажадана, каб у кожнай вобласці быў узбекскі гандлёвы дом", - прапанаваў беларускі лідар.
Ён асабліва адзначыў, што бакі ў развіцці супрацоўніцтва не абмяжоўваюцца выключна эканамічнай сферай - не менш важныя развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных праектаў у навукова-тэхнічнай, сацыяльнай і культурна-гуманітарнай сферах.
Напярэдадні візіту Шаўката Мірзіёева ў Мінску паспяхова прайшоў ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. "Гэта вельмі добрае мерапрыемства", - адзначыў Прэзідэнт.
"Гаворачы аб шматграннасці беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння, мы не павінны забываць, што дасягнута гэта не толькі дзякуючы нам, мужчынам (сёння так атрымалася, што за сталом перагавораў адны мужыкі). Менавіта з Узбекістанам намі запушчаны ўнікальны фармат - Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум, тры пасяджэнні якога адбыліся пад эгідай спікераў верхніх палат парламентаў. Упэўнены, у іх усё на кантролі, але наша падтрымка тут не перашкодзіць, і мы падтрымліваем гэтыя пачынанні", - адзначыў беларускі лідар.
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Галоўнае - не стаяць на месцы (хоць кожны тыдзень, месяц - маленькі крок, каб людзі бачылі і ацэньвалі наш рух), не шукаць лёгкіх шляхоў, а выступаць з новымі своечасовымі ініцыятывамі і настойліва дабівацца рэалізацыі".
Прэзідэнт таксама запрасіў узбекскіх грамадзян сем'ямі прыязджаць у Беларусь на работу: "Давайце будзем разам працаваць. Беларусы вельмі добра ставяцца да ўзбекаў. Гэтак жа, як узбекістанскія грамадзяне ставяцца да беларусаў. Трэба гэта выкарыстоўваць".
"Давайце будзем рухацца насустрач адзін аднаму. Воля прэзідэнтаў ёсць, падтрымка ёсць, трэба дзейнічаць. Дзейнічаць хутка", - заклікаў беларускі лідар.
Па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падпісалі Дэкларацыю аб устанаўленні адносін стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам.
"Гістарычны крок. Дакумент афіцыйна замацоўвае высокі ўзровень двухбаковых адносін, заснаваных на прынцыпах раўнапраўя, узаемнай павагі, даверу і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. Гэта надасць дадатковы імпульс сумеснай рабоце ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, культурна-гуманітарнай сферах, у галіне бяспекі, процідзеяння сумесным выклікам і пагрозам", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Дэкларацыя нацэлена на паглыбленне ўзаемадзеяння ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспартнай лагістыцы, розных напрамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
Таксама па выніках перагавораў кіраўнікоў дзяржаў падпісаны пакет дакументаў. У іх ліку дарожная карта па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам на 2026-2030 гады.
Падводзячы вынікі, Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што перагаворы прайшлі, як заўсёды, у дружалюбнай і давернай атмасферы. Прэзідэнты дэталёва абмеркавалі актуальны стан і перспектывы развіцця ўсяго спектра беларуска-ўзбекскага партнёрства.
"У цэнтры ўвагі знаходзіліся перш за ўсё гандлёва-эканамічныя пытанні. Гэта зразумела. Мы з паважаным Шаўкатам Мірамонавічам людзі практычныя. Як кажуць беларусы, ад зямлі. Таму глядзім на свае першарадныя задачы аднолькава", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт назваў прыемным, што за перыяд, які прайшоў пасля яго афіцыйнага візіту ва Узбекістан у лютым 2024 года, бакі значна рушылі наперад. Па выніках мінулага года Мінск і Ташкент выйшлі на максімальны ў гісторыі двухбаковых адносін паказчык аб'ёму ўзаемнага гандлю і цесна наблізіліся да $1 млрд. "І ў гэтым годзе мы ідзём наперад, не зніжаючы, а павялічваючы тэмпы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы адносна магчымасці рэалізаваць амбіцыйную задачу - падвоіць двухбаковы тавараабарот да 2030 года.
У прынятай дарожнай карце па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам на наступныя пяць гадоў вызначаны канкрэтныя захады па дасягненні намечаных мэт. "Тым больш ёсць паспяховыя прыклады стварэння сумесных вытворчасцей. Гэта праекты па лакалізацыі ва Узбекістане выпуску беларускіх трактароў, пашырэнні вытворчасці кабельнай прадукцыі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён таксама заявіў аб гатоўнасці да актыўнага ўзаемадзеяння па самым шырокім коле напрамкаў, уключаючы энергетыку. "У нас ёсць высокаэфектыўныя з пункту гледжання акупнасці распрацоўкі і вопыт па аўтаматызацыі і лічбавізацыі энергетычнага комплексу, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - З улікам будаўніцтва ва Узбекістане АЭС гатовы дзяліцца існуючым у Беларусі вопытам у гэтай галіне. У тым ліку і кадрамі, што ўжо зроблена".
Сфера сельскай гаспадаркі знаходзіцца ў ліку найбольш перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва. "За 2025 год у параўнанні з 2024-м паказчыкі гандлю прадуктамі харчавання і сельскагаспадарчай сыравінай паміж нашымі краінамі выраслі практычна ў паўтара раза", - прывёў даныя Прэзідэнт.
"Далейшае пашырэнне ўзаемных паставак сельгаспрадукцыі ў поўнай меры адпавядае інтарэсам абодвух бакоў. Гатовы аказваць узбекскаму боку ўсялякае садзейнічанне ў развіцці аграрнага комплексу праз сумесныя праекты. І ва Узбекістане, і аб чым дамовіліся сёння - у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на развіццё іншых напрамкаў супрацоўніцтва. Так, праведзены напярэдадні ў Мінску III Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана пацвердзіў стратэгічны курс на актывізацыю шматпланавых міжрэгіянальных сувязей. Акрамя таго, да канца бягучага года пройдуць медыцынскі і турыстычны форумы, чарговы беларуска-ўзбекскі форум вышэйшай і прафесійнай адукацыі.
Дынамічна развіваецца ўзаемадзеянне і ў гуманітарнай сферы. У 2025 годзе з поспехам прайшлі Дні культуры Беларусі ва Узбекістане, а гэтымі днямі ўжо беларусы мелі магчымасць атрымаць задавальненне ад самабытнай і яркай творчасці ўзбекскіх майстроў мастацтваў.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўніцтву з Узбекістанам у галіне адукацыі ўдзяляецца прыярытэтная ўвага. "Прадоўжым выдзяляць гранты для навучання таленавітай моладзі з Узбекістана ў лепшых беларускіх ВНУ. Плануем і ў далейшым запрашаць узбекскіх юнакоў і дзяўчат на адпачынак у Беларусь, у тым ліку ў наш нацыянальны дзіцячы лагер "Зубраня", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пацвярджэннем дружалюбных сувязей паміж народамі дзвюх краін таксама стала праведзеная напярэдадні закладка Алеі беларуска-ўзбекскай дружбы ў парку 900-годдзя Мінска, які, што вельмі сімвалічна, размешчаны на вуліцы Ташкенцкай.
"На заканчэнне хацеў бы падкрэсліць: мы вельмі высока ацэньваем вынікі афіцыйных перагавораў. Гэтак жа, як і Прэзідэнт Узбекістана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падзякаваў Прэзідэнту Узбекістана за яго заўсёды адкрыты і канструктыўны падыход, гатоўнасць прыкласці максімальныя намаганні ў імя развіцця і працвітання краін і народаў.
Удзячнасць Прэзідэнт таксама выказаў усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы візіту, членам дэлегацый, удзельнікам Форуму рэгіёнаў. Пакет дакументаў, падпісаных па выніках візіту, Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важкім.
"Засталося толькі рэалізаваць усё, аб чым дамовіліся. Усё, на што мы здольны ў Беларусі і можам зрабіць для Узбекістана, мы абавязкова зробім. Я паабяцаў гэта Шаўкату Мірамонавічу. Паверце, мы сваю дарогу пройдзем своечасова. Аб гэтым і Прэзідэнт Узбекістана сказаў, што ён не адстане. Ён таксама пройдзе гэту дарогу ў тэрмін, як і належыць", - рэзюмаваў беларускі лідар.
У сваю чаргу Шаўкат Мірзіёеў на перагаворах у пашыраным складзе і ў размове з журналістамі па іх выніках падкрэсліў, што Узбекістану і Беларусі за апошнія гады ўдалося кардынальна змяніць характар і змест двухбаковых адносін, вывесці іх на якасна новы ўзровень.
"Пасля сустрэч учора і сёння я пераканаўся: мы на самай справе зрабілі многае, але шмат яшчэ трэба зрабіць у розных галінах", - адзначыў Прэзідэнт Узбекістана.
Асноўным драйверам узаемадзеяння ён назваў гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У гэтым кантэксце згадваўся форум рэгіёнаў, які адбыўся напярэдадні ў Мінску. "Ёсць рэальныя праекты, якія яны хочуць рэалізаваць у будучым. Толькі трэба ім ствараць умовы, не перашкаджаць, а садзейнічаць", - сказаў Прэзідэнт Узбекістана.
Шаўкат Мірзіёеў адзначыў таксама зацікаўленасць Узбекістана ва ўкараненні беларускага вопыту пры рэалізацыі праекта будаўніцтва атамнай электрастанцыі: "Упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі і развіццё спадарожнай сацыяльнай інфраструктуры стане яшчэ адным перспектыўным напрамкам нашага стратэгічнага партнёрства".
Падпісаную лідарамі дзвюх краін Дэкларацыю аб устанаўленні адносін стратэгічнага партнёрства Шаўкат Мірзіёеў назваў сапраўды гістарычным дакументам. "Мы пацвердзілі адзіны курс на доўгатэрміновае развіццё партнёрства і дружалюбных адносін, - сказаў ён. - Гэта замацоўвае асновы і прынцыпы нашага ўзаемадзеяння, вызначае шырокае кола напрамкаў. Упэўнены, што гэты важны крок атрымае шырокую падтрымку як ва Узбекістане, так і ў Беларусі".
Узбекскі лідар падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за яго падтрымку ў рэалізацыі сумесных праектаў і праграм, за выключную ўвагу да развіцця шматпланавых адносін паміж дзвюма краінамі. "Вы сказалі, што ў Беларусі возьмеце на самы сур'ёзны кантроль выкананне дасягнутых цяпер дамоўленасцей. Я вам таксама паабяцаў, што і для нас гэта будзе на першым плане", - сказаў Шаўкат Мірзіёеў, звяртаючыся да беларускага лідара.
"У нас вельмі добрая адбылася размова. Сённяшнія перагаворы заклалі добры фундамент для далейшага супрацоўніцтва. Я вельмі ўдзячны за падтрымку з боку Аляксандра Рыгоравіча і Беларусі ў цэлым. Каманды абодвух бакоў настроены на рэзультат. Дзякуй за гасціннасць і сардэчны прыём. Я ад'язджаю з вялікім аптымізмам наконт нашых будучых узаемаадносiн", - рэзюмаваў Прэзідэнт Узбекістана.
Пасля завяршэння двухдзённага візіту Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка асабіста праводзіў калегу ў аэрапорце.


