Перагаворы з Прэзідэнтам Інданезіі Прабова Субіянта

  • 15
  • 31:15

Перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Інданезіі Аляксандра Лукашэнкі і Прабова Субіянта адбыліся 2 ліпеня ў Джакарце.

Папярэднічала перагаворам цырымонія афіцыйнай сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты, выкананнем гімнаў дзвюх краін, зброевымі залпамі і народнымі танцамі. Картэж Аляксандра Лукашэнкі па дарозе ў Палац Незалежнасці ў Джакарце суправаджаў ганаровы эскорт матацыклістаў, а затым больш за сотню кавалерыстаў на конях.

Пасля прадстаўлення членаў афіцыйных дэлегацый Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.

Пасля сумеснага фатаграфавання лідары краін пачалі афіцыйныя перагаворы.

"У час падрыхтоўкі да гэтага візіту і знаходзячыся другі раз у Інданезіі за час сваёй прэзідэнцкай службы, я абсалютна перакананы, што для беларусаў работы ў Інданезіі дастаткова, і мы гатовы папрацаваць сур'ёзна, каб рэалізаваць тыя мэты, якія вы паставілі перад сваім гіганцкім народам і вялікай краінай", - заявіў Прэзідэнт Беларусі ў час перагавораў у вузкім складзе.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні адбыліся перагаворы на ўзроўні членаў урадаў дзвюх краін і ўжо дасягнуты пэўныя дамоўленасці. "Нашы міністры, члены Урада з інданезійскага і з беларускага боку ўчора сустракаліся і абмеркавалі асноўныя пытанні, асноўныя напрамкі нашай работы - Беларусі ў Інданезіі і Інданезіі ў Беларусі. Я абсалютна перакананы, што аб многім ужо дамовіліся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму нам трэба зацвердзіць гэтыя дамоўленасці і без затрымак і бюракратыі дзейнічаць. Толькі наперад", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні ў яго з Прабова Субіянта таксама адбылася добрая размова, якая паслужыць фундаментам для далейшых крокаў па паляпшэнні і развіцці беларуска-інданезійскіх адносін.

Ад імя ўсёй дэлегацыі Беларусі Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Прэзідэнту Інданезіі за дружалюбны прыём, які быў аказаны беларускаму боку.

У час перагавораў у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка правёў гістарычныя паралелі паміж Беларуссю і Інданезіяй, народы якіх ведаюць цану суверэнітэту і незалежнасці.

"Пасля вашага выбрання ў 2024 годзе палітычны дыялог і эканамічныя сувязі паміж нашымі краінамі прыкметна актывізаваліся, дзякуючы актыўнай незалежнай пазіцыі, якую вы занялі. Галоўнымі прынцыпамі супрацоўніцтва для нас з'яўляюцца ўзаемная павага, гатоўнасць аказваць падтрымку адзін аднаму, у тым ліку на міжнароднай арэне. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, паміж беларусамі і інданезійцамі шмат агульнага", - сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў Інданезіі ўдаецца паспяхова ўвасабляць у жыццё дэвіз "Адзінства ў разнастайнасці", высечаны на дзяржаўным гербе краіны. "У гэтым адзінстве - сіла вашага народа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу для беларусаў важным гістарычным арыенцірам стаў дэвіз "Разам за моцную і квітнеючую Беларусь!".

"Нашы народы ведаюць цану суверэнітэту і незалежнасці. Як інданезійцы, так і беларусы суверэнітэт і незалежнасць адстойвалі ў жорсткай барацьбе з замежнымі захопнікамі, - сказаў Прэзідэнт. - Вопыт, набыты ў барацьбе за права самастойна распараджацца сваім лёсам, сваёй зямлёй, пакладзены ў аснову міралюбнай, але цвёрдай і паслядоўнай палітыкі беларускай дзяржавы на сучасным этапе".

Аляксандр Лукашэнка вітаў рашэнне інданезійскага боку аб адкрыцці пасольства ў Мінску.

"Упэўнены, што гэта дыпламатычная місія (Інданезіі. - Заўвага) будзе працаваць поплеч з беларускім пасольствам у Джакарце, дапаможа нарасціць інтэнсіўнасць кантактаў паміж нашымі краінамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён запэўніў, што кіраўніку дыпмісіі будзе аказана ўсялякая падтрымка з беларускага боку.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў удзел у перагаворах прадстаўнікоў ключавых ведамстваў Беларусі і Інданезіі, якія ўжо абмеркавалі з калегамі кола галіновых задач. "Гэта сведчыць аб узаемнай нацэленасці на актывізацыю ўсебаковага ўзаемадзеяння", - адзначыў ён.

Акрамя таго, прадстаўнікі дэлегацый вырашылі значную частку пытанняў перагаворнага парадку дня і тым самым знялі частку работы з лідараў дзвюх краін, аб чым з гумарам згадаў Прэзідэнт Інданезіі.

"І вы жартам, але вельмі дакладна вызначылі ход нашых перагавораў, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Прабова Субіянта. - Сказалі: "Нам і рабіць практычна няма чаго, таму што міністры добра папрацавалі". Гэта сапраўды так. Будзем у гэтым напрамку рухацца наперад".

"Патэнцыял нашага супрацоўніцтва значны. І справа не ў тым, што вы гіганцкая краіна, мы ў параўнанні з вамі не вялікая дзяржава. Але мы валодаем патрэбнымі для вас тэхналогіямі і кампетэнцыямі. І мы ў гэтых адносінах гатовыя з вамі працаваць. У гэтым плане няма закрытых тэм. Мы нікога не баімся, як і вы ў Інданезіі, таму што робім усё не супраць кагосьці, а робім гэта на карысць нашых краін і народаў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падпісанне ў снежні 2025 года пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Інданезіяй стала адным з найбольш значных момантаў беларускага старшынства ў ЕАЭС у мінулым годзе.

"Мы з вамі (Прэзідэнтам Інданезіі. - Заўвага) адзіныя ў намеры дапамагчы дзелавым колам максімальна выкарыстоўваць перавагі, якія дае новы гандлёвы рэжым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў бакоў ёсць усе магчымасці, каб, напрыклад, у хуткім часе на вуліцах Джакарты і іншых гарадоў Інданезіі з'явіліся ў вялікай колькасці аўтамабілі і іншая тэхніка, вырабленая ў Інданезіі па беларускіх тэхналогіях.

"Мы не хочам толькі гандляваць з вамі. Гэта таксама нядрэнна. Але мы разумеем, што гэта не той шлях у сучасным свеце. Таму, прыйшоўшы да вас са сваёй прадукцыяй, мы гатовы навучыць і падрыхтаваць дастатковую колькасць вашых людзей у Інданезіі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што падрыхтоўка інданезійскіх спецыялістаў магчыма і ў беларускіх установах адукацыі, і гэта патрэбны, але доўгі шлях. Больш кароткі і ўжо апрабаваны Беларуссю ў іншых краінах свету - навучанне інжынераў непасрэдна на мясцовых вытворчасцях, на канвеерах.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі - у цэнтры Еўропы, што дае магчымасці для папулярызацыі інданезійскай прадукцыі на еўрапейскім рынку. "Вы заўсёды можаце на нас разлічваць. Можаце з тэрыторыі Беларусі працаваць на Еўропу. І мы акажам вам у гэтым усялякую падтрымку. Мы з вамі сябры і будзем рабіць усё неабходнае, каб вы калі-небудзь не пашкадавалі аб тым, што з намі звязаліся", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падзякаваў Прабова Субіянта за запрашэнне наведаць гэту квітнеючую краіну і за гасцінны прыём, аказаны беларускай дэлегацыі ў краіне тысячы астравоў.

"Паважаны Прэзідэнт. Дарагі сябар. Я вымавіў гэта не як дзяжурную фразу. Напэўна, таму, што мы падобныя з вамі па характары, за кароткі прамежак часу мы сталі сябрамі. А яшчэ і таму, што мы хочам для сваіх народаў дабра. Мы хочам зрабіць багатымі, самадастатковымі нашы дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Папярэдні візіт беларускага лідара ў гэту краіну адбыўся каля 13 гадоў таму. І Прэзідэнт Інданезіі ў ходзе перагавораў выказаў некаторае шкадаванне, што паміж візітамі быў такі працяглы прамежак. Але, на думку Прэзідэнта Беларусі, у гэтым ёсць і станоўчы аспект: "Бачны кантраст, бачна дынаміка, той прагрэс, якога вы дасягнулі за гэты час. Ён ашаламляльны. Мы бачым, з якой скорасцю вы ідзяце да сваіх мэт".

Па выніках афіцыйных перагавораў падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. Галоўны з іх - Дарожная карта развіцця ключавых напрамкаў супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Інданезія на 2026-2030 гады.

"Мы шчаслівы ў Беларусі, што ў рэалізацыі намечаных планаў у Інданезіі, а яны ў вас вялізныя, вы ўбачылі Беларусь. Для нас тут ёсць непачаты край работы. Яшчэ раз хачу запэўніць: усё, аб чым мы дамовіліся, мы рэалізуем. Так, мы не такая гіганцкая краіна, як Інданезія. Але ў нас ёсць тое, што патрэбна вам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў.

Ён адзначыў, што размова не проста аб гандлі таварамі, што вырабляюцца ў Беларусі або Інданезіі, але галоўнае - гэта тэхналогіі. "Тэхналогіі, у якіх вы маеце патрэбу. Вы дыверсіфікуеце ўсё. Вы не хочаце быць залежнымі ад нейкай адной дзяржавы. Вы хочаце мець у Інданезіі ад максімуму дзяржаў свету. І чым больш, тым лепш. У гэтым таксама сутнасць вашай незалежнасці. Таму мы шчаслівы, што вы выбралі нас", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

"Інданезія была, ёсць і, зразумела, будзе адным з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Рады адзначыць, што за апошні час беларуска-інданезійскія сувязі прыкметна актывізаваліся. Прагрэс дасягнуты ў многіх галінах, ёсць канкрэтныя напрацоўкі на будучае. І патэнцыял гэтых напрацовак вялікі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе праведзеных перагавораў на вышэйшым узроўні бакі ў дружалюбнай і канструктыўнай атмасферы абмеркавалі шырокае кола перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння. Ён падкрэсліў, што ў многім гэтаму садзейнічала дружба паміж лідарамі краін.

Асаблівая ўвага была ўдзелена праектам у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, а таксама гуманітарным ініцыятывам.

"Пацвярджаю рашучасць беларускага боку ажыццявіць усе мэты і задачы, зафіксаваныя ў дарожнай карце развіцця ключавых напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Інданезіяй да 2030 года. Гэта - галоўны з падпісаных намі дакументаў", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што забеспячэнне харчовай бяспекі - адно з самых надзённых пытанняў у глабальным парадку дня. "Вы гэта пытанне вырашаеце паспяхова і бачыце ў гэтым наша месца", - адзначыў ён.

"Ваенныя канфлікты, энергетычныя калапсы, праблемы на традыцыйных гандлёвых маршрутах - усё гэта неадкладна ўплывае на кошт харчовай карзіны для простых людзей. Я цвёрда ўпэўнены: умацоўваць харчовую бяспеку, каб наладзіць устойлівае самазабеспячэнне, лягчэй сумеснымі намаганнямі. Мы да гэтага гатовы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён запэўніў, што Беларусь гатова ўнесці важкі ўклад у работу, што праводзіцца ў гэтым напрамку кіраўніцтвам Інданезіі. Размова аб пастаўках угнаенняў, сельскагаспадарчай тэхнікі, велікагрузнай тэхнікі і іншых тавараў.

"Мы гатовы не проста пастаўляць вам гэту тэхніку, а навучыць тысячы вашых людзей працаваць на гэтай тэхніцы. Мы гатовы навучаць вашых людзей не толькі ў Інданезіі, але і на канвеерах нашых заводаў. Мы гатовы таксама дапамагчы інданезійскім сябрам па асобных запатрабаваных харчовых пазіцыях. - Па пастаўках малака, мяса, іншых прадуктаў харчавання", - сказаў ён.

Сярод прыярытэтаў - і развіццё двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці. "Мы адкрыты для рэалізацыі сумесных узаемавыгадных праектаў і пашырэння кааперацыі з Інданезіяй, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Не толькі просты гандаль, але і стварэнне сумесных прадпрыемстваў з глыбокай лакалізацыяй".

Беларусь гатова аказаць неабходнае садзейнічанне ў падрыхтоўцы медыцынскага персаналу і кваліфікаваных кадраў для мадэрнізацыі інданезійскай эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў супрацоўніцтве Беларусі і Інданезіі не было і няма закрытых тэм: "Пачынаючы ад прадуктаў харчавання і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам. Гэта стала магчымым, спадар Прэзідэнт, дзякуючы вашай энергічнай падтрымцы беларускай дзяржавы ў Інданезіі. Мы людзі ўдзячныя, умеем цаніць дружбу. І мы будзем гэта помніць заўсёды".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Інданезіі за запрашэнне наведаць краіну, а таксама за гасцінны прыём, аказаны беларускай дэлегацыі.

"Я з цеплынёй успамінаю свой папярэдні візіт у Інданезію, які адбыўся ў 2013 годзе. З задавальненнем адзначаю, як хутка мяняецца ваша цудоўная краіна і ўпэўнена расце яе эканоміка, - сказаў ён. - Я задаволены тым, што ў выніку нашага візіту ў Інданезію, пасля перагавораў з Прэзідэнтам Інданезіі ў Мінску і дзякуючы рабоце нашых міністраў, членаў усёй дэлегацыі, прадстаўнікоў бізнесу мы ўжо на сённяшні дзень тут заключылі дагавораў на дзясяткі мільёнаў долараў". 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты візіт ён з інданезійскім калегам планаваў яшчэ год таму. "Гэта я гавару для таго, каб у Беларусі разумелі, што гэты візіт абсалютна планавы. Даўно мы дамовіліся аб тым, што тут сустрэнемся, абмяркуем нашы планы, дарожную карту. Што мы і зрабілі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Шчырае сяброўства і плённае супрацоўніцтва звязваюць нашы дзяржавы ўжо больш за трыццаць гадоў. На самай справе намнога больш, таму што на момант устанаўлення дыпламатычных адносін у 1993 годзе ўжо быў вопыт узаемадзеяння нашай рэспублікі - БССР - з Інданезіяй. Беларуская дэлегацыя з першых сесій Генеральнай Асамблеі ААН выступала катэгарычна супраць каланіяльнага прыгнёту Інданезіі. І патрабавала спынення спроб задушыць інданезійскую незалежнасць ваенным шляхам, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Вы паспяхова з гэтай праблемай справіліся. І сёння на міжнародных пляцоўках Мінск і Джакарта дэманструюць супадзенне мэт і падтрымліваюць адзін аднаго".

"Вы паставілі амбіцыйныя задачы перад краінай. Мы побач з вамі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

"Я дзякую вам за прынятае сёння рашэнне аб адкрыцці пасольства, аб бязвізавых паездках нашых грамадзян да вас і адкрыцці прамога авіярэйса", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Беларусы не проста прыглядаюцца да Інданезіі як да вельмі цікавага турыстычнага напрамку. Многія ўжо адкрылі яго для сябе. Нашы дэлегацыі ўдзялілі асаблівую ўвагу тэме ўзаемных паездак, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму і адкрыццё пасольства, і адмена візавых абмежаванняў, увядзенне свабодных паездак беларусаў у Інданезію, як гэта ў нас, наадварот, адбываецца, - гэта вялікі крок наперад".

Прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта спадзяецца, што партнёрства Беларусі і Інданезіі стане яшчэ больш моцным. Аб гэтым ён заявіў у Джакарце па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэты візіт падкрэслівае нашу дружбу, якая ўмацоўваецца. У глабальнай дынаміцы, якая пастаянна змяняецца. Беларусь з'яўляецца галоўным партнёрам Інданезіі ў Еўразіі. І мы вельмі цэнім нашы адносіны, якія развіваюцца на аснове ўзаемнай выгады. Спадзяюся, што партнёрства Беларусі і Інданезіі стане яшчэ больш моцным, і супрацоўніцтва прынясе рэальную карысць для народаў абедзвюх краін", - сказаў інданезійскі лідар.

Ён падкрэсліў важнасць такіх напрамкаў супрацоўніцтва, як прамысловасць, сельская гаспадарка і гандаль.

Прабова Субіянта адзначыў, што краіны зацвердзілі дарожную карту развіцця супрацоўніцтва да 2030 года, якая стане асновай развіцця адносін наступныя пяць гадоў. "Гэта дарожная карта вызначае рамкі для нашай узаемнай работы. Інданезія і Беларусь маюць вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў розных сферах. Наша супрацоўніцтва будзе факусіравацца на развіцці прамысловасці, мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі, - сказаў ён. - У індустрыі, прамысловасці мы бачым вялікі шанц для павелічэння аб'ёмаў і інвестыцый, і супрацоўніцтва дзвюх краін. У развіцці культуры, чалавечых рэсурсаў мы таксама развіваем больш цесную работу".

"Мы вельмі цэнім, што Беларусь ратыфікавала пагадненне Інданезіі з ЕАЭС аб свабодным гандлі", - дадаў інданезійскі лідар.

Прабова Субіянта расказаў, што на перагаворах з Аляксандрам Лукашэнкам яны таксама абмяняліся поглядамі на глабальныя праблемы і дамовіліся далей падтрымліваць намаганні па падтрыманні міру і стабільнасці.