Афіцыйны візіт у Пакістан

  • 5
  • 1:45

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада прыбыў з афіцыйным візітам у Пакістан. 

Беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў Ісламабадзе на ваеннай базе Нур Хан. Акрамя ваенных мэт база выкарыстоўваецца для прыняцця паветраных суднаў з афіцыйнымі дэлегацыямі замежных дзяржаў.

Ля трапа Кіраўніка дзяржавы сустрэў асабіста Прэм'ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф.

Уздоўж чырвонай дывановай дарожкі выстраіліся тры дзясяткі ваеннаслужачых роты ганаровай варты. Цырымонія сустрэчы суправаджалася прывітальнымі залпамі з артылерыйскай зброі. Гэта традыцыя не проста лічыцца добрым тонам, але і сведчыць пра дружалюбны настрой прымаючага боку.

Асноўная ўвага ў час візіту будзе ўдзелена далейшаму пашырэнню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з акцэнтам на практычныя крокі па развіцці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

У Ісламабадзе Аляксандр Лукашэнка правядзе перагаворы з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Сустрэча пройдзе ў вузкім фармаце і пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Бакі разгледзяць найбольш перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва і абмяркуюць сумесны план дзеянняў на перспектыву.

Асобная ўвага будзе ўдзелена тэме рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, узаемадзеянню ў інтэграцыйных аб'яднаннях і сумеснай рабоце на міжнародных пляцоўках.

Па выніках перагавораў будзе падпісаны пакет міжнародных дакументаў.

Паралельна з візітам Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Ісламабадзе пройдзе пакістана-беларускі бізнес-форум.