Афіцыйныя перагаворы з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам
- 37
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэм'ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф 26 лістапада правялі афіцыйныя перагаворы ў Ісламабадзе.
Перад тым як адправіцца ў рэзідэнцыю Прэм'ер-міністра Пакістана, Аляксандр Лукашэнка правёў пратакольную сустрэчу з Намеснікам Прэм'ер-міністра - Міністрам замежных спраў Мухамадам Ісхакам Дарам. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ў адпаведнасці з практыкай дзяржаўнага пратакола Пакістана коратка прадставіў Прэзідэнту інфармацыю аб асноўных элементах праграмы візіту і стане двухбаковых беларуска-пакістанскіх адносін.
"Закрытых тым, як і з іншымі краінамі, у нас з Пакістанам няма. Мы гатовы супрацоўнічаць з вамі па ўсіх напрамках, якія вас цікавяць, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам. Для таго каб задаволіць патрэбнасці насельніцтва Пакістана, вялікай колькасці насельніцтва (гэта пятая ў свеце краіна па колькасці насельніцтва), у Беларусі ёсць усё. Каб людзі жылі нармальна, былі накормлены, абуты, апрануты і гэтак далей. Галоўнае цяпер - перайсці ад мемарандумаў да канкрэтных дамоўленасцей, кантрактаў і рэалізаваць іх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля сустрэчы з віцэ-прэм'ерам - Міністрам замежных спраў Кіраўнік беларускай дзяржавы накіраваўся ў афіцыйную рэзідэнцыю Прэм'ер-міністра.
Перагаворам з Шахбазам Шарыфам папярэднічала цырымонія фатаграфавання і афіцыйнай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі Прэм'ер-міністрам Пакістана з удзелам роты ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў.
Затым Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф пасадзілі дрэва на тэрыторыі рэзідэнцыі і толькі пасля гэтага накіраваліся на перагаворы. Сустрэча праходзіць у вузкім складзе, потым да іх далучацца члены дэлегацый.
Асноўную ўвагу бакі ўдзялілі пашырэнню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з акцэнтам на практычныя крокі па развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф разгледзелі найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва і абмеркавалі сумесны план дзеянняў на перспектыву.
На перагаворах у пашыраным складзе Прэзідэнт заявіў, што Беларусь і Пакістан маюць выдатныя палітычныя адносіны, цяпер неабходна падцягнуць да гэтага ўзроўню гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.
"Мы не гіганцкая краіна і ад гігантаманіі ніколі не пакутавалі і не пакутуем. Але ад Савецкага Саюза, які быў высокатэхналагічнай краінай, нам дасталіся добрыя тэхналогіі, якія мы апошнім часам развілі. І я ўпэўнены, што тыя тэхналогіі, якімі мы валодаем, вельмі патрэбны Пакістану", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, бакі дамовіліся правесці рэвізію адносін і лепш азнаёміцца з магчымасцямі адзін аднаго. "Я запрасіў вашых міністраў і спецыялістаў, кіраўнікоў кампаній прыехаць у Беларусь і яшчэ раз паглядзець на нашы магчымасці і ўзяць тое, што вам патрэбна. Закрытых тэм няма", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў удзячнасць Прэм'ер-міністру Пакістана за тое, што ён узяў на кантроль пастаўкі беларускай тэхнікі. "Вы ведаеце, што мы можам паставіць вам патрэбныя аб'ёмы прадуктаў харчавання, у тым ліку дзіцячага, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - І вельмі правільна, што вы ўмовіліся аб тым, што пасля нашай сустрэчы ў шырокім складзе нашы міністры дамовяцца аб канкрэтных дзеяннях. Дапусцім, Міністр прамысловасці можа дамовіцца з вашым міністрам прамысловасці аб далейшых дзеяннях".
Прэзідэнт даручыў Міністру замежных спраў Максіму Рыжанкову ўзяць гэту работу на кантроль. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу выпрацаваць прапановы ад беларускага боку і ўнесці іх на разгляд. "Проста вельмі вас прашу, каб ніводны міністр, які знаходзіцца ў маёй дэлегацыі, калі не з партфелем цікавых пытанняў у Беларусь паехаў, то хаця б адно-два пытанні павёз для вырашэння з Пакістана. Ніякіх турыстычных паездак быць не можа. Нам патрэбны практычныя крокі. Таму вы твар у твар дамаўляйцеся сёння, сустракайцеся, трэба - заўтра сустракайцеся, колькі трэба сустракайцеся, але дамоўцеся", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што Беларусь і Пакістан маюць выдатныя палітычныя адносіны, а вось гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, нягледзячы на тое, што краіны патрэбны адна адной, развіваецца сяк-так.
"Нам вельмі цікава ваша прапанова па транспартным калідоры, асабліва цяпер. Мы пачулі вас наконт бязвізу. Міністр замежных спраў ведае вельмі добра нашу палітыку. Думаю, што і тут асаблівых у нас праблем не будзе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У час перагавораў Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў і сітуацыю ў Джаму і Кашміры. Нявызначаны статус гэтай тэрыторыі ўжо даўно з'яўляецца прычынай канфлікту паміж Пакістанам і Індыяй.
"Наваз Шарыф (былы Прэм'ер-міністр Пакістана. - Заўвага) мне паказваў гэту тэрыторыю са свайго дома. Мы катэгарычна супраць нагнятання сітуацыі паміж суседнімі дзяржавамі. Мы вас у гэтых адносінах падтрымаем. Павінна быць мірнае вырашэнне гэтага пытання", - перакананы Прэзідэнт.
У сваю чаргу Прэм'ер-міністр Пакістана падкрэсліў, што беларускі лідар з'яўляецца вялікім сябрам Пакістана і ў фармаце сам-насам бакі ўжо змаглі абмеркаваць шэраг надзённых і важных пытанняў. "Вы чалавек практыкі, таму мы сёння пастараемся гаварыць менш, але больш ажыццяўляць практычных рэчаў", - сказаў Шахбаз Шарыф.
Паводле яго слоў, Пакістан зацікаўлены ў тэхналогіях, якія ёсць у Беларусі. Напрыклад, у цяжкай прамысловасці, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы. "У нас ёсць свае тавары ў галіне сельскай гаспадаркі, тэкстыльная прамысловасць, якія ў многім маюць патрэбу ў тэхналогіях. Гэтыя тэхналогіі нам можа даць Беларусь. Мы лічым, што ваша вялікая краіна зможа істотна дапамагчы Пакістану дасягнуць пастаўленых мэт", - заявіў Прэм'ер-міністр.
Ён прапанаваў членам дэлегацый дэталёва і прадметна абмеркаваць канкрэтныя пытанні па рэалізацыі перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння, каб усе дамоўленасці не засталіся проста на паперы, а абавязкова рэалізаваліся.
Па выніках перагавораў у Ісламабадзе было падпісана паўтара дзясятка міждзяржаўных і міжведамасных дакументаў, у тым ліку дарожная карта развіцця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі на 2025-2027 гады.
Подпісы пад дакументам паставілі сустаршыні беларуска-пакістанскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Міністр энергетыкі Аляксей Кушнарэнка і Міністр гандлю Джам Камал Хан.
Прэзідэнт Беларусі і Прэм'ер-міністр Пакістана прынялі сумесную заяву.
У дакуменце адзначаецца, што лідары дзвюх краін разгледзелі ўвесь спектр двухбаковых адносін і пацвердзілі ўзаемную прыхільнасць да паглыблення дружалюбных сувязей паміж дзвюма краінамі ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, культурнай, сацыяльнай і іншых галінах.
"У гэтым годзе споўнілася 30 гадоў дыпламатычным адносінам паміж Пакістанам і Беларуссю. Абодва бакі прызналі, што іх адносіны перараслі ў моцнае, шырокамаштабнае і ўсёабдымнае партнёрства, якое мае ўсё большае значэнне, - гаворыцца ў дакуменце. - У час сустрэчы два лідары падкрэслілі важнасць пашырэння палітычнага дыялогу і ўмацавання міжпарламенцкіх адносін".
Увага таксама была сканцэнтравана на пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, ажыццяўленні сумеснага падыходу да рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі і ўзаемасувязі, а таксама паляпшэнні прававой базы для садзейнічання двухбаковаму супрацоўніцтву.
"Прызнаваючы перадавыя магчымасці сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі і патрэбнасці пакістанскай эканомікі, заснаванай на сельскай гаспадарцы, абодва бакі дамовіліся садзейнічаць стварэнню сумесных прадпрыемстваў у сельскагаспадарчым і прамысловым сектарах, у тым ліку для вытворчасці высокатэхналагічнай і буйнагабарытнай сельскагаспадарчай тэхнікі", - адзначаецца ў заяве.
Бакі дамовіліся супрацоўнічаць у сферы продажаў, вытворчасці і абслугоўвання аўтамабільнай тэхнікі, у тым ліку праз партнёрства паміж прыватнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі дзвюх краін. Гэта ініцыятыва накіравана на выкарыстанне моцных бакоў абедзвюх краін у аўтамабільнай вытворчасці і тэхналогіях і стымуляванне прамысловага росту.
Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф таксама абмеркавалі важныя рэгіянальныя і міжнародныя пытанні. Пакістанскі бок праінфармаваў беларускі аб сітуацыі ў рэгіёне Джаму і Кашмір. Абодва бакі падкрэслілі неабходнасць урэгулявання ўсіх міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі і ў адпаведнасці са Статутам ААН і рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.
"Абодва лідары дзяржаў выказалі глыбокую занепакоенасць эскалацыяй канфлікту на Блізкім Усходзе, які прывёў да разбуральнага гуманітарнага крызісу і значных ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва ў сектары Газа і Ліване. Бакі заклікалі да неадкладнага і пастаяннага спынення баявых дзеянняў без папярэдніх умоў у сектары Газа і Ліване, удараў па тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, забеспячэння бесперабойнай і бяспечнай дастаўкі гуманітарнай дапамогі, стрыманасці на фоне пагрозы пашырэння зоны канфлікту, падкрэслілі неабходнасць актывізацыі намаганняў па дасягненні міру, стабільнасці і бяспекі для ўсяго рэгіёна", - гаворыцца ў дакуменце.
У сумеснай заяве бакі пацвердзілі сваю прыхільнасць да права палесцінскага народа на самавызначэнне і стварэнне незалежнай палесцінскай дзяржавы на аснове двухдзяржаўнай формулы ў адпаведнасці з рашэннямі Савета Бяспекі і Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф таксама падкрэслілі першарадную важнасць мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне, неабходнасць дыпламатычных намаганняў і канструктыўнага дыялогу. Яны адзначылі, што канфлікт, які прадаўжаецца, мае далёка ідучыя наступствы не толькі для рэгіёна, але і для глабальнай стабільнасці і бяспекі.
"Абодва лідары заклікалі ўсе ўключаныя бакі аддаць прыярытэт перагаворам і мірным сродкам вырашэння ўсіх асноўных праблем, пацвердзіўшы сваю прыхільнасць да падтрымкі ініцыятыў, што садзейнічаюць трываламу міру і стабільнасці ў рэгіёне", - адзначаецца ў сумеснай заяве.
Пасля цырымоніі падпісання дакумента Аляксандр Лукашэнка ўручыў Шахбазу Шарыфу сертыфікат на два трактары BELARUS-1025.3. Яны будуць бязвыплатна перададзены пакістанскай кампаніі Heavy Industries Taxila.
"Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я падумаў аб тым, што мемарандумы - гэта добра, гэта намеры, як мы будзем развіваць супрацоўніцтва. Але нам патрэбны пагадненні і кантракты. І ён (Прэм'ер-міністр Пакістана. - Заўвага) як быццам ведаў мае думкі і слова ў слова мне гаворыць: слухай, мемарандумы добра, але нам патрэбны пагадненні і кантракты. Давай сустрэнемся ў Мінску і падпішам гэтыя пагадненні і кантракты ў плане тых намераў, якія сёння ажыццявілі. Выдатная прапанова!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь і Пакістан супрацоўнічаюць на працягу 30 гадоў, за гэты час шмат што ўжо зрабілі. Навошта тады новая дарожная карта? "Дарожная карта патрэбна актуалізаваная, сучасная. Трэба адкінуць тое, што не працуе, што нам наогул сёння ў сувязі са змяненнем свету не трэба, - растлумачыў ён. - І спецыялісты з Пакістана нядрэнна ведаюць Беларусь, але пажадана сучасную Беларусь паглядзець. І Шахбаз гаворыць: нашы спецыялісты праз два тыдні гатовы быць у Мінску для таго, каб паглядзець, удакладніць некаторыя пагадненні і кантракты. А ў лютым ён гатовы да нас прыехаць, і мы падпішам ужо адпаведныя пагадненні і кантракты ў развіццё сённяшніх нашых намераў. Добры план".
"Мы таксама канстатавалі сёння галоўны факт у нашых адносінах. У нас выдатныя дыпламатычныя адносіны. Мы аднолькава бачым міжнародны парадак дня. Але мы значна адстаём у гандлёва-эканамічных адносінах ад тых магчымасцей, якія існуюць паміж нашымі краінамі. Таму нам абавязкова трэба нашы палітычныя адносіны манетызаваць. Трэба паглыбіць і развіць эканамічныя адносіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у час перагавораў бакі абмеркавалі ўвесь спектр супрацоўніцтва: ад сельскай гаспадаркі да ваенна-прамысловага комплексу. "Закрытых тэм у супрацоўніцтве Беларусі і Пакістана сёння няма. Мы будзем развіваць усё, што цікавіць Пакістан. У нас ёсць усё тое, што трэба сёння і, можа, нават заўтра Пакістану. Я маю на ўвазе тэхналогіі, якія мы захавалі з часоў Савецкага Саюза, мадэрнізавалі і развілі. Мы гатовы гэтым дзяліцца з Пакістанам. Абаронная прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт, лагістыка, сельгасмашынабудаванне, цяжкія грузавікі, электратранспарт... Мы ўсё гэта спецыялістам пакажам. Тое, што вельмі трэба сёння Пакістану", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў сучасным свеце не толькі буйныя дзяржавы валодаюць вялікімі тэхналогіямі. "Гэтыя тэхналогіі ёсць і ў сярэдніх дзяржаў, невялікіх. І Пакістану трэба развіваць адносіны з такімі дзяржавамі. Мы да гэтага гатовы. Мы можам нямала зрабіць для Пакістана. Мы з задавальненнем гатовы купляць тавары, якія вырабляюцца тут. Асабліва тэкстыль і шмат іншага. Мы заўсёды ставіліся да Пакістана як да каштоўнага і надзейнага партнёра не толькі ў Паўднёвай Азіі, але і ва ўсім мусульманскім свеце", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за рамкамі афіцыйных заяў - афіцыёзу, як выказаўся Прэзідэнт, - хацеў бы звярнуцца да пакістанскага боку з адной асабістай прапановай.
"Нашы адносіны ўжо тры дзясяткі гадоў выбудоўваюцца. І я працую Прэзідэнтам столькі ж гадоў. Для мяне Пакістан - гэта не штосьці далёкае. Гэта вельмі блізкая і дружалюбная для нас краіна. Мы некалі дамовіліся - больш за 10 гадоў таму - інтэнсіфікаваць нашы адносіны, і за гэты час нямала зрабілі. Тое, што адбываецца ў Пакістане, заўсёды нас хвалюе. Мы перажывалі за вас, калі здарылася страшная паводка. Мы вельмі перажываем за вас, калі тут адбываецца тое, што не павінна адбывацца ў вашым грамадстве. Мы таксама вельмі хвалюемся і перажываем за ўсё тое, што адбываецца сёння", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў свеце адбываюцца страшныя перамены, якіх не было апошнія некалькі стагоддзяў. "Свет вельмі турбулентны, змяненні кожны дзень. І ў гэты складаны час выжывуць толькія тыя краіны, якія будуць адзіныя і народы якіх будуць перажываць за будучыню сваёй краіны. Ідзе перадзел свету. Моцныя, багатыя краіны схапіліся ў гэтай жалезнай схватцы. Сёння ў свеце больш за 50 войнаў і канфліктаў. Ідзе жорсткая барацьба за лідарства сёння, заўтра і ў будучым. Ваша краіна як гіганцкая краіна, пятая па колькасці насельніцтва ў свеце, зразумела, уцягнута ў гэты водаварот. Пазіцыя Пакістана на міжнароднай арэне вам добра знаёма. Вы ведаеце, чаго хоча Пакістан. Але тое, чаго вы хочаце, не адпавядае жаданням буйных краін, якія сёння вядуць барацьбу за лідарства", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Ціхаакіянскім рэгіёне ЗША, Англія, Індыя, Аўстралія (магчыма, падключацца Японія і Паўднёвая Карэя) хочуць стварыць своеасаблівае "ціхаакіянскае НАТА".
"Пакістану, які хоча мірна развівацца, гэта, магчыма, нецікава. Таму вас будуць хістаць, у вас будуць пастаянна нагнятаць абстаноўку. І галоўнае, што я хацеў сказаць, гэта ўжо насельніцтва датычыцца: беражыце сваю краіну. Захавайце - у вас будзе месца для жыцця. Не захаваеце - будзе бяда. Сяброўская вам парада", - рэзюмаваў беларускі лідар.